Разам з «Зялёным парталам» працягваем даследваць паўночную частку спальнага Гродна. Сёння нас цікавіць жылы раён, абмежаваны вуліцамі Горкага-Пушкіна-Даватара. У адрозненне ад сваіх суседзяў — кварталаў, якія мы наведалі ў папярэдніх вандроўках — гэты мікрараён не мае адмысловай назвы. Здаецца, і ў савецкія часы ён проста так і называўся: «Мікрараён па вул. Горкага».
Напэўна, разам з забудовай на вул. Міра і Гагарына гэты квартал у нашым горадзе ёсць самы першы, які пачалі забудоўваць шматкватэрнымі дамамі спрошчанай планіроўкі — «хрушчоўкамі». Пераважная маса дамоў тут збудаваная акурат цягам усіх 1960-х гадоў. Працяг вуліцы Горкага на гэтым кавалку з’яўляецца як бы храналогіяй развіцця тыпалагізацыі «хрушчовак».
На скрыжаванні з вуліцай Даватара адныя з найстарэйшых дамоў — з жоўтай буйнапамернай цэглы. На шматлікіх цэглах заўважаныя адметныя фабрычныя клеймы.
Далей, у глыбі вуліцы, «хрушчоўкі» з традыцыйнай сілікатнай цэглы.
І нарэшце, на вуліцы Пушкіна пераважаюць панэльныя «хрушчоўкі».
Здзіўляюць рэдкія для нашага горада арачныя злучэнні балконамі паміж дамоў.
Шэрасць і непрыгляднасць простых формаў гэтых пабудоў ужо ў тыя часы спрабавалі прыхарошыць мінімальнымі аздобамі. Так, напрыклад, вонкавыя сцены лесвічнай групы адной з панэлек упрыгожылі ўкрапленнямі бітага каляровага шкла.
Дробязь, а ўжо прыемней.
Нарэшце варта адзначыць шматлікія варыянты мадыфікацыі «хрушчовак» у сучаснасці. Як вядома, у адрозненне ад законапакладальніцы «хрушчовак» Масквы, дзе хутка не застанецца гэтага «часовага жылля», практычныя беларускія горадабудаўнікі надаюць ім другое жыццё.
Часцей іх проста ўцяпляюць, тынкуюць і фарбуюць. Часам апроч іншага надбудоўваюць балконныя групы
Ну, а найбольшым шчасліўцам дадаюць «дамінанты» — вежачкі няяснага прызначэння.
Але гэта ўсё пры самой трасе, адной з самых галоўных артэрыяў горада — вул. Горкага. А вось да глыбіняў квартала горадабудаўнічае «ўкрашацельства» пакуль не дайшло… Так і даводзіцца самім жыхарам дадаваць фарбаў наваколлю на ўласны густ у стылі «ЖЭС-арт».
Назбіраныя з усіх ваколіц камяні і ўжываныя аўтапакрышкі ды некалькі слоікаў фарбы — і вуаля, «ландшафтны дызайнчык» пад уласным балконам.
Наогул шэрасць квартальнай забудовы стымулюе адмысловае пачуццё гумару і самаіроніі.
Асабіста я стараўся знайсці прыгажосць гэтага мікрараёна ў дапасаванасці яго да ўмоваў рэльефу. Трэба адзначыць, што амаль уся вуліца Пушкіна сфармавалася дзякуючы надзвычайнаму перападу вышыняў. А гэта фактычна ад рэчышча ручая Юрыздыкі і ажно да тэлевежы — большыя перапады у горадзе, здаецца, толькі ад Нёмана да старых ваданапорных вежаў…
«Лесвічны» прынцып чарговасці хрушчовак на вуліцы Пушкіна.
Напрыканцы вуліцы Пушкіна, ужо на скрыжаванні з Горкага, гэтая «лесвічка» як бы сканчаецца адмысловым дзевяціпавярховікам. Гэтая пабудова — адзін з першых у горадзе (разам з падобнымі на вул. Захарава і Сав. Памежнікаў) высотных жылых дамоў, і адзін з першых, дзе быў усталяваны ліфт.
Старыя скверы ўнутры квартала пераўтварыліся ў сапраўдныя невялічкія паркі.
На завулку Даватара захаваліся некалькі, напэўна, найстарэйшых савецкіх ліхтарных слупоў у горадзе.
Амаль у цэнтры мікрараёна знаходзіцца адзін з корпусаў універсітэта Я.Купалы, а заадно і мая alma mater.
Яшчэ зусім нядаўна на месцы цяперашняга паркінга стаяла каркасная канструкцыя доўгабуда дадатковага вучэбнага блока. Але ад завяршэння будаўніцтва вырашылі адмовіцца — аўтамабілізацыя студэнцтва перамагла. Поруч з вучэбным корпусам — студэнцкія інтэрнаты.
Аказваецца, ва ўніверсітэта ёсць свай студэнцкі гарадок. А нічога, што яно раскіданае па ўсім горадзе?!
З мемарыяльных адметнасцяў падчас вандроўкі па мікрараёне заўважаныя два помнікі: савецкі і зусім свежы.
Бюст ніяк з Гродна незвязанага савецкага генерала Даватара пры ўваходзе да СШ № 18.
Помнік так патрэбным сёння Законнасці і Справядлівасці — ля абласной пракуратуры.
ПАПЯРЭДНІЯ ВАНДРОЎКІ:
[irp posts="15 953″ name="Шпацыр па Пярэселцы-4: дом-піраміда, рэдкае сграфіта і свойская атмасфера"]
[irp posts="13 675″ name="Вандроўка па раёне зніклай вёскі, ад якой застаўся адзін дом"]
[irp posts="12 284″ name="Вандроўка па квартале гарадзенскіх «абшчагаў»: самы студэнцкі раён горада"]
[irp posts="10 622″ name="Фарты-2: Вандроўка паміж балотамі, царквой і кансулятам"]
[irp posts="9249″ name="Гродзенскія раёны: Фарты — вандроўка паміж даўжэзных дамоў"]
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…