Сумесны праект Hrodna.life і выдавецтва «ЮрсаПрынт» працягвае знаемства з цікавымі кнігамі, што выдаюцца ў Гродне. Гэтым разам мы прадстаўляем першую ў рубрыцы жанчыну-аўтарку — Святлану Куль. Прапануем пазнаёміцца з абранымі вершамі яе другога паэтычнага зборніка і выцінанкамі Вольгі Бабурынай, выкарыстанымі ў аздабленні кнігі.

Набыць кніжку можна ў выдавецтве «ЮрсаПрынт». Для чытачоў і падпісчыкаў Hrodna.life ёсць зніжкі.

Наканаваннем лёсу для доктара гістарычных навук, выкладчыцы гісторыі культуры, архітэктуры і мастацтва, стваральніцы ўнікальнага курса беларускай гістарычнай храналогіі - Святланы Куль — адкрылася натхненне пісаць выдатныя вершы. У кожным з іх — лірычны водгук аўтаркі як на сюжэты сівой мінуўшчыны, так і сённяшні роздум, звязаны з хуткаплыннымі падзеямі сучаснага жыцця.

Першая кніга выйшла ў 2012 годзе. Творы гэтай серыі друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Верасень», «Стары замак», газетах «Літаратура і мастацтва» і «Наша Ніва».


Знаёмства з кнігай. «Вершы, байкі і паэмы. Кніга 2» Святланы Куль Я без цябе і дня не пражыву,

Адною нас жыццё пашыла меркай,

Спляла ў адну жыццёвую канву

Чырвоны з сінім — дзіду і люстэрка.

У Бога не прашу спакойных дзён,

Падзелім разам радасці і страты,

Адное хай пашле ласкава Ён:

Каб за апошняй рыскай — тая ж дата.

3.03.17.


Мой час сапсаваўся, не вытрымаў гэтага лета,

Зламалася нешта — ці голас, ці сэрца, ці памяць.

Пайду да майстэрні, дзе ёсць дзыгармайстар-кабета,

Яе папрашу — можа час паламаны паправіць.

Скажу, хай праверыць, бо стрэлкі знянацку застылі

І, нібыта сэрца, трымцяць над старым цыферблатам,

Няхай памяняе ад стрэлаў ахрыплыя жылы,

Не трэба, каб поўнач у ім адбівалі гарматы.

Ён раптам пачаў нестасоўна акрэсліваць дату.

Хай гляне завод, хай яго памяняе на лепшы,

Бо лічбы адныя: бывае, што трыццаць дзявяты,

А часам пакажа, што сёлета ў нас сорак першы.

Хай зноў ажыве, і хвіліны татахкаюць ціха.

Пайду да майстэрні, што ёсць на Вялікай Траецкай.

Папраў нам эпоху. Папраў нам эпоху, майстрыха!

Папраў ёй сумленне, і голас, і памяць, і сэрца.

Знаёмства з кнігай. «Вершы, байкі і паэмы. Кніга 2» Святланы Куль

11.09.14.


Мяне пакіньце тут, каля каменняў,

На лавачцы счарнелай і амшэлай,

Я застануся тут душой і целам,

Калі памру, пушчу ў зямлю карэнні,

Каб на вякі,

Бо тут канец дарогам,


І тут пачатак кожнае сцяжыны,

Тут месца для народзін і спачыну,

Адсюль душа лягчэй гаворыць з Богам.

Далёка па-за гэтай агароджай

Жыве маё няўрымслівае цела,

Але душа … Яна заўжды сядзела

На лавачцы амшэлай ля Каложы.

1.06.16


Твой ветразь ваўняны схаваны даўно і далёка,

Не знойдуцца вёслы, зламаны сігнальны ліхтар,

Гніе на ўзбярэжжы забыты драпежны дракар —

На носе бракуе пачварнага моцнага цмока.

Даплыў, адшукаў у суровым паходзе Вальгалу,

Між фіёрдаў і шхераў, ільдзістых вандруючых гор,

Краіну, дзе з воямі лепшымі бавіцца Тор?

Ці проста славянка цябе незнарок пакахала?

Твой ветразь ваўняны іржа-ліхадзейка паточыць,

Як пена марская, ссівеюць твае валасы,

Закрыюць дарогу вятрам пералескі-лясы

І мора заменяць славянскія сінія вочы.

***

Мой няшчасны беларускі Бог

На крыжы павешаны пад столяй,

Глянь — чаруе восень наваколле,

Золатам гарыць ля Нёмна лог

Знаёмства з кнігай. «Вершы, байкі і паэмы. Кніга 2» Святланы Куль

Пад гарой з вясёлкавай Каложай,

Калі б толькі ты аднойчы змог

Выйсці з храма, беларускі Божа!

Вязніцай царква або касцёл,

Мураваных ветразяў каменні

Не варушыць вецер на скляпеннях,

Не зіхціць апалае лісцё,

Не палаюць з прымаразка клёны.

Тут абкладаў мёртвае ліццё

Закрывае дрэва на іконах.

Ты забыў, як пахнуць туманы,

Як мурог дыван пад ногі сцеле,

Як звініць апалая каштэля —

Лепей, чым царкоўныя званы,

Як палын шапоча прыдарожны,

І якія ўвосень сняцца сны.

Ты забыў, мой беларускі Божа!

Глянь, як сцежка ўецца ўздоўж ракі,

Чырванеюць гронкі на рабінах,

Як буслы ляцяць самотным клінам —

Ты не бачыў гэтага вякі!

Можа быць, мне толькі падалося,

Што з далоняў бразнулі цвікі -

Беларускі Бог пайшоў у восень…

11−12.16.


Пяці паўстанцам, павешаным каля вёскі ПясчаныЗнаёмства з кнігай. «Вершы, байкі і паэмы. Кніга 2» Святланы Куль

«Жоўты пясок на шляху,

Слёзы струменем салёным,

Еду і еду пакуль

Ззаду праклятыя клёны

Горка лісцём шапацяць,

Невадам цень адбіваюць.

Колькі там шыбеніц? Пяць.

Шостая вісне — пустая.

Не пераехаць бяды,

Знішчана воля дашчэнту.

Не паглядзець бы туды.

Хлопцы вісяць. Інсургенты.

Паніч павешаны наш.

А маладзенькі, нябога!

Шлях на нядзельны кірмаш —

Лепей да пекла дарога.

Не паглядзець і не зняць,

Бо каравул на гадзінах.

Колькі там шыбеніц? Пяць.

Грузам на моцных галінах.

Нібы прыблудных сабак,

Нібы забойцаў шалёных

Вешаў маскоўскі казак

На прыдарожныя клёны.»

Конік бяжыць вараны,

Побач з паночкам не стане.

Знакам мужыцкай віны

Шостая вісне — пустая.

3.02.13.

***

Знаёмства з кнігай. «Вершы, байкі і паэмы. Кніга 2» Святланы Куль

У фантан, прысвечаны дзеве,

У магічны фантан дэ Трэві,

Ці зімою, а можа ўлетку

Я калісьці кіну манетку,

Каб вярнуцца ў горад палацаў,

Акведукаў, мастоў і п’яца,

А пасля паеду дадому,

Дзе душу я кінула ў Нёман —

Каб застацца.

***

І толькі ўначы будуць сніцца знаёмыя дзюны,

Душа, нібы чайка, над морам пакружыць у сне,

Ды часам рука на царкоўных каменнях пачне

Пісаць мімаволі старыя магічныя руны.

Байка пра мышку.

(маім калегам)

У адным каралеўстве мышыным

Без належных законных падстаў

Цараваць запрасілі ката,

Каб трымаў між мышэй дысцыпліну.

І жыццё пацякло па раскладу,

Па адзіным каціным клішэ:

На работу ганялі мышэй,

І на свята вадзілі парадам.

Прапісалі памер нарыхтоўкі -

Колькі зерня ў начную пару

Трэба мышы прынесці ў нару

Абмінаючы ўсе мышалоўкі.

І народ працаваў, як машына,

І свабоду губляў спакваля

Пад уладай ката-караля,

Пад няўмольным наглядам каціным.

Толькі ў тым каралеўстве панылым,

Дзе жылі сваякі і радня,

Непрыкметныя мышка штодня

Два маленькія крыльцы расціла.

І аднойчы пад носам каціным,

Што тырчаў над мышамі, як пан,

У нябёсы падняўся кажан

І свабодна лунаў над краінай.

11.09.13.


Набыць кнігу можна наўпрост у выдавецтве «ЮрсаПрынт» па адрасе вул. Карла Маркса, 11, ад 9.00 да 17.00, у працоўныя дні.

Пры пакупцы кнігі ў выдаўца чытачы Hrodna.life будуць мець зніжку ў 5%. Зніжка для падпісчыкаў cайта складае 10%.

[irp posts="50 898″ name="Знаёмства з кнігай: Вінцэнт Гадлеўскі" Андрэя Вашкевіча"]

[irp posts="51 321″ name="Знаёмства з кнігай. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда" Васіля Герасімчыка"]

[irp posts="49 453″ name="Знаёмства з кнігай: «На Гродзенскім бруку» Андрэя Вашкевіча і Віктара Саяпіна"]

[irp posts="43 790″ name="Знаёмства з кнігай: Шэпт пажоўклых старонак" Леаніда Лаўрэша"]

[irp posts="41 779″ name="Знаёмства з кнігай: Гродно и гродненцы" Віктара Саяпіна"]