Горад

Вандроўка па Каліноўскага — Церашковай: Вітаўт і рэтравясковы дызайн

Сёння шпацыр, прапанаваны Гродзенскім зялёным парталам, будзе нестандартны, паколькі будзе патрабаваць пераскокаў па розных дробных жылых квартальчыках. На паўночных ускраінах паваеннай Горадні ў розныя часы паўставалі невялічкія лапікі жылой забудовы, якія так і не перараслі ў паўнавартасныя мікрараёны і тым больш не займелі сваіх адметных назваў. Аднак для нас і яны вартыя нашай увагі, каб не прамінуць комплекснага падыходу ў аглядзе спальнага горада. Такім чынам, разгледзім тры паасобныя раёнчыкі, які раскінуліся па ўмоўнай восі вуліц Каліноўскага — Церашковай.

Працягам і развіццём папярэдняга квартала з’яўляецца адносна сучасны мікрараёнчык на ўсход ад вуліцы Пушкіна ў накірунку да вуліцы Дзяржынскага. Збудаваныя цягам апошняга дзесяцігоддзя тут, на месцы былой прамзоны, панэльныя шматпавярхоўкі нічым адметным ў плане архітэктуры не вылучаюцца. Ну, можа толькі кутнія 14-ціпавярхоўкі.

І нават у так свежым мікрараёне адчуваецца подых непераадольнага ў беларусах правінцыяналізму. Вясковасць здраджвае элементам ландшафтнага дызайну.

Каб менш тужыць за роднай хатай, нехта прыцягнуў каменныя жорны пад новую «хату» ў гарадскім мурашніку. Але ўсё-ж задэкараваў — «штоб красіва было».

Бусел… Ну якая-ж традыцыйная Беларусь без яго. Вось і «Беларусь» у новы дом прыносяць беларусы такую ж муляжную, нежывую, як гэты бусел ля шыльдачкі на «гарадском языке»…

Вось толькі беларускія сабачкі не разумеюць «чалавечаскага языка». Сабачая купка пад шыльдачкай.

Гарадскую, «панскую» культуру беларусам навогул цяжка засвоіць. Пераможца над немцамі ў Грунвальдскай бітве, Вітаўт, аказаўся цяжка паранены «фарбавымі бомбачкамі» ад сваіх жа нашчадкаў.

Западозрыць у нянавісці некага да мастацтва ў цэлым цяжка. Кінуць бомбачкі на графіці з абстрактнай наднацыянальнай казкі ў таго некага рука ўсё ж не паднялася.

Няясна, хто палічыў Вітаўта вартым цэлю, аднак найбольшай небяспекай для мікрараёна з’яўляецца аўтазапраўка, збудаваная ў цеснай блізкасці да жылых дамоў.

Аўтазапраўка сярод шматпавярховак
А зараз вернемся крыху на захад, назад да вуліцы Горкага. На скрыжаванні з вуліцай Каліноўскага разлакалізаваўся невялікі квартальчык. Ён быў збудаваны цягам ў 1960−80-х гадоў на месцы сядзібнай забудовы часткі Залатой Горкі. Шматкватэрныя дамы як бы ўрэзаліся ў былую радыяльную вулічную сетку, якая гарманічна абыграла ўзгорак на колішняй вуліцы Грандзіцкай. Грувасткія «мурашнікі» перакроілі тапаграфію гэтага месца.

Некаторыя сядзібныя дамкі сярод шматпавярховікаў як артэфакты нагадваюць зараз аб былой стратыграфіі Залатой Горкі.

І старыя грушы ды яблыні. Дамоў даўно няма, рэшткі садоў працягваюць жыць.

Наогул, мікрараён не адрозніваецца архітэктурнымі каштоўнасцямі: звыклыя хрушчоўкі ды брэжнеўкі. Праўда, у глыбіні квартала маецца колькі дамоў, збудаваных для эліты, як творчай, так і сацыяльна-палітычнай.

Сярод іншых заўважаная элітная пяціпавярхоўка з незвычайнымі маленькімі вакенцамі, закладзенымі шклоблокамі. Ванна-туалет — элітам патрабавалася акенца ў кожным пакойчыку…

Дарэчы, будынкі, якія выходзяць на вуліцу Каліноўскага, неяк крыху прыхарошылі — усё ж некалі, пасля праставання вуліцы ў будучыні, дамы будуць выглядаць на перспектыўную гарадскую артэрыю.

Трэба разумець, і ў элітаў ёсць праблемы з парковачнымі месцамі ля сваіх дамоў. Надпісы на дзвярах электрападстанцыі. Мне спачатку прачыталася, што недзе прапануюць пайсці выпіць кавы… На правах рэдактара канец мы замазалі.

Вось гляджу на гэты дом побач і разважаю: няўжо нехта ў графаманскай перепалцы за месца для свайго аўто пад сонцам выкарыстоўваў сцены цэлага дома! З няяснай прычыны хаатычна замазаныя шэрай фарбай сцены цаглянай пяціпавярхоўкі.

І яшчэ раз пераскочым, гэтым разам на ўсход — да невялікага квартальчыка ў межах вуліц Дзяржынскага, Церашковай і Каханоўскага. Самыя паўночныя ўскраіны паваеннага Гродна пачалі забудоўваць яшчэ ў канцы 1950-х. Першымі тады тут з’явіліся невялічкія хрушчоўкі, а таксама аднапавярховыя дамкі паўбаракавага тыпу для вайсковых сем’яў.

Двухпавярховыя хрушчоўкі

Вайсковыя дамкі
Дарэчы, яшчэ падобныя ў горадзе можна сустрэць на Пралетарскай і на Фолюшы. Праўда, ёсць у гэтым мікрараёне і зусім новыя дамы.
Адзін з першых ва ўсёй краіне энэргаэфэктыўны дом

Невялічкая невыгода — рэкуператар на балконе кожнай кватэры
Наогул, блізкасць да цэнтра горада стымулюе да пашырэння жылой забудовы коштам суседняй прамзоны.
Самы свежы шматпавярховы дом з серыі будынкаў новага квартала, анансаванага ў мінулым годзе
Але на сённяшні дзень мікрараён — гэта ў значнай ступені таксама квартал «абшчагаў» з 1960−70-х гадоў.
Адзін з інтэрнатаў, разбудаваны шмат пазней, напэўна ў «бязлядныя 1990-ыя», ужо патрабуе капітальнай увагі ЖКГ
Практычныя гарадзенцы элегантна выкарысталі вентыляцыйную трубу пад афішную тумбу.
Інтэрнаты — часта першае жыллё для месцічаў-нэафітаў. Вось і тут усплывае рэтравясковы дызайн.

Але найбольшая непавага і неабачлівасць да горада праявілася ў савецкіх праектантаў, калі ў непасрэднай блізкасці да палацава-паркавага комплексу «Станіславова» ўклінілі сучасныя нічым не адметныя будынкі. Калі дзевяціпавярховая «чэшка» проста не ўпісваецца сваёй высотнасцю, дык будынак прадуктовай крамы папросту перарэзвае цэласнасць ансамбля, аддзяляючы палац ад комплексу гаспадарчага двара Друцкіх-Любецкіх.

Калі да Станіславова дойдуць любячыя рукі, крама «Меркуры» — дакладна тут нежылец. Сам палац збудаваны на ўзгорку, які высіцца над балоцістай далінай, адкуль бяруць свае пачаткі рачулкі Гожа і Гарадніца. Гэта абумовіла высокія перапады рэльефа ваколіц.

Кожнаму гарадзенскаму кіроўцу знаны круты спуск вуліцы Церашковай. Апроч таго, істотна паўплывала на мясцовасць актыўная прамысловая дзейнасць чалавека. Некалі тут знаходзіліся кар’еры станіславоўскай кафлярні і цагельняў.

Дзіцячы садок у яме былых кар’ераў
ПАПЯРЭДНІЯ ВАНДРОЎКІ:

Вандроўка па раёне вуліцы Горкага: хрушчоўкі, самы стары ліхтар і «ЖЭС-арт»

Шпацыр па Пярэселцы-4: дом-піраміда, рэдкае сграфіта і свойская атмасфера

Вандроўка па раёне зніклай вёскі, ад якой застаўся адзін дом

Вандроўка па квартале гарадзенскіх «абшчагаў»: самы студэнцкі раён горада

Фарты-2: Вандроўка паміж балотамі, царквой і кансулятам

Гарадзенскі раён Фартоў: вандроўка паміж даўжэзных дамоў

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024