“Кава з вяршкамі”, “Нечаканая радасць”, “Святло далёкай зоркі”  і яшчэ каля дзвюх соцен сартоў гладыёлусаў можна пабачыць у Гродне 14-15 жніўня на выставе ў бібліятэцы імя Макаёнка. Прадстаўляе сваю калекцыю кветак сям’я Квяткоўскіх з вёскі Макараўцы Берастовіцкага раёна. Пра тое, як любоў да кветак перарасла ў справу жыцця, Hrodna.life расказала Аля Квяткоўская

“Палюбіла, як нельга любіць”

Першыя гладыёлусы ў Квяткоўскіх з’явіліся 25 гадоў таму. Неяк на рынку Ала ўбачыла дзядка, хто прадаваў маленькія цыбулінкі гладыёлусаў –дзеткі. “Ён паглядзеў на мяне так, і кажа: “Вазьмі, дочка, не пашкадуеш”. Я прывыкла людзям верыць, нас так бацькі вучылі. Купіла і пасадзіла тыя кветкі”.

Як кажа Ала – яны аказаліся незвычайна прыгожымі. Зусім не такімі, як раслі ў суседзяў, ці можна было купіць у краме. Ад той пары і пачалася яе любоў да гэтых кветак. “Палюбіла іх так, як, напэўна, і нельга любіць.”

Выстава гладыёлусаў, якіх немагчыма не палюбіць, праходзіць у Гродне

“Гэту кветку абавязкова трэба адраджаць”

Зараз у калекцыі сям’і Квяткоўскіх 370 сартоў гладыёлусаў. Сёлета яны высадзілі цэлую “плантацыю” каралеўскіх кветак – 30 тысяч цыбулінак. “Праз гарачыню зацвілі адразу 5000 кветак, – расказвае Ала. – Прыйшлося многія з іх адразу зрэзваць”. Таму кветак у Макараўцах хапае на ўсіх. Іх аддаюць на ўпрыгожванне мясцовага касцёла, у дзіцячы дом, раздаюць аднавяскоўцам – хоць на свята пайсці, хоць на могілкі паставіць.

Па словах Алы, хочацца падзяліцца любоўю да гэтых кветак з усімі, а самае галоўнае – адрадзіць гладыёлусы. Дзеля гэтага, калі кветкі адцвітаюць, уся сям’я яшчэ амаль месяц займацца апрацоўкай пасадачнага матэрыяла, маленькіх цыбулінак-дзетак.

Праз тое, што гэта справа цяжкая і прыходзіцца доўга сядзець, Ала знайшла сабе яшчэ адно хобі – асвоіла скандынаўскую хаду. І нават сабрала ў вёсцы групку такіх самых аматараў. “У нас тут і сталыя ёсць, і маладзейшыя. Выходзім па вечарах на шпацыры з кійкамі”.

Аматараў робіцца ўсё больш

Выставы сваіх кветак Квяткоўскія ладзяць ужо пяць гадоў. Іх гладыёлусы бачылі на Гродзеншчыне і за яе межамі – у Мінску, Магілёве і Віцебску. Наведвальнікаў на выставах з кожным годам робіцца ўсё больш.

“Хочацца зрабіць усё, каб гэту кветку палюбілі, – кажа Ала. – Кожны новы сорт – гэта здзіўленне. І нават калі зацвітае знаёмая кветка, гэта таксама дзіва”.

Сама яна сцвярджае, што кожны са сваіх гладыёлусаў пазнае нават у цемры, навобмацкі. Толькі белых гладыёлусаў у яе 30 сартоў, але кожны з іх – асаблівы.

Кветкі для гаспадыні кветак

Адзіная хіба праблема з кветкамі ў сям’і – невядома, якімі з іх парадаваць Алу. “У нас столькі кветак увесь час, што гэта складана, – прызнаецца Ала. – Раней, канечне, муж дарыў і гваздзікі, і ружы. А зараз… Ён ведае, што я люблю палявыя кветкі – валошкі, рамонкі, макі. Неяк ехалі праз поле, ён пабачыў валошкі, спыніў машыну і пабег іх нарваць. Было вельмі прыемна”.

Выстава гладыёлусаў, якіх немагчыма не палюбіць, праходзіць у Гродне

 

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]