Людзі і справы

«Я даўно быў гатовы». Чаму гродзенец ходзіць па горадзе ў процівагазе

Гродзенец Мікіта калекцыянуе рэквізіт у духу постапакаліпсісу ўжо даўно. За апошнія гады ў яго калекцыі з’явілася некалькі ахоўных касцюмаў і процівагазаў. У канцы лютага, калі ў свеце абвясцілі пандэмію каранавіруса, хлопца можна было ўбачыць у адным з касцюмаў на вуліцах Гродна. Чарговы раз яго заўважылі ў цэнтры горада 5 красавіка, ён быў у процівагазе.

Тэмай постапакаліпсісу Мікіта цікавіцца з сярэдзіны 2000-х. Тады на рынках у вольным доступе можна было знайсці процівагаз і любы ахоўны касцюм савецкага перыяду на выпадак ядзернай вайны. Рэквізіт хлопец збірае для задавальнення і фотасесій.

Мікіта ў ахоўным касцюме, канец лютага

Процівагаз — нармальна, гідракасцюм — празмернасць

«Сёння я выкарыстоўваю свае маскі з калекцыі па прамым прызначэнні - для індывідуальнай абароны, — распавядае Мікіта. — Яшчэ паўтара месяца таму гэта выглядала чымсьці з шэрагу эпатажных забаваў. Мала хто ў Беларусі сур’ёзна ўспрымаў пандэмію, але сёння на вуліцах хапае людзей у масках і пальчатках.

Я да гэтага даўно быў гатовы. Процівагаз — не больш чым складаная маска, шматразовы, мыецца, робіць тое ж самае, нават надзейней, закрывае вочы. Выкарыстоўваць сродкі абароны не сорамна. А вось прамысловы гідракасцюм для выхаду ў краму — гэта ўжо празмернасць».

«Дзверы ў крамах адкрываю за верхні кут»

Мікіта жыве ў цэнтры Гродна, яшчэ нядаўна яго можна было сустрэць у людных месцах. Але з-за пандэміі каранавіруса гродзенец стаў радзей з’яўляцца ў горадзе. Калі яму трэба наведаць месцы агульнага карыстання, то ён выходзіць у процівагазе і пальчатках.

«Калі выбіраеш кампраміс паміж самаізаляцыяй і прысутнасцю ў знешнім асяроддзі, прыходзіцца задумвацца, пераглядаць спосаб узаемадзеяння з людзьмі і бытавыя звычкі. Напрыклад, дзверы ў крамах цяпер адкрываю за верхні кут, а не за ручку. Калі мне трэба кудысьці трапіць, не выкарыстоўваю грамадскі транспарт, езджу на асабістым або ровары».

«Паніка ўзнікае ў эмацыйна нестабільных людзей з любой нагоды»

Мікіта не лічыць сябе публічным чалавекам. Ён не хоча прыцягваць увагі да ўласнай асобы, але тэма грамадзянскай абароны яму не абыякавая.

«Рэакцыя некаторых гараджан на вуліцы часам выклікае ў мяне ўсмешку. Нядаўна на Савецкай плошчы жанчына кінула ў мой адрас: „Трэба Богу маліцца, а не ў процівагазе хадзіць“. А паралельна на Вербніцу ў касцёлы прыйшлі сотні пажылых і не ізаляваных людзей.

Ці мужчына ў цэнтры эмацыйна выказаўся: „Навошта паніку наводзіце?“ Да гэтага трэба быць гатовым таксама. Паніка ўзнікае ў эмацыйна нестабільных людзей з любой нагоды. Незалежна ад таго, колькі будзе доўжыцца біялагічная пагроза і якія сацыяльна-эканамічныя наступствы могуць быць, пытанне граматнага і адказнага стаўлення не страціць актуальнасці».

Не час для падарункаў

Спекуляваць на сродках абароны Мікіта не збіраецца. Рэквізіт гадамі ён збіраў не для таго, каб яго прадаваць. Хоць попыт на процівагазы і ахоўныя касцюмы зараз вялікі.

«На рынках нешта вартае з абароны ўжо не знайсці. На добры тавар скупшчыкі сталі завышаць кошты. Сябры не дадуць схлусіць, раней лішкамі простых процівагазаў абменьваліся і дарылі. Але цяпер ужо не той час».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025