Пасля выхаду матэрыялу аб тым, што ў Гараднічанцы знайшлі некалькі надмагільных яўрэйскіх пліт, у рэдакцыю Hrodna.life звярнуліся гродзенцы, занепакоеныя лёсам знаходак. У выніку 17 жніўня мацэвы перанеслі пад сінагогу.
Усяго ў Гараднічанцы пад замкамі было знойдзена больш за дзясятак розных фрагментаў надмагільных камянёў, якія датуюцца канцом 19 ст. Шэсць валанцёраў паднялі мацэвы на бераг ракі, а пасля на машыне перавязі іх да сінагогі. Там ужо ёсць больш за дзясятак падобных камянёў, іх сюды прыносяць гараджане на працягу некалькіх гадоў.
Настаяцель іудзейскай абшчыны Гродна Барыс Квяткоўскі распавядае, што ў апошнія гады гродзенцы нясуць пад сінагогу шмат мацэваў. Пакуль у абшчыне прынята збіраць іх там, а ў будучыні камяні могуць перавезці на Занёманскія могілкі.
«Людзі знаходзяць яўрэйскія пліты, якія неяк выкарыстоўваліся ў гаспадарцы, — распавядае Барыс Квяткоўскі. — Пачалося ўсё гэта ў час нямецкай акупацыі ў 1941-м годзе, калі па-варварску руйнаваліся яўрэйскія могілкі для гаспадарчых патрэб. Адзін выпадак нам вядомы з лесвіцай да Гараднічанкі. Іншы гучны выпадак ужо з савецкіх гадоў, калі на Горкага сталі будаваць стадыён на закрытых яўрэйскіх могілках».
Барыс Квяткоўскі адзначае, што могілкі на Горкага разбуралі ў канцы 1950-х гадоў у адпаведнасці з заканадаўствам той дзяржавы. Могілкі былі зачынены і амаль 25 гадоў там не хавалі людзей.
«Савецкая дзяржава вырашыла зрабіць на могілках стадыён і мела на гэта права. Вядома, велізарная колькасць пліт і мацэваў экскаватарам згрузілі ў кучу, а людзі прыходзілі і іх разбіралі на свае патрэбы. Яўрэйскае насельніцтва тады не ўздымала пытанне могілак па розных прычынах. Людзі змірыліся, як з непазбежным, але ў яўрэяў было негалоснае рашэнне, што на той стадыён — ні нагой».Помнікі і надмагільныя пліты з тых могілак, па ўспамінах відавочцаў, пайшлі на ўмацаванне пастамента Леніну, а таксама «разнесліся» па гаспадарках шматлiкiх гродзенцаў. Часткова перапахавалі парэшткі людзей толькі падчас рэканструкцыі стадыёна ў 2000-х гадах. Пасля рэканструкцыі яўрэйскай абшчыне ўдалося ўсталяваць памятную шыльду на агароджы спартыўнага комплексу.
На месцы іншых могілак, якiя знаходзілася ў цэнтры горада, зараз аўтастаянка i дзіцячы сад па вулiцы Вялiкай Траецкай. Перапахавання ў савецкі час ніхто не рабіў, бо нашчадкі тых, хто спачывае на могілках, былі забітыя немцамі ў гады Халакосту.
«Зараз вырасла новае пакаленне і змянілася стаўленне людзей да нашай нацыі і да людзей агулам, — дадае Барыс Квяткоўскі. Сёння нешта рухае людзьмі: адшукаўшы надмагільныя пліты, яны прыносяць іх да нас, бо не ведаюць, што з імі рабіць. Калі шчыра, то і мы не ведаем, што рабіць. Але падумалі, калі народ прыносіць, значыць ёсць нейкі пазыў, ёсць жаданне паказаць нешта.
Я думаю, знойдзеныя мацэвы пакуль могуць быць ля сінагогі. Можа яшчэ ў каго-небудзь з’явіцца жаданне прынесці сюды яўрэйскія камяні. Гэта добры прыклад для ўсіх — вярнуцца да сваёй гісторыі. Сёння людзі робяць усё, каб у Гродне могілкі не разбураліся, а ператвараліся ў мемарыялы пад адкрытым небам і месцы для шпацыраў».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…