Людзі і справы

«Фатаграфія дакументуе рэальнасць, малюнак перадае пачуцці». Адкрылася выстава Кацярыны Забелінай «Любімы Гродна»

Кацярына Забеліна любіць у Гродне ўсё — ад старой архітэктуры да модных кавярняў. Але ёсць у яе і свой асаблівы спосаб прызнавацца ў любові да горада. Кацярына яго малюе. Убачыць, як выглядае «любімы Гродна» ў яе выкананні, можна на выставе ў культурным цэнтры «Фестывальны» з 10 па 23 верасня. У экспазіцыі - 21 праца. Як можна перадаць каханне з дапамогай фарбаў і навучыць гэтаму іншых, Кацярына распавяла для Hrodna.life.

Малюнкі, прадстаўленыя Кацярынай Забелінай на выставу — акварэльныя скетчы з краявідамі Гродна. Асноўная частка работ створана ў 2019−2021 гадах. Часцей за ўсё Кацярына малявала іх з натуры, у час гарадскіх пленэраў з вучаніцамі і вучнямі сваёй арт-студыі.

Зрабіць будні ярчэй дапамагае любоў і акварэльныя фарбы

Кацярына Забеліна, мастачка

«Я нарадзілася і жыву ў Гродне. Часта хаджу пешшу па цэнтры, любуюся архітэктурнымі прыгажосцямі, цікаўлюся культурным жыццём горада, актыўна наведваю мерапрыемствы, пішу пра мастацкія выставы і новыя кавярні. Маляваць любімы горад для мяне арганічна», — кажа Забеліна.

Вядома, у жыцці Кацярыны таксама ёсць шэрыя будні. Але мастачка пераканалася на ўласным досведзе — зрабіць іх ярчэй дапамагае любоў. І акварэльныя фарбы.

Каложская царква. Фота з асабістага архіва Кацярыны Забелінай

«Я шмат разоў малявала Каложскую царкву ў розных ракурсах і каляровай гаме. Тыя варыянты былі больш рэалістычнымі. Гэтым летам, на пленэры з маімі вучаніцамі, мы селі маляваць Каложу, і мне захацелася зрабіць яе ярчэй, чым у натуры».

«Цяпер гляджу на гэты малюнак і разумею — нарэшце я змагла перадаць сваё адчуванне ад гэтага старажытнага храма, сваё дзіцячае захапленне, — распавяла Кацярына Забеліна для Hrodna.life. — Але і гэты варыянт аказаўся не апошнім. Дома дадала ў скетч яшчэ крыху зялёных галінак з правага боку і толькі тады супакоілася. На выставе прадстаўлены дапрацаваны варыянт».

Мастакі скажаюць рэчаіснасць дзеля вобразу

Восеньскі варыянт Каложы Кацярына намалявала ў кастрычніку 2019, натхніўшыся здымкам у сацсетках Аляксандра Навіцкага — восень, лісцікі, нейкая незвычайная атмасфера. «У гэтай акварэлі, вядома, таксама не абышлося без мастацкага карэктавання. Фота, нават з апрацоўкай і фільтрамі, дакументуе рэальнасць. А малюнак перадае пачуцці».

Чытайце таксама: К — Каложская царква. 5 фактаў пра храм, што ўзвышаецца над Нёманам

Па словах Кацярыны, мастакі скажаюць рэчаіснасць дзеля стварэння мастацкага вобраза. «Нават малюючы з натуры, можна дадаць куст, якога няма, або перасунуць дрэва дзеля добрай кампазіцыі. Ці не намаляваць балкон ці дзверы. Глядач гэтага не заўважыць, а малюнак будзе глядзецца значна эфектней».

«Я малюю і атрымліваю задавальненне ад працэсу. Спадзяюся, што гэтыя эмоцыі перадаюцца ўсім вакол. Таму я дадаю крыху больш насычаных фарбаў у мае пейзажы, чым ёсць у натуры», — распавяла для Hrodna.life мастачка.

Кацярына Забеліна з вучаніцамі арт-студыі на пленэры. Фота з асабістага архіву

Умею натхняць і ведаю, як накіраваць вучня

Каб дапамагчы іншым раскрыць здольнасці і навучыцца выказваць свае пачуцці, Кацярына Забеліна вучыць іх маляваць. «Часта людзі нават не падазраюць, якім валодаюць скарбам, — кажа яна. — Мне здаецца, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца навучаць людзей. Я ўмею натхняць і ведаю, як накіраваць вучня і падтрымаць на гэтым нялёгкім шляху творчасці. Таму і займаюся выкладаннем».

Чытайце таксама:

Больш за ўсё Кацярына любіць маляваць старую архітэктуру з вялікай колькасцю дэталяў. «Гэты домік на вуліцы Парыжскай камуны я сфатаграфавала ў мінулым годзе ў час шпацыру з дзецьмі. Малявала яго ўжо дома — пачалася пандэмія. Я адчувала сябе дзіўна і разгублена. Таму і намалявала домік ізаляваным ад прасторы вуліцы, такім самотным. Гэта было вясной. Здаецца, пачатак красавіка. У такі час яшчэ няма лістоты, але ўжо чакаеш, што хутка ўсё зазелянее і расквітнее. Улетку на гэтай вуліцы пачаўся рамонт. Абнавілі фасад і трохі перарабілі. Але мой малюнак захаваў яго ў старой версіі».

Гродна. Дом на вуліцы Парыжскай камуны. Акварэльны скетч Кацярыны Забелінай

«Апошні год (2021) я ўсё больш сыходжу ад графічнасці і малюю акварэльныя пейзажы без чорнага лайнера. Гэта больш класічныя акварэлі на добрай фактурнай паперы, з эфектамі сонечных прамянёў, туману або блікаў на вадзе. Яны таксама прадстаўленыя на выставе».

Акварэльны пейзаж. Малюнак Кацярыны Забелиной

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024