Кожную першую нядзелю месяца ў гродзенскім францішканскім касцёле адбываецца працэсія. Вернікі з малітвамі тройчы абыходзяць па колу святыню знутры. Мужчыны апранаюць белыя накідкі - комжы і нясуць харугвы. На адной з іх можна прачытаць напіс на польскай мове: «Эўхарыстычны крыжовы паход. Гродзенскія агульныя школы № 7 і № 10. 1938 год». Гэтая харугва — адзіны напамін пра даваенную гісторыю самай старой існуючай дасюль гродзенскай школы, якая цяпер мае № 6.
У 20-х гадах мінулага стагоддзя Занёманскае прадмесце Гродна імкліва расло. Кварталы адбудаваліся ад знішчэнняў савецка-польскай вайны 1920 г. Народ таксама імкліва пачаў будаваць прыватныя дамы на былых землях маёнтка Аўгустовак. Так паўсталі Мігоўская, Гданьская, Ганёндзкая, Лелявеля, Зана ды многія іншыя…
Насельніцтва занямоння імкліва расло, а горад не меў тут аніводнай школы. І толькі ў 1925 годзе пачалося будаўніцтва агульнай школы імя Стэфана Жэромскага, якая атрымала № 7.Будавалі школу, уласна як і амаль кожны сацыяльны праект, доўга. Асвячэнне адбылося толькі 7 ліпеня 1930 года. Пакрыты чырвонай дахоўкай жоўты цагляны будынак радаваў вока бацькоў і вучняў. Больш за трыццаць класных кабінетаў, памяшканні для малявання і капліцы, унутраны гімнастычны зал, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю ў школах. Школа магла змесціць аж тысячу вучняў, а на мансардзе былі зроблены памяшканні-кватэры для настаўнікаў.
Уся мастацкая выразнасць будынка была перанесена на дах, які каларыстычна вылучаўся керамічнай дахоўкай. Вялікія аркавыя вокны спартыўнага зала і галоўнага ўвахода, а таксама фігурныя шчыты ўвахода і рызаліта надавалі будынку асаблівую параднасць, нягледзячы на аскетычнасць аздобы сцен і вокнаў.
Адным словам, выйшаў цікавы будынак, які спалучаў у сабе традыцыйныя расы даваеннай архітэктуры і пошукі польскімі архітэктарамі свайго ўласнага нацыянальнага стылю. Сёння такі стыль можна назваць польскім мадэрнам.
Паколькі абшар прадмесця імкліва павялічваўся, то моцна расла і колькасць школьнікаў. У 1938 г. у адносна невялікай школе імя Жэромскага вучылася ўжо 1280 дзяцей і школу нават прыйшлося падзяліць на дзве — № 7 і № 10. Абедзве ўстановы размяшчаліся ў адным будынку, што зусім не задавальняла бацькоў.
У кастрычніку 1938 года жыхары левабярэжжа звярнуліся да гарадскіх уладаў з просьбай пабудаваць на прадмесці яшчэ адну школу. У мемарыяле адзначалася, што насельніцтва прадмесця складае бадай што 1/3 усяго насельніцтва горада, а школа там толькі адна, з-за чаго больш за 500 дзяцей вымушаны штодзень у школу хадзіць праз Нёман. Літаральна праз некалькі дзён уладальнік часткі маёнтка Аўгустова Маўрыцый О’Брыен дэ Ласі выдзеліў пад будаўніцтва новай школы гектар зямлі на вуліцы Ласасянскай. Школу планавалася ўзвесці ў 1939−1940 гг. Ці паспелі пачаць будаўніцтва — мы сёння не ведаем.
Можна меркаваць, што падзеі верасня 1939 г. не вельмі паўплывалі на вучняў гэтай школы і іх бацькоў. Вучыліся тут галоўным чынам дзеці небагатых гараджан у першым пакаленні - католікаў з навакольных вёсак, якія пабудаваліся на Занямонні ўжо пасля Першай сусветнай вайны. Дзяцей гарадской эліты — павысыланай бальшавікамі ды растралянай немцамі, у гэтай школе вучылася вельмі мала…
Савецкія ўлады імкліва распаўсюджвалі на новазанятых тэрыторыях усеагульнае навучанне. Таму ўжо ў пачатку 1940 г. на вуліцы Ліповай, якая да таго часу стала вуліцай Гарнавых, пачалося будаўніцтва так званай «сталінскай» школы, якая пад № 18 паспела адпрацаваць навучальны 1940/41 гг. Цяпер гэта цэнтар дзіцячай творчасці «Прамень».
У пасляваенныя гады школа № 6 была польскамоўнай, але яе вельмі хутка перавялі на рускую мову навучання. За сем пасляваенных дзесяцігоддзяў праз школу прайшлі тысячы дзяцей з Палестыны, вуліцы Мікалаева, Цітова і іншых недалёкіх раёнаў. Сёння ў гэтай, адной з найменшых школ горада, вучацца хіба праўнукі тых вучняў, якія селі за парты ў гэтых класах восенню 1930 года.
Праз некалькі гадоў школа зможа адсвяткаваць сваё 90-годдзе. Думаецца, будынак яе варты таго, каб быць унесены ў спіс архітэктурнай гісторыка-культурнай спадчыны.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…