Гродзенцы працягваюць нам распавядаць свае гісторыі з жыцця Гродна 1930−40-х гадоў. Чарговая гісторыя — ад 84-гадовай Люцыны Владарчык. Яе бацька ў міжваенны час працаваў эканамістам у гродзенскай турме. Таксама жанчына распавяла, як яна згубілася ў горадзе ў міжваенны час і як яе знайшлі ў яўрэйскай сям'і.
Владарчык Люцына Францішкаўна нарадзілася ў занёманскай частцы Гродна ў 1935 годзе. Каталічка.
Вескаўня і інтэлігент
«Мая мама была праваслаўная з роду Скрабко. Звычайная непісьменная дзяўчына, якая жыла ў вёсцы Лаша. У Першую сусветную яе сям’я была эвакуіравана ў Адэсу, але пасля вайны яны вырашылі вярнуцца на радзіму. Ад дома сям'і нічога не засталося, рэчы, якія хавалі ў склепе, скралі. Бабуля памірае, мама з братам засталіся сіротамі. У вёсцы іх забралі да сябе сваякі. Мама з ранняга ўзросту насіла жыта ў Гродна і там яго прадавала. У 14 гадоў яна са сваякамі перабралася ў Гродна. У горадзе пачалі будаваць дом на левым беразе Нёмана.
Бацька з Владарчыкаў, сапраўдны інтэлігент. Ён прыехаў працаваць эканамістам у гродзенскую турму з Варшавы. Яго калега пачаў сустракацца з мамінай сяброўкай і яна з ёй плялася пастаянна. На танцах мама горш за ўсіх была апранутая, але ўсе на яе глядзелі. Бацька яе ўгледзеў і аднойчы, калі быў у камандзіроўцы, прыйшоў да яе пад дом. Кліча Ганну, а паклікалі іншую жанчыну — брата жонку, таксама мела такое імя. Пасля паклікалі ўжо і маму, тады бацька пазнаёміўся з ёй бліжэй і прапанаваў, каб яна правяла яго на вакзал.
Дамовіліся сустрэцца на плошчы Баторыя [сёння Савецкая — рэд.]. Прыйшла яна своечасова, а яго ўсё няма. 30 хвілін прастаяла, але не сыходзіла. У адзін момант падышоў бацька ў прыгожай ваеннай форме і сказаў, што ён за ёй назіраў з-за вугла — правяраў, ці будзе яна яго чакаць. Дачакалася. Пасля гэтай сустрэчы ён зрабіў ёй прапанову. Мама пагадзілася, але казала, што ёй было неяк няёмка, бо ён інтэлігентам быў. Да замужжа яна мела зносіны толькі з вясковымі хлопцамі, якія і рукі маглі заламаць і галаву выкруціць. Яшчэ да шлюбу бацька пісаў маці лісты на польскай мове, а яна не ведала яе і бегала да сяброўкі, каб тая перакладала".
Ішла па вуліцы і прапала. Знайшлі ў яўрэяў
Калі бацькі Люцыны ажаніліся, яны пайшлі жыць у дом да вялікай яўрэйскай сям'і. Здымалі там кватэру. Жанчына кажа ўсім, што нарадзілася ў яўрэяў і нават адзін час размаўляла на ідыш.
«У гэтых гаспадароў была вялікая сям’я і мы ўсе разам некалі жылі ў іх доме. Усё было мірна — сябравалі. Пасля мы з бацькамі пераехалі на Млынарскую [суч. Чырвонапартызанская — рэд.] і жылі там недалёка ад дома вядомага доктара Нічыпарука. Мама трымала дома парсючкоў, а бацька нічога не разумеў у гэтым. Яна распавядала, што ў хаце ніколі не падвышалі голас. Бацька быў вельмі выхаваным і паважаным чалавекам. А калі вывозіў мяне на вазку на вуліцу, то ўсім суседскім дзеткам пастаянна купляў марозіва. Жылі мы ўжо тады добра.Памятаю, неяк гулялі з дзядулем па горадзе. Зайшлі да бацькі ў турму, пасля пайшлі на вуліцу Брыгіцкую [суч. Карла Маркса — рэд.] і я згубілася. Божа, што было тады. Бацька падняў усю турму, вайсковых і паліцыю ў горадзе, каб мяне знайшлі. А мне тады было дзесьці 3−4 гады. Знайшлі мяне ў яўрэйскай сям'і. Баяліся, што на мацу яны мяне забралі, а тады ў горадзе так і казалі. Як ўсё было насамрэч, я не памятаю. Яўрэі казалі, што знайшлі мяне на вуліцы, а ў палякаў былі думкі зусім іншыя. Дзяўчынка ішла па вуліцы і прапала… Галоўнае, што ўсё скончылася добра".
Бацьку арыштавалі, маці і дзяцей не чапалі
Люцына распавядае, што напярэдадні вераснёўскіх падзей 1939 года яе бацька паехаў у Варшаву да сваіх бацькоў. Там ён застаў вайну. Вяртанне ў Гродна для яго стала фатальным.
«Бацька ведаў, што будзе вайна з немацамі і ў 1939 годзе паехаў у Варшаву да бацькоў. Тым часам у Гродна ўвайшлі рускія і сталі вывозіць сем'і польскіх ваенных і дзяржслужачых. Мама баялася, што прыйдуць і за намі. Мы доўгі час спалі ў зімовых валёнках і паліто, каб у выпадку чаго ўжо былі з цёплай вопраткай. Бо ўначы прыязджалі, загружалі ў кузаў і вывозілі. Калі ў адзін з дзён прыйшлі да нашага дому, то хтосьці аддаў загад, каб нас не чапалі. Дзіўна, але спасылаліся на тое, што тут жыве добрая сям’я і гаспадар — асаблівы чалавек.
Пад канец 1939 года бацька спрабаваў вярнуцца ў Гродна і яго схапілі за незаконнае перасячэнне савецкай мяжы і пасадзілі ў гродзенскую турму, дзе ён яшчэ нядаўна працаваў эканамістам. Але доўга ён там не прабыў, яго пачалі перавозіць з аднаго месца ў іншае. Ён стараўся пісаць маме запіскі. На шматку газет або паперы, дзесьці ён проста кідаў іх з тэкстам: «Хто знойдзе, то перадайце па адрасе …» і людзі падымалі і адпраўлялі ў Гродна. Апошняя такая запіска была з Брэста".
Пасля заканчэння Другой сусветнай маці Люцыны прыйшла тэлеграма з маскоўскай бальніцы ў якой гаварылася, што яе муж быў паранены, захварэў на тыф і памёр.«Аказваецца, тата ваяваў супраць немцаў. Яго як турэмшчыка адправілі на перадавую і загінуў ён недзе пад Масквой. Мы не ведалі гэтага і чакалі яго, спрабавалі ў Гродне неяк выжываць. Ад таго багатага польскага жыцця практычна нічога не засталося. Пры першых саветах мама неяк круцілася, каб нас з сястрой пракарміць. Памятаю, яна купляла гарэлку і тут жа перапрадавала яе п’яніцам, быў невялікі заробак. А чэргі за алкаголем былі тады велізарныя.
Яшчэ нас ратавала печка. Мама пякла булачкі і хадзіла на кірмаш іх прадаваць. Дзесьці ў 1940 годзе мама здала сястру ў дзіцячы дом з-за таго, што не было чым яе карміць. Мы хадзілі да яе часта. Але прабыла сястра там усяго два тыдні, моцна хварэла і мы яе забралі. Ляжала ў ізалятары. Ужо дома ёй стала лепш, вельмі рада была, што вярнулася да сям'і".
«Здзекаваліся з людзей фашысты, а не звычайныя нямецкія вайскоўцы»
У 1941 годзе падчас нямецкай акупацыі Люцына з мамай перабралася жыць да сваякоў, якія жылі недалёка ад Леванабярэжнай. Недалёка ад той пабудовы быў дом с добрым падвалам і падчас бамбёжкі многія жыхары там хаваліся.
«Пры немцах нам адным цяжка было выжываць і мы пайшлі ў дом, дзе жыў мамчын брат, а ён працаваў машыністам на чыгунцы і актыўна дапамагаў камуністам. Дапамагаў ім падтрымліваць сувязь з горадам. Але ў адной з паездак яго цягнік спалілі і ён загінуў. Хто гэта зрабіў - невядома.
У нас на вуліцы ў дамах рассяляліся нямецкія салдаты. Мама магла з імі спакойна размаўляць, бо ведала ідыш [гэтая мова блізкая да нямецкай — рэд.]. Памятаю, як на вуліцы хтосьці забіў салдата і прыйшлі аўтаматчыкі, сталі людзей выводзіць на вуліцу і хацелі ўжо расстрэльваць. Ім важна было знайсці чалавека, які страляў. Мама выйшла і загаварыла з імі, неяк атрымалася дамовіцца.Немцы даволі добра ставіліся да нас — дзецяй, увесь час чымсьці частавалі, напрыклад, цукеркамі. Мама лаялася і казала, каб не бралі, а то пакладуць атруту. Забараняла хадзіць у лес да іх, а яны стаялі недалёка ад яўрэйскіх могілак. Але ніхто нас не крыўдзіў з салдат. Ніколі. Там былі маладыя хлопцы, якіх прызвалі ў войска. Здзекаваліся з людзей фашысты — карныя атрады.
Побач з домам былі палі і мы засаджвалі там бульбу і харчаваліся гэтым. На бульбе і працягнулі цэлую вайну. Падчас бамбёжкі мы спачатку сядзелі ў схованцы, якую зрабілі на гарышчы, а пры адступленні немцаў мы хаваліся ў склепе суседзяў. Былі там шмат часу, а пасля выйшлі і на вуліцах ужо хадзілі савецкія салдаты. Яны вызвалілі горад".