934 вакансіі прапануюць грамадзянам Украіны 94 наймальнікі з Гродзенскай вобласці. Спіс размясцілі на сайце ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама. Hrodna.life паглядзеў, якія вакансіі і зарплаты прапануюць украінцам ў Гродне. Некаторыя вакансіі для гродзенцаў і мігрантаў - аднолькавыя.
Агулам у Беларусь з 24 лютага да 20 траўня 2022 прыбыла 27 868 грамадзян Украіны, паведамляе БелТА са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт.
У бальніцах і паліклініках — без жылля і з маленькім заробкам
У медыцынскіх установах Гродна для грамадзян Украіны прапануюць у асноўным вакансіі малодшага медыцынскага персаналу. Пры гэтым у горадзе ёсць неабходнасць у 91 лекары-спецыялісце.
Санітарак клічуць у паліклініку № 7, у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, у гарадскія бальніцы № 2, 3, 4, 7, Абласны перынатальны цэнтр (радзільню), у абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія». Заробкі паказваюць невялікія: ад 457 да 570 рублёў.
Лекара клінічнай лабараторнай дыягностыкі, уролага і алерголага-імунолага запрашаюць у паліклініку № 4. Абяцаюць плаціць ад 700 да 800 рублёў.
Фельчарам-лабарантам, медыцынскім сёстрам і памочніку лекара заплацяць ад 633.
Гэтыя вакансіі прапануюць без прадастаўлення жылля. Санітаркай і кухарам з прадастаўленнем жылля можна ўладкавацца ў дзіцячую абласную бальніцу.
Ад 450 рублёў для слесара да 2061 для інжынера-праграміста на заводах
Больш за 100 украінцаў гатовыя прыняць на працу на завод «Белкард». Слесару па рамонце аўтамабіляў прапануюць заробак ад 450 рублёў, цеслярам, кухарам, інжынеру-канструктару, слесару-інструментальшчыку — ад 600. Электраманцёру, шліфоўшчыку, слесару па рамонце і абслугоўванні сістэм вентыляцыі абяцаюць ад 650 рублёў. Слесару-рамонтніку і токару гатовыя плаціць 700 рублёў. Больш за ўсё можа зарабіць галоўны канструктар — 1300−1800 рублёў.
На гэтыя ж вакансіі могуць прэтэндаваць і жыхары Гродна. На сайце ААТ «Белкард» размешчаны такі ж спіс вакансій. Мы заўважылі невялікую розніцу ў заробку. Напрыклад, галоўнаму канструктару прапануюць крыху больш — 1430−1980 рублёў.
Чытайце таксама: Работа и актуальные вакансии в Гродно
На ААТ «БелТАПАЗ» патрабуюцца шліфоўшчык, слесар-рамонтнік, электраманцёр і прасаўшчык лому. Заробкі ад 500 да 800 рублёў.
Будучым супрацоўнікам гэтых заводаў дадуць інтэрнат.
Чытайце таксама: Гродненскую обувную фабрику отдали частному «Белвесту» — сравнили зарплаты и цены
На тытунёвую фабрыку «Нёман» запрашаюць кухара і кандытара з заробкам ад 800 рублёў. Сістэмнаму адміністратару, спецыялісту па знешнеэканамічнай дзейнасці і інжынеру-праграмісту абяцаюць 2061 рубель. На гэтыя пасады могуць уладкавацца і гродзенцы.
На «Гроднажылбуд» грамадзянам Украіны абяцаюць заробкі 1600 рублёў для мантажнікаў, мастоўшчыкаў і электразваршчыкаў. Таксама прадастаўляюць жыллё. Для жыхароў Гродна спіс вакансіі шырэйшы. Шукаюць токараў, машыністаў, наладчыкаў абсталявання, цесляроў, тынкоўшчыкаў і іншых.
Шукаюць кіроўцаў, кухараў, мыйшчыкаў посуду
У аўтобусным парку ёсць для ўкраінцаў 45 вакансій кіроўцаў аўтамабіля катэгорыі Д. Зарплата — 1600 рублёў. Таксама клічуць токара за 700 рублёў і слесараў за 800. Супрацоўнікам дадуць інтэрнат. У тралейбусным упраўленні прымуць трох кіроўцаў за 1005 рублёў. Таксама там шукаюць кухараў за 800 і кандытара за 480 рублёў. У Камбінат школьнага харчавання Ленінскага раёна клічуць 7 мыйшчыкаў посуду за 630 рублёў і 10 кухараў за 730.
Чытайце таксама: Паштальёнам — 488, абутнікам — 450. Якія заробкі прапануюць на дзяржпрадпрыемствах у Гродне
Вакансіі для ўкраінцаў ужо прапаноўвалі ў 2014 годзе
Працоўныя месцы для перасяленцаў з Украіны актыўна прапаноўвалі ў Беларусі ў 2014 годзе, пасля пачатку вайны ў Данбасе. Па стане на верасень 2014 года ў Беларусь пераехала каля 25 тыс. грамадзян Украіны, расказваў агенцтву БелТА рэгіянальны прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі, Малдове і Украіне Олдрых Андрысек. Тады больш за ўсё прапаноў працы было ў сферы будаўніцтва і сельскай гаспадарцы.
Украінцаў запрашалі на працу і ў Гродне. На «Радыёхвалі» тады не хапала 100 супрацоўнікаў для вязання жгутоў. Закрылі вакансіі грамадзянамі Украіны, якіх запрашалі на часовыя камандзіроўкі. Іх забяспечвалі жыллём, двухразовым харчаваннем і забвамі. Некаторыя прыезджыя з Украіны заставаліся на даўжэй. Напрыклад, Андрэй Дзікоў у 2014-м уладкаваўся ў тэхаддзел, а зараз працуе галоўным інжынерам прадпрыемства.
З верасня 2014 Лукашэнка вызваліў украінскіх уцекачоў ад платы за дазвол на працу, афармленне віду на жыхарства і за некаторыя медпаслугі.