Спадчына

Знаёмства з кнігай: «Вінцэнт Гадлеўскі» Андрэя Вашкевіча

Кніжная палічка Hrodna.life папоўнілася новым творам гродзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча. Гэта кніга пабачыла свет у лютым 2018 года ў выдавецтве «Янушкевіч» у серыі «Беларускія жыццяпісы». Для знаёмства з кнігай прапануем анатацыю, аўтарскую прадмову і некалькі старонак тэксту з ілюстрацыямі. Кнігу можна замовіць на старонцы выдавецтва.

Імя Вінцэнта Гадлеўскага (1888−1942) добра вядома ўсім, хто цікавіцца беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам першай паловы ХХ ст. Гэты чалавек быў не толькі адным з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — самай уплывовай незалежніцкай арганізацыі Заходняй Беларусі міжваеннай эпохі, але і на ўласным прыкладзе паказваў жыхарам вёсак і мястэчак іх права ўжываць у касцёле родную мову.

Біяграфія Вінцэнта Гадлеўскага створана на падставе дэтальнага даследавання разнастайных дакументаў, успамінаў і матэрыялаў перыядычнага друку. Аўтар арганічна ўпісаў дзейнасць святара ў шырокі кантэкст драматычнай эпохі, калі беларусы ўпершыню заявілі аб сваім праве на нацыянальную дзяржаўнасць. Яго жыццёвы шлях падрабязна апісаны ад нараджэння ў вёсцы Шурычы, што пад Ваўкавыскам, да трагічнай смерці ў Трасцянецкім лесе пад Мінскам.


Прадмова

У канцы «нулявых» мы з сябрам вырашылі паехаць на Свіслаччыну, у вёску Шурычы, пашукаць слядоў Вінцэнта Гадлеўскага і пагаварыць з тымі, хто яго памятаў. Такіх людзей мы там знайшлі. Пахадзілі па пустой, пераробленай у цяслярную майстэрню хаце Гадлеўскіх, а пасля паехалі ў Поразава, цэнтр парафіі, каб паспрабаваць адшукаць магілу бацькі ксяндза — Яна Гадлеўскага.

Па немалых поразаўскіх могілках мы блукалі амаль гадзіну, магілу так і не адшукалі (ці захавалася яна наогул?), але перадумалася тады шмат. І пра тое, як мясцовы святар-паляк не дазволіў ксяндзу Гадлеўскаму, свайму «брату ў Хрысце», з’есці вячэру разам са святарамі з мясцовага дэканата, і Гадлеўскі пайшоў на магілу да свайго бацькі; і пра кулямёт на ганку касцёла ў Жодзішках, які паставілі там мясцовыя паліцыянты, каб разагнаць няўдалы «моўны плебісцыт»; і пра памятную дошку Гадлеўскаму, якую ў 2008 г. не дазволілі павесіць у жодзішкаўскім касцёле. Таксама я ўзгадаў, як старэнькі закрыстыян з Жодзішак па прозвішчы Рогач стукаў кульбай па зямлі і казаў: «А хай бы павесілі гэтую шыльду Гадлеўскаму, хай бы павесілі, бо я памятаю, як ён казаў нам летам 42-га пра незалежную Беларусь…»

Доўгія гады незалежная Беларусь была толькі марай. І сам Вінцэнт Гадлеўскі, і многія іншыя заплацілі за гэтую мару вельмі дарагую цану, але яна не памерла і дала свой плён. Тады, на могілках у Поразаве, я зразумеў, што некалі напішу кнігу пра ксяндза і яго запаветную мару.

Вінцэнт Гадлеўскі
Асобу Вінцэнта Гадлеўскага даследуюць мала. У Савецкай Беларусі пра тых, хто ў гады вайны супрацоўнічаў з немцамі, пісалі толькі ў прапагандысцкіх брашурах, хаця ў даваенны час Вінцэнт Гадлеўскі заслужыў у савецкай прэсе некалькі станоўчых водгукаў як святар, які змагаўся з «белапольскай акупацыяй» Заходняй Беларусі.

Эмігранты Гадлеўскага збольшага хвалілі, але, на жаль, ні праслаўленне асобы Вінцэнта Гадлеўскага аднымі, ні ганьбаванне другімі не стала стымулам для вывучэння біяграфіі і творчай спадчыны святара. Адзінай працай перыяду 1940−1980-х гг., якая можа прэтэндаваць на ролю навуковага даследавання, з’яўляецца тэкст Вацлава Пануцэвіча (Папуцэвіча) «Ксёндз Вінцэсь Гадлеўскі. Дзяржаўны муж і павадыр народу», надрукаваны ў чыкагскім часопісе «Беларуская царква» ў 1965 г.

Аўтар артыкулу, які ў 1936−1939 гг. з’яўляўся супрацоўнікам В. Гадлеўскага, самааддана працаваў над біяграфіяй ксяндза, сабраў цікавыя матэрыялы ад прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, аднак слабая дакументальная база даследавання (В. Пануцэвіч абапіраўся галоўным чынам на вусныя сведчанні і міжваенную прэсу, якую можна было адшукаць за акіянам), адсутнасць спецыяльных навыкаў і безумоўная ідэйная заангажаванасць аўтара дазваляюць ахарактарызаваць яго працу ў лепшым выпадку як «дакументальны нарыс». Яшчэ больш прыкра, што В. Пануцэвіч, намагаючыся быць аб’ектыўным, амаль не ўклаў у сваю працу асабістых успамінаў і рэфлексій пра В. Гадлеўскага, што магло б стаць, безумоўна, найбольш каштоўнай часткай даследавання.

У незалежнай Беларусі палеміка вакол асобы В. Гадлеўскага працягваецца. Праўда, вядуць яе ўжо галоўным чынам нацыянальна арыентаваныя навукоўцы і датычыць яна перадусім ступені ўдзелу ксяндза ў антыфашысцкім супраціве і стварэнні Беларускай незалежніцкай партыі. Але дасюль, таксама як і ў пасляваенныя гады, не пабачыла свет ніводная грунтоўная біяграфія ксяндза, ніводзін грунтоўны зборнік яго твораў. І гэта пры тым, што агульная колькасць публікацый пра яго істотна павялічылася.

І сёння Вінцэнт Гадлеўскі застаецца аб’ектам ідэалагічнай палемікі. Для адных ён — «рыцар незалежнасці», для іншых — «перакананы германафіл». Афіцыйная беларуская гістарыяграфія па-ранейшаму мае негалоснае табу на тэмы, якія нейкім чынам не ўпісваюцца ў сучасны ідэалагічны канон. Падчас адной навуковай канферэнцыі даследчык гісторыі Другой сусветнай вайны з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Літвін сфармуляваў гэты казус наступным чынам: «Напрыклад, Гадлеўскі. З пункту гледжання беларускай гістарычнай навукі — няма пытанняў. Рукі ў яго ў крыві? Не. Лічу, што павінны быць навуковыя працы па ўсіх праблемах. Аднак на сённяшні дзень у ВАК яна не пройдзе па шэрагу прычын. Трэба расставіць акцэнты. І яны будуць з часам расстаўлены».

Аўтар гэтай кнігі таксама спадзяецца, што слушныя акцэнты з часам будуць расстаўлены. Як прыклад, індусы шануюць свайго Гадлеўскага — Субхаса Чандра Боса, гэтак жа як Джвахарлала Неру і Махатму Гандзі. У гонар Чандра Боса названы аэрапорт у Калькуце, яму прысвячаюць фільмы і ставяць помнікі. Ён адзін з прызнаных «бацькоў» індыйскай незалежнасці, хаця супрацоўнічаў з немцамі і японцамі, зрабіў, так бы мовіць, няправільную гістарычную стаўку.

Беручыся за біяграфічны нарыс, прысвечаны Вінцэнту Гадлеўскаму, мы не ставілі сваёй мэтай вырашыць усе актуальныя пытанні біяграфіі ксяндза. Сёння гэта, мабыць, пакуль яшчэ немагчыма. Хацелася ў першую чаргу стварыць партрэт на фоне часу. Але адразу падкрэслім — партрэт гэты ствараўся выключна на аснове гістарычных фактаў. Напрыклад, ніводная з версій забойства ксяндза не набыла ў кнізе такога гучання, быццам гэта ісціна ў апошняй інстанцыі.

Яшчэ адна важная рэч, якую трэба падкрэсліць у прадмове да гэтай кнігі. Вельмі не хочацца, каб Вінцэнт Гадлеўскі быў на сцягах нейкай адной палітычнай плыні ў нашай краіне. Гэта нашмат больш цікавая і шматгранная асоба, вартая нашай памяці і шанавання — і як святар, і як перакладчык Бібліі, і як нацыянальны дзеяч.

***

«Моўны плебісцыт» у Жодзішках

Усё, што адбылося пазней, стала легендай. Дарэчы сказаць, гэтая падзея стала адной з тэм кнігі нобелеўскага лаўрэата ўраджэнца Віленшчыны Чэслава Мілаша пад назвай «Вандроўка ў дваццацігоддзе». Згадваем пра гэта дзеля таго, каб паказаць, наколькі сімптаматычнай і важнай для адлюстравання жыцця на міжваеннай Віленшчыне ўжо напрыканцы ХХ ст. падалася Ч. Мілашу жодзішская справа. Хаця і ў часы сваёй маладосці будучы нобелеўскі лаўрэат не належаў да ліку тых, хто лічыў, што беларускае пытанне ў Польшчы можна вырашыць шляхам адміністрацыйнага ўціску і нацыянальнай асіміляцыі.

19 красавіка 1925 г. Вінцэнт Гадлеўскі абвясціў у касцёле, што ў наступную нядзелю ў Жодзішкі прыедзе камісія, якая будзе прымаць рашэнне аб парадку казанняў на беларускай і польскай мовах. Пасля гэтага пачаўся працэс, які віленскі карэспандэнт С. Нястанскі назваў «патаемнай мабілізацыяй польскіх і беларускіх сіл»:

«Не абмяжоўваючыся адной Жодзішскай парафіяй, сцягвалі падмацаванні з парафіяў суседніх; польскі бок падтрымалі зямяне і настаўнікі. Прыехалі панове Кярсноўскія з Данюшава, Івашкевічы з-пад Гервятаў, Яноўскія з-пад Нястанішак і шмат іншых, прыехала нават пані Пяткевіч з-пад Войстама, якая — хоць францужанка з паходжаньня! — прыехала хіба ў імя польска-францускага хаўрусу, каб патрымаць польскасьць…».

З боку беларусаў рушылі ў Жодзішкі сяляне з іншых парафій, якія былі перад гэтым на казаннях В. Гадлеўскага і хацелі падтрымаць справу беларускасці ў касцёле. 26 красавіка камісія была ў Жодзішках. На імшы ў касцёле і перад ім было больш за тысячу чалавек. В. Гадлеўскі абвясціў, каб пасля імшы людзі пачакалі перад касцёлам. Пасля, выйшаўшы да званіцы разам з іншымі сябрамі камісіі, свірскі дэкан ксёндз Валерыян Галяк заклікаў людзей раздзяліцца на дзве часткі: тыя, што былі за беларускую мову ў казаннях, павінны былі перайсці на правы бок ад званіцы, а тыя, што хацелі польскай мовы, павінны былі перайсці налева. Натоўп пачаў дзяліцца.

Аднавіць далейшы ход падзей даволі складана, паколькі паказанні сведак у дэталях вельмі розняцца паміж сабой. Паводле адных, дэкан В. Галяк, бачачы, што не можа зрабіць адназначнай высновы аб колькасці палякаў і беларусаў, загадаў натоўпам памяняцца месцамі (беларусы павінны былі перайсці налева, а палякі направа).Паводле іншых сведак, дэкан заклікаў пакінуць натоўп тых людзей, якія не належаць да мясцовай парафіі. Некаторыя таксама сцвярджалі, што выгнаць палякаў, якія паходзілі з іншых парафій, заклікаў беларусаў сам В. Гадлеўскі. Гэта, аднак, хутчэй за ўсё не адпавядае рэчаіснасці, паколькі апошні не павінен быў удзельнічаць у плебісцыце і, па сведчанні святароў, якія былі сябрамі камісіі, не рабіў ніякіх заклікаў, якія маглі б падбухторыць натоўп да бойкі. Паводле ж звестак віленскага карэспандэнта, В. Гадлеўскі наогул стаяў каля касцёла і назіраў за ходам падзей здалёк.

Пасля таго, як два натоўпы перамяшаліся, пачалася штурханіна і ўзаемныя пагрозы. Зусім разгублены дэкан аб’явіў, што не будзе гаварыць з усімі (нашто тады было спачатку арганізоўваць увесь «плебісцыт»), загадаў парафіянам выбраць па два дэлегаты ад кожнай вёскі і накіраваўся ў бок плябаніі. Тысячны натоўп людзей, натуральна, ніяк не мог самаарганізавацца, каб зладзіць нейкія імправізаваныя выбары дэлегатаў, тым больш што людзі ўжо былі дастаткова наэлектрызаваныя. Менавіта тады сярод людзей з’явіўся Вінцэнт Гадлеўскі, які з паднятымі рукамі заклікаў: «Браточкі! Ня біцеся!». Гэта паслабіла напружанне, аднак працягу плебісцыту не было, бо на касцельным цвінтары з’явіліся паліцыянты з жодзішскага пастарунка, якія, паставіўшы ручны кулямёт перад званіцай, загадалі людзям разысціся.

Вось так няўдала і недарэчна завяршыўся «моўны плебісцыт» у Жодзішках. Больш таго, гледзячы па ўсім, толькі дзякуючы своечасоваму ўмяшальніцтву мясцовага пробашча ён не скончыўся кровапраліццем. Гэта была першая і апошняя спроба віленскага біскупа дэмакратычным шляхам вырашыць справу мовы касцельных казанняў. Пасля сыходу Ю. Матулевіча біскупская курыя вырашала гэтае пытанне куды прасцей — святары-беларусы загадам пераводзіліся ў парафіі, дзе не было беларускага насельніцтва, напрыклад, у заходнюю частку Беласточчыны.

Тым не менш, плебісцыт засведчыў некалькі надзвычай важных, не сустраканых да гэтага часу рэчаў. Па-першае, нечуваны ўздым нацыянальнай беларускай свядомасці каталіцкага насельніцтва «Крэсаў», насельніцтва, якое лічылася найбольш лаяльным адносна польскай дзяржаўнасці. Як было зафіксавана ў пратаколе камісіі (якая складалася выключна з ксяндзоў польскай нацыянальнасці), за беларускую мову ў касцёле выказалася мінімум 60% прысутных. Але і гэтая лічба ставілася пад сумнеў журналістамі дэмакратычных польскіх выданняў, якія пісалі:

«Сьведкі падзеі цьвердзяць, што на беларускім баку былі тлумы, а на польскім адзінкі». Па-другое, беларусы аказаліся здольнымі адкрыта бараніць свае рэлігійныя і нацыяна

льныя правы. Па-трэцяе, што таксама адзначалі сведкі, «сяляне [беларусы — аўт.] паказалі пэўнае выхаваньне і такт, бо, будучы ў пераважнай бальшыні, здолелі ўстрымацца ад недарэчных і напатрэбных гвалтаў…».

Разумная і прадуманая падтрымка нацыянальных памкненняў пераважна эвалюцыйна настроенай беларускай інтэлігенцыі, паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў казанні ў царкве і касцёле, адкрыццё беларускіх школ, падтрымка беларускай кааперацыі маглі выклікаць у беларусаў прыхільнасць да польскай дзяржавы. Бясконцыя ж рэпрэсіі і забароны, падатковы і паліцэйскі ўціск усё больш і больш пераводзілі як саміх беларусаў, так і іх лідараў у шэрагі палітычных радыкалаў, рашучых прыхільнікаў камунізму. Бяскроўны плебісцыт у Жодзішках быў прадвеснікам шматлікіх боек сялян з паліцыяй на плошчах мястэчак Заходняй Беларусі, калі мітынгі з удзелам правадыроў Беларускай сялянска-работніцкай грамады і клуба «Змаганне» заканчваліся расстрэламі людзей, што не хацелі плаціць непасільных падаткаў і падпарадкоўвацца чужой уладзе. Хто ведае, ці пралілася б гэтая кроў, калі б у Жодзішках палякі змаглі паразумецца з беларусамі.

Чытай яшчэ:

[irp posts="49 453″ name="Знаёмства з кнігай: «На Гродзенскім бруку» Андрэя Вашкевіча і Віктара Саяпіна"]

[irp posts="43 790″ name="Знаёмства з кнігай: Шэпт пажоўклых старонак" Леаніда Лаўрэша"]

[irp posts="41 779″ name="Знаёмства з кнігай: Гродно и гродненцы" Віктара Саяпіна"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024