Крэатон — мерапрыемства, дзе рэкламісты, дызайнеры і мэнэджары збіраюцца і 24 гадзіны генеруюць ідэі для праектаў. Юбілейны пяты Крэатон вырашылі правесці незвычайна — выкупілі цэлы вагон цягніка Мінск-Гродна-Мінск, каб 60 чалавек маглі крэатывіць удалечыні ад цывілізацыі і інтэрнэту.
Кліентамі крэатона былі праекты: дзіцячая ініцыятыва «Тэатр для ўсіх!», харавая капэла, праваабарончая арганізацыя Human Constanta і рэгіянальнае гарадское выданне Hrodna.life. За ўвесь час існавання на Крэатон даслалі каля 100 заявак, прайшлі адбор 20 з іх. Кожны раз выбіраюць праекты розныя па скіраванасці і запыце, каб удзельнікі маглі папрацаваць з рознымі задачамі.
Конкурс ёсць не толькі сярод патэнцыйных кліентаў, але і сярод удзельнікаў: гэтым разам выбралі 38 спецыялістаў са 100. Іх суправаджалі 10 крэатыўных лідараў. Пры адборы арганізатары звярталі ўвагу на вопыт і матывацыю.
Некаторыя ўдзельнічаюць у Крэатоне не першы раз. Іх сюды прыводзяць цікавыя знаёмствы, задачы, якія могуць адрознівацца ад іх звычайнай працы, і жаданне дапамагчы сацыяльным праектам.
— Для мяне вельмі каштоўная камунікацыя з іншымі людзьмі, з калегамі, якія працуюць у той жа сферы. Плюс прыемна дапамагаць сацыяльным праектам, у якіх можа няма магчымасці звярнуцца ў агенцтва, але пра іх людзям трэба больш даведвацца, каб наш Мінск і наша краіна змянялася да лепшага. Плюс, гэта заўсёды вельмі запальвае, дорыць шмат эмоцый. А такі фармат як цягнік… Я не ведаю, якой я прыеду, мне здаецца, я з’язджаю з Мінска адным чалавекам, а вярнуся… Гэта будзе іншая Віка, — смяецца ўдзельніца.
— Мне падабаецца, гэта прыкольна. Мая кампанія ўдзельнічае як партнёр Крэатона і вельмі хацелася быць знутры ўсяго. Мне падабаецца такі перазапуск часам, — кажа Юлія.
Калі выбіралі пляцоўку для пятага Крэатона, прагучала прапанова правесці яго ў цягніку. Аказалася, Мінск-Гродна-Мінск — адзіны цягнік са злучэннем з абласнымі цэнтрамі, які ўжо праз гадзіну едзе назад. Да таго ж гэты самы павольны цягнік які толькі ўдалося знайсці. Выкупіць вагон дапамаглі партнеры. У 15.30 у суботу ўдзельнікі селі на цягнік і ў 7.20 нядзелі вярнуліся ў сталіцу.
У беларускіх цягніках няма разетак і вай-фаю, а па дарозе цяжка злавіць мабільную сувязь. Спачатку арганізатары хацелі знайсці генератар, паўэрбанкі, узмацняльнікі сігналу. Гэта аказалася «касмічнымі тэхналогіямі ў цане і магчымасцях». І тут яны падумалі, што людзі занадта прызвычаіліся жыць у камфорце. Таму падрыхтавалі ўсю патрэбную інфармацыю пра кліентаў на паперы. А для «крафтавых» прэзентацый прапанавалі выразкі з часопісаў і каляровыя маркеры. Аркушы пасля адсканавалі і склалі ў прэзентацыю. Атрымалася не горш, чым шаблоны PowerPoint. «Трэба ўмець абмежванні пераўтвараць у фішкі», — кажуць арганізатары.
Найбольш цікавым праектам для рэкламшчыкаў стала харавая капэла — дапамагаць спевакам узяліся ажно тры каманды. Дзве каманды працавалі для Hrodna.life. Удзельнікі расказалі, што выбралі гарадскі партал па розных прычынах: з цікавасці да СМІ, да праблемы пазіцыянавання, да рэгіёнаў, да беларускамоўнасці і проста «мы едзем у Гродна — гэта сімвалічна».
— Я падумаў: мы едзем у Гродна. Я ўяўляю, як мы такія стомленыя на перасадцы, бо няма ідэй, і тут ты бачыш інсайд на вакзале, — смяюцца ўдзельнікі. — Цікавая тэма пазіцыянавання. Не так шмат СМІ, якія прадстаўляюць з сябе нешта большае, чым проста артыкулы. Анлайн-рэсурс — гэта і шмат вакол яго: сацсеткі, відэапляцоўкі, пашукавікі.
— Крэатон аказаўся для нас надзвычай карысным. Мы атрымалі новыя ідэя для камунікацыі з чытачамі і новыя ідэі па тых фішках, што мы і так ужо робім. Атрымалі свежы погляд на сваю працу і на тое, як сябе пазіцыянаваць, як пазначыць сваю прысутнасць у афлайне. На тое, як паказаць сябе і даць зразумеуць чытачам, што мы і ёсць Гродна. Hrodna.life — гэта проста лічбавая версія Гродна, такую ідэю нам падкінула адна з каманд, — кажа галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота.Выданне выкарыстае парады па офлайн-івэнтах, экскурсіях, турыстычных мапах і выкарыстанні кантэнту ад чытачоў. «Для нас вельмі важна, каб чытачы дзялілі з намі адказнасць за горад і бралі адказнасць за тое, што ў горадзе адбываецца. І пра гэта таксама нам дапамаглі падумаць крэатары, якія для нас працавалі», — кажа рэдактар.
Самыя крэатыўныя прапановы былі ад каманд, якія працавалі для харавой капэлы — гэта заслужаны аматарскі калектыў, які хоча прыцягнуць да групавога спеву больш людзей. Ім прапанавалі і зладзіць музычны бар, і арганізаваць «хуткую дапамогу» па выратаванні талентаў, і спяваць у якасці сюрпрыза перад мерапрыемствамі на моднай вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, і нават зрабіць сумесны праект з рэперам Бакеем.
Для тэатра, які паказвае пастаноўкі самотным бабулям у малых вёсках, прыдумалі адразу некалькі варыянтаў назваў: асноўная прапанова — «Вірліва», да яе нават паспелі стварыць візуальную канцэпцыю, але арганізатары могуць выбраць і іншае, напрыклад «Дабрадзея». Крэатары абяцалі і пад такую назву распрацаваць лога.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta атрымала візуальны стыль для сваіх штогадовых мерапрыемстваў па абароне прыватных дадзеных: крэатарам удалося нанова адкрыць ужо заезджаны сімвал адбітка пальца.
Крэатон ужо дапамог такім праектам, як міжнародны фестываль дакументальнага кіно Watch Docs, ГА «Радзіслава», эка-праект па вытворчасці паперы з сухога трыснягу, «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Social Weekend, футбольная супольнасць для дзяўчат «Здольная» і іншым.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…