Алег і Алёна Арлукевіч распісаліся яшчэ зімой. Абвянчацца ў касцёле і адсвяткаваць вяселле планавалі 25 красавіка. Каранавірус парушыў іх планы. Збіраць гасцей стала небяспечна, а падарожнічаць «на выспы» — забаронена. Hrodna.life даведаўся, ці не перастануць гродзенцы жаніцца падчас пандэміі і якімі могуць стаць вяселлі на самаізаляцыі.
Яшчэ на мінулым тыдні ўсё ішло паводле плану. У пары была дамова з кафэ на зручную дату. З вядучым абмеркавалі сцэнарый свята, а з дэкаратарамі выбралі ўпрыгажэнні для залы. Нават гэты артыкул пра вяселле быў ужо звярстаны. Усё змянілася літаральна ўчора.
«З кафэ мы ўсе адмяняем, — напісала Алёна 11 красавіка. — Людзі рэальна баяцца. Засталіся толькі чатыры чалавекі, хто згодны прыйсці. Гэта мае бацькі і бацькі Алега. Мы адмяняем ўсё, акрамя вянчання. Будзем я і муж. Мой брат і яго дзяўчына засведчаць гэтую падзею. Мы павянчаемся, а потым пасядзім на дачы, на лоджыі. Астатняе небяспечна».
Адзінае, што засталося ад запланаванага ўрачыстага сцэнарыя — цырымонія ў касцёле. «Шлюб мы адмяняць не будзем, толькі, калі закрыюць храмы, або абвесцяць каранцін. Пакуль не зачыняецца касцёл, мы не засмучаныя», — кажа Алена.
Хочацца першы танец, вечар гэты хочацца, каб усё было арганізавана, каб было свята. Так, хочацца. Але гэтага не будзе.
Ксенія Падліпская, начальнік аддзела ЗАГС на Віленскай кажа, што пакуль не заўважыла моцнага ўплыву эпідэміі. За тры першыя месяцы мінулага года было зарэгістравана 230 шлюбаў. У 2020 годзе за такі ж перыяд — 195. На думку Ксеніі, каранавірус тут не пры чым. У высакосныя гады заўсёды жэняцца менш. Адмены вяселляў у ЗАГСе не было. Перанесці даты рэгістрацыі папрасілі толькі 4 пары.
«Мы чакалі, што здарыцца бум [пераносаў], але пакуль гэтага не бачым. На 24−25 красавіка ніводзін запіс не выкраслены. На рэгістрацыю 24 красавіка пададзена 21 заява, на 25 — 18. Калі заява ёсць, вяселле павінна адбыцца».
Па словах кіраўніцы ЗАГСа, афіцыйных распараджэнняў па правілах працы падчас эпідэміі яшчэ не было. «У Мінску ёсць афіцыйныя дакументы, якія абмяжоўваюць колькасць людзей [на рэгістрацыі]. У нас такога няма. Мы будзем маладых арыентаваць, каб каля 10 чалавек было».
Зала ў ЗАГСе на Віленскай вялікая і ёсць магчымасць размясціць дзясятак гасцей на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго. Складанасць паўстане хутчэй з тымі парамі і гасцямі, якія ў холе чакаюць чаргі на рэгістрацыю. «Хочам зрабіць, каб людзі тут не стаялі, каб вяселле ўвайшло і выйшла. Не ведаю, як гэта будзе тэхнічна — у нас уваход вельмі вузкі, абмежаванае памяшканне».
Ксенія распавяла, як разам з калегамі думалі над магчымасцямі дыстанцыйнай працы праз месэнджары: «Гатовыя былі асабістыя нумары пазначыць. Але мы не зможам, размаўляючы па тэлефоне, афармляць дакументы. Ёсць маса нюансаў на этапе падачы. Пры заяўным прынцыпе гэта немагчыма».
Пакуль вырашылі часцей дэзінфікаваць дзвярныя ручкі, мыць рукі і працаваць у пальчатках, піць гарачую гарбату і верыць у тое, што ўсё будзе добра.
«Людзі сустракаюцца, закохваюцца і жэняцца — так было і будзе. Кажуць, што прыгажосць выратуе свет. Гэта поўная лухта. Я кажу на кожнай цырымоніі: свет выратуе толькі каханне. У тым ліку ад каранавіруса», — кажа Ксенія.
Вясельнае агенцтва, дзе працуе арганізатарка ўрачыстасцяў Святлана Мішына, цяпер перайшло на аддаленую працу. Але гэта не адмяніла падрыхтоўку вяселляў. Пакуль, па словах Святланы, на працу ўплываюць толькі зачыненыя мяжы. «Хтосьці з маладых або важныя для іх госці цяпер не могуць прыехаць у Беларусь. Таму дзве пары перанеслі вяселлі на восень. Па летніх урачыстасцяў пакуль усё ў сіле».
Вядучы вяселляў Уладзімір Зубелік таксама пацвярджае: для гродзенцаў эпідэмія — не падстава адкладаць вяселле. «Людзі сочаць за развіццём сітуацыі, але адмен амаль няма. Вяселлі з красавіка і мая перанеслі на верасень — кастрычнік. Ідэю адзначыць вяселле ў анлайне пакуль не разглядаюць».
За тыдзень да вяселля Алёна і Алег кажуць, што сітуацыю адпусцілі. «Трывога нас пакінула. Паніка не ахоплівае. Як будзе, так будзе…»
Планы паляцець на выспы пара адклала да лепшых часоў. Зараз думаюць, як нясумна правесці свой мядовы месяц.
«Я ведаю, што многія не пераносілі ўрачыстасць, — кажа Алена. — У кожнага свае прыярытэты, але на ўсё воля Божая. Наш мядовы месяц замест гарачых краін пройдзе на дачы. Будзе новы вопыт, гэта таксама цікава».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…