Амаль месяц доўжыліся раскопкі на вуліцы Замкавай на месцы сквера за былым Палацам тэкстыльшчыкаў. Адзін са знойдзеных старадаўніх скляпоў плануюць захаваць і прыстасаваць пад кафэ.

На месцы сквера плануюць у 2020 годзе пабудаваць адміністрацыйна-гандлёвы комплекс з трох будынкаў. Яшчэ на стадыі праектавання забудоўшчык паабяцаў, што раскопкі будуць доўжыцца столькі, колькі спатрэбіцца археолагам, хоць тэрміны будаўніцтва абмежаваныя. Заказчык: ЗТАА «ДТ-груп» — інвестары з Літвы, якія ў Беларусі валодаюць сеткай піцэрый Pizza & Coffee і прыпынкавымі павільёнамі Z-маркет.

Административно торговый центр ул Замковая Дом рыбака
Так будуць выглядаць новыя будынкі на Замкавай


Смотрите, какую информацию о застройке на Замковой повесил инвестор


У раскопках на Замкавай была задзейнічана адмысловая экспедыцыя з гродзенскіх валанцёраў і старэйшага навуковага супрацоўніка НАН Леаніда Калядзінскага. Усімі працамі кіравала вядучы навуковы супрацоўнік, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут.

«Раскопкі далі нам дадатковы матэрыял пра культуру Гродна 17 стагоддзя, — адзначае Наталля Пачобут. — Быў знойдзены і больш ранні пласт, які адносіцца да 16 стагоддзя, але ён сур’ёзна пацярпеў у пажары. Мы мяркуем, што выяўленыя намі падвалы адносяцца да мяжы 17−18 стст. Меркавана там была вінарня. Захавалася шмат керамікі і посуду: збаны з ручкамі, гаршкі і многае іншае».

археологические раскопки на Замковой Замковая
Пачатак раскопак
Таксама падчас раскопак была знойдзена палавая плітка 19 стагоддзя са знакам майстра, які нагадвае масонскія сімвалы. Траплялася шмат манет розных перыядаў, таварныя пломбы 19−20 стст., прадметы побыту.

Зараз у скверы за былым Палацам тэкстыльшчыкаў да работ прыступаюць будаўнікі. Адміністрацыйна-гандлёвы комплекс павінны пабудаваць за год. Інвестар паабяцаў закансерваваць адзін са знойдзеных падвалаў, а старую цэглу ад іншых пабудоў выкарыстаць у афармленні будучага кафэ.

«Гэта ўжо вялізны крок для Гродна. Да гэтага ў такіх аб’ёмах ні адзін замовец не захоўваў старыя падвалы. Знойдзены намі падвал інвестар плануе выкарыстаць пад кафэ», — дадала Наталля Пачобут.

Старую цэглу выкарыстаюць паўторна, а падвал захаваюць: вынікі раскопак на Замкавай
Знайдзены падвал

Даведка

Калісьці на месцы сквера на Замкавай размяшчаўся Дом рыбака — каменны аднапавярховы будынак 16 стагоддзя, дзе, па некаторых версіях, жыў кіраўнік гродзенскага цэха рыбакоў. У 1960-х усе будынкі ў гэтым раёне знеслі з-за будаўніцтва Дома быту. Вядома, што ў цэнтры Гродна будзе пабудавана не дакладная копія знесеных пабудоў, але вонкава будынкі будуць вельмі падобныя на тыя, якія там стаялі 100 гадоў таму.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]