Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі гэтую прышчэпку плануюць унесці ў нацыянальны каляндар — у нявызначанай будучыні. Жадаючыя прышчапіцца цяпер сутыкаюцца з цяжкасцямі: стаяць месяцамі ў чэргах, вытрачаюць сотні рублёў і чуюць у паліклініках, што вакцыны няма. Журналістка Hrodna.life вывучыла, як беларусы вакцынуюцца ад ВПЧ.
Вірус папіломы чалавека (ВПЧ) — гэта найбольш распаўсюджаная інфекцыя, якая перадаецца палавым шляхам. Гэта шырокая група вірусаў (больш за 100 тыпаў), здольных паражаць скуру і слізістыя абалонкі чалавека. ВПЧ можа выклікаць розныя захворванні, уключаючы розныя тыпы рака.
Яшчэ ў красавіку 2023 года на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку Еўрапейскага тыдня імунізацыі, кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Сяргей Дзіордзіца адзначыў важнасць укаранення вакцынацыі супраць ВПЧ (віруса папіломы чалавека) у нацыянальны каляндар прышчэпак. У 45 краінах Еўрапейскага рэгіёну СААЗ вакцынацыя ад ВПЧ ўжо ўкаранёна ў рамках нацыянальных календароў імунізацыі.
У Беларусі гэтае пытанне вывучаецца ўжо больш за 10 гадоў. Беларусы напісалі петыцыю з просьбай унесці вакцынацыю ад ВПЧ у нацыянальны каляндар. Гэта дазволіць праводзіць закупкі вакцын на дзяржаўным узроўні і знізіць іх кошт. Цяпер прышчапіцца атрымліваецца не ва ўсіх жадаючых з-за высокіх коштаў на вакцыну і доўгіх тэрмінаў чакання.
Рак шыйкі маткі займае другое месца сярод анкалагічных захворванняў у жанчын у Беларусі. Прычынай такога тыпу анкалогіі прыкладна ў 99% выпадкаў з’яўляюцца вірусы папіломы чалавека. Па дадзеных СААЗ, вакцынацыя ад ВПЧ лічыцца найбольш надзейным метадам прадухілення рака шыйкі маткі. У Вялікабрытаніі вакцынацыя пачалася адной з першых. У выніку, у жанчын, якія нарадзіліся пасля верасня 1995 года, практычна не назіраецца выпадкаў гэтага захворвання.
У Беларусі прышчаплялі двума імпартнымі вакцынамі - «Царварыкс» (Бельгія) і «Гардасіл» (Нідэрланды). Першая — супраць ВПЧ двух тыпаў, другая — чатырох. Прышчапіцца можна як у дзяржаўных, так і ў прыватных медыцынскіх установах.
Пытанні выклікае наяўнасць вакцыны ў медустановах. У адказе на петыцыю 2 лютага 2024 года Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што ў Дзяржаўны рэестр лекавых сродкаў уключаны абедзве вакцыны.
15 лютага 2024 стала вядома, што з Дзяржаўнага рэестра лекавых сродкаў знікла інфармацыя аб прышчэпцы «Гардасіл». Гэта значыць, на яе больш няма рэгістрацыі, і прэпарат не будзе прадавацца ў Беларусі. На гэта звярнулі ўвагу чытачы Telegram-канала «Белые Халаты.News».
Журналістка Hrodna.life спрабавала запісацца на вакцынацыю пад выглядам кліенткі ў некалькіх медустановах Гродна і Мінска. Па тэлефоне ў 19-й цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна Мінска распавялі, што прышчапляюць вакцынай «Гардасіл», якую прывозяць пад заказ, і па папярэдняй аплаце. Кошт трох доз вакцыны па дадзеных на 6 траўня 2024 года ў гэтай паліклініцы складае 1150 руб.
У канцы 2022 года СААЗ апублікавала абноўленыя рэкамендацыі па ўжыванні вакцын супраць ВПЧ. Паводле СААЗ, аднадозавая вакцынацыя можа забяспечыць высокую эфектыўнасць і доўгатэрміновую абарону, параўнальную з двухдозавай вакцынацыяй.
Паводле інфармацыі на сайце 103.by, у медцэнтры Ладэ мінчане таксама могуць прышчапіцца нідэрландскай вакцынай «Гардасіл». Кошт адной дозы — 408,85 рублёў. Аднак пацыентам «Ладэ» ў Гродне правесці вакцынацыю супраць ВПЧ не атрымаецца. У спісе медыцынскіх паслуг прапанаваны толькі аналіз на выяўленне віруса.
На сайце Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра пазначана цана за адну дозу вакцыны «Гардасіл» — 339,10 рублёў. Але запісацца на працэдуру па тэлефоне не атрымалася: у даведачнай паведамілі аб адсутнасці вакцыны на дадзены момант.
Зараз вакцына ад ВПЧ даступная ў медустановах не заўсёды. У сацыяльных сетках медыкі раяць запытваць прышчэпку праз кіраўніцтва паліклінік, якое можа звязацца з «Белфармацыяй» і пры наяўнасці паставак замовіць вакцыну.
У цяперашні час беларусы шукаюць магчымасць прышчапіцца супраць ВПЧ-інфекцыі з дапамогай розных Telegram-чатаў. Інфармацыя аб наяўнасці вакцыны і цане перадаецца па сарафаннаму радыё. Людзі дзеляцца адзін з адным інфармацыяй, ці трэба станавіцца ў чаргу ці ж вакцына даступная для прышчэпкі неадкладна. Чаты становяцца для многіх асноўнай крыніцай інфармацыі аб магчымасці вакцынацыі ад ВПЧ.
8 траўня 2024 года ў афіцыйным Telegram-канале «Белфармацыі» з’явілася інфармацыя пра паступленне шэрагу вакцын, у тым ліку і супраць ВПЧ. Апошняя адгрузка вакцыны «Гардасіл» у аддзеле закупак была ў красавіку 2024, наступная будзе ў канцы траўня. Вакцына «Царварыкс» — у наяўнасці на аптэчным складзе і адпускаецца па заяўках аддзела закупак. У такім выпадку вакцыну могуць паставіць па запыце медустановы.
Тэма вакцынацыі супраць ВПЧ абмяркоўваецца ў Беларусі не першы год. Яшчэ ў 2013 годзе з’явілася інфармацыя, што ў Мінску планавалі ўкараніць вакцынапрафілактыку ВПЧ на дзяржаўным узроўні. У ходзе круглага стала разглядаліся магчымасці ўкаранення бясплатнай вакцынацыі.
У 2017 годзе ў рэдакцыі часопіса «Здравоохранение» праводзіўся круглы стол на тэму «Рак шыйкі маткі: праблемы і магчымасць іх вырашэння». Тады прафесар Сяргей Красны адзначыў, што вакцынаванне двума ці трыма дозамі пакуль што недаступнае для Беларусі праз высокі кошт пастаўкі.
Пасля звароту беларусаў у Міністэрства аховы здароўя ў студзені 2024 года з просьбай уключыць вакцынаванне супраць ВПЧ-інфекцый у нацыянальны каляндар быў апублікаваны афіцыйны адказ. У ім гаварылася аб ацэнцы мэтазгоднасці правядзення масавай імунізацыі супраць ВПЧ, што ажыццяўляецца ў цяперашні час. Па выніках гэтай ацэнкі будзе вызначана магчымасць укаранення ў нацыянальны каляндар.
8 траўня 2024 года стала вядома аб паўторным звароце занепакоеных беларусаў да Міністэрства аховы здароўя. У петыцыі грамадзяне просяць даць адказ аб тым, скончана ці праводзіцца ацэнка і калі чакаць уключэнне.
Чытайце таксама: У Беларусі пачнуць прывіваць ад віруса папіломы чалавека. Чаму гэта важна?
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…