Белыя каўнерыкі на сукенках, велюр яркіх колераў, а пасля вячэрнія сукенкі «у дол». Рэдакцыя Hrodna.life і стылістка Алена Бяляева прасачылі, як развівалася мода на выпускных вечарах. Фатаграфіі розных гадоў мы атрымалі ад чытачоў і знайшлі ў сваіх альбомах.

Елена Беляева
Алена Бяляева

Алена Бяляева — стылістка, дацэнтка кафедры дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мае дзве вышэйшыя адукацыі: канструктарка адзення, педагог. Год вучылася ў італьянскай школе моды і стылю. Практык — працавала мадэльеркай-канструктаркай на швейных фірмах. Каля дзесяці гадоў супрацоўнічала з мадэльнай школай Нагорнага ў Гродне. Двойчы фіналістка конкурсу «Млын Моды». Аўтарка анлайн-курсу аб стылі «Гардэроб з розумам».

1957−1958. Дзеці вайны

Выпускныя не святкавалі ў нашым сённяшнім разуменні - уручалі атэстаты ў класе. А пасля моладзь гуляла ў горадзе або збіралася кампаніямі ў кагосьці дома. Спявалі песні, чыталі вершы, танцавалі і жартавалі.

школьный выпускной Новогрудский район, 1957 г.
Навагрудскі раён, 1957 г.
школьный выпускной 1958 год волковысский район
Ваўкавыскі раён, 1958 г.

У гэта даволі цяжкі час у Савецкай глыбінцы мала хто мог пахваліцца шаўковымі сукенкамі і моднымі басаножкамі. У гэты час у Еўропе мода «Нью-лук» ператварае жанчын у «кветкі», зацягвае тонкія таліі гарсэтамі і агаляе плечы шырокімі дэкальтэ. А нашы дзяўчынкі робяць паўсядзённую сукенку прыбранай, прышыўшы да яе белы каўнерык або прышпіліўшы матчыну брошку. Хочацца выглядаць зусім дарослай паненкай — можна трохі завіць валасы, калі мама не насварыцца. Для хлопца асаблівым шыкам быў двухбортны касцюм з белай кашуляй. А калі няма, то і працоўная куртка папасуе.

1987. Шылі самі

Выпускным да гэтага часу ўжо надалі ўрачыстасці - уручэнне атэстатаў ў актавай зале! Невялікае застолле, начное гулянне і сустрэча світанку — вось успаміны выпускнікоў гэтых гадоў.

Эпоха развітога сацыялізму, калі заходняя мода падаецца з некаторай шліфоўкай пад аблічча Савецкага грамадзяніна часопісамі RIGAS MODES, URODA. Дзяўчынкі прымяраюць на сябе модныя даўжыні і сілуэты, замаўляючы ў знаёмых краўцоў сукенкі для выпускнога. Гатовыя ўрачыстыя сукенкі ў той час трэба яшчэ было пашукаць! Камусьці пашанцавала — пашыла маці ці бабуля, а хтосьці асвоіў сам гэтае мастацтва і адсвяткаваў выпускны ў шэдэўры ўласнага вырабу. На фота можна адзначыць, што сукенкі адрэзаныя як пад лінейку і сабраныя на таліі поясам — мода ёсць мода!

1995. Няпростыя 90-я

Яркія, дзіўныя 90-я наклалі адбітак на моду. Час кантрастаў, разбурэнняў і новых магчымасцяў. Эфектныя ўборы для дзяўчынак з атласу і велюру яркіх колераў. Даўжыня таксама на кантрасце — ад міні да максі. Накручаныя валасы, бліскучыя каралі пад жэмчуг і брыльянты. Хлопцы не адстаюць — на змену белым кашулям прыйшлі і іншыя расфарбоўкі, а гальштукі ствараюць дадатковыя яркія плямы ў вобразе. Малінавы пінжак — трэнд дзевяностых, але на выпускны яго надзець вырашаўся не кожны.

2001−2005−2006. Змешванне стыляў

Мода пачатку двухтысячных вельмі пераменлівая: менавіта ў гэты час пачынаецца эпоха змешвання стыляў.

Ад белых каўнерыкаў да гламурных шпілек. Як моднічалі гродзенскія выпускнікі ад 1950-х да нашых дзён
Масты, 2001 г.
школьный выпускной 2005
Гродзенскі раён, 2005 г.

Прага гламуру, якую дэманструюць зоркі з тэлеэкрана, бляску і раскошы ў большай ступені бачная ў адзенні для асаблівых выпадкаў. Выпускны — як раз той самы выпадак, і мы бачым вячэрнія сукенкі «ў дол» у лепшых традыцыях свецкіх вечарынак! Урачыстая зіхоткая біжутэрыя, атлас, арганза і бліскаўкі, дэкальтэ і пальчаткі, шаўковыя хусткі, складаныя фрызуры і бляск для вуснаў - атрыбуты шыкоўнага вобразу таго часу.

Хлопцы досыць кансерватыўныя — белая кашуля і касцюм з адлівам разам з вастраносенькімі чаравікамі - і шыкоўны вобраз гатовы.

2010−2011. Рамантызм і элегантнасць

Пачатак наступнага дзесяцігоддзя адзначаны рамантызмам і элегантнасцю. Але з’яўляецца і некаторая тэатральнасць, у моду ўваходзяць рэтра-стылі.

Сукенкі робяцца карацейшымі, сілуэты падкрэсліваюць постаць. Папулярныя ўпрыгожванні ў выглядзе кветак і банцікаў. Туфлі або басаножкі з высокай платформай — асаблівы фетыш таго часу (некаторыя модніцы да гэтага часу не могуць на іх забыцца, нягледзячы на тое, што яны безнадзейна састарэлі).

Хлопцы да выходнага касцюму спрабуюць апранаць кашулі бледных пастэльных адценняў замест белай.

2013 — 2021. Модна быць не як усе

Усё папярэдняе дзесяцігоддзе, аж да сённяшняга дня, дзівіць разнастайнасцю формаў, расфарбовак, фактур і стыляў. Мода імкнецца да індывідуалізму.

Мы пачалі самавыяўляцца! І калі раней нельга было адставаць ад агульнапрынятай моды, сёння становіцца модным быць не як усе. Таму і на выпускных кароткія сукеначкі бэбі-дол суседнічаюць з крыналінамі а-ля прынцэса, бліскучае дыска побач з какетлівым рэтра. Разам лёгка ўжываюцца чароўная німфа і фатальная красуня.

Хлопцы сталі біараць строі розных колераў, у модзе светлыя пінжачныя пары, двойкі рознага колеру ці фактуры. З’яўляюцца касцюмы і пінжакі ў клетку. На змену класічным гальштукам усё часцей прыходзяць гальштукі-мятлікі і нават шыйныя хусткі.

Кожная дзяўчына ці хлопец можа выбраць строй, які не толькі падкрэсліць знешнюю прывабнасць, але і выкажа характар, асабісты густ і прыхільнасці.

Чытайце таксама: