Людзі і справы

«Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме». Псіхолаг Вольга Вялічка напісала кнігу пра свет, якім бачаць яго дзеці палітвязняў

За два гады, што псіхолаг Вольга Вялічка працуе з дзецьмі палітзняволеных, яна пачула каля сотні такіх гісторый. У пэўны момант пачала іх запісваць. Перачытаўшы — усвядоміла: атрымалася яркае і жахлівае адлюстраванне свету, у якім жывуць сучасныя беларускія дзеці. Гэта кніга — магчымасць і дарослым азірнуцца вакол вачыма дзяцей. Для канала «Тётя Ира разрешила» яна расказала, як стваралася кніга.

«Мая мама ў турме, і мне яе бясконца шкада. Калі б я магла замяніцца з ёй… Я не ведаю, навошта яна там, бо яна нічога не зрабіла дрэннага. Я дакладна ведаю, што мая мама добрая», — кажа дзяўчынка, якой 8 гадоў.

«Маму забралі ў турму. Тата даведаўся, дзе яна, і мы сталі збіраць ёй смачныя пасылкі, — успамінае дзевяцігадовая школьніца. — Я моцна сумавала па маме ў глыбіні маёй душы. Я памятаю дзень, калі яна вярнулася, я не верыла — стаяла і не магла паварушыцца, а потым мы абняліся. Я не магла ад яе адліпнуць вельмі доўга. І я з ёй сплю ўжо цэлы год».

«Я чытаю кожны дзень у інтэрнэце, як праходзіць Minecraft, і яшчэ ў Telegram групу „Вясны“ — там часам пішуць пра майго тату», — сказаў дзесяцігадовы школьнік.

Кніга пра свет вачамі дзяцей палітвязняў выйшла з друку ў выдавецтве «Гутэнберг». Прадмову напісала нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Першая прэзентацыя кнігі пройдзе ў Беластоку 15 снежня. Грошы ад продажу кнігі будуць скіраваныя на падтрымку дзяцей палітзняволеных.

Афіша першай прэзентацыі кнігі ў Беластоку. Сустрэча з аўтаркай адкрые для вас свет дзяцей палітзняволеных

Чаму гэтыя дзеці не такія, як павінны быць дзеці

«Гэтыя дзеці на ўласныя вочы пабачылі, як збівалі і забіралі іх бацькоў, як праводзілі вобшукі, — расказвае Вольга Вялічка. — Раней я не сутыкалася з дзецьмі, якія перажылі такі траўматычны досвед».

Найбліжэйшыя падобныя падзеі трэба было шукаць у мінулым, у рэпрэсіях 1930−50-х гадоў. «Знайшла цыкл відэа „Мамы больш не будзе“. Там дарослыя людзі расказвалі, праз што давялося прайсці, калі забіралі бацькоў. Я пачала чытаць пра дзяцей, якія прайшлі праз Бухенвальд і Асвенцім. Вельмі добрая кніжка „Хлопчыкі Бухенвальда“. Там апісваўся дзіцячы досвед — пра што яны марылі ў канцлагерах, чаго хацелі, якія ім сніліся сны».

Кнігі з асабістай бібліятэкі Вольгі Вялічкі - пра досвед дзяцей палітзняволеных у мінулым

Тады і з’явілася ідэя зафіксаваць рэчаіснасць, у якой апынуліся беларускія дзеці. Бо успаміны дарослых усё ж не такія, як уражанні, што дзеці атрымліваюць тут і зараз.

«Калі чалавек успамінае, то ўспрымае мінулае праз досвед усяго свайго дарослага жыцця. Дзіцячай непасрэднасці ва ўспамінах мала застаецца. Добра памятаю, што ў той дзень у мяне было можа пяць дзяцей адзін за адным і я вырашыла, што буду запісваць усё, што яны мне гавораць — казкі, мары — усё. Слова ў слова, як яны раскажуць».

Ілюстрацыі да кнігі, аўтар — Святан Птах.
«Калі я шукала ілюстратараў для кнігі, выпадак прывёў да мяне патрэбных людзей. Я проста сядзела ў адной культурніцкай прасторы Вільні, як увайшлі два чалавекі. Я дапамагла ім зарыентавацца, прапанавала гарбату, неяк мы разгаварыліся і я расказала, што шукаю ілюстратара для сваёй кнігі. Яны спыталі, пра што кніжка і з ходу прапанавалі ідэі, якія мне спадабаліся. Апынулася, што гэта былі мастакі з Беларусі, а мне важна было, каб гэтыя ілюстрацыі зрабілі тыя, хто адчуваюць сучасныя рэпрэсіі знутры краіны»

Кніга, каб пасмяяцца і паплакаць

Дзяцей сучасных вязняў Вялічка называе «на 100% палітызаванымі»:

««Яны разумеюць, што такое турма. Яны вельмі добра на ўзроўні адчуванняў апісваюць, што адбываецца з іх мамамі і татамі. Яны разумеюць, што такое «страх на максімалках»».

Не зважаючы на ўсе жахі, пра якія гавораць дзеці, гэта не для таго, каб усіх настрашыць, кажа аўтарка: «Кніга напісана, каб было над чым паплакаць і з чаго пасмяяцца. Там шмат усяго дзіцячага, непасрэднага. Мне найбольш хацелася, каб гэты дзіцячы тон захаваўся ў кніжцы. З аднаго боку, такая непасрэднасць выклікае здзіўленне. З іншага, дае разуменне, як дзеці могуць праз гэта праходзіць, як, гуляючы ці прамалёўваючы, могуць расказваць пра страшныя рэчы — як маму забіралі, як перадачы збіралі і насілі, як пісалі лісты да таты. У гэтых дзяцей няма злосці, адчаю ці нянавісці. Ёсць толькі боль. Але яны вучацца спалучаць боль з рэчаіснасцю і не зацыклівацца на ім».

Адна з ілюстрацый кнігі пра свет дзяцей палітзняволеных. Аўтар малюнка — Святан Птах

Чаму лечаць казкі

«У працы з дзецьмі ў псіхолага не так шмат інструментаў, не дужа ёсць з чаго выбіраць, — кажа Вольга Вялічка. — Я паспрабавала праз казкі зайсці. Бо казка ў дзіцячым свеце спалучае цяжар і боль з нечым цёплым, светлым і міфічным».

Па словах Вольгі, дзецям лягчэй расказваць пра пакуты ці прыгоды казачных герояў, чым непасрэдна казаць, што гэта я перажыла ці перажыў нейкую складаную сітуацыю. «Тым і добрыя казкі, што яны даюць магчымасць расказаць пра сябе, як пра трэцюю асобу».

Адна з ілюстрацый кнігі. Аўтар малюнка — Святан Птах

«У адной краіне Андыя жылі конь, аленяня, мама і тата з дзяўчынкамі і ільвяня. Каня звалі Тыльна, аленяня — Аўгусці, тату — Ігар і маму — Алеся, у іх былі дзве дзяўчынкі - Эля і Бары. Яны ўсе жылі ў доме, дзе было сем пакояў.

Аднойчы да іх прыехаў дзядуля Граф. Ён стаў жыць з імі, бо быў старэнькі.

Аднойчы Эля спала ў сваім пакоі, была ноч. Яна абдымала свайго мядзведзіка. Побач з імі спаў леў. Настала раніца. А дзвюх дзяўчынак не аказалася дома…" - так пачынаецца адна з дзіцячых казак, запісаная ў кнізе.
Чым яна скончыцца — даведаюцца чытачы. І не заўжды даросламу ўдасцца заранёў адгадаць, які фінал казкі раскажа дзіця, чыя мама ці тата ў турме.

«У гэтым адрозненне дзяцей, якія сутыкнуліся з гвалтам сістэмы ў адносінах да іх блізкіх. Гэтыя дзеці больш не жывуць у ілюзіях. Ім ужо зразумела, што не ўсе казкі сканчаюцца добра», — кажа Вольга Вялічка.

Самае галоўнае, на думку псіхолага, што дзеці ведаюць — іх бацькі нічога дрэннага не зрабілі. Што іх бацькі сядзяць у турме праз палітычныя погляды. Дзеці фармулююць так: «Яны хадзілі на маршы, бо хацелі для нас лепшага жыцця».

«Звычайна людзі у 30−40 гадоў канчаткова ўсведамляюць, што свет не заўжды справядлівы, — кажа псіхолаг. — А гэтыя дзеці сутыкнуліся з такой сітуацыяй у дзяцінстве. Сустрэліся з акіянам несправядлівасці».

Дзеці без зямлі пад нагамі

У гэтых дзяцей, на думку аўтаркі, не проста забралі дзяцінства. «У іх натуральна выбілі з-пад ног адчуванне базавай фізічнай бяспекі. Бо для дзіцёнка бяспека — гэта калі бацькі побач».

Але дзеці знаходзяць паратункі. Яны, хоць і мусілі стаць заранёў дарослымі, не развучыліся марыць:

Дзеці палітзняволеных ва ўласных марах. Адна з ілюстрацый кнігі. Аўтар малюнка — Святан Птах

«Людзі мараць, каб ім было добра. Калі мяне нехта пакрыўдзіў ці мама насварылася, то я абавязкова мару перад сном».

Іншы хлопчык, якому 8 гадоў, адказаў на пытанне так: «Мары — гэта вельмі важна. Без іх не было б такім прыгожым жыццё, і без мараў не зразумела, што чалавек хоча ў жыцці».

Палітыка — справа дзіцячая

У завяршэнні кнігі ёсць і артыкул пра тое, як гаварыць з дзецьмі пра палітыку. Бо калі мы не пагаворым, сцвярджае аўтарка, то яны самастойна і не заўжды канструктыўна прыдумаюць, як укласці ў сваёй галаве гэтыя палітычныя працэсы.

«Вельмі шмат працую з дзецьмі, якія застаюцца ў Беларусі. Яны прыходзяць у школы, дзе вісіць партрэт Лукашэнкі, дзе іх прымушаюць спяваць гімн, дзе усё прапітана ідэалогіяй, дзе ёсць дырэктыўны адзіна магчымы погляд на жыццё. А дома гэтыя дзеці збіраюць перадачы, пішуць лісты, робяць малюнкі для сваіх мамай ці татаў за кратамі, ездзяць у турму на спатканні. Мы разам шукаем спосаб, як зрабіць, каб той з бацькоў, хто ў зняволенні, не знікаў з жыцця дзіцяці».

Адна з ілюстрацый кнігі. Аўтар малюнка — Святан Птах

«Спачатку была думка зрабіць рэкамендацыі, на што звярнуць увагу дарослым, якія зараз побач з дзецьмі. Але падалося, што гэта моцна перагрузіць кнігу. Найважнейшае, што я хацела ў ёй паказаць — гэта свет, у якім зараз жывуць дзеці. Магчыма, на наступны год мне хопіць розуму і досведу, каб у працяг гэтай кнігі напісаць рэкамендацыі для бацькоў».

Каму і навошта чытаць кнігу «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

Вольга адрасуе сваю кнігу ўсім беларускам і беларусам, незалежна ад месца пражывання і палітычных поглядаў. «Мы самі сябе падзялілі. Але мы, беларусы, — такія, як ёсць. Іншых беларусаў у нас няма. Для мяне „ябацькі“ — такія ж беларусы, як і „змагары“. Калі цікава, што мы ўсе разам нарабілі з дзецьмі, то пачытаць любому варта».

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024