Ад 6 верасня працы гродзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча можна пабачыць у салоне керамічнай пліткі STONEHOUSE. Гэта сумесная акцыя салона і праекта «Майстэрні гродзенскіх мастакоў». Паводле арганізатараў, такія выставы набліжаюць да людзей і папулярызуюць сучаснае выяўленчае мастацтва. Аляксандр Сільвановіч расказаў Hrodna.life, як спалучыць у жыцці мастацтва і дызайн, і што зрабіць, каб творчыя асобы не з’язджалі з горада.
Куратарка праекта «Майстэрні гродзенскіх мастакоў» і арганізатарка выставы, дызайнерка Ірына Варкулевіч, кажа, што праз праект робіцца відавочным — крэатыўная «жывая» прастора ўтвараецца на мяжы дызайну і мастацтва. «Дызайн — канкрэтны, матэрыяльны, універсальны і вобразны. Мастацтва — наадварот. Яно не нясе функцыянальнай нагрузкі, але з’яўляецца духоўным складнікам».
Фатаграфія, на яе думку, дазваляе найбольш шырока распаўсюдзіць інфармацыю аб абодвух відах мастацтва і магчымасцях іх спалучэння. Таму разам з мастакамі і дызайнерамі ў праекце працуе фатограф Іван Цыркуновіч.
Па словах Аляксандра Сільвановіча, прапанова зрабіць выставу ў краме пліткі падалася яму цікавым выклікам. «Сучасны дызайн — гэта ўжо таксама высокае мастацтва. Мне нават цікава стала выставіцца ў такім месцы, побач з пліткай з розных краінаў. Тут ёсць і дызайн, і фактуры — усё, што я люблю скарыстаць у сваей працы. Атрымаўся свойго роду „армрэслінг“ мастацтва з дызайнам. З іншага боку, мастацтва і дызайн сталіся аздобаю адно для другога».
Дызайнам Аляксандр таксама цікавіцца і з досведу кажа: «Найперш, людзі выбіраюць мэблю, крэслы, дываны. А вось карціны звычайна на апошнім месцы. А я б сказаў, што ў сучасным дызайне інтэр'ераў карціна — гэта нумар адзін. Няма карціны — гэта адно. А з карцінай — іншая справа. Таму і цікава выставіць працы ў такім месцы. Можа, гэта нават трохі маніфест. Каб пакупнікі звярнулі ўвагу, што карціна не менш патрэбная, чым тая ж самая плітка».
Тое, што мастацтва прыходзіць да людзей у нечаканых месцах, таксама прыкмета сучаснасці, лічыць мастак. «Залаў для выставаў у Гродне не шмат, творчых падзеяў - таксама. Таму многія з’язджаюць. А тыя, хто застаецца, шукаюць магчымасці рэалізавацца і паказаць свае працы тут».
У падборы працаў для выставы Аляксандр адмовіўся ад тэматычнага прынцыпу. Інтэр'ер салона вымагаў больш засяродзіцца на фактурах і колерах. «Гэта не звычайная галерэя, дзе мастак можа стварыць усё, што хоча. Тут пэўныя ўмовы, у каторыя трэба ўпісаць карціны. Таму выбраў шмат маленькіх прац і цыклаў. Некаторыя з іх гледачы маглі бачыць, а некаторыя ў Гродне дэманструюцца першы раз».
Большасць карцін Сільвановіча спалучае працу з фактурнымі матэрыяламі і алеевымі фарбамі. «Падпісваю „Палатно. Алей“. Але насамрэч гэта змяшаная тэхніка», — раскрывае мастак таямніцы работ. Шмат працаў на выставе звязаныя з гісторыяй і сімваламі Беларусі. Частка з іх — з цыкла «Бурштыновы шлях». Тут ёсць працы, натхненыя Нёманам і мясцовымі краявідамі, а таксама беларускімі сімваламі і казкамі - «Папараць-кветка», «Сон-трава» ці «Скарб». «Недзе пад вадой і пад зямлёй ляжыць такі гаршчочак з манетамі, чакае свайго гаспадара. А хто купіць, той і знайшоў свой скарб», — жартуе мастак.
Да штодзённай працы Сільвановіч падыходзіць «дысцыплінавана»: «Гэта як звычайны працоўны дзень. Люблю ад раніцы быць у майстэрні, а вечарам ужо адпачываць. Хаця праца мастака — яна заўсёды. Бо зрабіць працу гэта адно, а вось задумаць, каб ідэя ўзнікла, гэта другое. Можна і ўначы прачнуцца, ці вечарам алоўкам накіды парабіць». Сваю майстэрню Сільвановіч лічыць закрытай прасторай: «Там іншая атмасфера — трэба працаваць». Таму запрашае ахвотных пабачыць працы на выставу. «Хто яшчэ не ведае мае працы, зможа пазнаёміцца, а што ведае — магчыма, адкрые ў іх нешта новае».
Да сваёй (не)пазнавальнасці ў горадзе Аляксандр ставіцца спакойна. «Гэта не мэта мастака — быць вядомым і пазнавальным. Бывае, спартсменаў вядомых больш пазнаюць. Але, канечне, знаемых у горадзе шмат. Мы тут даўно жывем, то ідзеш па горадзе і ўвесь час вітаешся. Калі ў галерэях, то бывае, людзі пазнаюць, падыходзяць».
Стылем і вобразам мастака займаецца выключна жонка, Ірына Сільвановіч. «Мы разам ужо 33 гады. Гэта яна мне раіць, што адзець і як выглядаць. Як па мне, то мог бы ўвесь час у красоўках і нейкім спартыўным касцюме прабецаць. Я не таго складу чалавек, каб адзець капялюш прыгожы і прайсціся па Савецкай, каб усе пазнавалі».
Яшчэ адна роля жонкі з творчай сям'і - першы глядач і крытык. «Яна можа прайсціся па слабых месцах. А які мастак любіць, каб яго крытыкавалі? Але у асноўным — знаходзім агульнае бачанне».
Праект выставаў у салоне пліткі будзе працягвацца і надалей. Прадэманстраваць там свае працы змогуць іншыя гродзенскія мастакі. Гэта, меркаваннем Сільвановіча, паспрыяе ў творчасці: «Любая такая акцыя — гэта маленькі штуршок для сябе і для іншых, каб не сядзець на месцы. Заўжды так атрымліваецца, як пацеркі адна за другой: там нешта убачыў, тут нешта падумаў. Гэта тое, што трэба рабіць, каб расці і развівацца».
Яго меркаваннем, у Гродне не хапае выставачных залаў. «Ёсць такія мастакі, у каго вялікія палотны. Ім у нашых залях цесна, няма дзе выстаўляцца. Варта больш рабіць такіх сучасных імпрэзаў і творчых прастораў. Можна даць графіцістам развярнуцца, можна спалучаць кіно з мастацтвам інсталяцыі і перфомансамі. Да такіх імпрэзаў і моладзь бы таксама падключылася. Калі б піўзавод наш закінуты давесці да ладу, там таксама можна было б праводзіць мастацкія акцыі і выставы. Ён мог бы стаць выдатным месцам для творчых акцый».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…