Да канца лістапада тром будаўнікам і ўласніку будынка на вуліцы 2-й Працоўнай павінны былі выплаціць узнагароджанне за знойдзены скарб, але гэтага не адбылося. Усе дакументы на атрыманне грашовай кампенсацыі былі падрыхтаваны ў тэрмін, але ўласнік будынка звярнуўся ў праваахоўныя органы, бо быў нязгодны з колькасцю чалавек, якія павінны атрымаць узнагароду. З выплатай гарадскія ўлады вырашылі пачакаць.
Раней паведамлялася, што скарб знайшоў 14 красавіка 2018 года у будынку на 2-й Працоўнай падчас разборкі даху будаўнік Уладзімір Страковіч. Пад бэлькай у маленькай каробачцы ад тытуню ён выявіў каля 30 залатых манет 18−19 стагоддзяў, звыш 10 розных каштоўных упрыгожванняў - пярсцёнкі і ланцужкі, а таксама каронкі.
Як высвятлілася пазней, скарб быў знойдзены насамрэч трыма будаўнікамі. Пра гэта сведчыць дакумент, які яшчэ ў красавіку быў завераны натарыўсам. Ён амаль адразу быў перададзены ў выканаўчыя органы.
Знаходку забралі ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Там яе ацанілі і прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Скарб ацанілі амаль у 19,5 тысяч долараў. Па законе ўласніку будынка, дзе была знойдзена знаходка, і таму, хто знайшоў скарб, належыць 50% ад яго вартасці.
Пасля надання знаходцы статусу будаўнікам і ўладальніку будынка паабяцалі выплаціць узнагароджанне. Паводле заканадаўства гэта павінны былі зрабіць да канца лістапада, але гэтага не адбылося.
Як стала вядома Hrodna.life, уласнік будынка, прадстаўнік фірмы «Панэ» Алег Разін, звярнуўся ў пракуратуру і міліцыю, каб службы высветлілі, колькі людзей насамрэч знайшлі скарб.
«Пра пракуратуру і міліцыю нічога не ведаю. Чакаем адказ з гарвыканкама», — распавёў Hrodna.life Алег Разін.
Раней планавалася, што будаўнікам і ўласніку будынка агулам выплатять каля 9700 долараў. Гэтая сума павінна была падзяліцца на чацвярых у роўных далях. Як будзе вырашана пытанне з узнагародай, стане вядома пасля праверкі праваахоўных органаў.
Будаўнікі настойваюць на сваёй пазіцыі і чакаюць законнай узнагароды ад дзяржавы.
«Мы выявілі скарб утрох, у нас на гэта ёсць дакумент завераны ў натарыуса. Мы ўпэўненыя, што змаглі знайсці высокую каштоўнасць для нашага народа, якая будзе даступная для агульнага агляду. Нам вядома, што за знаходку скарбу належыць прэмія ў роўных долях», — гаворыцца ў звароце будаўнікоў.Нагадаем, да нядаўняга часу скарб з 2-й Працоўнай, як і іншыя, знойдзеныя ў Гродне і вобласці за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў, можна было ўбачыць на выставе ў Новым замку.
Папярэдні досыць буйны скарб знайшлі ў Гродне ў 2016 годзе. Тады будаўнікам, што яго выявілі, прыйшлося чакаць больш за год, каб яго прызналі каштоўным і выплацілі ўзнагароджанне. Як на Антонава, так і на 2-й Працоўнай, знаходкі маюць габрэйскі след, яны былі схаваныя на тэрыторыі двух гета падчас Другой сусветнай вайны
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…