Канцэнтрацыя пылу ў паветры ў цэнтры Гродна часта падымаецца да небяспечнага для здароўя ўзроўню. Такія значэнні паказаў датчык, які мы ўсталявалі на фасадзе рэдакцыі Hrodna.life. У Гродне ўжо працуюць пяць такіх прыбораў. Самыя высокія значэнні адзначылі пакуль на Фартах. Забруджванне пацвярджаюць еўрапейскія даследаванні па здымках з космасу. Белгідрамет ацэньвае стан паветра ў Гродне як добры.
У рэдакцыі Hrodna.life на Кірава, 3 датчык месціцца на фасадзе з боку праезнай часткі. Прыбор пачаў працаваць у канцы лютага 2021 года. Ён вымярае канцэнтрацыю цвёрдых часціц (тое, што мы звычайна называем пылам). Гэта адзін з галоўных забруджвальнікаў паветра.
Праверыць канцэнтрацыю шкодных рэчываў у сваім раёне можа кожны. Для гэтага трэба паставіць дома або ў офісе спецыяльны прыбор ад праекта AirMQ.
Мы назіралі за паказаннямі датчыка 28 дзён. Амаль палова з іх (13 дзён) аказаліся небяспечнымі, калі сярэднесутачнае забруджванне паветра ЦЧ2.5 было вышэй рэкамендаваных значэнняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Максімальныя разавыя значэнні таксама, па еўрапейскай шкале, дасягалі ўзроўню, здольнага нанесці шкоду здароўю. Часцей за ўсё прыбор «зашкальваў» у гадзіны пік — у 7−8 раніцы і 6−10 вечара.
Цвёрдыя часціцы шкодныя нават у невялікай канцэнтрацыі, паведамляе Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Яны ўплываюць на большую колькасць людзей, чым іншыя забруджвальнікі. Дробныя рэчывы пранікаюць у лёгкія і кроў. Гэта павялічвае рызыку развіцця рака лёгкіх, інфекцый дыхальных шляхоў, астмы або абструктыўнай хваробы, трамбозаў, інсульту, інфаркту, атэрасклерозу. Уздзеянне ЦЧ2.5 лічыцца найбольш таксічным.
Правераць паветра ва ўсёй Беларусі
За два гады працы праекта AirMQ у Беларусі ўсталявалі каля 200 датчыкаў. Гэтую ініцыятыву развіваюць актывісты з Мінска сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Экадом». Яны хочуць стварыць у краіне незалежную сетку міні-станцый, якія будуць кантраляваць ключавыя параметры паветра. Дадзеныя ад прыбораў абнаўляюцца кожную хвіліну на онлайн-карце. Інфармацыю можна выкарыстаць, напрыклад, каб вырашыць, ці варта выходзіць на шпацыр або праветрываць пакой.
«Нашы прыборы можна параўнаць з бытавымі тэрмометрамі, якія вешаюць за акном. З той толькі розніцай, што прылады перадаюць дадзеныя ў сетку, потым на іх аснове можна рабіць даследаванні», — распавёў Hrodna.life распрацоўшчык праекта Іван Бецун.
Самы брудны раён — Фарты?
Зараз на карце AirMQ можна сачыць за інфармацыяй з пяці датчыкаў ў Гродне. Яны пачалі працу ў канцы 2020 — пачатку 2021 года. Па нашых назіраннях за сакавік, самыя высокія лічбы звычайна фіксаваў датчык ў мікрараёне Фарты (каля гімназіі № 5), а самыя нізкія — у раёне вуліц Шчорса (на ГЦ KazzarmaMall) і Даватара (недалёка ад дзіцячай паліклінікі № 1). Сярэдні ўзровень паказваў прыбор у мікрараёне Паўднёвы. Вуліца Кірава — другая пасля Фартоў «гарачая» кропка на карце Гродна.
Павышаныя паказанні датчыка ў мікрараёне Фарты могуць быць абумоўлены рознымі прычынамі, кажа Іван Бецун. З аднаго боку, можна дапусціць уплыў лакальнага фактару. Напрыклад, прадпрыемствы па вытворчасці будматэрыялаў могуць даваць стабільнае павышэнне ўзроўню цвёрдых часціц [з буйных будаўнічых прадпрыемстваў у гэтым напрамку месціцца Гродзенскі КБМ. — Hrodna.life]. З іншага боку, нельга выключаць адхіленні самога прыбора. Таму для дакладнай карціны трэба ствараць больш шчыльную сетку датчыкаў у кожным мікрараёне.
Зафіксавалі дым ад шашлыкоў
Грамадскі маніторынг дае магчымасць сачыць за забруджваннем ў дадзеным месцы і ў дадзены час, тлумачыць Іван Бецун. У гэтым яго перавага перад дзяржаўнай сістэмай, якая дае асераднёныя дадзеныя. Напрыклад, сэнсары добра фіксуюць выкіды ад транспарту або ацяплення ў прыватным сектары. Дзякуючы сетке датчыкаў у мінскім мікрараёне Асмалоўка атрымалася высветліць, што ўзровень аўтамабільнага забруджвання з вонкавага боку квартала ў паўтара разы вышэй, чым з боку двароў.
Уладальнік датчыка ў мікрараёне Паўднёвы Яўген Філімонаў распавёў Hrodna.life, што яго прыбор стаіць у прыватнай забудове недалёка ад дарогі на Альшанку. «Залежнасці ад трафіку я не назіраю, затое дакладна ведаю, калі суседзі смажаць шашлыкі».
26 сакавіка 2021 экстрэмальна высокія паказчыкі, небяспечныя для здароўя, зафіксаваў датчык у Баранавічах (Брэсцкая вобласць). Мясцовы экаактывіст Яўген Калач растлумачыў Hrodna.life, што прыбор у прыватным сектары зрэагаваў, калі жыхары пачалі паліць галінкі ад дрэваў пасля вясновай абрэзкі.
«Уся паўднёвая частка Польшчы топіцца вуглём, і пры адпаведным напрамку ветру паветра адтуль трапляе да нас. Гэта добра відаць на мапе Еўропы, калі датчыкі ў Гродне і Брэсце афарбоўваюцца ў адзін колер з польскімі, а астатняя частка Беларусі - зялёная» [Праект AirMQ супрацоўнічае з сусветным праектам грамадскага маніторынгу паветра Sensor Community, і дадзеныя з Беларусі бачныя на агульнай карце. — Hrodna.life].
«Народны» маніторынг дазваляе ўбачыць не толькі лакальныя забруджвальнікі. Напрыклад, калі вясной 2020 года гарэлі тарфянікі на ўкраінскім Палессі, датчыкі ў Мінску паказвалі рост. А ў Гродне, па словах Івана Бецуна, можна назіраць уплыў паветраных мас з Польшчы.
Аўтары разлічваюць, што змогуць фіксаваць і прамысловыя выкіды. Для гэтага важна развіваць сетку маніторынгу ў раёне буйных прадпрыемстваў. Зараз працуюць над сэнсарамі, якія будуць адсочваць не толькі пыл, але і іншыя забруджвальнікі, а таксама ўзровень радыяцыі.
Белгідрамет: стан паветра добры
У нашым горадзе афіцыйна за якасцю паветра сочыць Гродзенскі абласны цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гроднааблгідрамет). Канцэнтрацыю шкодных рэчываў вымераюць на чатырох станцыях. Акрамя цвёрдых часціц, правяраюць утрыманне аміяку, дыяксіду азоту, аксіду вугляроду, фармальдэгіду і некаторых іншых забруджвальнікаў, распавяла Hrodna.life начальнік аддзела маніторынга навакольнага асяроддзя Людміла Макей. Стан паветра ў Гродне, паводле афіцыйных дадзеных, у 2020 годзе ацэньваўся як стабільна добры.
Узровень часціц ЦЧ2.5, для якіх наш датчык на Кірава зафіксаваў перавышэнне, Гроднааблгідрамет не вымярае. Для гэтага трэба іншае абсталяванне. За ўзроўнем ЦЧ10 сочаць на аўтаматычнай станцыі на вуліцы Абухава (каля псіханеўралагічнага дыспансэра). Яшчэ на трох пунктах правяраюць агульны ўзровень пылу без падзелу па памерах.
Для ацэнкі атрыманых вынікаў выкарыстоўваюць нормы, зацверджаныя беларускім заканадаўствам. Яны менш строгія, чым еўрапейскія або стандарты СААЗ. Напрыклад, 29 траўня 2021 года датчык на Кірава паказаў для ЦЧ2.5 сярэднедзённую канцэнтрацыю 27,6 мкг/м3. Згодна з беларускім індэксам якасці паветра значэнне па гэтым параметры павінна ацэньвацца як добрае. А па еўрапейскай шкале (яе, у прыватнасці, выкарыстоўваюць для прагнозаў на канале Euronews), такое значэнне трактуюць як дрэннае.
Здымкі з космасу: у Гродне перавышаныя нормы СААЗ
Узровень канцэнтрацыі цвёрдых часціц у Беларусі па дадзеных здымкаў з космасу вывучалі навукоўцы з Чэхіі. Яны прыйшлі да высновы, што Гродна — адзіны горад Беларусі, дзе канцэнтрацыя ЦЧ2.5 перавышае сярэднегадавы нарматыўны ўзровень, пазначаны СААЗ. Для ЦЧ10 гэты паказчык у Гродне не перавысіў рэкамендуемыя СААЗ значэння, але таксама быў адным з самых высокіх у краіне (на ўзроўні 14−16 мкг/м3).
Даследаванне паказала таксама, што ў цэлым у Беларусі канцэнтрацыі вывучаных забруджвальных рэчываў нізкія. Але ў Гродзенскім раёне (як і ў Мінскім, Брэсцкім і Гомельскім) іх агульная канцэнтрацыя вышэй, чым у іншых частках краіны.
Дзе можна сачыць за станам паветра ў Гродне
- на карце Белгідрамета. Адлюстроўваюцца паказчыкі аўтаматычнай станцыі назірання на вуліцы Абухава. Дадзеныя па ЦЧ10 прадстаўленыя за папярэднія суткі. Дадзеныя па дыяксіду серы, аксіду вугляроду, злучэнняў азоту абнаўляюцца 1−2 разы на гадзіну.
- на сайце «Гродна Азот». Адлюстроўваюцца паказчыкі шасці пастоў кантролю на мяжы санітарна-ахоўнай зоны прадпрыемства. Дадзеныя пра канцэнтрацыю дыяксіда серы, дыяксіда азоту і аміяка прадстаўленыя за папярэднія суткі. Абнаўляюцца кожныя суткі ў другой палове дня.
- на карце праекта AirMQ. Дадзеныя пра ўзровень цвёрдых часціц абнаўляюцца кожную хвіліну. Прыборы таксама фіксуюць ціск, тэмпературу і вільготнасць. У мабільным дадатку даступная інфармацыя пра ўзровень радыяцыі ў некаторых кропках Беларусі.
Як усталяваць свой датчык
Можна звязацца з актывістамі ініцыятывы AirMQ праз форму на сайце праекта або самастойна сабраць датчык па інструкцыі. Камплектуючыя для прыбора можна замовіць па інтэрнэце, яны будуць каштаваць каля 20−30 у.а.
Чытайце таксама: