Як сёння людзі ўспрымаюць суседства з дзікай жывёлай? Нядаўні выпадак з’яўлення ваўка-адзіночкі каля гродзенскага мікрараёна Альшанка паказвае, што для ўладаў галоўны інструмент гарантавання бяспекі – адстрэл жывёліны. Няўжо спосабы мірнага суіснавання нават не разглядаюцца?

Разам з эколагамі з Беларусі і Польшчы спрабуем разабрацца, ці можна іначай.

Асноўнае ў гэтым тэксце

  • Эксперты падкрэсліваюць, што ваўкі не прадстаўляюць пагрозу, калі яны ў нармальны стане і баяцца людзей.
  • Стаўленне да ваўкоў у Беларусі адрозніваецца ад Польшчы. У Польшчы яны пад аховай, у той час як у Беларусі разглядаюцца як паляўнічы від.
  • Каб дасягнуць бяспечнага суіснавання з ваўкамі ў Беларусі, неабходна прымаць меры па прафілактыцы канфліктаў.
  • Асвета насельніцтва пра паводзіны ваўкоў і справядлівая сістэма кампенсацый за страты гаспадарак дапамогуць знізіць напружанне паміж людзьмі і прыродай.

Відэа з ваўком, які рухаўся з боку вёскі Каменка, у студзені хутка разышлося ў сацыяльных сетках і выклікала трывогу сярод жыхароў. Мясцовае дзяржаўнае тэлебачанне імгненна адказала цэлым сюжэтам. У ім прадстаўнік Мінпрыроды заявіў, што абвешчаны пераслед драпежніка: брыгада паляўнічых заблакавала звера ў лясным масіве і мае намер яго ліквідаваць.

Воўк на Альшанцы
Воўк на Альшанцы. Скрыншот “Беларусь 4”

Беларускі эколаг, які пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю на ўмовах ананімнасці, і эколаг-навуковец, прафесар Інстытуту біялогіі млекакормячых у Белавежы, член Дзяржаўнага Савета па ахове прыроды Польшчы Міхал Жмігорскі звяртаюць увагу: з’яўленне ваўка каля людзей яшчэ не азначае пагрозы.

Воўк – ключавое звяно ў экасістэме

З пункту гледжання экалогіі, воўк – вяршынны драпежнік, які выконвае ключавую ролю ў рэгуляванні экасістэм. Навукова даказана, што ваўкі кантралююць колькасць капытных, спрыяюць аздараўленню папуляцый, адбіраючы слабую і хворую жывёлу, зніжаюць распаўсюд хвароб, ускосна паляпшаюць стан лясоў і лугоў.

«Ваўкі ў цэлым трымаюцца далей ад людзей. Але дзеянні людзей могуць часам прывабліваць іх у суседства з забудовай – неналежная ахова сельскагаспадарчай жывёлы, харчовыя адходы, сабакі без нагляду», – каментуе Міхал Жмігорскі.

Небяспечнай выглядае сітуацыя, калі воўк губляе гэты страх да людзей. Але на гэта ёсць свае прычыны, тлумачыць польскі эколаг: «Гэта могуць быць асобіны, якія раней утрымліваліся ў няволі або падкормліваліся. Гэта можа быць хворы воўк. Тут я б не недаацэньваў пагрозу з іх боку – яны могуць быць патэнцыйна небяспечнымі для чалавека, таму ўсе такія сітуацыі неабходна з належнай стараннасцю высвятляць і правяраць. У такіх выпадках найчасцей адзіным вырашэннем можа быць ліквідацыя асобіны».

Воўк. Ілюстратыўнае фота
Воўк. Ілюстратыўнае фота

Ці нясе пагрозу воўк пад Альшанкаю?

Беларускі эколаг, прааналізаваўшы відэа з ваўком каля Гродна, адзначае, што паводзіны гэтай жывёліны выглядаюць цалкам нармальна.

«Мы бачым, што гэта адзіночны воўк у добрым фізічным стане. Ён баіцца людзей, паводзіць сябе асцярожна, не заходзіць углыб паселішча, а абыходзіць яго па палях. Пры набліжэнні людзей ён уцякае і хаваецца. Гэта тыповыя паводзіны здаровага ваўка», – тлумачыць эксперт.

Сітуацыя, верагодна, звязаная з так званай дысперсіяй – перыядам, калі маладыя ваўкі ва ўзросце двух-трох гадоў пакідаюць зграю і шукаюць новае месца для жыцця. Выглядае, што гэты воўк – хутчэй за ўсё малады самец, які мігруе. Ён не нясе ніякай пагрозы ні для людзей, ні для хатняй жывёлы, і падставаў для пераследу ў гэтым выпадку абсалютна няма, падкрэслівае эколаг.

«На жаль, у Беларусі ўкараніўся такі падыход: калі ты заўважаеш ваўка, яго трэба забіць. Упэўнены, калі б гэта было ў Польшчы, літаральна за 30 кіламетраў ад мяжы, людзі б з радасцю посцілі гэтага ваўка ў сацсетках, хваліліся, што пабачылі на свае вочы драпежніка», – кажа беларускі эксперт.

Пра адстрэл ваўка не паведамлялі – чым скончыласся гісторыя, невядома.    

Адзін біялагічны від – рознае стаўленне

Сапраўды, стаўленне да ваўка ў Беларусі і Польшчы кардынальна адрозніваецца.

У Польшчы воўк – строга ахоўны від. Асноўны падыход – не знішчэнне, а кіраванне рызыкамі і перадухіленне канфліктаў. Адстрэл магчымы толькі як выключная мера, калі дакументальна пацверджаная рэальная пагроза і вычарпаныя ўсе іншыя сродкі.

У Беларусі ж воўк мае статус паляўнічага віду. Дамінуе падыход, паводле якога бяспека дасягаецца праз зніжэнне колькасці драпежнікаў. У публічнай рыторыцы воўк часта дэманізуецца: яго ўспрымаюць як пагрозу для хатняй жывёлы, дзяцей, «дзікую небяспеку», ад якой трэба пазбаўляцца.

Воўк. Ілюстратыўнае фота
Воўк. Ілюстратыўнае фота

У Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах ваўка ўсё часцей разглядаюць як натуральнага санітара лесу, які дапамагае рэгуляваць папуляцыі дзікай жывёлы без пастаяннага ўмяшання чалавека. У Беларусі воўк успрымаецца як канкурэнт для паляўнічых.

Чытайце таксама: Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі і Польшчы

Чалавек і воўк: як навучыцца жыць побач

Відавочна, што поўнае выцясненне ваўка немагчымае і небяспечнае для экалагічнага балансу. Таму галоўнае пытанне сёння – як дасягнуць бяспечнага суіснавання людзей і ваўкоў.

Суразмоўцы падкрэсліваюць: найважнейшы захад – прафілактыка канфліктаў. Часцей за ўсё ваўкі падыходзяць да чалавечага жылля не з агрэсіі, а праз лёгкую здабычу. Надзейныя агароджы, утрыманне жывёлы на ноч у хлявах, выкарыстанне ахоўных сабак і простых сродкаў адпужвання значна зніжаюць рызыку нападаў.

Важна таксама захоўваць натуральную кармавую базу ў лясах – калі ў ваўка ёсць ежа ў прыродзе, ён не мае патрэбы выходзіць да людзей.

Асобная ўвага да прасторавага планавання. Буферныя зоны паміж ляснымі масівамі і населенымі пунктамі, упарадкаванне сметнікаў, адсутнасць харчовых адходаў на ўскраінах вёсак – усё гэта стварае своеасаблівую мяжу, якая дапамагае пазбегнуць непажаданых сустрэчаў.

Што яшчэ дапаможа?

Вялікае значэнне мае і асвета. Інфармаванне насельніцтва пра паводзіны гэтай жывёлы, тлумачэнне рэальных рызык і простыя правілы паводзінаў пры сустрэчы з ваўком робяць людзей больш упэўненымі і менш уразлівымі. Асабліва важная такая праца з фермерамі і жыхарамі сельскай мясцовасці.

Нарэшце, справядлівая сістэма кампенсацый за страты і падтрымка гаспадарак у набыцці ахоўных сродкаў дазваляюць знізіць сацыяльную напружанасць. Калі чалавек адчувае, што яго праблемы не ігнаруюцца, ён гатовы да дыялогу з прыродай.

Як зазначае беларускі эколаг, сітуацыя каля Гродна паказвае, што ў Беларусі, на жаль, магчымасць суіснавання з ваўкамі фактычна не разглядаецца. «Пастанова знішчыць ваўка – гэта не пра бяспеку, а пра інстынкт паляўнічага і спорт. Альбо проста некампетэнтнасць. На жаль, замест сістэмнага развязання праблемы сродкі трацяцца на пераслед жывёлы, якая нікому не пагражае».

У паведамленні ТРК «Гродна» адзначаецца: два гады таму ў ваколіцы ад Сапоцкіна да Бераставіцы былі адстраляныя каля 14 асобінаў. Іншых захадаў за гэты час, відаць, не прымянялася.

Чытайце таксама: Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай