Акруговыя выбарчыя камісіі ў Гродзенскай вобласці на 10 студзеня зарэгістравалі толькі 14 ініцыятыўных груп на 13 акругаў. Гэта значыць, што на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў толькі на адным участку ў выбаршчыкаў будзе альтэрнатыва — і тое сумнеўная. Толькі трое будучых кандыдатаў - дзейныя дэпутаты, астатнія — новыя асобы. Выбары пройдуць 25 лютага.
UDP. Выбары прайшлі і вы можаце праверыць спіс дэпутатаў ад Гродзенскай вобласці.
Амаль па ўсёй вобласці - безальтэрнатыўныя выбары
З патэнцыйных дэпутатаў восем — сябры «Белай Русі», пяць — беспартыйныя, адзін — сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Нікому ў Гродзенскай вобласці ў рэгістрацыі не адмовілі.
Альтэрнатыва на выбарах будзе толькі на Гродзенскай памежнай акрузе № 53 у Бераставіцкім раёне. Там за мандат будуць «змагацца» начальнік Бераставіцкай раённай ветэрынарнай станцыі Аляксандр Сяргеевіч Баярчук і старшыня Бераставіцкага райвыканкама і сябра «Белай Русі» Антон Станіслававіч Кулісевіч.
На вылучэнне кандыдатаў па законе ёсць час да 15 студзеня. Гэта значыць, у тэорыі, альтэрнатыва ў некаторых акругах яшчэ можа з’явіцца.
Вернуцца ў крэслы дэпутатаў толькі трое
З дзейных дэпутатаў абірацца зноўку ў Гродне збіраецца толькі Алена Патапава на Гродзенскай-Кастрычніцкай акрузе № 50.
Яшчэ двое збіраюцца пераабрацца ў вобласці:
- Аляксандр Сангін — на Замкавай акрузе № 57 (у акругу ўваходзяць Карэліцкі і Навагрудскі раёны, а таксама частка Лідскага);
- Валянцін Семяняка — на Слонімскай акрузе № 58.
Астатнія — дырэктары дзяржустаноў, начальнікі, ідэолаг з Пагранкамітэта і кіраўнік прафсаюзаў — у дзеючым скліканні парламента не засядаюць. Хоць сярод іх ёсць і адзін палітычны цяжкавагавік — Міхаіл Орда, кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў. Ён ужо быў у розных палатах беларускага парламента ў 2000−2012 і 2016−2019 гадах, а ў 2020 узначальваў ініцыятыўную групу Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
Чытайце таксама: «Хай мне чытачы патэлефануюць». Што дэпутаты адказалі на пытанні падпісчыкаў Hrodna.life
Каго мы больш не ўбачым сярод дэпутатаў?
Акруга Гродзенская-Занёманская № 49. Дзеючы дэпутат — Луканская Ірына Эдуардаўна, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Цяпер замест яе абірацца будзе Аксянюк Міхаіл Пятровіч, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь, жыве ў Мінску.
Акруга Гродзенская-Цэнтральная № 51. Адсюль абіралася Кір'як Лілія Вацлаваўна, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Яе месца зойме Анісімаў Андрэй Віктаравіч, дырэктар гродзенскага філіяла РУП «Белпошта».
Акруга Гродзенская-Ленінская № 52. Ад гэтай акругі ў парламента цяпер Доўгашэй Тамара Сяргееўна, член Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы. Тут у дэпутаты балатуецца Раманаў Алег Аляксандравіч, старшыня «Белай Русі».
Чым запомніліся дэпутаты з Гродна?
Кір'як, Луканская і Патапава сустракаліся з пратэстоўцамі на плошчы Леніна ў жніўні 2020 года. Пасля таго, як гараджане засталіся незадаволеныя адказамі дэпутатак, актывісты паспрабавалі адклікаць парламентарыяў. Але зрабіць гэтага не ўдалося — ініцыятыву спынілі ў самым пачатку.
У сакавіку 2022 года ў размове з журналістам Hrodna.life Лілія Кір'як адмаўляла, што Расія ўварвалася ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. На яе думку, вайна стала «вымушанай мерай» і «Расія пачала гэтую спецаперацыю, абараняючы сваю нацыянальную бяспеку».
Жадаючых ісці ў дэпутаты ўсё менш
У Беларусі на 110 мандатаў зарэгістравана 169 ініцыятыўных групы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання. У параўнанні з выбарамі сёмага склікання, якія прайшлі 17 снежня 2019 года, іх стала менш на 37,86% — тады ЦВК зарэгістраваў 272 групы. У 2016 годзе зарэгістраваных кандыдатаў было яшчэ больш — 521 — і тады ў парламент нават прапусцілі двух апазіцыянераў.
Калі пройдуць парламенцкія выбары ў Беларусі
У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдзе Адзіны дзень галасавання — аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Ён прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля выбараў пройдзе першае пасяджэнне абноўленага Усебеларускага народнага сходу.
З 1996 года ніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя АБСЕ, ЕС і ЗША дэмакратычнымі.