Тыдзень з 14 па 20 красавіка Яўген Бузук спаў не больш за чатыры гадзіны на суткі, перакладаў з трох моваў, займаўся псіхалагічным і псіхіятрычным кансультаваннем, быў грузчыкам, насільшчыкам і кіроўцам. Ён валанцёрыў на адным з прапускных пунктаў украінска-польскай мяжы: дапамагаў знайсці жыллё, транспарт, падтрымку тым, хто ўцякаў ад вайны. А яшчэ – слухаў апавяданні, якімі дзяліліся людзі. Для Hrodna.life Яўген распавёў пра свой валанцёрскі досвед і гісторыі ўцекачоў.

Валанцёрыў замест адпачынку

Каб стаць валанцёрам, Яўген Бузук узяў на працы адпачынак і паехаў на польска-ўкраінскую мяжу. “Я быў здзіўлены, колькі сілаў выявіў у сабе самім. Спаць па чатыры гадзіны на дзень, бесперапынна паглыбляцца, стасавацца, дапамагаць. А яшчэ пасля чатырох начэй на мяжы пачынаеш шанаваць гарачы душ”.

“Трэба – мабыць, самае дакладнае слова, якое апісвае маю матывацыю. Я проста не мог не паехаць. Навошта, чаму, што рухала – на ўсе гэтыя пытанні пашукаю адказы калі-небудзь потым”, – кажа Яўген. 

"Гэтыя гісторыі не павінны былі адбыцца". Валанцёр з Гродна расказаў, як працаваў на ўкраінска-польскай мяжы
Яўген Бузук пра першы дзень валанцёрства: “Лагер для ўцекачоў у будынку былога супермаркета нагадвае адначасова парк забаў, з якога хтосьці забыўся забраць дзяцей, і яны засталіся ў ім на некалькі дзён, і залу чакання для дарослых – чакання бяспекі, новай надзеі і хоць нейкай пэўнасці. Дзеці бесклапотна гуляюць у футбол з польскімі салдатамі, ганяюць на самакатах па доўгіх калідорах і глядзяць мульцікі. Дарослыя рэдка праяўляюць эмоцыі. Часцей сядзяць ля сцен або на шэрагах раскладанак і глядзяць патухлымі вачыма. Мне пакуль яшчэ страшна пытацца іх гісторыі”. Фота: Яўген Бузук

Асноўная праца валанцёраў на мяжы – інфармацыя і каардынацыя:

“Мы распавядалі, куды і як яны могуць накіравацца далей, як гэта зрабіць аптымальным шляхам. А яшчэ абавязкова згадвалі, што сапраўдныя беларусы з украінцамі, а не з тымі, хто бамбіць Украіну, – распавёў Яўген для Hrodna.life. – Плюс да ўсяго, мы вырашалі нестандартныя пытанні. Так што нас можна назваць спецыялістамі па сітуацыях, за якія іншыя не бяруцца”.

Волонтеры. В лагере беженцев на польско-украинской границе. Фото: Евгений Бузук
У лагеры ўцекачоў на польска-ўкраінскай мяжы. Фота: Яўген Бузук

Чытайце таксама: Быў псіхіятрам, стаў фатографам. Яўген Бузук распавёў, як памяняў прафесію і знайшоў сябе

Гісторыі з мяжы

За тыдзень Яўген паразмаўляў з сотнямі людзей. “Боль выклікаюць апавяданні ўцекачоў. Напрыклад, пра тое, як тры дні выходзілі з акупаванай тэрыторыі, як праязджалі машыны і не маглі спыніцца і забраць іх, бо ўсе былі перапоўненыя. Надзею дае разуменне, наколькі ўсё вакол з’ядналіся, каб дапамагчы ўкраінцам. І вера саміх украінцаў у тое, што яны хутка вернуцца дадому».

Волонтеры и беженцы на границе Украины и Польши
У лагеры на мяжы з’явіліся валанцёры з Расіі. Гэтая навіна імгненна выводзіць з сябе львоўскіх валанцёрак. Крыху пазней я з імі пазнаёміўся. Іван і Ваня – бацька і сын. Спецыяльна прыехалі ўсёй сям’ёй, каб дапамагаць тут і ў цэнтры прыёму ўцекачоў у Пшэмыслі. Працуюць захоплена і самааддана. На камізэльках бела-сіне-белы сцяг і надпіс “рускія за Украіну”. Фота: Яўген Бузук

Пажылая пара з Мікалаева на вакзале: “Мы ўжо старыя, нас лёгка падмануць. Нас вучылі любіць Сталіна, мы верылі. Моладзь не павінна быць такой наіўнай, як мы тады”.

Пажылая жанчына ў чорным з трыма ўнукамі. Малодшаму пяць гадоў. Паказвае мне ружовага зайца, кажа “каціная пыска”.
– Чаму каціная? Гэта ж заяц.
– А калі вушы скласці, атрымаецца коцік.
– Дакладна! А як яго клічуць?
– Пухнасцік.
– Твая ўлюбёная цацка?
– Так.
– Толькі пра маці ў іх не пытайцеся, – ціха кажа бабуля.

Заехаў у цэнтр прыёму ўцекачоў у горадзе – тут жанчына з панічнай атакай. Учора прыехала з дзецьмі, з цяжкасцю выбраліся з-пад абстрэлаў. Што ж, прыйдзецца ўспомніць, што я калісьці быў псіхіятрам, а яшчэ жончыны навучанні перад паездкай. Пагулялі, падыхалі. Стасаванне скончылі ў сталовай. Есці, жыць будзе. Хацелася б сказаць, што я ёй дапамог, але ўнутры разумею, колькі ў яе яшчэ наперадзе. Так што пакуль проста спадзяюся і веру.

Адвёз сям’ю ў школу непадалёк, дзе арганізаваны пункт прыёму ўцекачоў. Па дарозе спытаў, адкуль яны. Сказалі, з Бучы. Далей ехалі моўчкі.

Волонтеры и беженцы на границе Украины и Польши
Яўген Бузук: “Сёння трэцяя ноч, якую я праводжу на мяжы. Ціха, холадна, уцекачоў пакуль няма, валанцёры ледзь не абдымаюць цеплавыя гарматы ў сваіх намётах. Самая камфортная тэмпература ў велізарным намёце кітайцаў-антыкамуністаў. Амаль палова тых, хто цяпер не спіць, тут. П’ём гарбату з імбірным печывам, моўчкі ўсміхаемся адзін аднаму”. Фота: Яўген Бузук

“Было шмат розных гісторый, аб’яднаных адной тэмай. Гэта былі гісторыі стратаў. Дома ў Харкаве, сяброў у Марыўпалі, машыны ў Херсоне і веры ў чалавечнасць і чалавецтва. Але праз нейкі час у гутарках з’яўлялася іншая тэма – здабыцця. Новых знаёмых, з якімі некалькі сутак ехалі праз усю краіну. Кацяняці, падабранага на вуліцы. Бязвыплатнай і шчырай дапамогі ад незнаёмых людзей. Адчування бяспекі ў чужой краіне. І самае галоўнае – здабыццё веры ў перамогу і вяртанне дадому”, – распавёў Яўген для Hrodna.life.

Чытайце таксама: Сустракаюць на вакзалах, шукаюць жыллё, дапамагаюць з мовай. Як беларускія валанцёры дапамагаюць украінскім уцекачам у Польшчы

Проста стараўся дапамагаць

“Мой “забег” на мяжу першапачаткова быў разлічаны на тыдзень. Я рыхтаваўся, размяркоўваў сілы па дыстанцыі, выкладваўся па поўнай. Толькі мой голас падвёў мяне – ён скончыўся на шосты дзень. Я гучаў, як сапсаваны прыёмнік – у дыяпазоне ад мышынага піску да Леанарда Коэна”.

“[Праз сем дзён] я з’ехаў. Дабраўся да Варшавы, упаў на гасцінічны ложак і праспаў 16 гадзін. Зараз можна і падвесці некаторыя вынікі. Чым жа я займаўся апошнія дні? Калі коратка, то інфармаванне, лагістыка і менеджмент, праца насільшчыкам, грузчыкам і таксістам, псіхалагічная і псіхіятрычная дапамога, нават трохі агульнай медычнай практыкі. А яшчэ пераклад: з ангельскай на рускую, з рускай на польскую, з польскай на ангельскую. Ні разу – з украінскай на рускую”.

«Я — часовая і маленькая частка каманды, — кажа Яўген пра свой удзел у працы валанцёрскай ініцыятывы. – Проста стараўся дапамагаць”. Паводле яго, асэнсаванне ўсяго ўбачанага і пачутага яшчэ наперадзе. Як і запіс ўсіх гісторый. “Самае галоўнае, што я зразумеў – ніводная з гэтых гісторый наогул не павінна была адбыцца”.

Чытайце таксама: Костя едет на войну. Доброволец из Гродно рассказал, как попал в украинскую армию