Актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак памёр у папраўчай калоніі № 17 Шклова. Аб яго смерці СМІ паведамілі 21 траўня. Меркаваная прычына — спыненне сэрца. Лістоў ад Вітольда сваякі не атрымлівалі апошнія два тыдні. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, аб чым ён пісаў.
Вітольду было 50 гадоў. У канцы 2020 года яго ў закрытым судовым пасяджэнні асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Падчас знаходжання ў турме № 1 Гродна яго паставілі на ўлік як асабліва небяспечнага, на пяць дзён змяшчалі ў карцэр. 28 красавіка стала вядома, што Вітольда этапавалі ў Шклоў. Увогуле ў зняволенні ён прабыў сем месяцаў і чатыры дні.
Ашурак быў прадстаўніком «Руху «За Свабоду» ў Бярозаўцы. Ён выступаў супраць забруджвання Бярозаўкі вытворчасцю шклаваты, супраць забруджвання рэкаў Дзітва і Нёман, праводзіў розныя акцыі ў Бярозаўцы, удзельнічаў у маршы «Дня Волі», акцыі «Памяці паўстанцаў Каліноўскага», маршы «Супраць Дэкрэта № 3» (падатак на беспрацоўе), ладзіў адзіночны пікет супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. У 2016 годзе быў зарэгістраваны прэтэндэнтам па Дзятлаўскай акрузе ў барацьбе за дэпутацкі мандат.
Вітольд Ашурок быў упэўнены, што на працягу 2021 года ён апынецца на волі, цытавала яго выданне «Новы час». «Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку „выдатна“ за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» — пісаў актывіст.
«Нашыя ворагі (самыя разумныя з іх) імкнуцца цяпер зацягнуць час перамен. Палітыка, які сімвалізаваў іх статус-кво і гарантаваў ім недатыкальнасць, яны ўжо спісалі на сметнік гісторыі. Для іх ён ужо палітычны нябожчык. Але ім патрэбна ўтрымаць свае пазіцыі. Таму, карыстаючыся ўладай, яны і садзяць палітычных супернікаў. Простымі словамі — выдаляюць з грамадскага жыцця.
Не думаю, што суддзя Філатаў, калі даваў мне 5 год, сур’ёзна спадзяваўся на тое, што я адседжу ўсе 5 год. Але гэтым людзям патрэбны нейкі час, каб «вывесці ў людзі» сваіх палітыкаў-лабістаў, на якіх няма плямаў злачыннага рэжыму. <…> Разумныя ворагі разумеюць, што бессэнсоўна секчы галовы «гідры рэвалюцыі», бо замест адной адсечанай вырастаюць 10 новых! Разумныя ворагі інтэгруюць у грамадства сваіх лёгка кіраваных стаўленікаў", — цытаваў ліст «Новы час».
«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — цытаваў яго ліст «Рух «За Свабоду». Ён перадаваў, каб тыя, хто пісаў лісты і не атрымаў адказу, не хваляваліся, і абяцаў адказаць.
«У сваім лісце вы прывялі цудоўную метафару — пасля ночы заўсёды прыходзіць раніца. Але я дадам, што каб уначы людзі не забыліся пра свет, заўжды нехта павінен папальваць паходню. Мы ведалі ў жніўні, на што ідзем і таму несці крыж адказнасці мне не цяжка», — размясціў яго ліст сябар у Facebook.
«А ў паход па Нёмане на плытах мы з табой пойдзем абавязкова! І пойдзем, калі будзе цёпла. І будзем вечарам піць каву і атрымаліваць асалоду ад дрэйфу па люстэрку Нёмана і прыслухоўвацца да цішыні. Будзе крута!» — пісаў ён сяброўцы і калезе.
Вітольд паведамляў, што нічога не змянілася і ён усё той жа. Казаў пра добрае пачуццё гумару, добры сон і апетыт — аб тым, што пачаў ёсць «карысную аўсяную кашу на сняданак».
«…Калі мы былі дзецьмі і захапляліся кніжкамі і фільмамі прыгодніцкага кшталту, то мы часцяком зайздросцілі героям, якія траплялі ў складаныя сітуацыі. І ў тым ліку і ў турмы! Цяпер мы самі жывем у гэтым кіно. Тым не менш, я не бачу нагоды пасыпаць галаву попелам і лічыць сваё жыццё канчаткова знявечаным. Знявечыць чалавека можа хлусня, крадзёж альбо забойства, бо чалавек пачынае жыць у выдуманай дзеля апраўдання сваіх памылак фальшывай рэальнасці. Дэфармацыя свядомасці, пачаўшыся спакваля, з дробязі, нявечыць псіхіку чалавека, пераўтвараючы яго ў монстра, якому няма месца сярод людзей у нашым грамадстве.
А я не зрабіў нічога ганебнага, за што мне было б сорамна. Маё сумленне чыстае. Я не сылгаў, не скраў, не забіў. Я выконваў свой грамадзянскі абавязак — пратэставаў супраць дзяржаўнага перавароту. Калі мой мірны пратэст удзельнікі змовы лічаць злачынствам, то гэта сведчыць аб тым, што я рабіў усё правільна. Абсалютна не шкадую аб тым, што я зрабіў. Ганаруся кожнай хвілінай! Ганаруся тым, што я ў той самы вырашальны момант, калі грамадства павінна было даць ацэнку злачынству, быў сярод самых лепшых людзей Лідчыны! Ганаруся тым, што сярод нас не знайшлося аніводнага здрадніка! Увогуле, падзеі жніўня-верасня 2020 паказалі, што за Ліду і Бярозаўку не сорамна. Скажу болей — гэта прыклад для іншых гарадоў! Калі за гэта трэба заплаціць зняволеннем, то я гатовы сядзець!" - публікаваў словы Ашурка «Новы Час».
«Зразумела, што нічога прыемнага за кратамі няма, але няма і шоку! Проста мне трэба перажыць гэты перыяд свайго жыцця. Зыходзячы з гэтага, адсутнасць віравання эмоцый выглядае цалкам лагічнай і больш за тое — натуральнай. Усё тое, што было са мной у маёй памяці да турмы, са мной і засталося, як гэта ні дзіўна з першага погляду. А калі не адбылося пераасэнсавання, то гэта азначае, што мая свядомасць засталася на тых самых пазіцыях, што і была да турмы.
Адзінае, з чым я сутыкнуўся, — сны. Безумоўна, сны бывалі і раней. Гэта ж натуральна для чалавека — бачыць сны. Але такіх пяшчотных і пранізлівых, бадай што, і не было. У снах да мяне прыходзілі маці, брат, жонка, мае пляменнікі… Гэта было шчымліва прыемна, выклікала боль, супакойвала — цэлая палітра эмоцый", — пісала «Наша Н**а».
«Маю мэту ў калоніі напісаць кнігу. Цяпер на этапе пошуку фармата, стыля і сюжэта. Кніга будзе пра беларуса ў перыяд лета-восені 2020 — вось гэта дакладна», — пісаў пра яго «Новы Час».
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…