Людзі і справы

Ад «лібералізацыі» да «контртэрарыстычнай аперацыі»: 13 цікавых фактаў пра памерлага Уладзіміра Макея

Памерлы 26 лістапада міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей быў адным з самых вядомых, публічных і «доўгайграючых» чыноўнікаў у Беларусі эпохі Лукашэнкі. Ён быў архітэктарам некалькіх «лібералізацый», паспяхова выбудоўваў адносіны і з Захадам, і Расіяй, мімікрыраваў пад «апазіцыянера», але ў канцы ўсё роўна апынуўся кар’ерыстам і прыстасаванцам. Успамінаем самыя прыкметныя яго з’яўлення ў СМІ за апошнія 15 гадоў.

Лічыўся «бацькам лібералізацыі», але патрапіў у санкцыйныя спісы

Калі ў 2008 годзе Уладзіміра Макея прызначылі кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, ён лічыўся праеўрапейскім чыноўнікам. Сапраўды, пры ім Беларусь у нейкай ступені разгарнулася на захад, удзельнічала ва Усходнім партнёрстве, праходзіў нейкі дыялог з грамадзянскай супольнасцю, ды і прэзідэнцкая кампанія 2010 года праходзіла свабодна, па беларускіх мерках. Аднак вельмі жорсткі разгон паслявыбарчых пратэстаў, збіццё кандыдатаў у прэзідэнты і мноства палітычных крымінальных спраў прывялі да таго, што Макей трапіў у санкцыйныя спісы ЕЗ і ЗША.

У 2012 годзе Лукашэнка прызначыў Макея міністрам замежных спраў. Па словах самога Лукашэнкі, выбар Макея быў прадыктаваны тым, што яму ўдавалася «нармалізаваць у асабліва вострыя перыяды нашы адносіны, асабліва на Захадзе». Сапраўды, ужо ў 2016 годзе Еўразвяз адмяніў санкцыі супраць Беларусі.

Насіў вышыванку і заклікаў усіх часцей яе насіць

У 2017 годзе, калі вышыванкі і «вышымайкі» ад незалежных культурных кампаній і беларускіх брэндаў былі ўжо ў трэндзе, Уладзімір Макей вырашыў не адставаць і прыдумаў свой Дзень вышыванкі. Ён запрасіў на свята замежных паслоў з іх сем’ямі - кожны атрымаў па майцы з «вышываным» прынтам.

«Вышыванка для нас — гэта нацыянальны сімвал. Арнамент гэтай кашулі ніколі не прапаведаваў гвалт і зло, а, наадварот, прапаведаваў мір, дабро і спакой. Ён адпавядае менталітэту беларускага народа, яго душы», — сказаў тады Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей на Дне вышыванкі ў 2019 годзе. Фота: БелТА

Казаў, што трэба часцей размаўляць на беларускай мове

Праз два гады, на чарговым мідаўскім Дні вышыванкі, Макей распавёў, што вышыванку апранае «не раз на год на прыём, але і не так часта, як хацелася б».

«Думаю, кожны з нас павінен узяць на сябе абавязацельствы часцей хадзіць у вышыванцы і размаўляць на роднай мове», — сказаў тады Уладзімір Макей.

Абараняў Кіркорава ад каментатараў у Інтэрнэце

Увосень 2019-га расійскі спявак Філіп Кіркораў пабываў на Дні нараджэння жонкі Макея — актрысы Веры Паляковай. Гэта адразу ж спарадзіла шмат здагадак: колькі грошай выдаткавалі на яго візіт і хто за гэта заплаціў. Гэта настолькі закранула Макея, што ён апублікаваў афіцыйнае паведамленне ў сацсетках МЗС.

«Для ўсіх троляў, канспіролагаў і вынаходнікаў плётак паведамляю: мяне з Філіпам звязвае даўняя дружба яшчэ з пачатку 2000-х гадоў. Дзеці нашы пазнаёміліся ў гэтым годзе і знаходзяцца ў пастаяннай перапісцы. Жаданне пабываць на творчым вечары жонкі выказаў сам Філіп, за што я яму бясконца ўдзячны. Знаходжанне ў Мінску аплачваў сам Філіп. І калі вы думаеце, што ён усё вымярае грашыма, то вы глыбока памыляецеся», — напісаў Макей і падпісаў паведамленне «міністр замежных спраў, сябар Філіпа Кіркорава».

Пайшоў па бургеры ад Цімаці і пашкадаваў пра гэта

7 лістапада 2019 года Макея заўважылі ў чарзе па бясплатныя бургеры. У гэты дзень у Мінску сваю ўстанову Black Star Burger адкрываў рэпер Цімаці і міністра замежных спраў заўважылі ў VIP-зоне. На наступны дзень жонка міністра распавяла, што Уладзімір Макей быў на мерапрыемстве дзеля сына Арцёма, які вялікі фанат Цімаці і ведае ўсе яго песні на памяць. Маўляў, Макей не хацеў ісці на адкрыццё бургернай, але пагадзіўся ў апошні момант — і «моцна пашкадаваў пра гэта».

Уладзімір Макей у чарзе за бургерамі ад Цімаці. Фота: Еўрарадыё

Спрашчаў візавы рэжым з ЕЗ і называў інтэграцыю з Расіяй «непрымальнай»

У 2018−2019 гг МЗС пад кіраўніцтвам Макея актыўна займаўся спрашчэннем візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. У тым жа 2019-м у медыя абмяркоўвалі інтэграцыю з Расеяй і магчымую страту Беларуссю суверэнітэту.

Макей тады распавёў, што падчас абмеркавання плана інтэграцыі з расейскага боку гучалі «абсалютна непрымальныя» прапановы. «Ніякіх палітычных момантаў, звязаных са стварэннем Федэрацыі, канфедэрацыі там няма і не будзе. Я яшчэ раз паўтараю, што суверэнітэт для абедзвюх дзяржаў, гэта святое, і Беларусь не мае намеру ахвяраваць ім ва ўгоду нейкім кан’юнктурным меркаванням», — распавядаў тады міністр.

Запрашаў у Беларусь Папу Рымскага

У 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка запрашаў у Беларусь Папу Рымскага. Уладзімір Макей сцвярджаў тады, што Беларусь гатовая прыняць пантыфіка, нібыта вялася падрыхтоўка да візіту Францішка, але ён так і не адбыўся. Сярод ідэй Макея было, напрыклад, арганізаваць сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Беларусі.

У верасні 2020 года Уладзімір Макей сказаў, што «запрашэнне наведаць Беларусь застаецца ў сіле». Але тады не тое, што Папа не прыехаў - у Беларусь нават не пусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча, які змог вярнуцца толькі пасля ўмяшання Пасланца Папы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці.

Уладзімір Макей і Антэ Ёзіч за дзень да смерці Макея. Фота: БелТА

Адной з апошніх, калі не апошняй, сустрэчай у кар’еры і жыцці Уладзіміра Макея таксама была сустрэча з прадстаўніком Ватыкана Апостальскім нунцыем арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Макей сустрэўся з ім 25 лістапада, за дзень да сваёй смерці.

Лічыўся магчымым пераемнікам Лукашэнкі

Не раз за яго кар’еру Макея называлі магчымым пераемнікам Лукашэнкі як прэзыдэнта Беларусі. Упершыню пра гэта пачалі гаварыць у 2009 годзе, калі Макей выяўляў вялікую актыўнасць у ролі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і быў у нейкай ступені папулярным нават у апазіцыі. Потым версія аб Макее-пераемніку паволі забылася, але аб такім сцэнары ўспаміналі і ў 2016-м, і нават ў 2021-м.

Забараняў жонцы размаўляць па тэлефоне

Пра сямейнае жыццё Макей распавёў у 2021 годзе ў адной з праграм на АНТ. Адной з прычын спрэчак з жонкай Верай Паляковай ва Уладзіміра Макея было тое, што яна вельмі шмат гаварыла па тэлефоне. З-за гэтага Макей увёў для жонкі і ўсіх хатніх забарона на размовы па тэлефоне пасля 22:00. Палякова пасля гэтага стала чакаць, калі муж засне, і ўсё роўна размаўляла па тэлефоне. Каб муж гэтага не чуў, яна спускалася ў падвал.

Уладзімір Макей і Вера Палякова ў студыі тэлеканала АНТ. Фота: ont.by

Вёў Instagram і адпісаўся ад Зяленскага

У лістападзе 2019 года Макей завёў акаўнт у Instagram. Першай, на каго ён падпісаўся, была яго жонка Вера Палякова. Таксама ён падпісаўся на прэс-сакратарку Аляксандра Лукашэнкі Наталлю Эйсмант і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Сярод падпісак па стане на 26 лістапада 2022 года Уладзіміра Зяленскага ўжо няма. Усяго за тры гады Макей зрабіў 24 пасты, з іх 8 — на беларускай мове.

Лічыў Крым расійскай тэрыторыяй

«Пазіцыя Беларусі па Крыме застаецца такой, якая была. Мы разумеем у рэальнасці, што Крым з’яўляецца цяпер расейскай тэрыторыяй. Давайце зыходзіць з гэтага», — сказаў у лістападзе 2021 года Уладзімір Макей у інтэрв'ю «РИА Новости».

Сын Макея звольніўся з МЗС пасля жніўня 2020 года

Старэйшы сын Уладзіміра Макея Віталь з 2017 года працаваў у МЗС. У верасні 2020 года ён звольніўся і пачаў працаваць у IT-кампаніі IBA Group. У сакавіку 2021 года Віталь Макей раскрытыкаваў за «хамаватую ўдаласць» заяву беларускіх дыпламатаў на адрас амбасады ЗША, якая павіншавала беларусаў З Днём Волі. Яго бацька пра адносіны з сынам пасля 2022 года аддаваў перавагу не распавядаць.

Віталь Макей. Фота: linkedin.com

«Сітуацыя, скажам, звязаная з падзеямі 2020 года, сапраўды была вельмі складанай. Я думаю, што вось гэтая вось палітызаваная атмасфера, яна наклала адбітак… ну не на многія, але на, скажам, асобныя сем'і, правяла водападзел, можа быць, паміж блізкімі нейкімі людзьмі. Ва ўсіх ёсць знаёмыя, хто заняў адзін бок, хто заняў другі бок. Што тычыцца маіх асабістых адносін, маёй сям'і, я аддаю перавагу не распаўсюджваць інфармацыю на гэты конт. Гэта мае асабістыя праблемы, з якімі я павінен жыць і спраўляцца сам», — сказаў Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі ў лютым 2022 года.

Заявіў аб контртэрарыстычнай аперацыі

14 кастрычніка 2022 Уладзімір Макей у інтэрв'ю «Известиям» чамусьці заявіў, што ў Беларусі «ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». Нібыта, па дадзеных беларускай разведкі, суседнія краіны рыхтавалі «правакацыі, звязаныя ледзь ці не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі».

Праўда, ужо ў той жа дзень КДБ абвергла гэтыя словы і Макею давялося апраўдвацца, што яго не так зразумелі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024