«Пра Чарнобыль таксама казалі, што ўсё будзе добра», — як прайшлі першыя вучэньні на Беларускай АЭС. Фота, відэа

11 кастрычніка на Беларускай АЭС адбыліся дэманстрацыйныя вучэньні па ліквідацыі верагоднай аварыі — прарыву радыяактыўнай пары на тэрыторыі АЭС і ў межах 3-кілямэтровай зоны вакол станцыі.

БелАЭС будуюць у Астравецкім раёне, за 20 кілямэтраў ад райцэнтру і за 50 кілямэтраў ад сталіцы Літвы — Вільні. Увага да сытуацыі зь бясьпекай станцыі велізарная. За манэўрамі на Беларускай АЭС, апроч беларускіх кіраўнікоў, назіралі прадстаўнік МАГАТЭ і госьці з Латвіі, а таксама тры дзясяткі журналістаў з розных мэдыяў, у тым ліку замежных. Ці гатовыя служба бясьпекі станцыі і дзяржаўныя ўстановы краіны, адказныя за бясьпеку, да ліквідацыі верагоднай аварыі?

«Цалкам немагчымая сытуацыя»

Паводле сцэнару вучэньняў, якія праводзяцца другі раз за час будаўніцтва АЭС, выкід радыяцыі адбыўся ў выніку няштатнай сытуацыі — адбыўся нібыта працёк цепланосьбіту першага контуру ў другі контур парагенэратара з далейшым выкідам радыяактыўнай пары ў навакольле.

«Цалкам немагчымая сытуацыя, але мусілі ўявіць такую, каб адпрацаваць узаемадзеяньне розных структур. Ня браць жа за сцэнар падзеньне на АЭС самалёта з бомбай», — камэнтуе сцэнар вучэньняў Віталь Навіцкі, прэсавы сакратар МНС Беларусі.

На заўвагу, чаму нельга было ўзяць за сцэнар тое, што адбылося ў Чарнобылі, прэсавы сакратар МНС адказаў, што Беларуская АЭС цалкам адрозьніваецца ад Чарнобыльскай. «Тут такое немагчыма».

Міністар унутраных спраў Юры Караеў

Камісія на чале з намесьнікам прэмʼер-міністра Ўладзімерам Кухаравым

10.00. Аўтобус МНС вязе журналістаў на станцыю. Па дарозе Віталь Навіцкі расказвае пра будучыя манэўры. У іх, кажа, возьмуць удзел 270 чалавек, уключна зь віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Кухаравым, шэрагам міністраў, кіраўнікамі дзяржаўных установаў, супрацоўнікамі МНС і працаўнікамі АЭС.

Па сцэнары вучэньняў, радыяцыя ахапіла 3-кілямэтровую зону вакол станцыі, дзе пражывае больш за 180 чалавек. Ім трэба будзе паведаміць пра аварыю і пра першыя захады бясьпекі ды вывезьці ўсіх жыхароў на пункт часовага разьмяшчэньня — у гімназію ў Астраўцы, а пацярпелых — у шпіталі.

Ролю «пацярпелых» будуць выконваць курсанты ўнівэрсытэту МНС і студэнты мясцовага каледжу. Дапамагаць будуць да 10 валянтэраў.

Тым часам аварыю і яе наступствы на самой атамнай станцыі будуць ліквідоўваць супрацоўнікі АЭС і пажарныя з часткі № 2, што дысьлякуецца на самой станцыі.

«Паглядзім, колькі часу ў іх гэта зойме. Па сцэнары — некалькі хвілін», — сказаў Віталь Навіцкі перад вучэньнямі.

Што цяпер адбываецца на станцыі?

На ўсіх дарогах вакол АЭС і ўнутры за трыма лініямі калючага дроту — міліцыянты, ахоўнікі ў чорнай форме і людзі ў спэцвопратцы. Здымаць вартавых з аўтаматамі катэгарычна забаронена. Але ўражаньне, што трапіў у спэцлягер, хутка зьнікае. Пэрсанал напружаны, але добразычлівы. Прычым відаць, што АЭС жыве ня толькі манэўрамі — працуюць будаўнікі і мантажнікі, цягнуць свой апарат зваршчыкі.

Першы энэргаблёк, які мае запрацаваць празь некалькі месяцаў, па версе будынка аздоблены вялікай выявай дзяржаўнага сьцяга. Такая самая зьявіцца на другім энэргаблёку, які яшчэ будуюць.

«Ці запусьцяць першы энэргаблёк у студзені, як было заяўлена?» — пытаюся ў дырэктара АЭС Міхаіла Філімонава.

«Ня стаў бы выкарыстоўваць такое слова, што запусьцяць. Правядуць першыя дзеяньні па запуску», — асьцярожнічае дырэктар.Міхаіл Філімонаў

Званкі загучалі, як сапраўдныя сырэны

10.55. Мы ў вучэбным цэнтры, дзе зымітаваны пункт кіраваньня энэргаблёкам. Толькі дзяжурны зьмены далажыў дырэктару станцыі пра тое, што ўсё ідзе штатна, як на пульце замільгалі чырвоныя агеньчыкі і загучалі сырэны, якія інфармуюць пра аварыю. Забегалі сюды-туды супрацоўнікі — пачалася аварыйнае кіраваньне энэргаблёкам.

З гэтай хвіліны запрацавалі і складзеныя раней пляны па ліквідацыі наступстваў аварыі на тэрыторыі станцыі. Да месца аварыі пабег атрад людзей, апранутых у «хімабарону». За імі пабеглі працаўнікі з дазымэтрамі. Частка пэрсаналу на вачах журналістаў выбегла з будынка адміністрацыі і пасела ў аўтобусы — на эвакуацыю. Іншым, «пацярпелым», пачалі аказваць тэрміновую дапамогу. На гэта адмыслова падрыхтаванаму атраду добраахвотнікаў зь ліку пэрсаналу даецца ўсяго 5 хвілін. Нібыта пасьпяваюць.

«Ужо 1,5 тысячы працаўнікоў навучылі ў вучэбным цэнтры», — згадваю інфармацыю кіраўніка цэнтру, якой ён дзяліўся зь віцэ-прэм'ерам Кухаравым ды іншымі міністрамі.

На другім баку станцыі, на ўмоўным 5-м пункце вучэньняў, пажарныя ліквідуюць загараньне цыстэрнаў з дызпалівам для кацельнай, якая прызначаная для запуску турбіны. З адмысловых магутных установак льюць на цыстэрны шлянгамі ваду і пену. Умоўны пажар, на якім не было агню, патушаны за 3 хвіліны.

Едучы са станцыі ў вёску Баброўнікі, адкуль паводле сцэнару вучэньняў маюць эвакуаваць 80 чалавек, размаўляем з кіраўніком МНС Астравецкага раёну Віталём Рыбаком. Ён бадзёра дакладае пра добрую аснашчанасьць пажарнай часткі і пра тое, што на АЭС ажно 116 пажарных.

«Хопіць, каб управіцца зь любой аварыяй», — перакананы Віталь Рыбак. Пытаюся пра Чарнобыль, ці вывучаў ён, як там дзейнічалі пажарныя. Віталь Рыбак запэўнівае, што падчас вучобы ва ўнівэрсытэце МНС адмыслова вывучаецца досьвед чарнобыльскіх пажарных.

А ці можа той досьвед прыдацца тут? Кіраўнік раённага МНС сумняецца.

«На Чарнобыльскай АЭС было два паясы абароны, а тут на парадак больш».

Прашу ўдакладніць, на парадак — гэта колькі? — але адказу так і не атрымліваю.

Валянтэркі аказаліся курсанткамі ўнівэрсытэту МНС

Нядаўна ў Літве праходзілі вучэньні па ліквідацыі наступстваў верагоднай аварыі на Беларускай АЭС. Паводле журналістаў, якія назіралі за тымі манэўрамі і цяпер прыехалі ў Астравец, беларускія вучэньні больш маштабныя і ўнушальныя. Але такая дэталь: у літоўскіх манэўрах бралі ўдзел рэальныя валянтэры — грамадзяне, якім не абыякава тое, што можа здарыцца на Беларускай АЭС. Ці бяруць удзел у вучэньнях у Астравецкім раёне беларускія валянтэры?

У Астравецкай гімназіі № 1, дзе быў разьмешчаны ўмоўны пункт для эвакуаваных зь нібыта забруджанай радыяцыяй 3-кілямэтровай зоны вакол АЭС, убачыў некалькі людзей у камізэльках з чырвоным крыжам. Паводле Віталя Навіцкага з МНС, Чырвоны Крыж — адзіная грамадзкая арганізацыя, якая ўключаная ў дзяржаўную сыстэму папярэджаньня і ліквідацыі надзвычайных сытуацый.

«Іншыя не гатовыя. Тут жа ня толькі трэба жаданьне, але і трэба выконваць пэўныя абавязкі. Прыкладам, разгарнуць намёты, аказаць рэальную дапамогу ў доглядзе за пацярпелымі. Ня ўсе на гэта згаджаюцца», — сказаў прэсавы сакратар МНС.

Адселеных з забруджанай зоны і пацярпелых «гралі» на вучэньнях курсанты ўнівэрсытэту МНС і навучэнцы Астравецкага аграрна-эканамічнага каледжу. Дзяўчаты, якія нібыта пацярпелыя разьмясьціліся ў спартовай залі 1-й Астравецкай гімназіі, у адзін голас сказалі, што ім такія манэўры сапраўды патрэбныя. Але потым аказалася, што яны курсанткі ўнівэрсытэту МНС, і далей пытацца не было пра што.

Пытаюся ў Максіма, навучэнца Астравецкага аграрна-эканамічнага каледжу: ці сапраўды ён баіцца, што некалі на Астравецкай АЭС можа здарыцца аварыя з выкідам радыяцыі? Будучы трактарыст адказвае, нібыта шчыра, што такой верагоднасьці не выключае і таму свой удзел у вучэньнях разглядае як важны ў будучыні досьвед.

«Пра Чарнобыль таксама казалі, што там усё будзе добра. Чаму ня можа быць і тут такога?»

На манэўры хлапец трапіў, «як усе навучэнцы каледжу»: «Сказалі, вось і паехаў».

«Тры гадзіны ўжо стаім на холадзе, нарэшце прыехалі», — хлопец ківае на натоўп чыноўнікаў і афіцэраў зь вялікімі зоркамі. Кажу Максіму, што пасьля заканчэньня вучэньняў усіх назіральнікаў павязуць на абед.

«Сказалі, што паедзем у каледж, можа там», — ня ўпэўнены Максім.

Якая на АЭС дзяржаўная мова?

Пра вынікі вучэньняў у кароткім падыходзе да журналістаў выказаўся віцэ-прэм'ер Уладзімер Кухараў. Паводле чыноўніка, вучэньні паказалі «высокую гатоўнасьць» усіх неабходных структураў справіцца з патрабаваньнямі па бясьпецы, «якія нам выстаўляюцца».

Такі ж аптымістычны быў у сваіх высновах і міністар па надзвычайных сытуацыях Уладзімер Вашчанка.

Карэспандэнт Свабоды заўважыў, што ані на станцыі, ані падчас вучэньняў ня чуў і ня бачыў аніводнага слова па-беларуску.

«У нас дзьве дзяржаўныя мовы, і мы самі будзем абіраць, на якой нам кантактаваць», — адказаў спадар Вашчанка.

Дырэктар Беларускай АЭС Міхаіл Філімонаў таксама выказаўся па гэтай тэме. Паводле спадара дырэктара, беларускамоўныя таблічкі на АЭС ёсьць, але не сказаў, дзе дакладна. Што да мовы дакумэнтацыі, службовых інструкцый і зносін на станцыі, адказ Міхаіла Філімонава быў такі:

«На абслугоўваньні станцыі ў асноўным працуюць рускія, таму і мова для службовых стасункаў і дакумэнтаў толькі руская».

Падзяліцца
Меткі: грамадства

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024