Гродзенка Вікторыя Навіцкая з дзяцінства носіць пратэз правай нагі. Гэта ніяк не перашкодзіла ёй у 33 гады перамагчы ў абласным этапе конкурса прыгажосці і атрымаць тытул у фінале ў Мінску. Як дзяўчына прыняла сваю асаблівасць і навучылася з ёй жыць, расказвае Onliner.
Вікторыя Навіцкая ў жніўні перамагла ў конкурсе «Каралева Гродна — 2023» і стала фіналісткай конкурса «Каралева Беларусі». Гэта інклюзіўны праект без стэрэатыпаў наконт «правільнай» жаночай прыгажосці.
Вікторыя — найстарэйшая з трох дзяцей у сям'і. Ад нараджэння ў яе адна нага была карацейшая за другую — розніца 26 сантыметраў. Цяжарнасць у маці Вікторыі ішла добра, на УГД лекары не бачылі праблем, пра асаблівасць стала вядома пасля родаў.
«Я ўдзячная маці, што яна мяне не пакінула. Дзяцінства ў нас было цяжкае, беднае. Мы жылі з бабуляй і дзядулем, без бацькі. Пастаянныя бальніцы, слёзы, аперацыі… Пачала хадзіціь я толькі ў 8 гадоў, вучылася дома. Чаму не пайшла ў школу? Маці палічыла, што так будзе лепей», — расказала Вікторыя.
У 8 гадоў дзяўчыне зрабілі пратэз: адчувалася моцная розніца ў даўжыні ног і яна не магла нармальна хадзіць.
Да пратэзавання Вікторыю вазілі ў вазку. «Я была маленькая і шчупленькая. Бывала, маці пойдзе ў краму, пакіне мяне на вуліцы, выйдзе — а вакол мяне натоўп дзяцей, усе глядзяць, усім цікава. Але асаблівых здзекаў у свой бок я тады не чула».
У падлеткавым узросце Вікторыю вазілі ў Санкт-Пецярбург. Там ёй планавалі выцягнуць нагу апаратам Ілізарава. Але ніхто не даваў гарантый. Прыйшлося абіраць: альбо пяць гадоў праляжаць на выцяжках, альбо змірыцца з тым, што ёсць. Маці дзяўчыны абрала другое.
У старэйшым узросце Вікторыю пачалі прысаромліваць — нават незнаёмыя людзі.
«Некаторыя дарослыя лічылі сваім абавязкам падыйсці і папракнуць, што нагу трэба хаваць: маўляў, ты ўжо дарослая. Вядома, на мяне гэта аказвала моцны ціск, і ужо да 16 гадоў я абрасла комплексамі. Але з часам я іх перабарола, і аднагодкі мне ў гэтым толькі дапамаглі».
Насмешкі праскоквалі, але агулам з ёй сябравалі. А хто не сябраваў, атрымоўвалі здачы: «Дзяўчына я была баявая». У даганялкі Вікторыя гуляць не магла, затое па дрэвах лазіла.
З першым мужам Вікторыя пазнаёмілася, калі ёй было 17 гадоў. Праз год яны пабраліся шлюбам і ў пары нарадзіўся сын. Падчас родаў дзяўчыне рабілі кесарава сячэнне, бо з-за дыягназа нараджаць самой было рызыкоўна. Даглядаць дзіцёнка было няпроста. Складана даваліся шпацыры з вазком, калі трэба было зайсці ў транспарт альбо спусціцца ў падземны пераход.
У 2019 годзе Вікторыя сустрэла свайго другога мужа. З ім яна пазнаёмілася ў сацыяльных сетках. Пра сваю інваліднасць яна расказала не адразу, а на першае спатканне прыйшла з глыбокім дэкальтэ, каб адцягнуць увагу.
Вікторыя кажа, што на адносіны з мужам, у тым ліку інтымныя, яе асаблівасць не паўплывае. На ноч яна здымае пратэз, а ў астатнім паводзіць сябе як звычайная жанчына.
Спачатку Вікторыя рабіла пратэзы ў Гродне. Але такі пратэз ламаўся ці не кожны дзень. Таму яна знайшла майстра ў Мінску. У яго таксама інваліднасць і ён разумеў дзяўчыну з паўслова.
Дзякуючы новаму пратэзу ў Вікторыі пачало сгібацца калена, што само па сабе — прагрэс. Раней яна магла сядаць толькі з выпраставанай нагой, а гэта вельмі нязручна. Летам 2022 года Вікторыя ездзіла ў прыватны пратэзны цэнтр у Маскве. Там прапаноўвалі больш сучасныя мадэлі, але іх цана — $ 5−10 тыс. Дабрычынны збор дзяўчына арганізоўваць не хоча, бо лічыць, што ёсць людзі, якім гэта больш патрэбна. У Беларусі звычайнае пратэзаванне для яе бясплатнае.
Тое, што дзяўчына сёння апранае кароткія спадніцы — дасягненне для яе. «Раней я заўсёды выбірала свабодныя штаны, каб схаваць свой недахоп. А зараз, наадварот, хачу ўсім і кожнаму даказаць: людзі з асаблівасцямі - гэта нармальна», — кажа Вікторыя.
Удзельнічаць у конкурсе прыгажосці Вікторыя вырашыла спантанна. Яна ўбачыла рэкламу ў сацыяльных сетках, запоўніла анкету і чакала званка. Праз суткі яе запрасілі на размову. Потым пачаліся рэпетыцыі і розныя выпрабаванні. Адно з іх — фотасэсія ў вадзе.
«Нас прывезлі ў незнаёмае месца, нафарбавалі, апранулі і толькі потым расказалі, што будуць здымкі ў вадзе. У мяне паніка: я ж зусім не ўмею плаваць! Але рабіць няма чаго: альбо спускайся, альбо з’язджай дадому».
Вікторыя кажа, што з яе ростам — 153 сантыметры — фотасэсія далася цяжэй, чым высокім дзяўчатам. «Але я ўсё ж сабралася з духам і адпрацавала як трэба».
Дзяўчына не бачыць у сваім пратэзе праблемы, у адрозненні ад каментатараў у сацыяльных сетках, якія раяць «хаваць свой недахоп, а не выстаўляць яго напаказ». Вікторыя хоча зняцца ў фотасэсіі для якога-небудзь брэнда жаночай бялізны.
«Ёсць краіны, дзе мадэлі з інваліднасцю — гэта звычайна, але нашае грамадства, думаю, да такога яшчэ не падрыхтавана. Я хачу, каб людзі не вылучалі нас, а ставіліся на роўных, бо мы нічым не горш».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…