Гродзенская кампанія VIRPIL Controls ужо сем гадоў вырабляе ручкі кіравання, педалі і панэлі кіравання для камп’ютарных гульняў - авіясімулятараў. Іх тавары параўноўваюць з прадукцыяй сусветных лідараў, такіх, як Logitech, Thrustmaster і VKB. Пры гэтым на радзіме пра VIRPIL ведаюць няшмат. Блог пра беларусаў «Суполка» паглядзеў, што гэта за кампанія, колькі каштуе прадукцыя і што пра яе вырабы думаюць аматары гульняў.
VIRPIL Controls — гродзенская кампанія, якая працуе з 2016 года. Яна прадукуе прылады для авіясімуляцый — джойсцікі (ручкі кіравання самалётам), педалі, а таксама блокі кіравання рухавіком. Гэта прадукцыя для самых патрабавальных геймераў, бо многія могуць абыходзіцца ў авіягульнях адным толькі стандартным джойсцікам і клавіятурай. Але сапраўдныя профі хочуць большага.
За два гады — з 2016 да 2018 — каманда з чатырох чалавек вырасла да паўнаварстаснай фабрыкі ў Гродне (плошчай больш 2 тыс. кв.м). Фабрыка знаходзіцца на вуліцы Мясніцкай у Гродне.
У 2023 годзе VIRPIL скончылі будаўніцтва зусім новай вялікай фабрыкі ў Літве.
Кіраўнік праекта VIRPIL — Андрэй Лук’янаў. Галоўны канструктар прыладаў - Раман Baur Дорахаў, вядомы вытворца джойсцікаў і стваральнік уласнага брэнда BRD, які займаецца гэтай справай з 2007 года. Ён далучыўся да кампаніі VIRPIL у 2017 годзе.
Колькі каштуюць джойсцікі VIRPIL
У інтэрнэт-краме кампаніі прылады дзеляцца на тры раздзелы:
- Кіраванне самалётам;
- Кіраванне верталётам;
- Космас.
Там можна знайсці тры асноўныя накірункі тавараў і цэны на іх:
- Ручкі кіравання (джойсцікі) — ад € 75 да € 232
- Панэлі кіраванняў - ад € 224 да € 262
- Педалі - ад € 187 да € 349
«У гэтых пацаноў цэны высокія, але і па выглядзе, і па водгуках якасць проста а###нная», — сказаў «Суполцы» адзін з аматараў авіясімулятараў Аляксандр.
Купіць джойсцікі VIRPIL можна літаральна па ўсім свеце: мы знайшлі афіцыйныя анлайн-крамы для Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Паўночнай Амерыкі, Кітая. А ў Брытаніі разам са складам ёсць нават шоўрум!
Колькі падобныя вырабы каштуюць у іншых кампаній
Адзін з галоўных вытворцаў падобнай прадукцыі - нідэрландская кампанія VKB. Акрамя вытворчасці джосцікаў і педаляў для гульцоў, кампанія прапануе інжынірынгавыя паслугі па праектаванні, распрацоўцы і вытворчасці прафесійных і гаспадарчых кантролераў.
- Джойскікі вытворчасці VKB каштуюць ад € 148 да € 660
- Педалі - ад € 168
- Панэлі кіравання — ад € 221 да € 415
Чытайце таксама: «Лётчык былым не бывае». Як замест машыны купіць самалёт і правесці ў Гродне авіяфестываль
Джойсцікі VIRPIL зацанілі і амерыканцы
Аўтар партала Polygon, які належыць амерыканскаму выданню VOX, назваў VIRPIL «невялікай еўрапейскай кампаніяй, якая робіць сапраўды выдатную працу».
«Увогуле, я ў захапленні ад гэтых элементаў кіравання Virpil. Яны забяспечваюць добры баланс паміж цаной і наборам функцый, утульна размяшчаючыся паміж такімі класікамі, як Logitech X-52 і Thrustmaster T16000, і прадуктамі больш высокага ўзроўню ад Thrustmaster і VKB», — напісаў аглядальнік Polygon.
Што пішуць у водгуках на прадукцыю VIRPIL
Большасць водгукаў да вытворчасці на сайце кампаніі пазітыўныя. Пакупнікі задаволены, асабліва яны вылучаюць прастату выкарыстання, зручнасць і функцыянальнасць вырабаў.
«Простая ў выкарыстанні, але функцыянальная ручка кіравання. Лёгка і эрганамічна ляжыць у руцэ. Для выкарыстання сумесна з РУД (кіраванне рухавіком) ідэальнае рашэнне», — напісаў карыстальнік Яўген. Сярод мінусаў ён адзначыў цяжкасць націскання кнопкі адным пальцам падчас палёту.
«Класная ручка. Прыйшла на змену майму старэнькаму Saitek X52 [ручка кіравання ад аднаго з сусветных лідараў Logitech — „Суполка“]. Адразу спадабалася адсутнасць адчування „цацачнасці“, калі трымаеш РКС (ручку кіравання самалётам) у руцэ. Высокая якасць зборкі і матэрыялаў. Virpils на сёння дакладна ў лідарах па вытворчасці прылад кіравання для авіясімулятараў. Малайцы!» — напісаў Дзмітрый пра ручку кіравання фірмы VIRPIL. З мінусаў ён вылучыў складанасць інтэрфейса софта: «Каб там дэталёва разабрацца, спатрэбіцца час».
«На дадзены момант адзіная панэль у лінейцы з фіксацыяй тумблераў у розных палажэннях, што для мяне з’яўляецца вырашальным аргументам пры выбары. Зменныя трымальнікі - асобны рэспект!» — напісаў карыстальнік з нікам Latart пра панэль кіравання рухавіком ад VIRPIL.
«Рукаяткая шыкоўная, нідзе няма зазораў паміж швамі, кнопкі вельмі прыемна націскаюцца, тактыльна пластык супер, не маркі. У параўнанні з warthogом [джойсцік ад кампаніі Thrustmaster — „Суполка“], больш функцыянальны будзе, хоць і не хапае гэтага металічнага халадка, калі бярэш у руку. Першае, што я замаўляў у „Вірпілаў“ пасля захаплення сімулятарамі, і калі атрымаў замову, то адразу зразумеў, што буду адкладаць на наступную пакупку», — напісаў Дзмітрый.