Увечары 14 ліпеня экіпаж ДАІ спыніў Volkswagen Tiguan Уладзіміра Родчанкі на Сацыялістычнай вуліцы. Гэты аўтамабіль у горадзе ведаюць многія: ён рэгулярна падтрымліваў акцыі салідарнасці ў Гродне ў чэрвені і ліпені 2020 года. Супрацоўнікі інспекцыі забралі аўтамабіль за гучную музыку і бел-чырвона-белы сцяг на даху. Цяпер уладальнік аўтамабіля — фігурант адміністрацыйнага працэсу. Рэдакцыя Hrodna.Life вывучыла гэтую гісторыю.
У РАУС Ленінскага раёна на Уладзіміра склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Машыну Уладзіміра адагналі на стаянку міліцэйскага ўчастка.
«Так, я ехаў у той дзень па цэнтры горада, гучна грала песня Віктара Цоя — „Пераменаў“, — распавёў Hrodna.life Уладзімір. — Пасля спынення экіпажам ДАІ інспектар Уладзіслаў Календа узяў дакументы на праверку і не вярнуў. Сказаў, што мяне чакаюць у Ленінскім РАУС. Разам з яго напарніцай мы паехалі на вуліцу Дубка, там мне зладзілі сапраўдны спектакль — супрацоўнікі не ведалі, які пратакол на мяне складаць. У выніку склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП і канфіскавалі машыну як рэчавы доказ».
Родчанка да апошняга не мог паверыць, што машыну фактычна канфіскуюць за гучную музыку і сцягі. Таму пакінуў у салоне ключы ад дома і асабістыя рэчы. Дзве ночы Уладзіміру прыйшлося начаваць на працы — у офісе IT-кампаніі. Забраць ключы яму ўдалося толькі 16 ліпеня пасля заявы ў РАУС аб вяртанні асабістых рэчаў. Аўтамабіль да гэтага часу знаходзіцца на стаянцы міліцыі.
«Я не чакаў, што за маю грамадзянскую пазіцыю яны пойдуць на такое. Але і маўчаць я не магу, калі ў краіне затрымліваюць людзей па надуманых прычынах. Яшчэ ў чэрвені на машыну я павесіў два чырвона-белыя сцягі - за кожнага кандыдата ў прэзідэнты, які сядзіць [Бабарыка і Ціханоўскі - рэд.]. Машыну мы вернем, я ў гэтым упэўнены. А пакуль пачнем збіраць грошы на дзясятак запарожцаў, на якія павесім бел-чырвона-белыя сцягі».
У прэс-службе УУС Гродзенскага гарвыканкама распавялі Hrodna.life, што ў дачыненні да Уладзіміра Родчанкі распачаты адміністрацыйны працэс.
«Дзеючае адміністрацыйнае заканадаўства прадугледжвае магчымасць канфіскацыі прылады або сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, у дадзеным выпадку канфіскаваны аўтамабіль. Грамадзянін можа звярнуцца з хадайніцтвам да органа, што праводзіць адміністрацыйны працэс, каб яму вярнулі аўтамабіль».
У пачатку ліпеня 2020 года аштрафавалі жыхара Скідзеля Яўгена Клімука. Ён ездзіў па Скідзелі са сцягам «Страна для жизни». Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол па арт. 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). На яго аўтамабіль, потым і на другі, наклалі арышт. Згодна з пратаколам, Клімук з хуліганскіх меркаванняў перашкаджаў праезду аўтатранспарту.
Мужчыну змясцілі ў ізалятар на трое сутак. Яго аўтамабілі да ўступлення ў сілу пастановы суда былі арыштаваныя як рэчавыя доказы. Транспарт Яўгену Клімуку ўжо вярнулі. Яго аштрафавалі на 15 базавых велічыняў - 405 рублёў.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…