Гэты сюжэт мог бы стаць анекдотам, калі б не быў чыстай праўдай. Уявіце сабе: 1930-я гады, дыпламатычны прыём высокага ўзроўню, фракі, свецкая гутарка. І раптам паважны палітык, тагачасны прэзідэнт Сусветнай сіянісцкай арганізацыі і будучы кіраўнік дзяржавы Ізраіль Хаім Вейцман прызнаецца польскаму амбасадару, былому міністру замежных спраў Польшчы Канстанціну Скірмунту ў… даўнім крадзяжы на Піншчыне! Але за гэтым прызнаннем стаіць нешта большае, чым проста настальгія па смаку антонаўкі.

Пра тое, што насамрэч звязвала палітыкаў, акрамя крадзеных яблыкаў у Парэччы, піша Мікалай Заяц.

Гісторыя пра тое, як перапляліся лёсы двух знакамітых ураджэнцаў беларускага Палесся — Хаіма Вейцмана і Канстанціна Скірмунта — выплыла дзякуючы старой нататцы ў газеце «Dziennik Dla Wszystkich» за 1950 год. За ёй хаваецца цэлая эпоха жыцця нашага краю.

Дыпламатыя з прысмакам антонаўкі

Сцэна дзеяння — Лондан, міжваенныя гады XX стагоддзя. За адным сталом апынуліся дзве выбітныя постаці. Першы — Хаім Вейцман, грамадскі дзеяч з сусветным імем, кіраўнік Сусветнай сіянісцкай арганізацыі і ў недалёкай будучыні першы прэзідэнт новастворанай дзяржавы Ізраіль. Другі — Канстанцін Скірмунт, былы міністр замежных спраў Польшчы і амбасадар Польшчы ў Лондане.

Абодва — дасведчаныя палітыкі, абодва бачылі крушэнне імперый і нараджэнне новых краін. Але аб’ядноўвала іх і яшчэ адна акалічнасць. Лёс звёў у палітычным цэнтры Брытанскай імперыі не толькі палітыкаў Польшчы і Ізраіля, але адначасова і двух суседзяў з Берасцейшчыны: ураджэнца вёскі Моладава і ўраджэнца вёскі Моталь. Двух людзей, чые карані перапляліся на агульных сцежках беларускага Палесся задоўга да сустрэчы ў высокіх кабінетах.

Падчас абеду ўраджэнец Моталя Вейцман нахіліўся да свайго суседа з Моладава Скірмунта і з усмешкай прызнаўся:

— А ці ведаеце вы, спадар амбасадар, што я, будучы малым хлапчуком, краў яблыкі з вашага саду ў Парэччы?

Скірмунт не разгубіўся. Высветлілася, што ён добра памятаў сям’ю Вейцманаў — асабліва двух дзядзькаў Хаіма, з якімі меў агульныя справы. Так дзіцячае свавольства стала тэмай для цёплай размовы двух землякоў у халодным Лондане.

«Геапалітыка» палескіх вёсак

Каб зразумець іронію сітуацыі, трэба вярнуцца ў канец XIX стагоддзя, на Піншчыну.

Першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман нарадзіўся ў мястэчку Моталь. У сваіх мемуарах «У пошуках шляху» ён апісвае родныя мясціны без рамантычнага флёру: бяскрайнія балоты, адрэзанасць ад свету вясной і восенню. 

«Тут, у гэтым напаўгарадку-напаўвёсцы, я з’явіўся на свет у 1874 годзе і пражыў да адзінаццаці гадоў; тут я ўвабраў у сябе першыя жыццёвыя ўражанні», — пісаў першы прэзідэнт Ізраіля.

Наваколле ён характарызаваў каротка: «жахлівая беднасць». Інфармацыйны вакуум быў амаль поўным. Газеты ў Моталі былі рэдкасцю, а калі і траплялі туды, то са спазненнем.

«Часам да нас трапляла з Варшавы газета на іўрыце, але і тая — месячнай даўніны. Для нас, зразумела, усе навіны ў ёй былі свежымі», — успамінаў Вейцман.

Тым не менш, сям’я будучага прэзідэнта вылучалася на агульным фоне. Яго бацька займаўся цяжкай, але прыбытковай справай — сплавам лесу па рэках. Аднак гэты бізнес быў рызыкоўным. Лесанарыхтоўкі на Палессі таго часу нагадвалі Дзікі Захад. Вейцман узгадваў, як сям’я заўсёды трывожылася за бацьку і старэйшага брата, калі тыя сыходзілі на працу. Будучы прэзідэнт з цеплынёй адзначаў, што мясцовыя беларусы былі для яго бацькі не проста рабочай сілай, а надзейнымі паплечнікамі — і ў крытычныя моманты простыя маталяне станавіліся за яго сцяной:

«Мы заўсёды хваляваліся за бацьку, калі ён адпраўляўся ў лес, нават у больш познія гады, калі з ім ішоў мой старэйшы брат Файвел. У лясах вадзіліся ваўкі, часам сустракаліся рабаўнікі. На шчасце, адносіны паміж бацькам і тымі 50-60-ю сезоннікамі, якіх ён наймаў — мужыкамі з Моталя і ваколіц, — былі выдатныя: простыя і добрыя, амаль патрыярхальныя. Некалькі разоў на бацьку нападалі рабаўнікі, але рабочыя заўсёды праганялі іх».

Менавіта гэты лясны бізнес бацькі і дзядзькаў Вейцмана і стаў той нітачкай, якая ўпершыню звязала іх з родам Скірмунтаў яшчэ да нараджэння дзяржавы Ізраіль.

Палеская «імперыя» Скірмунтаў

Пакуль малы Хаім Вейцман бегаў па мотальскіх лужынах і чакаў газету месячнай даўніны, усяго ў дзесяці вёрстах ад яго, сярод кніг і прыёмаў, рос будучы міністр замежных спраў Польшчы. У некалькіх кіламетрах ад Моталя пачынаўся іншы свет. Гэта былі ўладанні Скірмунтаў — аднаго з самых магутных і багатых родаў краю. Гэта была «лакальная імперыя» з двума ярка выражанымі цэнтрамі, кожны з якіх меў сваё прызначэнне.

Першы цэнтр — Моладава. Гэта было арыстакратычнае «сэрца» маёнтка, культурная сталіца роду. Тут стаяла раскошная класічная сядзіба і ратонда-капліца. Сюды з’язджалася эліта, тут гасцявала Эліза Ажэшка. Менавіта ў гэтай атмасферы высокай культуры 30 жніўня 1866 года нарадзіўся Канстанцін Скірмунт.

У сваіх успамінах ён з гонарам апісваў родавае гняздо: 

«Прадзед мой пасяліўся ў Моладаве і пабудаваў у ім мураваны двор, які быў прызнаны потым адной з найпрыгажэйшых сядзіб польскіх на тагачаснай Літве… Мела тады Моладава свой перыяд росквіту і жыцця».

Другі цэнтр — суседняе Парэчча. Гэта быў «прамысловы рухавік» уладанняў. Калі ў Моладаве пісалі вершы і прымалі гасцей, то ў Парэччы рабілі грошы. Тут працавала суконная фабрыка, вінакурня і цукровы завод. Але асаблівым скарбам Парэчча быў парк і велізарны сад. Для вясковых хлапчукоў з наваколля, у тым ліку і для юнага Хаіма, гэты сад быў як райскі куток, а яблыкі ў ім — тым самым забароненым плодам, які, як вядома, заўсёды салодкі.

Так лёс раскідаў дэкарацыі для будучай гісторыі. Два будучыя палітыкі хадзілі па адной зямлі, але глядзелі на свет з вокнаў вельмі розных дамоў.

Ад яблыневага саду да падмуркаў дзяржаўнасці

Гісторыя з крадзяжом яблыкаў сёння выклікае ўсмешку, але яна падсвечвае ўнікальны гістарычны феномен. Гэты невялікі куток Піншчыны стаў сапраўднай калыскай палітычных эліт адразу для некалькіх народаў.

І калі Моталь даў свету першага прэзідэнта Ізраіля, а Моладава — кіраўніка МЗС Польшчы, то Парэчча стала радзімай для адной з ключавых фігур гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Менавіта тут, у тым самым маёнтку ў Парэччы, дзе малы Вейцман паквапіўся на садавіну, нарадзіўся і жыў Раман Скірмунт — стрыечны брат Канстанціна, Сенатар Польшчы ад Палескага ваяводства, дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні і прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі.

Постаць Рамана Скірмунта — унікальная ў беларускай гісторыі. Раман Аляксандравіч стаў тым рэдкім прадстаўніком «двара», хто зрабіў свядомы выбар на карысць Беларусі. Ён разумеў, што будучыня краю немагчыма без саюза інтэлігенцыі, сялянства і эліты. І гэты дзяржаўны падыход не з’явіўся на пустым месцы — ён быў выхаваны ў тым ліку атмасферай Парэчча.

Чытайце таксама: Гродзенскі гісторык Алесь Смалянчук перавыдаў кнігу пра кіраўніка ўрада БНР 

Парэцкі маёнтак быў не проста гаспадаркай, а ўзорам цывілізацыі і рацыяналізму сярод палескіх балот. Ігнацы Аніхімоўскі ў 1876 годзе, калі Раман Скірмунт яшчэ быў дзіцём, пакінуў захопленае апісанне гэтых месцаў:

«Парэчча нагадвае невялікае замежнае мястэчка. Прыгожы двухпавярховы палацык, устроены з камфортам, аточаны напоўненымі кветкамі скверамі і стылёвымі альтанкамі, аплеценымі плюшчом і дзікім вінаградам. Франтон упрыгожаны фантанам. З вокнаў адкрываецца прыемны від на Ясельду, якая цячэ каля сквераў і дубовага парка, шырока разліваецца і губляецца за даляглядам. Паўсюль пануе суровы парадак. Усё адбываецца ва ўласцівы час. Нават штодзённае жыццё пана Скірмунта [Аляксандра Скірмунта — бацькі Рамана — заўв. аўт.] прыстасавана да фабрычнага званка. Калі глядзіш на гэтых рацыянальна актыўных людзей, пачынаеш разумець, якой каштоўнасцю з’яўляецца працоўны час […]. З асаблівым задавальненнем я прыглядаўся да ўпарадкаванай сельскай гаспадаркі, клапатлівага вырошчвання лясоў, шырокіх і добра дагледжаных дарог».

Менавіта ў гэтым «рацыянальна актыўным» асяроддзі, пад гук фабрычнага званка і каваўся характар будучага прэм’ера БНР, які ў драматычным 1918 годзе ўзяў на сябе адказнасць за ўрад БНР, намагаючыся дыпламатыяй і сваім асабістым аўтарытэтам адстаяць права Беларусі на ўласнае месца на карце Еўропы.

І гэты факт арганічна дапаўняе гэты неверагодны гістарычны парадокс: на невялікім лапіку палескай зямлі скрыжаваліся шляхі людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у станаўленне дзяржаўнасці Ізраіля, Польшчы і Беларусі.

Кожны з іх нарадзіўся на Палессі, дасягнуў значных вышынь у палітыцы. Бадай, што галоўнае адрозненне — ва ўшанаванні іх памяці: лёс раскідаў іх не толькі пры жыцці, але і пасля смерці. Хаім Вейцман спачывае як бацька нацыі ў Ізраілі, яго імя носяць інстытуты і вуліцы. Канстанцін Скірмунт знайшоў спакой у польскай зямлі пад годным помнікам. І толькі Раман Скірмунт спачывае дома, у той зямлі, якой заставаўся верным. Ён быў расстраляны ў 1939 годзе, а пазней перапахаваны ў сваім парку ў Парэччы. Сціплы жалезны крыж над яго магілай — гэта памяць пра патрыёта сваёй зямлі.

Гэтая гісторыя — выдатны напамін нам сённяшнім. Свет нашмат больш цесны, чым падаецца, а беларуская зямля хавае ў сабе сюжэты, вартыя не толькі падручнікаў гісторыі, але і галівудскіх фільмаў. І хто ведае, магчыма, той скрадзены ў Парэччы яблык сапраўды дадаў Хаіму Вейцману энергіі, каб змяніць карту Блізкага Усходу, пакуль яго землякі змагаліся за будучыню Усходняй Еўропы.