Каб вы не сумавалі ў самаізаляцыі па краявідах Гродна, Hrodna.life распачынае цыкл відэаэкскурсій па цікавых гістарычных аб’ектах горада.
Мы выбралі фармат экскурсіі (вакол) аднаго дома. Кожны ролік за пару хвілін раскажа пра адзін з будынкаў горада. Разам са звычайным відэа ў роліках выкарыстаны здымкі з дрона.
Першы ролік — пра будынак былога чыгуначнага дэпо.
Зараз колішняе дэпо перабудоўваюць. Мяркуецца, што ўжо ў наступным годзе будынак будзе адрамантаваны.
Будынак месціцца недалёка ад сучаснага вакзала, на Азёрскай шашы. Яго пабудавалі на пачатку XX стагоддзя, як двухпуцявое паравознае дэпо. Гэта было першае дэпо для стаянкі і рамонту паравозаў у Гродне.
Паверхі і перакрыцці ў будынку з’явіліся пасля Першай сусветнай вайны. У той час дэпо перабудавалі ў трохпавярховы дом з мансардай.
Да апошняга часу будунак быў ва ўласнасці Гродзенскага чыгуначнага вузла. Былі чуткі, што там хацелі зрабіць музей чыгункі, але гэтага не адбылося. У траўні 2017-га будынак прадалі прадпрымальніку з Гродна. Мяркуецца, што пасля рэканструкцыі ў будынку дэпо размесцяцца офісы і хостэл.
Чытайце таксама: «Музей-прывід»: чым каштоўнае былое чыгуначнае дэпо і чаму яму нельга даць прапасці
Відэаэкскурсія ад Hrodna.life — адна з магчымасцяў захаваць у памяці той выгляд будынка, які ёсць зараз.