Вуліца Працоўная — адна з нямногіх у Гродне, якая пацярпела ад моцных дажджоў 12 і 13 ліпеня. З-за вялікіх ападкаў Гараднічанка, якая працякае ўздоўж вуліцы, выйшла з берагоў і падтапіла дамы і агароды. У некаторых месцах моцныя патокі вады размылі бераг ракі.
Узровень вады пасля дажджоў у Гараднічанцы быў вельмі высокі. У некаторых выпадках мясцовыя жыхары стаялі з тазікамі і гатовыя былі даць адпор вадзе.
Леанід Бялкоўскі жыве ў старым доме, які яго прадзед пабудаваў у пачатку XX стагодзя. У гэтым годзе вада да жылля яшчэ не дабралася, але была ўжо блізка. Гараднічанка выходзіць з берагоў з-за калектараў, якія забіваюцца смеццем, лічыць пенсіянер.
«Спадзяюся, такіх моцных дажджоў у гэтым годзе ўжо не будзе. У нас бераг рэчкі абсыпаецца кожны год, асабліва пасля дажджоў, калі Гараднічанка выходзіць з берагоў і нясецца з усёй моцы. Мы прывыклі да гэтага ўжо».
Пенсіянер кажа, што раней была падобная праблема — тады разабралі стары мост у надзеi, што ўсё зменіцца. Але праблема не вырашылася.
«Асноўная перашкода гэта калектары — яны збіраюць смецце. Праблема яшчэ ў тым, што берагі Гараднічанкі няправільна ўмацоўваюць. Бабця распавядала, што пры паляках камянямі ўсё ўмацоўвалі - і было добра, а цяпер бяруць бярвенні і пясок. Каб вырашыць праблему, трэба рэчышча ракі зрабіць нармальнае, а таксама зрабіць добрыя ліўнёўкі і ўмацаваць берагі», — распавёў Леанід Бялкоўскі.
Жыхар вуліцы Працоўнай Аляксандр Урбаш час ад часу сам чысціць рэчку каля свайго дома, але пасля кожнага моцнага дажджу смецця становіцца ўсё больш і больш. Аляксандр, як і яго сусед Леанід, таксама лічыць, што праблема затаплення і забруджвання вуліцы звязана з калектарамі і ліўнёўкай.
«За апошнія дні нас не затапіла, а вось вышэй па вуліцы ў людзей былі сур’ёзныя праблемы. Што тычыцца нашага ўчастка ракі, то раней былі ліўнёўкі і ўсё туды сцякала і ніколі не было праблем. Суседзі казалі, што яшчэ немцы будавалі гэтыя спецыяльныя ліўнёўкі разам з мастом. Усё рабілі сумленна і нават праз гады нас так не затаплівала, як зараз», — кажа жыхар вулiцы.
Пасля рамонту вуліц каля замкаў, лiўнёўкi не пакінулі, і ў выніку вуліцу Працоўную, якая знаходзіцца ў нiзiне каля рэчкі, стала пастаянна затапліваць.
«Цяпер уся вада з горада трапляе не ў каналізацыю, а да нас на вуліцу, — кажа Аляксандр. — Нядаўна разабралі мост стары, дык гэта праблему не вырашыла. Трэба часцей рэчышча чысціць, а то смецце трохi пазбіраюць і ўсё. І з ліўнёўкамi трэба нешта рабіць. Калектары паставілі як дамбу. Абяцалі, што нейкi час яны будуць стаяць і дапамогуць, але прайшло ўжо 30 гадоў. Гэтыя трубы толькi перашкаджаюць вадзе спакойна праходзіць. Дажджы раней былі і паболей і рэчка ніколі так не падымалася».
Пра свае праблемы на вуліцы Працоўнай можа расказаць амаль кожны жыхар. Праўда, ніхто не хоча псаваць сабе настрой і ўспамінаць усе абяцанні службаў. Гэтак, жанчына, якая жыве ў пачатку вуліцы, размаўляць не хацела, толькі паказала на наступствы апошніх дажджоў: затоплены ўраджай у агародзе, дрэва ўпала, хлеў ледзь не паплыў. У яе суседкі заліло першы паверх дома.
Аказваецца, дамы на Працоўнай яшчэ з 1973 года плануюцца пад знос. Жыхарам нельга рабіць капітальны рамонт, прыбудовы, а таксама рэгістраваць людзей. Яшчэ ў савецкі час, са слоў жыхароў, планавалася, што ля ўпадзення Гараднічанкі ў Нёман зробяць дамбу, а пасля зносу затопяць вуліцу і зрабяць зону адпачынку — возера аж да Віленскай вуліцы.
Цяпер гродзенцы з Працоўнай кажуць, што тут будуць жыць яшчэ i іх унукі. Яны не вераць, што іх калі-небудзь адселяць.
Пакуль паміж сабой суседзі дзеляцца гісторыямі аб наступствах дажджу, каля Гараднічанкі шпацыруе гродзенец Раман. Мужчына прыехаў з сям’ёй да месца, дзе рэчка размыла частку берага. Ён плануе там знайсці нешта старое.«Я ў 1970-х гадах недалёка жыў. Мы заўсёды з хлопцамі пасля дажджу хадзілі ўздоўж берага і нешта знаходзілі: ад зброі да манет XV стагоддзя. Раней акрамя нас гэтым ніхто не займаўся. Цяпер ужо кожны другі нешта шукае. Тое, што зараз пасля дажджоў абвалілася частка зямлі ля ракi — так гэта ўсё насыпное. Апошнім часам пясок часта падсыпаюць і ўмацоўваюць берагі, так што знайсці нешта цікавае ў Гараднічанцы з кожным годам усё складаней і складаней».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…