Польшча 9 верасня абвясціла аб часовым закрыцці мяжы з Беларуссю з-за вучэнняў «Захад-2025». Калі пропуск адновяць — невядома: улады абяцаюць адкрыць мяжу толькі пасля поўнай упэўненасці ў бяспецы. Рэдакцыя Hrodna.life разбіралася, што гэта за вучэнні і чаму яны выклікаюць трывогу ў суседзяў Беларусі.
Вучэнні «Захад-2025»: што адбываецца ў Беларусі
У сярэдзіне жніўня Мінабароны Беларусі абвясціла аб даце сумесных стратэгічных вучэнняў з Расіяй «Захад-2025»: з 12 па 16 верасня. Праходзіць яны будуць на тэрыторыі Беларусі. Такія манеўры адбываюцца раз на два гады па рашэнні Лукашэнкі і Пуціна.
Манеўры, якія былі запланаваны на 2023 год на тэрыторыі Расіі, не адбыліся. Тады міністр абароны РФ Сяргей Шайгу сказаў: «Не, у гэтым годзе ў нас вучэнні на Украіне».
Галоўная тэма вучэнняў-2025 — «прымяненне груповак войскаў для забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы». Мэта — праверыць гатоўнасць Беларусі і Расіі да «адбіцця магчымай агрэсіі».
Падчас вучэнняў вайскоўцы будуць адпрацоўваць адбіццё паветраных атак, абарончыя баі і ліквідацыю праціўніка, які прарваўся ўглыб абароны. Плануецца і падтрымка авіяцыі і барацьба з дыверсантамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін таксама агучыў, што на вучэннях «Захад-2025» адпрацуюць прымяненне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік»:
— <…> Мы бачым абстаноўку на нашых заходніх, паўночных межах і не можам спакойна назіраць за мілітарызацыяй і ваеннай актыўнасцю. Мы дэманструем сваю адкрытасць, міралюбнасць, але порах заўсёды трэба трымаць сухім. Мы, вядома, і ў рамках вучэння «Захад» разам з нашымі расійскімі калегамі адпрацуем пытанні планавання прымянення гэтага віду ўзбраенняў, — сказаў Хрэнін.
На першым этапе вучэнняў плануецца адпрацаваць працу штабоў. На другім — адпрацаваць пытанні «вызвалення захопленых тэрыторый і стабілізацыі абстаноўкі».
Вучэнні: беларускія ўлады вырашыліся на саступкі
Нават абвяшчэнне вучэнняў 2025 года выклікала напружанне ў Еўропе. Польшча паабяцала правесці найбуйнейшыя «дывізіённыя манеўры» каля мяжы з Беларуссю. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не выключаў, што Расія можа выкарыстаць «Захад-2025», каб зноў атакаваць Украіну ці краіны Балтыі і Польшчу.
У выніку беларускія ўлады вырашылі не ісці на эскалацыю. У траўні 2025-га міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што манеўры пройдуць далей ад заходніх межаў, а іх «параметры будуць зніжаны».

Таксама стала вядома, што на вучэнні запросяць назіральнікаў з краін, якія падпісалі Венскі дакумент аб бяспецы АБСЕ (гэта краіны Еўропы, Цэнтральнай Азіі, ЗША і Канада. Дакумент прадугледжвае назіранне і абмен інфармацыяй аб ваенных манеўрах). Такім чынам, за вучэннямі павінны будуць назіраць і прадстаўнікі краін, якія ўваходзяць у НАТА.
Дадзеныя разведак: колькі вайскоўцаў бярэ ўдзел у вучэннях і ці варта асцерагацца
Першапачаткова меркавалася, што ў «Захадзе-2025» возьме ўдзел да 100 тысяч чалавек. Пазней літоўская разведка паведаміла, што чакае да 30 000 вайскоўцаў, з якіх толькі 8000 будуць на тэрыторыі Беларусі, некалькі тысяч — у Калінінградскай вобласці, а астатнія — у часцях, дыслакаваных у глыбіні Расіі.
Прыкладна такія ж лічбы называла і галоўнае разведвальнае ўпраўленне Украіны. У ведамстве распавялі тэлеканалу «Белсат», што да запланаваных вучэнняў збіраюцца прыцягнуць да 13 000 вайскоўцаў з Узброеных сіл Расіі і Беларусі. А таксама падраздзяленні з Ірана і Бангладэш. Пры гэтым украінскае ваеннае ведамства адзначала, што наступальнай групоўкі не выяўлена.

У канцы жніўня міністр абароны Польшчы заявіў, што жыхарам краіны не варта баяцца вучэнняў «Захад-2025»: яны не скончацца узброеным канфліктам, хутчэй гібрыднай і інфармацыйнай вайной.
Ці можа Расія пасля вучэнняў напасці на суседнія краіны з Беларуссю?
Лідары Польшчы і Літвы адзначалі: прамой агрэсіі чакаць не варта, аднак трэба быць гатовымі да любых сцэнарыяў.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 9 верасня заявіў, што ў гэты перыяд могуць адбыцца правакацыі. На літоўскую тэрыторыю могуць заляцець беспілотнікі. Памежны камітэт Літвы ўзмоцніць абарону мяжы. Камандуючы ваеннай разведкай Літвы Міндаўгас Мажонас дадаў, што інцыдэнты магчымыя падчас кожных вучэнняў.
У Польшчы ў адказ на вучэнні праводзяцца дывізіённыя вучэнні НАТА «Жалезны абаронца» (Żelazny Obrońca). Іх планавалі яшчэ да заяў, што «Захад-2025» пройдзе далей ад дзяржаўных межаў. Яны ахопліваюць дзеянні на сушы, у паветры і на Балтыйскім моры з удзелам каля 30 000 вайскоўцаў Узброеных сіл Польшчы і краін-членаў НАТА. У вучэннях задзейнічаюць каля 600 адзінак ваеннай тэхнікі.

Не ўсе вучэнні прыводзяць да вайны
Расія штогод праводзіць стратэгічныя камандна-штабныя вучэнні ў розных рэгіёнах, мадэлюючы дзеянні на патэнцыйных «тэатрах ваенных дзеянняў».
«У адзін год гэта „Захад“, потым „Усход“, далей „Цэнтр“ і „Каўказ“. За чатыры гады яны праходзяць поўны цыкл і вяртаюцца да пачатку», — тлумачыў у жніўні 2025 года Украінскай службе Бі-бі-сі кіраўнік праграм бяспекі Цэнтра глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Павел Лакійчук.
Вучэнні, якія перараслі ў вайну
Падчас «Каўказа-2008» Расія засяродзіла сілы каля Рокскага тунэля. Ужо праз шэсць дзён пасля завяршэння манеўраў менавіта па гэтай дарозе пачалося ўварванне ў Грузію.
А «Захад-2021», дзе ўдзельнічалі больш за 200 тыс. вайскоўцаў РФ і Беларусі, адпрацоўваў маланкавыя дэсанты і рэйды супраць умоўнай «Палярнай рэспублікі». Праз пяць месяцаў па падобным сцэнарыі расійская армія пачала ўварванне ва Украіну.
Але бываюць і выключэнні
«Захад-2017» імітаваў атаку на краіны Балтыі і «прабіваў» Сувалкскі калідор. Менавіта тады з’явілася неіснуючая дзяржава Вейшнорыя. Назву краіны расійскія вайскоўцы запазычылі з літоўскай мовы: «Вайшнорыс» значыць «гасцінны». Краіна хутка стала мемам у беларусаў. У Вейшнорыі з’явілася свая карта, «электроннае консульства», праекты валюты і пашпартоў. Ішла віртуальная і жартаўлівая барацьба за незалежнасць ад Мінска.
Кампанія пачалася са з’яўлення псеўдаакаўнта Міністэрства замежных спраў Вейшнорыі ў Twitter (цяпер — Х). У ім паведамлялася, што сталіца «краіны» знаходзіцца ў Гродне, а вейшнорскі парламент ужо засядае ў горадзе Лідзе.
У сакавіку 2025 года Telegram-канал «Viejšnoryja Today» і чат у Telegram «Viejšnoryja | Вейшнорыя» былі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Новы цыкл «Захаду»
Зараз вучэнні «Захад» вяртаюцца ў Беларусь пасля чатырохгадовага перапынку, на працягу якога ішла поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны.
«Сілы падчас вучэнняў знаходзяцца ў баявой гатоўнасці. Калі паступае каманда, яны пачынаюць дзейнічаць. Так было і ў 2022 годзе. Але гэта не значыць, што любое вучэнне абавязкова скончыцца вайной», — адзначыў Лакійчук.