Польшча аднавіла прыём дакументаў на турыстычныя шэнгенскія візы з 4 верасня, але запісацца на падачу практычна немагчыма. Агенцтвы просяць ад 650−800 да 950 рублёў і больш. Але і гэта не гарантуе поспеху. На які тэрмін запісваюць і якія нюансы чакаюць у працэсе падачы?
Жадаючых атрымаць такія візы зараз вельмі шмат, расказаў кіраўнік маніторынгавага праекта visastat.online Аляксандр Лібер «Люстэрку». Апошнім часам Польшча выдавала ўсе віды віз, якія былі да пандэміі і вайны, акрамя турыстычных, хаця ўзровень турызму ў гэтую краіну застаецца вялікім.
Раней Польшча выдавала турыстычныя візы тэрмінам да пяці гадоў і не прад’яўляла строгіх патрабаванняў да дакументаў. Цяпер прыём дакументаў адкрылі з 4 верасня, таму пакуль не зразумела, на колькі іх будуць даваць. Нешта высветліцца па гэтым пытанні можа да канца верасня.
Каб атрымаць візу на пяць гадоў (калі такія ў прынцыпе будуць даваць), патрэбная добрая візавая гісторыя. За апошнія тры гады павінна быць мінімум адна шэнгенская віза, сказалі «Нашай Ніве» ў адным з агенцтваў. Тады можна разлічваць на візу на 1−3 гады. Тым, хто ўпершыню падаецца на візу, хутчэй за ўсё, адкрыюць аднаразовую. Калі пашанцуе са шматразовай, то яна будзе на кароткі тэрмін, у лепшым выпадку на паўгода.
Для атрымання турыстычнай візы на пяць гадоў на працягу апошніх трох гадоў павінна была быць турыстычная польская віза тэрмінам на тры гады, гаворыцца на сайце аднаго з буйных візавых агенцтваў. Для візы на год хопіць, каб да яе была аднаразовая турыстычная польская віза, для атрымання візы на два гады патрэбна адпаведна папярэдняя віза на год, на тры гады — папярэдняя віза на два гады. У кожным выпадку размова ідзе пра апошнія тры гады. З гэтай схемы (калі яна праўдзівая) вынікае, што атрымаць пяцігадовую турыстычную візу не атрымаецца — з-за пандэміі Польшча прыпыніла выдачу турыстычных візаў беларусам яшчэ ўвесну 2020 года.
Зарэгістравацца на падачу можна праз сістэму запісу на сайце візавага цэнтра VFS Global. Умовы падачы неаднолькавыя: у Мінску, напрыклад, патрабуюць турыстычны ваўчар, у Брэсце хопіць аплачанага букінга, у Гродна прымаюць бронь без аплаты. Праўда, інфалінія візавага цэнтра можа даць скажоную інфармацыю,
і пры падачы заяўнікаў чакаюць супярэчнасці, падзяліўся Аляксандр Лібер.
У адным з візавых агенцтваў сцвярджаюць, што бронь павінна быць сапраўднай і абавязкова аплачанай. Паводле іх звестак, пацверджаная транзакцыя аплаты жылля — адно з абавязковых патрабаванняў, хаця першыя дні казалі, што хопіць самой броні без факта аплаты. Агент параіў не браніраваць самыя танныя койка-месцы ў хосталах — у пасольстве могуць не паверыць, што чалавек паедзе ў такі адпачынак. Асабліва, калі ён пакажа, што ў яго добры заробак. Таксама давядзецца пацвердзіць, што ў вас ёсць грошы на падарожжа.
Вольныя даты на падачу з’яўляюцца бессістэмна і іх вельмі мала. Тэрмін да падачы бывае ў межах 7−15 дзён. Вольныя месцы разбіраюць літаральна за некалькі хвілін ці нават секунд.
Запісацца на падачу самастойна «некаторым карыстальнікам удавалася», але «традыцыйна слоты на польскія візы (гэта тычыцца практычна ўсіх тыпаў і мэт) больш эфектыўна браніруюць агенцтвы», падзяліўся Аляксандр Лібер.
У адным з візавых агенцтваў «Нашай Ніве» таксама называлі тэрмін падачы праз тыдзень, у іншым казалі аб запісе на канец верасня — пачатку кастрычніка. Пры гэтым агенты не тлумачаць, чаму запісацца самастойна амаль немагчыма, а ў іх гэта атрымоўваецца паспяхова.
Паводле звестак Аляксандра Лібера, запіс праз агенцтва каштуе 650−1000 рублёў ($ 200−310) і даражэй. Паводле звестак «Нашай Нівы», запіс каштуе ад 800 да 950 рублёў (каля $ 250−290). Калі Польшча не пашырыць квоты, цана можа вырасці яшчэ больш, лічыць Лібер. Вырасце яна і ў выпадку, калі турыстычныя візы будуць даваць на некалькі гадоў.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, у розных агенцтваў у Гродне запіс каштуе 250 рублёў ці 450 за двух чалавек.
Да кошту паслуг агенцтва трэба дадаць € 35 консульскага збору, € 11 сэрвіснага збору візавага цэнтра, кошт страхоўкі і бронь гатэля.
У топе краін паводле хуткасці падачы, працэнту станоўчых адказаў і складанасці запісу на візы — Італія, Грэцыя, Германія, Венгрыя і Польшча. У Францыю і Іспанію запісацца складана, да таго ж, візавы цэнтр Іспаніі ў Мінску прыпыніў прыём дакументаў. Тэрмін разгляду ўжо пададзеных дакументаў павялічылі да 60 дзён. На шэнген ад Грэцыі нескладана падацца, але вялікі працэнт адмоў. Увосень-узімку 2022 года ён быў прыкладна 40%. Колькасць адабрэнняў там падае разам з завяршэннем турыстычнага сезона. Чарга на падачу ў пасольства Германіі цяпер — да траўня 2024 года.
Гасцявыя візы беларусам часцей за ўсё ставяць у Нямеччыне, Італіі і Польшчы. Польшча афармляе гасцявыя візы і катэгорыі С, і катэгорыі D. Зрабіць запрашэнне могуць і сваякі, і сябры. У Італіі і Германіі яго не трэба рэгістраваць у профільных дзяржаўных органах.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…