Горад

Вандроўка па раёне зніклай вёскі, ад якой застаўся адзін дом

Гродзенскі Зялёны партал працягвае шпацыры па гораду з гісторыкам Янкам Лялевічам. Гэтым разам па вандруем па магутным жылым масіве на паўночным захадзе Гродна. Пасля агляду «Фартоў» зыходзім крыху на поўдзень да мікрараёнаў Пярэселкі. Названыя яны гэтак у гонар збуранай даўняй вёскі, ад якой засталася ці не адна толькі хата. Яшчэ раён знакаміты на ўвесь Савецкі саюз праспектам, на якім граў на гармоніку герой Карачанцава ў «Белых Росах». Успаміны зусім іншага характару — у назве вуліцы Каліноўскага ды яшчэ праспекта Браніслава Тарашкевіча, які так і не атрымаў імя знакамітага мовазнаўцы і нацыянальнага дзеяча, а застаўся «камсамольскім».

Ні Пярэселкі-1, ні Пярэселкі-2 зараз няма. Невядома нават, ці планаваліся такія назвы няздзейсненым мікрараёнам ля будучага працягу праспекта Будаўнікоў. Дарэчы, нядаўна горад абвясціў пра планы апанаваць гэтыя прасторы на поўдзень ад «Пярэселак». Магчыма, новыя мікрараёны і назавуцца Пярэселкамі-1 і -2.

Аднак цяперашнія кварталы Пярэселкі паўсталі амаль сорак гадоў таму і ўжо тады займелі нумерацыю Пярэселка-3 і -4. Логіка падказвае, што тут маем дачыненне з элементарнай скразной нумерацыяй мікрараёнаў паўночна-заходняй часткі Гродна: Фарты-1, Фарты-2, Пярэселка-3, Пярэселка-4.

Пачнем агляд з заходняй часткі «Пярэселкі» з нумерацыяй «3». Зыходная кропка — канцавы прыпынак тралейбуса № 3, які курсуе сюды з цэнтра горада нязменна з савецкіх часоў. Менавіта з гэтым прыпынкам, а таксама з гандлёва-грамадскім цэнтрам і міні-рыначкам часцей за ўсё гарадзенцы і асацыююць назву «Фарты». Трэба адзначыць, гандлёвы цэнтр яшчэ ў савецкі час слушна называўся «Пярэселка». Але пазней нейкім таямнічым чынам «Фарты» інвазійна ўкараніліся ў народнай свядомасці за гэтым кавалкам суседняга мікрараёна. Думаецца, спачатку мікрараён «Фарты» даў назву канцавому прыпынку, які ў сваю чаргу і перакінуўся на бліжэйшы супермаркет.

Гандлёва-адміністрацыйны цэнтр «Фарты». Адзін з яскравых прыкладаў савецкага функцыяналізму эпохі застою.

Паміж двумя асноўнымі часткамі комплекса два надземныя пераходы, што дадае непаўторнасці сярод падобных будынкаў у горадзе

Для значнай часткі гарадзенцаў тутэйшы цэнтр — знакаміты праз ЗАГС, адзін з чатырох у горадзе, бадай, самы пазнавальны.

Вітражы ў залях ЗАГСа

Дарэчы, побач з гандлёвым цэнтрам засталіся рэшткі дзіўнаватай клумбы — адзінае сведчанне алеі герояў СССР, якія штурмавалі горад у 1944 годзе. Закладзеная на БЛК да 40-годдзя заваёвы горада, алея прастаяла не больш за 10 гадоў.

Рэшткі клумбы алеі герояў

Але ідзем уніз па бульвары, які быў амаль перайменаваным у сярэдзіне 1990-х у імя Браніслава Тарашкевіча. Амаль, бо працэс перайменавання падвіс у гарадскіх уладаў недзе паміж унясеннем да галасавання і зацвярджэннем. Некалі сябра, які жыве на БЛК, вырашыў праэксперыментаваць і выслаў сабе ліст, дзе на каперце падпісаў: бульвар Б.Тарашкевіча. І такі дайшоў…

Такім чынам, падыходзім да мінірынка, зноў жа памылкова празваным «Фарты».

Паварочваем на вуліцу Болдзіна. Дарэчы, першая назва вуліцы — «Кальцавая», вельмі адпавядала б функцыянальнаму прызначэнню трасы — вуліца нядаўна увайшла ў сістэму ўнутранага транспартнага кальца горада. Адразу на пачатку вуліцы сустракае сучасны будынак. Гэты жылы дом з крамкамі і офісамі ўнізе — самы апошні ў раёне. Сваі для яго закалацілі яшчэ напачатку 1990-х. Казалі, тут меўся быць гатэль і разам з тым самы высокі будынак у горадзе. Тады паспелі зляпіць каркас першых ярусаў. Потым будаўніцтва закінулі на доўгія 20 гадоў. Доўгі час даўгабуд быў прыстанішчам для розных сумніўных асобаў. І вось, вуаля — даволі сімпатычная забудова.

Даўгабуд хмарачосам не стаў, аднак прыемнае ўражанне ўсё адно стварае

Выходзім на вуліцу Каліноўскага. Назва вуліцы была нададзеная яшчэ за польскім часам — вядома, яшчэ задоўга да з’яўлення тут шматпавярховай забудовы.

Ад паўднёвага боку вуліцы на пачатку 2000-х паўстаў новы мікрараёнчык панельных дамоў. Можа, яго з далейшай разбудовай і назавуць Пярэселкай-1 ці -2?

Недарэчны ўказальнік. Нават назва сугучная з Каліноўскага. Вось толькі і Каханоўскага вуліца ёсць, але далёка, не праз 0.3 км…

Шпацыруем па вуліцы Каліноўскага. А вось і крама «Пярэселка». Гэта ж як яе на кіламетр аднесла ад БЛК!

Побач рэлікт савецкай эпохі. На бакавіне дзевяціпавярхоўкі велізарнае пано-рэклама Госстраха СССР. На дзіва, да сёння не схаванае уцяпляльным пенапластам.

Неўзабаве зварочваем на праспект Будаўнікоў. Гучнае найменне «праспект» яшчэ ў 1970-я завочна далі вуліцы, якую і сёння горад марыць працягнуць аж да вуліцы маста праз Нёман.

Зараз жа палова трасіроўкі праспекта Будаўнікоў — гэта вузенькая вуліца. З аднаго боку праспект запоўнены сядзібнай забудовай, якая пры гэтым адносіцца чамусьці да вуліцы Паўлава.

Сапраўдны шырокі праспект сканчаецца на Т-падобным скрыжаванні з вуліцай Сухамбаева і фактычна ўпіраецца ў нечыя хаткі. Скрыжаванне стала знакамітым на ўвесь былы СССР — тут лежачы на асфальце граў на гармоніку герой Мікалая Карачанцава ў фільме «Белыя Росы». Мясцовыя жыхары ў кінастужцы з цікаўнасцю паглядаюць на гэтае дзеянне з навюткіх жоўтых шматпавярховікаў.

Той самы момант з «Белых Росаў»

А для ўсёй нацыянальнай супольнасці гэтая вуліца — важны элемент у гісторыі незалежніцкага руху. У адным з дамоў тут пражываў знакаміты гісторык, археолаг Міхась Ткачоў. На доме № 27 вісіць мемарыяльная шыльда.

А зараз занурымся зноўку ўглыб мікрараёна. Найбольш знанай мастацкай адметнасцю «Пярэселкі-3» з’яўляецца алімпійскі Мішка. Гэта яшчэ адно пано, арыгінал якога схаваны за ацяпляльнай падушкай, аднак рамонтнікі з дакладнасцю паўтарылі гэты сімвал Алімпіяды 1980. Разам з тым Мішка з’яўляецца цудоўным маркерам для акрэслення часу нараджэння мікрараёна, які ёсць аднагодкам маскоўскай алімпіяды.

Цэнтральная алея «Пярэселкі-3» раздзяляе мікрараён на дзве часткі. Вось акурат злева, на месцы яго ўсходняй часткі і размяшчалася вёска Пярэселка.

Апроч назвы цяперашняга мікрараёна аб былой вёсцы сведчыць цудам ацалелая хата сярод дзевяціпавярховак.

Побач праглядаюцца сляды брукаванай вясковай вуліцы.

Як выглядала вёска напярэдадні свайго канчатковага знікнення, можна паглядзець на кадрах мастацкага фільма «Узбочына», які акурат у трагедыі змушанага пакідання роднай хаты падобны да «Белых Росаў».

І напрыканцы аб прыемным і вясёлым Некалькі шыкоўных пано-мазаік на дзіцячых садках.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024