Станіслаў Муліца ўжо 26 гадоў робіць цуды з паперы. Яго выцінанкі трапілі ў музеі Беларусі і Еўропы, іх захоўваюць у прыватных калекцыях па ўсім свеце. Сёлета казачныя ўзоры гродзенскага майстра ўпрыгожылі каляндар Нrodna.life.
Як выцінанкі лечаць, колькі нажніц патрэбна сапраўднаму майстру і ў чым таямніца нараджэння папяровых карунак, даведалася карэспандэнтка Hrodna.life
«Часам рука вядзе мяне няведама куды. Яна сама нешта робіць», — так апісвае таямніцу нараджэння сваіх выцінанак Станіслаў Муліца. Майстар прызнаецца, што і сам не заўсёды дакладна ведае, што атрымаецца, калі разгорнеш паперу. «Бывае, раскладзеш яе, прыціснеш шклом і дзівішся: божа, няўжо гэта я зрабіў?»
Выцінанка — від традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта ажурны ўзор, выразаны з белай ці каляровай паперы. Выцінанкі бываюць геаметрычнымі, расліннымі, ці нават сюжэтнымі, з выявамі людзей ці жывёл. У Беларусі выцінанка была найбольш распаўсюджана ў ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў. Выкарыстоўвалася для ўпрыгожання жытла, як аздоба інтэр'ера ці яго асобных элементаў да святаў і ўрачыстасцяў.
Выцінанкі Станіслаў памятае з дзяцінства. Папяровыя фіранкі на вокнах, абклады на абразах, узоры на сценах і мэблі былі папулярныя пасля вайны ў вёсцы. Жанчыны рабілі іх, каб упрыгожыць хату на Раство ці Вялікдзень. Выкарыстоўвалі паперу, бо яна была танная. Бывала, што ўзоры выразалі нават з газеты.
Майстар захапіўся выцінанкаю ўжо ў сталым веку. Узгадвае, як аднойчы ягоны сябар і настаўнік, мастак Алесь Аўчыннікаў, даў паглядзець кніжку пра польскую выцінанку.
«Я прыйшоў дадому, разгарнуў і… папросту эмацыйны выбух! Я бяру нажніцы, кавалак паперы і пачынаю рэзаць. Спачатку копіі, а потым ўсё, што ў галаву прыйшло. А назаўтра — бягом да сябра, каб паказаць, што атрымалася».
Ужо праз год у Станіслава Муліцы адбылася першая персанальная выстава.
«Няма такога, што я раблю гэта штодня. Я чакаю натхнення. Яно можа прыйсці праз год ці праз два. Можа нават праз тры гады. І ўжо як яно прыходзіць, то не магу астанавіцца. Рэжу, рэжу, малюю, і гэта не дае мне спакою».
Свае выцінанкі гродзенец робіць са звычайнай каляровай паперы, што можна набыць у краме з канцтаварамі. А вось нажніц у Станіслава больш за дзясятак. Розных памераў: ад малых манікюрных да гаспадарчых. Ёсць нават нажніцы для стрыжкі авечак. Яны велькія, незвычайнай формы. Майстар іх выкарыстоўвае рэдка, у асноўным для крупных дэталяў, калі робіць рэканструкцыі выцінанак па старых фота.
«Часам кладуся спаць, заплюшчваю вочы — і бачу ўзоры, ды такія цікавыя, нязвыклыя, што нават не здолею выхапіць з памяці. І гэта вельмі мяне стрэсуе», — расказвае Станіслаў.
Для складаных выцінанак майстар робіць эскізы. Але часам нешта ідзе не так, і тады пачынаецца імправізацыя.
«Не вельмі турбуюся, калі штосьці неспадзявана адрэжу. Можна ў другі бок пайсці, аднавіць. Але часам раззлуюся і кіну», — усміхаецца Станіслаў.
Звычайная выцінанка займае ў мастака ад адной гадзіны да чатырох. Але над некаторымі працуе з перапынкамі. Адна з самых «доўгіх» — выцінанка «1863 год. Пахаванне паўстанца». Яе аўтар ствараў у некалькі этапаў амаль два гады.
«Да мяне прыйшоў вобраз касцёла, які перарабілі ў царкву. Бо на Беларусі пасля паўстання 1863 года за ўдзел ў ім каталіцкіх святароў выганялі, а касцёлы аддавалі пад праваслаўныя цэрквы. І вось на выцінанцы — вежы-цыбулькі, але наверсе яшчэ застаўся каталіцкі крыж над званіцай».
«Касцёл-царкву» Станіслаў выразаў у 2017−18 годзе. А ў 19-м, пасля перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Вільні, сюжэт атрымаў развіццё.
«На ніжнім плане я дадаў пахавальную працэсію. Крыж, харугві, конік, цяжарная жанчына з дзіцём, жабрак з малітвай… Гэта было моцнае ўражанне, перажыванне таго часу».
Зараз выцінанка захоўваецца ў Польшчы, на радзіме Кастуся Каліноўскага пад Беластокам.
Выцінанка, лічыць Станіслаў, з усіх відаў творчасці самая простая і даступная. А яшчэ яна дае адчуване радасці і далучэння да тайны.
«Часам унучак сваіх саджу і „чыкаем“ разам. А пасля як разгорнуць паперу — глядзі, што атрымалася! Майстры раяць займацца з дзецьмі, бо гэта добра ўплывае на іх развіццё», — расказвае Станіслаў.
Углядаючыся ў дзіўныя ўзоры, заўважаю, што нечым яны нагадваюць папулярныя зараз размалёўкі-антыстрэс.
«Так, ёсць ў выцінанкі такое, — пагаджаецца майстар. — Чалавек, калі яе робіць, застаецца сам на сам і супакойваецца. Да мяне нават звярталіся гродзенскія дактары, што лечаць людзей з анкалогіяй. Я прапанаваў даваць хвораму чалавеку ў рукі нажніцы, каб ён адыходзіў ад беспакойных думак».
Дзякуючы выцінанцы гродзенец мае сяброў з усяго свету. Аказваецца, у падобнай тэхніцы працуюць і майстры з іншых краін.
«Незвычайныя працы ў сябраў з Ірану, Швейцарыі. Польскія і літоўскія выцінанкі падобныя да нашых. Але ў Польшчы, напрыклад, захавалася рэгіянальнасць, выцінанкі адрозніваюцца паводле мясцовасці. У Беларусі ў савецкія часы гэта было страчана, нават мясцовы строй не захаваўся. Таму мы дакладна не ведаем, якой была гродзенская выцінанка».
Аднойчы ўсё ж удалося знайсці ў гісторыка-археалагічным музеі выцінанку, зробленую на Гродзеншчыне ў 1936 годзе. Яна была квадратная, з пеўнікам і колам пасярэдзіне. Паводле яе матываў майстар зрабіў серыю падобных твораў.
Гродзенская тэма таксама адбілася ў цыкле, прысвечаным гістарычнам помнікам. Станіслаў выразаў з паперы Каложу, Фарны касцёл, Стары лямус. А яшчэ з выцінанкі ў нашым горадзе пачаўся кірмаш «Казюкі». Станіслаў Муліца быў яго першым арганізатарам: «Мне хацелася зрабіць свята для майстроў, дзе яны будуць галоўнымі, а не дадаткам на гарадскім мерапрыемстве».
Чытайце таксама: «Пачыналі з 20 рамеснікаў, а сёння іх сотні». Арганізатар першых «Казюкоў» пра адраджэнне кірмаша ў Гродне
Станіслаў абменьваецца работамі з іншымі майстрамі. Часта выцінанкі просяць даслаць знаёмыя. Так працы гродзенца разышліся па свеце. Ёсць яны нават у Японіі, Індыі, Егіпце, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША — на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Зараз Станіслаў рыхтуе бандэроль у Таіланд.
Станіслаў Муліца нарадзіўся ў вёсцы Дайліды Іўеёскага раёну. Працаваў у Гродзенскім палацы культуры хімікаў, на «Гродна Азот». Выцінанкай займаецца з 1994 года. З’яўляецца сябрам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, уваходзіць у склад Таварыства майстроў народнай творчасці Гродна. Заснаваў суполку майстроў народнай творчасці пры ГА «Саюз палякаў на Беларусі». У 2005 годзе атрымаў ад польскага Міністэрства культуры ганаровы тытул заслужанага дзеяча культуры Польшчы.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…