Чатыры гады таму, 24 лютага 2022 года, Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Хоць ваенныя дзеянні напрамую не закранаюць Гродзеншчыну, рэгіён адчувае наступствы вайны. Напрыклад, санкцыі і змены на межах з ЕС уплываюць на эканоміку вобласці. Акрамя таго, у вайне ўдзельнічаюць беларусы — ваююць як на баку Расіі, так і за Украіну. І гінуць.
Рэдакцыя Hrodna.life падлічыла, колькі жыхароў Гродзенскай вобласці загінула на вайне за гэтыя чатыры гады.
Змест
- Вайна ва Украіне і беларусы: колькі ваююць і колькі загінула
- Ураджэнцы Гродзенскай вобласці, якія ваявалі на баку Расіі і загінулі
- Ураджэнцы Гродзенскай вобласці, якія ваявалі на баку Украіны і загінулі
- Загінулі да 2022 года ва Украіне
Вайна ва Украіне і беларусы: колькі ваююць і колькі загінула
Па стане на пачатак 2025 года ў складзе расійскай арміі налічвалася як мінімум 742 найміты з пашпартам Рэспублікі Беларусь, паведамляў праект «Хочу жить». У гэты спіс патрапілі не ўсе беларусы: некаторыя з іх могуць мець расійскія пашпарты, і яны не будуць лічыцца наёмнымі вайскоўцамі.
Паводле дадзеных праекта на канец 2025 года, за гады вайны загінулі не менш за 328 беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі.
У той жа час на вайне загінула каля 100 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі за Украіну. Такія даныя прыводзіла кіраўніца місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна.
Дакладных звестак пра колькасць загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў няма — гэтая інфармацыя засакрэчаная, каб не нашкодзіць іх родным у Беларусі. Але гэта адна з самых вялікіх нацыянальных груп у сілах абароны Украіны.
У 2024 годзе камандзір палка Кастуся Каліноўскага (гэта толькі адно з беларускіх падраздзяленняў у складзе УСУ) назваў колькасць чалавек, якія прайшлі праз полк — 5000.
Ураджэнцы Гродзенскай вобласці, якія ваявалі на баку Расіі і загінулі
2022 год: двое лідчан і жыхар Ваўкавыска
Дакладных дадзеных пра колькасць жыхароў Гродзенскай вобласці, якія загінулі ў вайне ва Украіне на баку Расіі, няма, але вядомыя асобныя выпадкі.
Мікалай Маркаў
Адстаўны палкоўнік беларускай арміі Мікалай Маркаў з Ліды. Ён загінуў ва Украіне, пілатуючы расійскі самалёт, паведамляла «Еўрарадыё». Маркаву было 63 гады, ён быў лётчыкам і ваяваў супраць Украіны ў складзе расійскай прыватнай ваеннай кампаніі.
Паводле паведамленняў, яго збілі 12 траўня над горадам Папасная (Луганская вобласць) на штурмавіку Су-25.
Пахаванне Мікалая Маркава прайшло 17 траўня 2022 года ў Лідзе.

Павел Яўглеўскі
У сярэдзіне красавіка 2022 года стала вядома пра гібель ва Украіне беларуса Паўла Яўглеўскага. Яўглеўскі нарадзіўся ў Расіі, але пераехаў у Ліду яшчэ да распаду Савецкага Саюза. Скончыў Мінскае Сувораўскае ваеннае вучылішча, затым вучыўся ў Данецкім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы. З 2014 года ваяваў на ўсходзе Украіны, у 2015 годзе быў паранены і знаходзіўся ў шпіталі, паведамляў MOST.
Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў займаў пасаду камандзіра 4-га батальёна 105-га палка «ДНР». Павел Яўглеўскі загінуў у Марыупалі 9 красавіка ў баях з байцамі батальёна «Азоў».

Васіль Курловіч
Васіль Курловіч з Ваўкавыска з’ехаў ваяваць ва Украіну ў 2014 годзе. Спачатку знаходзіўся ў Луганску, затым пераехаў у Данецк. Паводле даных ByPol, Курловіч займаўся «ліквідацыяй дыверсійных груп». Ён таксама меў судзімасці па «наркатычных» артыкулах, з турмы выйшаў у 2012 годзе.
Суседзі апісвалі яго адмоўна, адзначалі магчымае ўжыванне наркотыкаў. Вядома, што маці Курловіча жыла дзесяць гадоў у Італіі, ёсць сястра. Пра яго смерць стала вядома ў канцы сакавіка 2022 года, першыя звесткі з’явіліся 23 сакавіка, але дакладная дата і абставіны гібелі невядомыя.
2024 год: гродзенец, лідчанін і жыхар Індуры
За 2023 год інфармацыі пра загінулых гродзенцаў або жыхароў вобласці няма. У 2024 годзе стала вядома, што ва Украіне загінуў ураджэнец мястэчка Індура (Гродзенская вобласць) 55-гадовы Андрэй Авярушка.
Ён служыў у расійскай арміі па кантракце і быў прыпісаны да 254-га гвардзейскага мотастралковага палка. Паведамленне пра гібель беларуса датуецца 10 жніўня 2024 года.
Леанід Веднік
Таксама ёсць інфармацыя пра загінулага гродзенца — 37-гадовага Леаніда Ведніка.
Ён памёр 29 снежня 2024 года. Ён значыцца ва ўкраінскай базе «Міратворац» як баявік незаконнага ўзброенага фармавання, баявік в/ч 08808, якая падпарадкоўвалася з 2014 да 2022 года ўзброеным сілам падкантрольнай Расіі так званай Данецкай Народнай Рэспублікі.

Пліта Леаніда Анатольевіча Ведніка з’явілася ў калумбарыі на могілках «Аульс» у Гродне і патрапіла на рэкламнае відэа вытворцы помнікаў.
На расійскім сайце «Потери» значыцца, што Леанід Веднік «загінуў пры выкананні задач падчас удзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны. Смерць звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы». Таксама там пазначана, што ён быў стральцом штурмавога атрада.
Руслан Нікіцін з Ліды
Пра смерць былога спецназаўца з Ліды Руслана Нікіціна, які ваяваў на баку Расіі ва Украіне, паведамілі яго аднакласнікі. Паводле іх даных, беларус загінуў пад Харкавам 16 траўня 2024 года.
Руслан Нікіцін нарадзіўся ў Лідзе, скончыў школу №9 і ў школьныя гады атрымаў мянушку «Камуфляж», удзельнічаў у тэатральных пастаноўках і добра спяваў. Тэрміновую службу праходзіў у разведцы спецназа 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння.

Знаёмыя казалі, што Нікіцін ажаніўся з расіянкай, пераехаў у Расію і атрымаў расійскі пашпарт. Ваяваць ва Украіну ён пайшоў па ўласнай ініцыятыве. На фота з фронту побач з нашыўкай «Z» у яго была нашыўка з чырвона-зялёным сцягам.
У яго засталіся маці ў Беларусі і жонка з сынам у Расіі.
2025 год: загінулых з Гродзенскай вобласці стала больш
Яўген Станкевіч і Яўген Піваварчык
Яўген Станкевіч з Гродна загінуў на вайне ва Украіне 5 траўня 2024 года. Пра яго смерць стала вядома праз паўтара года.
25-гадовы Яўген Піваварчык з Навагрудка праходзіў службу як памежнік на беларуска-ўкраінскай мяжы.
З 2023 па 2024 год ён шукаў падпрацоўкі. Таксама пісаў у тэматычныя Telegram-чаты пра камп’ютарныя гульні. Потым малады чалавек пайшоў ваяваць на баку Расіі. Калі Піваварчык падпісаў ваенны кантракт — невядома. Навагрудчаніна прызналі загінулым 5 чэрвеня 2025 года.

Пётр Урбановіч з Індуры
Таксама на расійскім сайце «Потери» ёсць інфармацыя пра яшчэ аднаго загінулага жыхара пасёлка Індура — Пятра Урбановіча. Паводле даных сайта, мужчына загінуў 24 сакавіка 2025 года.
Урбановіч загінуў у Данецкай вобласці менш чым праз два месяцы пасля падпісання кантракта, паведамляў тэлеканал «Белсат». Яго сям’я атрымала афіцыйнае паведамленне пра смерць.
Урбановіч далучыўся да расійскай арміі ў верасні 2024 года, падпісаўшы кантракт на год. Вядома, што 7 верасня ён знаходзіўся ў Растове-на-Доне, які служыць тылавой базай расійскіх войскаў.

Да вайны мужчына жыў у аграгарадку Індура Гродзенскага раёна і працаваў у мясцовым лясгасе. Раней ён быў судзімы за крадзеж тэлефона і атрымаў штраф. Таксама ў 2020 годзе яго шукала міліцыя за ўхіленне ад яўкі ў аддзел унутраных спраў, дзе ён меў патлумачыць факт знаходжання ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы.
Мужчына быў у разводзе.
Сяргей Бандык
20-гадовы Сяргей Бандык быў жыхаром Гродзенскай вобласці.
Кантракт з Узброенымі сіламі Расіі ён заключыў 29 студзеня 2025 года і патрапіў у 57-ы мотастралковы полк, які дзейнічаў у раёне Пакроўска. Паводле даных праекта «Хочу жить», Бандык быў прызнаны загінулым 16 чэрвеня 2025 года.
Паводле слоў сваячкі, з якой камунікавалі журналісты «Вот Так», маці маладога чалавека была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, а падлеткавыя гады ён правёў у інтэрнаце.
Яго профіль ва «ВКонтакте» быў падпісаны словамі «П’ю, куру, лаюся матам» (руск. «Пью, курю, ругаюсь матом»). На апошнім відэа 2019 года ён «лапае», як ён сам падпісаў, помнік савецкай падпольшчыцы Зоі Касмадзям’янскай — аналагічны стаіць на тэрыторыі школы-інтэрната ў Ашмянах.
Паводле даных «Кіберпартызан», Бандык не менш за 13 разоў прыцягваўся па адміністрацыйных артыкулах. У снежні 2019 года ён «сарваў правядзенне самападрыхтоўкі» ў Ваўкавыскім дзіцячым доме — «бегаў, кідаў у выхавацельку падушкамі і цацкамі з ялінкі, выбіў уваходныя дзверы ў групу».
Бандык срываў урокі, ужываў алкаголь і клей «Маналіт», часта з’яўляючыся на публіцы ў непрымальным стане.
У 2024 годзе, як пацвердзілі «Кіберпартызаны», Бандык знаходзіўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі № 4 горада Віцебска.
Віталь Назаранка
У пачатку лістапада 2025 года стала вядома пра гібель гродзенца Віталя Назаранкі.
Калі дакладна загінуў мужчына — невядома, аднак на старонцы «Гродзенскага пахавальнага дома» ёсць інфармацыя пра пахаванне поўнага цёзкі дадзенага гродзенца (супадаюць імя, прозвішча і імя па бацьку, дата нараджэння не пазначана). Пахаванне праходзіла 23 верасня 2025 года. Пахавалі гэтага гродзенца на могілках «Аульс».

Сяргей Аніська
У кастрычніку 2025 года з’явілася інфармацыя пра гібель 35-гадовага жыхара Гродна Сяргея Аніські. Ён служыў у 291-м гвардзейскім мотастралковым палку.
На старонцы ва «УКантакце» Сяргея Аніські 28 чэрвеня 2025 года з’явіўся пост жыхаркі Масквы Ірыны Расавецкай: «Сережа числится в статусе пропавший без вести на СВО!!! Если кто может помочь с поисками пишите в личку» (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя). Паводле інфармацыі «Хочу жить», Аніську прызналі загінулым за шэсць дзён да гэтага — 22 чэрвеня.

Дзмітрый Пашкевіч і Ілья Созінаў
У пачатку лістапада 2025 года з’явілася інфармацыя пра гібель Дзмітрыя Пашкевіча са Смаргоні. Яму было 45 гадоў.
Таксама ёсць інфармацыя пра гібель у 2025 годзе 27-гадовага Іллі Созінава з Ваўкавыска.
2026 год: рэпер з Астраўца
23-гадовы Герман Маціевіч з Астраўца загінуў на вайне ва Украіне на баку Расіі, правёўшы на фронце каля месяца. Пра яго смерць стала вядома ў лістападзе 2025 года з суполкі «Не жди меня из Украины».
Маціевіч нарадзіўся ў Смаргоні і вырас у Астраўцы, працаваў ахоўнікам, захапляўся рэпам і камп’ютарнымі гульнямі. Вясной 2025 года ён добраахвотна адправіўся на вайну. Апошні раз выходзіў на сувязь 18 красавіка, апублікаваўшы фота са зброяй.

Ураджэнцы Гродзенскай вобласці, якія ваявалі на баку Украіны і загінулі
2022 год: студэнт з Гродна і Дзмітрый «Тэрор» са Смаргоні
Міхаіл Шавельскі
Студэнт з Гродна Міхаіл Шавельскі загінуў ва Украіне 11 кастрычніка 2022 года. Яму быў 21 год. Міхаіл вучыўся ў Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Польшчы.
Раней ён тры гады вывучаў псіхалогію ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і быў актыўным прыхаджанінам Гродзенскай лютэранскай царквы, дапамагаў святару Уладзіміру Татарнікаву. У 2021 годзе Міхаіла адлічылі з універсітэта па палітычных матывах. Каб пазбегнуць службы ў беларускім войску, ён з’ехаў у Польшчу і паступіў у багаслоўскую акадэмію.
Калі Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, Міхаіл прыпыніў навучанне і адправіўся добраахвотнікам падтрымліваць украінскую армію.

Дзмітрый Апанасовіч са Смаргоні
Яшчэ адзін загінулы — 32-гадовы Дзмітрый «Тэрор» Апанасовіч са Смаргоні. Нарадзіўся 15 жніўня 1989 года ў Смаргоні. З юнацтва займаўся рукапашным боем, служыў у 2013–2014 гадах у 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе Сіл спецыяльных аперацый у Брэсце, меў падрыхтоўку снайпера.
У 2017–2018 гадах з’ехаў у Польшчу, працаваў дальнабойнікам. У жніўні 2020 года ненадоўга прыязджаў у Беларусь, каб удзельнічаць у пратэстах.

25 лютага 2022 года, на наступны дзень пасля пачатку вайны, выехаў з Варшавы ва Украіну і ўступіў у полк імя Кастуся Каліноўскага, дзе камандаваў падраздзяленнем. 26 сакавіка 2022 года быў цяжка паранены падчас бою ў Ірпені Кіеўскай вобласці і памёр у бальніцы. Пахаваны ва Украіне.
Дзмітрыю пасмяротна прысвоілі медаль Міністэрства абароны Украіны «За баявыя заслугі».

Загінулі да 2022 года ва Украіне
Раней ва Украіне таксама гінулі ўраджэнцы Гродзенскай вобласці.
Напрыклад, Васіль «Вагон» Ганчарэнка, родам з Навагрудка, ваяваў на баку Украіны. Ён жыў у Белай Царкве і ў 2014 годзе быў паранены пры выхадзе калоны з-пад Ілавайска. Мужчына памёр 7 верасня 2014 года. Пазней яму прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Белай Царквы.
На баку Расіі паведамлялася пра гібель Сяргея Н., жыхара адной з вёсак Гродзенскага раёна, які раней служыў у мінскім спецназе. Ён загінуў у 2015 годзе пад пасёлкам Каменева, атрымаўшы асколачныя раненні галавы і грудной клеткі, пералом чэрапа і рэбраў, а таксама пашкоджанні ўнутраных органаў. Пахаванне прайшло ў яго роднай вёсцы, на ім прысутнічалі калегі па службе з розных гарадоў краіны.



