Гімназіст Уладзіслаў Рымашэўскі, які выказаўся пра перамены на будучых выбарах у Беларусі, упэўнены, што зараз не зможа ўвасобіць сваю мару і паступіць ва ўніверсітэт. Ён распавёў Hrodna.life, чаму публічна выступіў з абразай свайго былога настаўніка і што ён думае пра палітычную сітуацыю ў краіне.
«Мы ўсе шчыра спадзяемся, што 9 жніўня ў нашай любімай краіне адбудуцца доўгачаканыя змены», — сказаў хлопец у мікрафон, і дадаў, што хацеў бы таксама, каб пасля гэтых пераменаў у гімназіі не працавалі «такія людзі, як Слабко».
Хто гэты хлопец?
Уладзіславу 17 гадоў. Ён са звычайнай беларускай сям'і. Мама займаецца манікюрам, тата — гандлюе аўтазапчасткамі. 10 чэрвеня ў мінскай гімназіі № 192 быў выпускны, пра які цяпер ведае ўся краіна.
На наступны дзень пасля свята Уладзіслаў загрузіў у інтэрнэт відэа са сваёй прамовай на выпускным. Ролік за лічаныя хвіліны разышоўся па сацыяльных сетках. На выпускным гімназіст закрануў тэму маючых адбыцца выбараў і выказаўся пра былога завуча — настаўніцу беларускай мовы.
«Бацька мне дазваляе размаўляць з журналістамі, ён цалкам падтрымлівае мяне, — кажа Уладзіслаў. — Мы рыхтавалі прамову на выпускным і я выбраў апошні верш. І тады ж з’явілася ідэя адпомсціць настаўніку за ўсе папярэднія гады. Яна не любіць праўду і заўсёды заніжала ацэнкі. І я лічу, як настаўнік, яна не ведае наогул свайго прадмету, які выкладала нам. Нацярпеліся многія, але выказацца ёй у адказ адважыліся толькі адзінкі».
«Я ведаў, на што іду»
На выпускным Уладзіслаў разгубіўся і сказаў не ўсю загадзя нарыхтаваную прамову. Кажучы пра настаўніка, гімназіст вырашыў закрануць на выпускным і тэму палітычнага становішча ў краіне.
«Многія сябры і аднакласнікі падтрымалі мяне пасля прамовы. Сацыяльныя сеткі зараз разрываюцца ад паведамленняў. Людзі падтрымліваюць. Я ведаў на што ішоў і разумею, што цяпер нікуды не паступлю. Толькі калі не адбудзецца рэвалюцыя ў жніўні. А так я планаваў паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і вывучаць іспанскую мову. Люблю футбольны клуб „Барселона“ і мне падабаецца іспанская культура».
Уладзіслаў кажа, што яму падабаецца здымаць відэа. Ён захапляецца Сяргеем Ціханоўскім, які ездзіў па Беларусі і размаўляў са звычайнымі людзьмі.
«Я думаю стварыць свой канал і здымаць відэа на палітычныя тэмы, як рабіў гэта Сяргей. Вельмі негатыўна ўспрымаю ўсю сітуацыю, якая цяпер з ім адбываецца. Я праводжу такія паралелі: ён рабіў на палітычным фронце, тое ж самае, што я рабіў і на сваім гімназічным фронце. Супраць яго ўся ўлада і супраць мяне была ўся адміністрацыя».