Мікс музычнай вечарыны і арт-тусоўкі прайшоў 26 чэрвеня ў дворыку на Маставой, 31. Гасцей чакалі ахаладжальныя напоі, фаст-фуд, садавіна, дыджэі і жывая музыка. Карэспандэнтка Hrodna.life даведалася, як гэта было.
Паслухаць і паглядзець
Атмасфера свята пачыналася ўжо ад уваходу. Каса патанала ў кветках, а побач стаяў «вадапой» — так назвалі бочку з вадой. Кожны, хто заплаціў за квіток, атрымліваў у падарунак букецік з сухіх каласкоў, перавязаных каляровай ніткай. Дзеці да 15 гадоў маглі трапіць на вечарыну бясплатна.
Дэкор і візуальны стыль для вечарынкі прыдумалі і стварылі арганізатаркі: Кацярына Стаяк і Таццяна Піскун. У яго аснове былі кветкі, плеценыя жырандолі і тканкавыя палотны. Мерапрыемства пазіцыянавалася як дзённае, пачыналася, а трэцяй гадзіне дня і сканчалася, а 11 вечара.
Выйсці з інстаграма на вуліцу і засэлфіцца для інстаграма
На вуліцы было пахмурна, часам ішоў невялікі дождж. Але чым бліжэй да вечара, тым больш прыходзіла людзей. Госці куплялі напоі, ежу і ішлі за столікі-бочкі. Іншыя проста сядалі на пакрыты дыванамі подыум у цэнтры дворыка. На сцэне з кветкамі і свечкамі гралі музыкі. Гродзенцы танцавалі, балбаталі і фатаграфаваліся.
Весяліцца, не чакаючы канца лета
Падобнае мерапрыемства ў дворыку на Маставой, 31 праходзіла ў 2019 годзе і было прымеркавана да закрыцця летняга сезону.
Гродзенка Таццяна добра памятае тую вечарыну. Яна рада, што сёлета арганізатары вырашылі весяліць гараджан не чакаючы канца лета.
«Нібыта выйшлі на прыроду з сябрамі»
Музыка была нягучнай, месца хапала і патанчыць, і проста пастаяць-пагаварыць. У адной з фотозон быў нават жоўты рэтрамабіль.
Дыяне 22 гады. Яна прыйшла з сяброўкай каля восьмай вечара. Дзяўчаты танцавалі і слухалі музыку. Асабліва ім спадабаліся трэкі ад дыджэя.
Ксенія адзначыла, што ёй падабаецца лёгкі стыль імпрэзы. «Музыка, дэкор, няма дакучлівасці, шмат кветак, быццам ты пайшоў на прыроду з сябрамі». Дзяўчаты лічаць, што такія падзеі патрэбныя гораду. «Хацелася б, каб у гэтай вечарыны было працяг».
Чытайце таксама: Танцы, винил и дреды: в баре «Quester» прошла первая вечеринка с диджеями