Спадчына

Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага

Да дня народзінаў Канстанціна Каліноўскага, 2 лютага, вальс Кацярыны Ваданосавай «1863» ўвасобіўся ў шчымлівую відэагісторыю. Яна - пра людзей, якія змагаліся за волю. Тады мужчыны сыходзілі са зброяй у лясы. Жанчыны — апраналі жалобу ў знак пратэсту. Сёння гісторыя паўтараецца. На яве і на экране. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» ўдзельнікі здымак кліпа расказалі, чаму гісторыя даўжынёй у 160 гадоў у 2023-м адчуваецца, як асабістая.

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры ў вобразах герояў 1863-га

Сюжэт стары, як само жыццё

«Гэта не канкрэтны гістарычны момант, а больш настрой, — кажа аўтарка музыкі і выканаўца жаночай ролі ў кліпе Кацярына Ваданосава. — Настрой паўстанца, які сыходзіць, і настрой жанчыны, што застаецца змагацца так, як можа».

«Сюжэт гісторыі стары, як само жыццё, — кажа пра кліп выканаўца ролі паўстанца Васіль Шэры. — Змаганне за волю. Змаганне тымі сіламі, якія ёсць у наяўнасці тут і цяпер: хто можа — змагаецца зброяй, хто можа — [іншай] дзеяй. Тут ёсць спалучэнне мужчынскай і жаночай моцы: ён ідзе на вайну, яна нясе звышмэту. Ён пераўтвараецца ў памяць, яна — ў ідэю».

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры на здымках кліпа да вальса «1863»

Наш час цешыць і страшыць. Як і час паўстанцаў

Кацярына расказала, што мелодыя вальса нарадзілася ўжо даўно. Але адшліфавалі і давялі яе да сённяшняга выгляду падзеі нядаўняга мінулага.

«Зараз мы пражываем вельмі блізкія эмоцыі і падзеі, як людзі, што жылі тады. Для мяне час вельмі цыклічны, — разважае Кацярына. — Я ўспрымаю яго не як людзі зараз, а можа, як старажытныя грэкі ўспрымалі. Усё паўтараецца. Што было тады, тое мы маем і зараз. Людзі сыходзяць на вайну — і тады сыходзілі. Паўставалі - і зараз паўстаюць. Мы жывем у вельмі выбітны час. Час, пра які будуць стварацца песні і вершы. Які будзе натхняць і адначасова пужаць нашых нашчадкаў. Гэта і цешыць, і вельмі страшыць».

Жанчына ў чорным і герой, што сыходзіць

«Для мяне вельмі блізкая і шчымлівая тэма жанчыны часоў паўстання, — тлумачыць Кацярына. — Яшчэ да паўстання яны мелі свой супраціў. Жанчыны апраналіся ў жалобу і нават мелі адмысловую „чорную“ біжутэрыю. Такім чынам яны паказвалі сваю нязгоду з палітыкай Расійскай імперыі. Пасля паразы паўстання, калі жандары сустракалі на вуліцы жанчыну ў чорным, яны мелі права запатрабаваць даведку, ці насамрэч у яе памёр нехта са сваякоў. Калі такой даведкі не было, ёй пагражаў штраф альбо нават высылка ці канфіскацыя маёмасці. Мне хацелася паказаць той вобраз „чорнай“ жанчыны, жанчыны ў жалобе, якая праводзіць героя. А ён сыходзіць у зіму, у холад. Што чакала гэтых людзей?.. Гэта так страшна і так цяжка».

«Мой персанаж — паўстанец, — расказвае Васіль Шэры. — Ускосна можна зразумець, што ён з незаможнай шляхты. [У момант развітання] ён разумее ўжо, што перамога адбудзецца не заўтра і нават не ў наступным годзе. І ён ідзе наперад, бо мэта яго вышэй за валоданне фальваркам і прывілеі, вышэй за ціхую ўтульнасць існавання, вышэй за асабістае жыццё».

Васіль Шэры на здымках кліпа да вальса «1863»

Іграць паўстанца, па словах Васіля, было вельмі натуральна: «Безумоўна, я трансляваў свой уласны досвед. У гэтай „ролі“ я ўжо шмат год, толькі ўлічваючы сучасныя гістарычныя ўмовы… У падрабязнасці не буду паглыбляцца — хто мае ведаць, той ведае… А як у гэтай „скуры“? Можна сказаць, я не вылазіў са сваёй».

Дуб, які памятае паўстанне

Месца для здымак кліпа таксама выбралі невыпадкова. Дрэва ў сюжэце мае ўласнае імя. Гэта 450-гадовы Дуб Дунін.

«Ён бачыў і бітвы паўстання 1863−64 гадоў, і развітані паўстанцаў з роднымі, — кажа Васіль. — Падляшша ў тыя часы адносілася да Гарадзенскага ваяводства і было ледзьве не цэнтрам канцэнтрацыі супрацьстаяння з імперскімі сіламі».

Героі кліпа пад дубам Дунін, дрэвам Еўропы 2022 года

«Гэта месца я вельмі люблю і лічу яго адным з самых маляўнічых і прыгожых месцаў Падляшша, — расказвае Кацярына. — Гэта дуб, названы ў гонар Дуніна-Марцінкевіча. У 2022 ён прызнаны дрэвам года ў Еўропе».

Для сябе і ў падарунак Каліноўскаму

«Я не ведаю, што з гэтага атрымаецца», — кажа Кацярына. Ідэя зняць «тэлефонавідэа» нарадзілася спантанна, падчас адной з сустрэч з сябрамі. Кацярына расказала ім пра жаданне зрабіць падарунак Каліноўскаму і сябры прапанавалі дапамагчы ў здымках.

Героіка і нават рамантызм музыкі і відэасюжэта, на думку Кацярыны, далёкія ад эскапізму ці сыходу ад сучасных праблемаў.

«У гэтым відэа я хацела паказаць адчуванне годнасці і светлага, незабруджанага патрыятызму. Гэта абсалютна нармальна і натуральна. Я буду вельмі ўсцешана, калі нехта адчуе падобныя са мной думкі і эмоцыі».

Васіль Шэры на здымках

«Каб помнілі і рабілі высновы, — так тлумачыць ідэю кліпа і сваю матывацыю паўдзельнічаць у яго стварэнні Васіль. — Каб узнялі галовы і дакрануліся да годнасці. Каб ведалі былое і, пераасэнсоўваючы яго, стваралі будучыню».

«Гэта [відэа] для мяне і для тых, хто са мной на адной хвалі, — кажа Кацярына. — Для тых, хто ведае, што ў Каліноўскага дзень народзінаў 2 лютага. Хто адзначаў угодкі паўстання. Для тых, каму гэта важна і хто адчувае падобным са мной чынам».

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры на здымках кліпа «1863»

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024