Бязвізавы турыст можа купіць у Гродне карціну сучаснага мастака, але каб вывезці яе за мяжу патрэбна адмысловая экспертыза. Яшчэ летась зрабіць яе можна было ў Гродне, але цяпер трэба ехаць у Мінск. І заплаціць у пяць разоў больш.
Паводле беларускіх законаў, творы мастацтва і музычныя інструменты перад любым вывазам за мяжу мусяць прайсці мастацтвазнаўчую экспертызу, ці не з’яўляюцца яны гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
«Год таму трэба было падарыць знаёмаму, які прыехаў з Польшчы, карціну, — кажа Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар з Гродна. — Па экспертызу звярнуўся ў наш музей. Гэта заняло паўгадзіны часу і каштавала пяць рублёў».
Сёлета Андрэй сабраўся ў госці у Польшчу і хацеў узяць з сабой карціну ў падарунак. Толькі за тыдзень да ад’езду ён даведаўся, што цяпер усё трэба афармляць у Мінску. Добра, што знайшоўся знаёмы, які змог гэта зрабіць там.
«Я здзіўлены. Тут у нас турыстычны рух. Бязвізавы турыст не мае права ехаць у Мінск, адпаведна, калі захоча купіць карціну гродзенскага мастака, то не купіць. Крыўдна за наш горад!» — кажа Андрэй Крот.На сайце Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея дагэтуль ёсць інфармацыя, што там можна правесці экспертызу і атрымаць заключэнне для вывазу культурных каштоўнасцяў. Раней экспертыза ў музеі каштавала 5 рублёў і рабілася на месцы, трэба было мець фота прадмета. Цяпер усё, чым там могуць дапамагчы — даць мінскі нумар. Ні па кошце, ні па парадку атрымання дазволу зарыентаваць не змаглі. «Гэта рашэнне Міністэрства культуры, мы ўжо бяссільныя нешта зрабіць», — кажуць у музеі.
[irp posts="8740″ name="Тэст: Пазнай гродзенскага мастака па карціне"]
Любоў Зорына, былая супрацоўніца групы мастацтвазнаўцаў-кантралёраў пры абласным Упраўленні культуры распавядае, што ў Савецкім саюзе, калі стваралі іх службу, такую функцыю выконвалі на мяжы толькі яны, у іншых рэспубліках трэба было ехаць у цэнтр.
Група кантралявала ўвоз і вываз твораў мастацтва за мяжу, правярала дакументы, складала акты на кантрабанду. У тым ліку спецыялісты давалі заключэнні аб тым, ці ўяўляе рэч культурную каштоўнасць. Паслуга была бясплатная. Гэта была самастойная служба пры Упраўленні культуры, незалежная ад мытні. Звярталіся вельмі часта, пераважна з карцінамі сучасных гродзенскіх мастакоў.
Паводле слоў жанчыны, зараз у Гродна няма спецыялістаў з дыпломамі менавіта мастацтвазнаўцаў, толькі культуролагі. «Магчыма, перанос паслугі ў Мінск зрабілі з гэтай прычыны», — выказвае здагадку Зорына.
«Кепска, што ў Гродне няма гэтай службы. Мяркую, дастаткова было бы прад’яўляць чэк, бо калі работа прадаецца ў краме, значыць, яна не ўяўляе гісторыка-культурнай каштоўнасці. Канешне трэба, каб людзі звярталіся з гэтай праблемай, бо ў міністэрстве могуць проста не разумець сітуацыі бязвізу».Гродзенскі мастак Алесь Сураў лічыць сітуацыю абсурднай. «Гэта гульня чыноўнікаў і недавер нашым гарадзенскім людзям. Даўней, каб вывезці выставу, ездзіў у Мінск па дакументы, але ж гэта былі дзясяткі работ!» — распавядае мастак.
Супрацоўніца адной з гродзенскіх галерэй расказала, што пры пакупцы ў іх карціны сучаснага аўтара пакупнікам афармляюць таварны чэк. Пакупнікі паказваюць яго на мяжы. Па словах жанчыны, да карцін, датаваных гэтым ці мінулым годам, пытанняў не ўзнікае — мытнікі вераць напісанаму на карціне.
«Да купленых у нас карцін пакуль не ўзнікала пытанняў. Замежнікі часцей набываюць невялікія працы, якія наогул разглядаюцца як сувенірка. Але калі гэта будзе вялікі холст, то я раю, канешне, звярнуцца па экспертызу».Некаму прасцей пайсці на рызыку і схаваць. Везучы недалёка, напрыклад, у Польшчу, чалавек можа папросту зняць холст з падрамніка, каб правезці яго незаўважна.
«Цяпер дакладнага дазволу, які спрацуе на мяжы, у нас няма. Замежнікі часта купляюць карціны, пакуль спрацоўвае таварны чэк. Але гэта — на тонкай нітачцы, фактычна мытнікі вераць на слова».
Загадчыцца сектару мастацтвазнаўцаў-экспертаў пры Упраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульта Алена Зігмантовіч тлумачыць змены тым, што ў 2008 г. было прынята пастанаўленне Савета міністраў № 1397, у якім быў зацверджаны парадак і ўмовы выдачы Міністэрствам культуры заключэнняў і дазвольных дакументаў на вываз культурных каштоўнасцяў.
Акрамя культурных каштоўнасцяў, абмежаваных у перамяшчэнні, ёсць сучасныя творы, якія не трапляюць пад абмежаванне. Згодна з гэтым пастанаўленнем для вывазу за мяжу такіх прадметаў на абароце фатаграфіі прастаўляецца штапм «Дазволена да вывазу» з датай і подпісам упаўнаважанай асобы Міністэрства. Супрацоўнікі, якія маюць права даваць такія дазволы, ёсць толькі ў Міністэрстве культуры, іх два чалавекі.«Сітуацыя, якая адбылася ў Гродне — крыху надзвычайная, бо на маёй памяці няма такога дакумента, які б упаўнаважваў спецыялістаў музеяў займацца такой дзейнасцю. Зараз гэта было пададзена з пазіцыі, што Мінкульт забараніў. Насамрэч, Мінкульт не дазваляў!»
Спадарыня Алена зазначыла, што, сапраўды, досыць даўно была група мастацтвазнаўцаў-экспертаў і мастацтвазнаўцаў-кантралёраў. У мінулым годзе Гродненскі выканаўчы камітэт прыслаў сваё рашэнне аб скасаванні гэтай групы, сваё існаванне яна спыніла нашмат раней. «Гэта было, відаць, нейкае міжведамственнае непаразуменне.»
Па экспертызу чалавек мусіць прыехаць асабіста, прывезці культурную каштоўнасць, эксперт на месцы яе ацэньвае. Калі ўзнікаюць пытанні, ён у праве прыцягваць спецыялістаў музеяў. Па выніках прымаюць рашэнне, да якой катэгорыі адносіцца прадмет (з абмежаваным вывазам ці не), даецца пісьмовае ўведамленне з дадзенымі таго, хто перамяшчае прадмет.
Тэрмін для прыняцця рашэння ад 10 дзён да месяца, калі патрабуецца запыт да іншых дзяржорганаў. Калі рэч вывозіць аўтар, адказ даецца ў дзень звароту.
Калі заяўнік не можа прыехаць сам, то мае права ўпаўнаважыць кагосьці зрабіць гэта за яго.
Кошт экспертызы ад 1 да 5 каштоўнасцяў - 1 базавая велічыня, ад 5 да 20 — 1,5 базавыя велічыні, ад 20 і больш — 3 базавыя велічыні. Для аўтараў, якія самі перамяшчаюць свае творы, стаўкі напалову меншыя.Музычныя інструменты адразу размяжоўваюцца на серыйна-масавыя і на ўнікальныя. Для серыйна-масавых дастаткова проста прадставіць фота. Для баянаў, акардыёнаў, калі гэта вядомая марка, таксама дастаткова толькі здымка, не трэба прывозіць інструмент. У дазвол заносіцца мадэль, серыйны нумар, які супрацоўнік мытні можа праверыць на месцы.
«Бязвіз з’явіўся нядаўна, раней усё ва ўсіх было аднолькава. Зараз мы працуем над тым, каб усім было добра, каб даць магчымасць турыстам звезці ад нас нешта прыгожае, і пры гэтым не парушаць парадак выдачы дазволаў» — абнадзейваюць у Міністэрстве культуры.
На цяперашні момант адзінае, што можа зрабіць бязвізавы гродзенскі турыст, якому захочацца набыць і прывезці на радзіму твор тутэйшага мастака — загадзя прыслаць у Мінкульт здымкі карціны ці скульптуры, найбольш характэрныя рысы, подпісы. Пакупнік мусіць прасіць кагосьці іншага прыехаць з дадзенымі асобы, якая будзе перавозіць твор мастацтва, і раздрукаванымі здымкамі прадмета. Па пошце гэта вырашыць нельга.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…