Людзі і справы

Навошта вавёркам плот, а вазочнікам — пандусы. Камунальнікі то чуюць Юлю Каляду, то не чуюць, а яна ўсё роўна піша

Звярнуўшыся на партал 115.бел гродзенка атрымала адпіску ў адказ. Юля Каляда прапаноўвала прыбраць непатрэбны плот у Каложскім парку, але ёй патлумачылі: «Необходимости для демонтажа данного забора нет». Hrodna.life паспрабаваў знайсці логіку ў адказе камунальнікаў. Не атрымалася.

Юля робіць горад лепшым — піша лісты ўладам

Пасля сакавіцкай дыскусіі «Права на горад. Інклюзія» Юля Каляда і Аксана Якуцэвіч з РАІК звярнуліся да кіраўніцтва аднаго з бараў на Маставой. Ужо 6 красавіка ў бары з’явіўся пандус для вазочнікаў. Пасля зварота Юлі ў ДАІ з нагоды машын у пешаходнай зоне каля былой пальчаткавай фабрыкі, 9 красавіка там паставілі абмежавальныя тумбы. З «лішнім» плотам у Каложскім парку так хутка не атрымалася.

Юля Каляда — грамадская актывістка, раварыстка і маладая маці. Яе добра ведаюць і гараджане, і гарадскія ўлады. Юля знайшла дзейсны спосаб змяняць гарадское асяроддзе да лепшага.

Юлія Каляда
Яе выбар — пісаць звароты і абгрунтавана патрабаваць адказы. У большасці выпадкаў гэта спрацоўвае. Але часам бываюць непаразуменні.

Плот у Каложскім парку стаіць вакол трох дрэваў ад 2010 года. Тады ў парк збіраліся пасяліць вавёрак, а за плотам усталявалі для іх хатку. Зараз «спецыяльнай» хаткі ўжо няма, а вавёркі, хоць і нешматлікія, жывуць там, дзе самі выбралі.

Навошта казе гармонік, а вавёрцы плот?

Пытанне, чаму б не прыбраць плот, Юля задала гарадскім камунальнікам. Пры гэтым узгадаўшы сумную гісторыю перасялення вавёрак у парк. Тады, у ліпені 2010, на дрэва павесілі першы домік, зрабілі кармушку, невялікую тэрыторыю агарадзілі сеткай-рабіцай. У прысутнасці СМІ выпусцілі дзве вавёркі.

Праўда, у гарадскіх пабліках ёсць сведчанні, што той эксперымент не атрымаўся. Адна вавёрка ўпала з дрэва і зламала лапу, другую ледзь не задзяўблі вароны.

«У сакавіку я звярнулася у 115 з просьбай прыбраць агароджу. Яна не патрэбна (доміка і кармушкі ўжо няма). Але дапусціла памылку, — піша Юля на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Уключыла эмоцыі і напісала: «Прапаную прыбраць гэты напамін аб сумнай гісторыі».

Адказ камунальшчыкаў на просьбу прыбраць плот
Адказ прыйшоў праз некалькі дзён разам з фотаздымкам вавёркі на дрэве: «В связи с тем, что белки проживают в данном парке, забор не является напоминанием о каких либо грустных событиях. Находится в технически исправном состоянии. Необходимости для демонтажа данного забора нет».

Адказ паставіў Юлю ў ступар: «Так. У парку жыве вавёрка. Так. Плот у спраўным стане. Але ў чым функцыянальнасць? Нават, калі б там прыжыліся ўсе 25 вавёрак, яны б жылі за плотам?» — пытаецца Юля.

Каб пашукаць адказы на пытанні Юлі, мы таксама схадзілі ў Каложскі парк. На месцы ўпэўніліся — драты, што мацуюць сетку да дрэваў, моцна пашкодзілі іх кару. Так што плот у спраўным стане, а дрэвы — не вельмі. Вавёрак у агароджаным загончыку мы не сустрэлі.

Пашкоджанні дрэва дротам агароджы
На ўсялякі выпадак узгадалі досвед Румлёўскага парка — там вавёрак шмат, але дрэвы не агароджваюць групкамі па тры.

Вавёркі Румлёўскага парку

У Варшаве, у парку Лазенкі, таксама знайсці вавёрку нашмат прасцей, чым плот з сеткі-рабіцы.

Вавёркі парка Лазенкі ў Варшаве

Бетонныя пліты ёсць, а пандуса няма

«Магчыма, на гэтым лапіку закапаны скарб? Ці гэта выкупленая прыватная тэрыторыя? А мо турыстычная адметнасць?» — нам не ўдалося зразумець, чаму ЖЭС № 8 хоча захаваць гэты участак агароджаным. Праз тое ўважліва прыглядзеліся да астатняй тэрыторыі.

«Гэты плот — не адзіны нефункцыянальны элемент парку, — разважае Юля. — То там то тут можна сустрэць бетонныя пліты ці старыя трубы. Зараз зразумела, што пакуль яны ў „тэхнічна спраўным стане“, неабходнасці для іх дэмантажу няма».

Элементы «паркавай інфраструктуры», прызначэнне якіх вызначыць цяжка
Часовае непаразуменне не спыняе Юліну рашучасць і жаданне зрабіць Гродна больш камфортным для жыхароў.

Нагода для звароту

У тым самым Каложскім парку ёсць як мінімум дзве нагоды для клопату гарадскіх уладаў - высокія бардзюры і лесвіца да наберажнай. Як тут праехаць да ракі маме з дзіцячым вазком ці інваліду-вазочніку? Пакуль адказу няма.

Спусціцца з парка да Нёмана з дзіцячым вазком можна толькі па газоне. Інваліду-вазочніку пераадолець спуск не ўдасца. Скрын з відэа Юліі Каляды
Але Юля не апускае рук і працягвае ліставанне з гарадскімі ўладамі. А вы пішаце звароты ў адміністрацыю, калі не задаволены гарадской прасторай?


Чытай яшчэ:

У Гродне прынялі Канцэпцыю развіцця веларуху да 2030 г.

Дзе ў Гродне з’явяцца новыя веладарожкі і панізяць бардзюры

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025