Лістапад у банку, стракозы з «носікаў» і мухаморы з жалудоў. Падрыхтавалі для вас некалькі варыянтаў восеньскіх вырабаў з TikTok. Ёсць зусім простыя варыянты, якія можна хутка зрабіць і са спакойнай душой аднесці дзіцяці ў дзіцячы сад або школу. А калі ў вас ёсць час і жаданне затлуміцца, то гартайце да канца.
Можаце аб’яднаць некалькі ідэй у адным вырабе ці рабіць іх паасобку.
Восеньскія вырабы з жалудоў і шышак
Гірлянда мухамораў з шапак жалудоў

Што трэба:
- шапачкі ад жалудоў;
- тонкія палачкі;
- акрылавая фарба чырвонага і белага колеру і пэндзлік;
- вяроўка;
- ручны свердзел або шыла;
- штыфты для біжутэрыі;
- гарачы клей.
Спачатку трэба падзяліць шапачкі жалудоў, пафарбаваць іх у чырвоны колер і дадаць белыя плямы. Палачкі пафарбаваць у белы колер і разрэзаць на маленькія кавалачкі — гэта будуць «ножкі мухамораў». Зачысціць пілачкай няроўныя краі. Далей трэба свердзелам або шылам прарабіць адтуліну ў шапачках, укруціць штыфты. Гарачым клеем прыляпіць ножку і зацягнуць у адтуліну штыфтоў вяроўку.
Шкляныя жалуды

Што трэба:
- шапачкі жалудоў;
- шкляныя шарыкі;
- дэкаратыўная вяроўка.
Шкляныя шарыкі можна купіць у крамах, дзе прадаюць усё для рукадзелля, або такіх, як FixPrice.
Трэба проста прыляпіць шкляны шарык гарачым клеем да шапачкі жалуда і прымацаваць вяроўку за хвосцік шапачкі.
Стракозы і чалавечак з носікаў і шышак



Што трэба:
- крылаткі, яны ж: «носікі» і «верталёцікі»;
- шышкі, капялюшыкі жалудоў, невялікія галінкі;
- драўляны шарык;
- гарачы клей.
Усё проста. Нарэжце патрэбнай даўжыні палачкі і прыляпіце да іх у два рады «носікі» — і ваша зграя стракоз гатовая.
Для больш складанага варыянту спатрэбіцца шышка і шапачка ад жалуда. Крылы, галаву і капялюшык трэба склеіць паміж сабой гарачым клеем. Для галавы можна выкарыстоўваць драўляны шарык або проста жолуд з капялюшыкам.
Вожык з шышак

- шышкі;
- восеньскае лісце;
- два шарыкі з пенапласту;
- круг з кардона;
- шкарпэтка;
- гарачы клей.
Для пачатку трэба выразаць круг з кардона і ўпрыгожыць яго восеньскімі лісцем. Іх можна прыляпіць клеем. Затым склеіць паміж сабой два шарыкі з пенапласту і надзець на іх шкарпэтку. Унутр лепш дадаць трохі клею, каб шкарпэтка шчыльна прылягала да асновы. Лішняе абрэзаць і з рэшткаў тканіны зрабіць лапкі. Прыляпіць аснову для вожыка на круглую падстаўку. Шышкамі зрабіць іголкі для звярка — трэба гарачым клеем прыляпляць да асновы па адной шышцы. Носік можна зрабіць з тканіны, як і лапкі, вочкі купіць гатовыя ці намаляваць на паперы. Іголкі ўпрыгожыць па сваім меркаванні.
Восеньскія вырабы з лісця
Матылькі з лісця і сухацветы лагурус

Што трэба:
- сухацвет лагурус,
- кляновае лісце,
- белая фарба, пэндзлік,
- гнуткі дрот,
- гарачы клей.
Разрэжце кляновыя лісце па форме жылак з двух бакоў. Яны павінны быць аднолькавыя, так як гэта будуць крылы матылька. Невялікімі палоскамі расфарбуйце лісце, каб было падобна да пухнатых крылцаў. Далей адрэжце галоўку сухацвета і прыляпіце раўнамерна лісце гарачым клеем. Гэта будзе цела матылька. Парэжце на маленькія кавалачкі дрот і прыляпіце там, дзе будзе галава матылька — гэта будуць вусікі. Адрэжце чвэрць сухацвета, прыляпіце зверху вусікаў — гэта будзе галава.
Гном з барадой з лісця

Што трэба:
- мешкавіна;
- кардон;
- кляновае лісце;
- гарачы клей;
- грэцкі арэх.
З кардона трэба выразаць аснову ў выглядзе гнома з шапкай. Вымераць мешкавіну па памеры з шапкай і прыляпіць яе на кардон з адваротнага боку гарачым клеем, каб атрымалася шапачка гнома.
Кляновае лісце трэба прыляпіць на гарачы клей. Прыляпляць лісце пачніце знізу і скончыце пад самай шапкай. У самым канцы трэба дадаць нос у выглядзе грэцкага арэха.
Карціна з лістамі

Што трэба:
- круглае палатно;
- восеньскія лісты;
- белы ліст паперы;
- клей;
- алоўкі ці фарбы.
Наляпіце восеньскія лісце ў выглядзе гор на палатно. Хвосцікі, якія вылазяць за межы палатна, акуратна адрэжце. З белага ліста зрабіце макет для гор, прыкладзіце да палатна, дзе будуць размяшчацца вашы горы, і з дапамогай нажа насыпце грыфель простага алоўка на макет гор. Расцярыце сурвэткай. Тое ж самае зрабіце з другімі гарамі, толькі зрабіць іх трэба трошкі святлейшымі. Далей намалюйце сонца або той пейзаж, які вам больш падыходзіць.
Розы з бярозавых лістоў

Што трэба:
- папяровая або шкляная ёмкасць;
- лісце;
- гарачы клей.
Для пачатку ў лісця адрэжце хвосцікі. Пажадана знайсці шклянку з вузкай гарлавінай. Калі няма такой, то можна скарыстацца папяровай ёмкасцю і проста адрэзаць у яе дно.
Першы пласт лісця трэба сагнуць пасярэдзіне і загарнуць унутр адтуліны тым бокам, дзе ў ліста быў хвосцік. Лепш за ўсё, калі будзе вялікі нахлыст. Затым на абадок шклянкі з лісцем пакладзіце клей і паўтарыце пласт, толькі цяпер ён павінен быць не такім шчыльным. Так трэба паўтараць, накладваючы лісце адзін за адным, пакуль не атрымаецца пышная ружа.
Восеньскія вырабы ў банках
«Восеньскі шар»



Глядзіце ў TikTok:
Што трэба:
- слоік;
- гліцэрына;
- вада;
- восеньскія лісты і галінкі.
Для эфекту лістапада трэба сабраць маленькія лісточкі або зрабіць дзіраколам канфеці з восеньскага лісціка. Каб кампазіцыя прыгожа глядзелася, лепш за ўсё знайсці галінку, на якой будзе некалькі атожылкаў, можна з лісцем. Галінку можна прыляпіць на вечка, калі хочаце, каб пры закрыцці вечка яна шчыльна прылягала. Унутр насыпаць рознакаляровых лісточкаў або канфеці, наліць гліцэрыну, якую можна купіць у аптэцы, і заліць звычайнай вадой. Затым шчыльна закрыць вечка, трохі страсянуць, і можна пераварочваць банку.
Гарбуз-лямпачка з банкі

Што трэба:
- прыгожая шкляная банка;
- кляновы ліст;
- бесправадныя лямпачкі;
- тонкая вяроўка;
- тоўстая вяроўка;
- дэкаратыўная або гафрыраваная папера аранжавага колеру;
- гарачы клей.
Для пачатку адмерайце тонкай аборкай даўжыню банкі і нарэжце некалькі кавалачкаў — гэта будзе імітаваць долькі гарбуза. Кавалкі вяроўкі трэба будзе наклеіць на гарачы клей па дыяганалі да банкі. Далей з тоўстай аборкі зрабіце пяцельку патрэбнай вам даўжыні і прыляпіце да дна слоічка. Трэба задэкараваць дно банкі той жа вяроўкай, але ўкладваючы яе па спіралі, пачынаючы ад цэнтра, дзе прылепленая пяцелька.
Для ўнутранкі гарбуза вазьміце дэкаратыўную паперу аранжавага колера з бесправаднымі ліхтарыкамі, скамячце ўсе разам у невялікі шар і змясціце ўнутр.
Каля пяцелькі прыляпіце кляновы лісцік.
Месяц з фальгі і палак

Што трэба:
- фальга;
- папера для выпякання;
- тонкія галінкі;
- восеньскія лісты і сухія кветкі;
- гарачы клей.
Фальгу для выпякання скамячыць і зрабіць з яе форму маладога месяца. Паверх фальгі прыляпіць харчовую паперу. Прасцей за ўсё будзе адрэзаць стужку шырынёй 10−15 см і абгарнуць форму з фальгі. Затым нарэзаць дробнымі кавалачкамі галінкі і прыляпляць іх гарачым клеем на аснову. Трэба, каб галінкі закрывалі ўсю аснову — атрымаўся напаўвянок, падобны да месяца. Упрыгожыць месяц восеньскім лісцем і кветкамі на свой густ.
Вянок-дзверы

Што трэба:
- вярбовыя галінкі або набыты вянок;
- кардон;
- палачкі для марожанага;
- канцылярскі нож;
- фарба, пэндзлік, губка;
- дэкаратыўны мох і ручка для дзвярэй;
- гарачы клей.
З кардона трэба выразаць невялікі круг. Гарачым клеем прыляпіце палачкі для марожанага. Тое, што вылезла за межы круга, адрэжце канцылярскім нажом. Таксама нажом можна прарабіць некалькі драпін і паглыбленняў, яны будуць імітаваць драўляныя дзверы. Дзверы трэба пафарбаваць у зялёны або карычневы. Лепш за ўсё выкарыстоўваць два адценні для аб’ёмнасці. Першы пласт фарбы — цёмнае адценне, яго нанясіце пэндзлікам. Затым невялікімі мазкамі губкі нанясіце светлае адценне фарбы. Далей трэба прыляпіць вянок гарачым клеем. Вянок можаце вырабіць самі з галінак вярбы або купіць гатовы. Месцамі прыляпіце мох і ручку. Можаце замест ручкі выкарыстоўваць пацеры або грэцкі арэх.
Чытайце таксама: «Назапасьцеся цярплівасцю, разуменнем і вялікай колькасцю зменнага адзення». Як перажыць тое, што дзіця ідзе ў дзіцячы сад



