Беларусы будуць зарабляць па 2000 долараў, краіна будзе гандляваць з Расіяй і атрымліваць інвестыцыі з Захаду, а стратныя прадпрыемствы мадэрнізуюць без страты заробкаў для працоўных. Валерый Цапкала, які хоча стаць прэзідэнтам Беларусі, распавёў пра планы на сустрэчы са сваім актывам у Гродне.
Валерый прыйшоў на сустрэчу ў нефармальным выглядзе — джынсах і ружовай кашулі. Суправаджала яго жонка Вераніка. Мужчына падоўгу адказваў на пытанні і прыводзіў столькі прыкладаў, што прысутныя папрасілі яго быць больш кароткім.
Зрабіць ўсю краіну такой, як ПВТ
Валерый Цапкала хоча памяняць краіну, каб людзі атрымалі «годныя» зарплаты, жылі ў «добрых» гарадах і не марылі пераехаць. У гэтым і павінен заключацца сэнс выбараў, лічыць ён.
«Ідэя ў тым, каб зрабіць усю краіну, з пункту гледжання падатковага рэжыму, адносін паміж людзьмі, матывацыі, такой жа, як мы некалі
зрабілі Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), — нагадаў Валерый аб адным са сваіх паспяховых праектаў. — Каб мы не 10 гадоў марылі зарабляць па 500 долараў, а каб маглі за 5 гадоў сярэднюю зарплату давесці ад 300 долараў да 2000». Менавіта такім ён лічыць «нармальны, годны» заробак для беларусаў.
І з Расіяй, і з Захадам
Сваёй задачай Валерый Цапкала бачыць аднаўленне «добрых і дружалюбных» адносінаў з Расіяй, краінамі Еўрасаюза, ЗША, Канадай, Аўстраліяй, Японіяй і іншымі краінамі, якія «сёння ва ўпор нас не бачаць і ва ўпор не хочуць нас бачыць».
Ён плануе весці гандлёвыя адносіны з Расіяй, а Захад разглядаць як крыніцу інвестыцый і высокіх тэхналогій. Інвеставаць Захад будзе ў людзей, лічыць Валерый. Гэта ён убачыў на прыкладзе ПВТ.
— Але зараз не утрымаешся на двух крэслах. З кім мы павінны быць — з Расіяй ці з Захадам? — пытаюцца ў зале.
— Не варта вырашаць «або-або». Я выступаю за «і-і». Я лічу, што мы павінны быць з Расіяй і рэалізаваць усе магчымасці, якія ў нас ёсць. І павінны хоць бы ратыфікаваць усе існуючыя пагадненні з ЕС, якія адкрыюць нам новыя магчымасці, — сказаў Валерый.
Як трэба было змагацца з каранавірусам
Валерый Цапкала сказаў, што пандэмія каранавіруса дала уладам ва ўсіх краінах магчымасць прадэманстраваць, што людзі не дарма плацілі грошы. Ён не кажа, што каранцін — гэта правільнае рашэнне. Але лічыць, што Еўропа, ЗША, Кітай прадэманстравалі, што могуць забяспечыць людзей харчаваннем, праводзіць дэзінфекцыю грамадскіх месцаў - у Кітаі нават паркі дэзінфікуюць. У гэтых краінах арганізавана анлайн-навучанне, ёсць дыстанцыйнае кансультаванне ў медыцыне.
— Дзяржава павінна аказваць паслугі людзям, клапаціцца пра нас. А самая простая пазіцыя — сказаць, што ў нас нічога не адбываецца. Вы бачыце каранавірус? І я не бачу! Няма каранавіруса.
Таму Валерый плануе пабудаваць «грамадства, дзе будуць слухаць спецыялістаў. Дзе ты не можаш ведаць усё і быць найлепшым у хакеі, у сельскай гаспадарцы, у прамысловасці, у вірусалогіі, і ў біятлоне, і на баяне граць лепш за ўсіх».
Пра стратныя прадпрыемствы
— Некаторыя пытаюцца, зачыніць дзяржпрадпрыемствы — а што рабіць з супрацоўнікамі і працоўнымі месцамі? На стандартным беларускім дзяржпрадпрыемстве фонд аплаты працы складае 10%. 90% ідуць на закупку замежных камплектуючых. Гэта адна з прычын, чаму Беларусь «правалілася» у 2008−2009 годзе і не можа выйсці з гэтай сітуацыі.
Ён прывёў прыклад з Амерыкі - General Motors. Работнікам захоўваюць зарплаты, а прадпрыемства ў гэты час перабудоўваецца і выпускае іншыя мадэлі ці іншую прадукцыю.
— Мы працягвалі трактары будаваць. Запоўнілі ўсю тэрыторыю Мінскага трактарнага завода. Потым яны пачалі ўздоўж мінскай кальцавой дарогі стаяць. І гэта ўсё — замарожаныя грошы, якія вы недаатрымалі ў выглядзе заробкаў.
У 2009 годзе ВУП ЗША складаў 14 трлн долараў, у 2019 — 21 трлн долараў. У ЕС росту склаў 60%, у Кітаі - 270%. А ў Беларусі ВУП упаў, сказаў Валерый.
Пра фальсіфікацыю выбараў і крытыку дзеючай улады
— Каб выйграць выбары, праграмы і ідэй сёння недастаткова. Як вы плануеце выйграваць, калі мы збяром подпісы? Якія ў вас ёсць козыры ў рукаве? — пытаюцца прысутныя.
— Я таксама хачу апраўдаць давер людзей. Ці ёсць у нас козыр у рукаве? Ёсць. Але самае галоўнае, што мы робім разлік на меркаванне выбаршчыкаў, якія павінны вызначыцца, ці жадаюць яны пераменаў, — унікліва адказвае Валерый.
— Хваравітае пытанне — фальсіфікацыя выбараў. Як плануеце выйграваць, калі галасы не лічаць?
— Вышэйшай крыніцай улады па Канстытуцыі з’яўляецца народ. А Крымінальны Кодэкс кажа, што самым вялікім злачынствам з’яўляецца дзяржаўная здрада. Фальсіфікацыя галасоў - гэта дзяржаўная здрада. Тыя людзі, якія будуць гэта рабіць, павінны разумець, што яны ідуць супраць інтарэсаў народа.
Я вельмі спадзяюся, што настаўнікі, якія працуюць у выбарчых камісіях, перастануць баяцца. Яны павінны адчуць, што з’яўляюцца грамадзянамі, і не ісці на злачынства. Ім няма чаго губляць. Тое, колькі зарабляюць настаўнікі - гэта проста ганьба!
Чытайце таксма: Как претенденты в президенты будут собирать подписи во время пандемии
— Чаму вы не крытыкуеце ўладу на выступах і прэс-канферэнцыях?
— Мы будзем крытыкаваць. У дадзенай выпадку трэба проста пераварочваць старонку гісторыі. Мы нічога не дасягнем, калі будзем яе лаяць. Так, гэта 25 гадоў страчаных магчымасцяў. Але мы іх не вернем назад і не вернемся ў зыходную кропку.
«Дзяржаўныя сімвалы несучасныя»
Валерый Цапкала кажа, што цяперашняя дзяржаўная сімволіка несучасныя. Яна не адпавядае еўрапейскай геральдычнай традыцыі - больш падобная да афрыканскай. Але ёсць шмат людзей, якія 26 гадоў з ёй пражылі і «напэўна, шчыра махаюць гэтымі сцягамі». Ён плануе дазволіць выкарыстоўваць любую сімволіку, каб вучыць людзей талерантнасці.
— Я лічу, што павінны быць адкрытая дыскусія і пытанне на рэферэндуме. Але не так, калі вырашалася ў адзін бок. А каб была і іншая кропка гледжання прадстаўлена. Але самае галоўнае: хто-небудзь хоча выкарыстоўваць — калі ласка. Калі вы дома хочаце вывесіць БЧБ і Пагоню — вывешвайце.
Пра падтрымку гродзенцаў
— Я сапраўды спадзяюся на Гродна, усё ж такі гэта мой родны горад. Я сюды прыязджаю пастаянна — раз у месяц-паўтара, — прызнаецца Валерый. — Прашу гродзенцаў падтрымаць мяне, зыходзячы з таго, што я сапраўды магу шмат зрабіць для Беларусі. У мяне вельмі добрыя міжнародныя кантакты — у Расіі, у ЕС, у Вялікабрытаніі, у ЗША.
Я ведаю англійскую і фінскую мовы, умею камунікаваць з светам. Я думаю, што мог бы шмат карыснага зрабіць.
Чытайце таксама: Цепкало не первый. Как другие гродненцы пытались стать президентами Беларуси
Даведка
Цапкала Валерый Вільямавіч нарадзіўся 22 лютага 1965 года ў Гродне. Беларускі дзяржаўны дзеяч, дыпламат і кіраўнік, ініцыятар стварэння і шматгадовы дырэктар Парку высокіх тэхналогій. З 2018 года бяре ўдзел у развіцці Інавацыйнага цэнтра Mirzo Ulugbek Innovation Center у Ташкенце (Узбекістан), створанага паводле мадэлі ПВТ. Аб удзеле ў выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе Цапкала абвясціў 8 траўня. ЦВК зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу.
Падчас візіту ў Гродна Валерый Цапкала даў Hrodna.life інтэрв'ю — хутка мы яго апублікуем.