85-гадовая Аліцыя Кізюкевіч распавяла пра міжваеннае жыццё ў вёсцы Пярэселка, пра тое, як хадзіла ў вайну ў заапарк, а таксама пра расстрэл людзей у Пышках у 1946 годзе.
Аліцыя Марыя Пятроўна Кізюкевіч (па маці Лаўрушкевіч) нарадзілася ў 1934 годзе ў вёсцы Пярэселка (сёння ў межах Гродна). Каталічка.
«Мы былі звычайнай вясковай сям’ёй, бацькі працавалі на зямлі. Негледзячы на гэта, я заўсёды была выхаваная і добра апранутая. Летам тата працаваў на сваёй гаспадарцы, а зімой хадзіў на ачыстку горада. Ездзіў з іншымі мужыкамі на конях па горадзе і вывозіў гной на палі. Нават у горадзе людзі трымалі гаспадарку. Калі быў добры гной, то везлі да сябе.
Тата таксама працаваў зімой на нарыхтоўцы лёду для малочнага завода і піўзавода. Не толькі з Нёмана выразалі кавалкі лёду, але і з іншых вадаёмаў. Тады вада была чыстая і гэтым карысталіся. Мама не працавала ў горадзе, даглядала дома гаспадарку і мяне з братам.
Да прыходу бальшавікоў, я памятаю, мы з мамай часта хадзілі ў горад. Там мне куплялі прысмакі ў рэстаране «Раяль» і ў турэцкай кавярні на вуліцы Віленскай і Ажэшкі. Памятаю, там прадавалі халву і бузу (напой). У цэнтры Гродна хапала крам і кафэ, а асабліва там было шмат прадаўцоў".
Сучасныя гродзенцы дагэтуль карыстаюцца назвамі Пярэселка (раён горада) і Вусікі (пляж на Нёмане). Нямногія ведаюць гісторыю назваў.
«Яшчэ бабуля ў дзяцінстве мне распавяла цікавую гісторыю, чаму нашу вёску назвалі Пярэселка. Раней у адной групы людзей было невялікае паселішча на беразе Нёмана. Жылі, можна сказаць, яны адной сям’ёй і было ў іх адно прозвішча. Але калі пану спатрэбіліся землі для палявання і іншых спраў, ён перасяліў гэтых людзей далей ад свайго маёнтка. Менавіта таму назвалі вёску Пярэселка, бо перасельцамі былі тыя людзі з лесу. Вёскі цяпер ужо няма, а могілкі, дзе было раней паселішча, захаваліся. Яны знаходзяцца недалёка ад пляжу „Вусікі“. Усе прывыклі гэта месца так называць і мы ў дзяцінстве таксама так называлі. А назва замацавалася за гэтым месцам, таму што там жыў ляснік па прозвішчы Вусік. І ў дзяцінстве, калі ў нас пыталіся „куды пойдзем?“, то мы казалі: „да Вусіка“. Так за гэтым месцам і замацавалася назва».
Аліцыя распавядае, што ў міжваенны час яе бацькам не заўсёды трэба было ісці ў цэнтр Гродна па пакупкі. Часта гандляры самі прыходзілі да іх у вёску. У асноўным гэта былі яўрэйскія гандляры і майстры.
«Кожную нядзелю да нас у Пярэселку прыязджаў яўрэй Каган і прывозіў марозіва. Адзін шарык каштаваў 5 грошаў. Не ўсе бацькі маглі дазволіць купіць яго дзецям, але Каган гатовы быў аплату браць яйкамі.
Прыходзіла і пані Рэйза, прыносіла цэлы кошык булак, давала ўсім знаёмым дзецям без грошай. Яна ўжо ведала, хто дзе жыве і дзе забіраць грошы. Неяк прыйшла яна да нас дадому і маёй бабулі кажа: „Ведаеце, усе мне кажуць — Рэйза, дай булку. А вашы дзеці - пані Рэйза“. Нас з дзяцінства вучылі павагі да дарослых.
Заходзіў у вёску яшчэ адзін яўрэй, называлі яго Куратнік. Хадзіў ён з вялікім кошыкам і купляў курэй, асабліва шукаў маладых пеўнікаў. Мая бабуля з ім лаялася і казала: „Што ты думаеш, я прадам табе пеўніка? Не, лепш у мяне яго дзеці з’ядуць“.
Хадзіў яшчэ шавец. Неяк мая бабуля дала яму ў рамонт чаравікі, а ён доўга іх не аддаваў. Тады яна пайшла да яго ў майстэрню, каб забраць іх, але яўрэй не паспеў адрамантаваць — не было матэрыялу. Бабуля пачала з ім лаяцца, што ён так доўга трымае чаравікі. У выніку шавец пайшоў на сметнік шукаць матэрыял, а бабулю зачыніў у майстэрні. Доўга яна там праседзела, але вярнуоася дадому з абуткам».
У верасні 1939 года ў Пярэселцы ведалі, што прыйдуць камуністы. Чуткі даходзілі хутка. Некаторыя маладыя хлопцы з вёскі пайшлі на абарону горада.
«Адважныя ішлі абараняць Гродна, у асноўным гэта была моладзь. Патрыётамі былі, вось і абаранялі сваю Радзіму. Рускія казалі, што яны ідуць нас вызваляць, але ў нашай сям'і ведалі, што гэта ніякае не вызваленне. Мая мама ў дзень прыходу саветаў апынулася ў цэнтры Гродна. Купляла нам чаравікі, накупліла столькі, што хапіла да канца вайны. Калі 'яны рабіліся маленькімі, яна абразала іх, галоўнае каб мы не хадзілі босыя па вуліцы.
Бальшавікоў мы называлі карычневай чумой. Яны прыйшлі і пачалі вывозіць мясцовых жыхароў, было гэта ў лютым 1940-га года. Вывозілі на поўнач Расіі, у Казахстан і, як мы казалі, на „белыя мядзведзі“. Іх баяліся і ніхто не ведаў, каго будуць вывозіць наступным. Нам прыходзілася нават спаць у вопратцы, таксама мы загадзя рыхтавалі сухары і рэчы. Усё гэта стаяла ў куце ля ўваходу. Рускія давалі толькі 30 хвілін на ўсе зборы і адразу ж вывозілі. Нас маглі вывезці таксама, бо ў сям'і было 17 гектараў зямлі. А калі было шмат зямлі, значыць быў багатым — кулаком. Бедныя, хто нічога не рабіў, наадварот — былі ў пашане ў новай улады. Вывезці яны нас не паспелі, неўзабаве пачалася вайна з немцамі.
У цэлым пры першых саветах было цяжка, але неяк жылі. Кожны дзень бацька, мама і бабуля хадзілі і стаялі ў чэргах у краму. Падояць кароў раніцай і ідуць. У калейках стаялі за цукрам, соллю, запалкамі, газай і мануфактурамі на тканіну. Памятаю цукар быў у выглядзе блакітнай „галавы“ і бацька яе біў сякерай. І потым кавалачкі гэтага цукру дадавалі ў чай.
А яшчэ рускія патрабавалі ў кожнай сям'і ў вёсцы дзяржпастаўкі. Прыходзіў салдат са зброяй, стаяў і чакаў норму збожжа, яек і тлушчаў: масла, малако».
Нямецкую акупацыю гродзенка памятае добра. Яе сям’я ў пачатку вайны дапамагала знаёмым яўрэям пераязджаць у гета. Тыя прасілі забраць іх рэчы да сябе.
«Побач з бальніцай, якая была каля яўрэйскіх могілак, жыла сям’я Аляксандравых. Да іх мая бабуля насіла малако з Пярэселкі. Яны былі яўрэямі і мелі прыгожую дачку — бландынку. І калі немцы сталі ствараць гета, мой бацька і бабуля прасілі ў Аляксандравых, каб далі магчымасць схаваць іх дачку. Але дзяўчына адмовілася і сказала, што з бацькамі паедзе. Мой тата на павозцы перавозіў Аляксандравых у гета, яны ўзялі з сабой, што маглі. Астатняе прасілі нас забраць. Гэтая яўрэйская сям’я была багатая і яны так казалі: „Будзем жыць, то аддасце нам потым, а калі не, то пакінеце сабе“. Бацька нічога не ўзяў, акрамя крэсла на трох нагах. Яно стаяла заўсёды ў бабулі, як напамін пра нашых добрых знаёмых. У выніку нейкія рэчы забралі іх суседзі Райкіны. Аляксандравы так і не вярнуліся дадому.
Некаторыя яўрэі з гета збягалі і хаваліся на ўскраіне горада або ў лясах. Яшчэ ў першы год вайны, неяк пад ранак аднаго дня бацька знайшоў у прыбіральні яўрэя і той прасіў, каб яму дапамаглі схавацца. Ён прапаноўваў шмат золата, бацька не пагадзіўся, баяўся за сям’ю. За сувязь з яўрэямі немец на месцы ўсіх расстрэльваў. Бацька разумеў праблему і паабяцаў уцекачу, што нікому не будзе распавядаць, што яго бачыў і ў выніку накіраваў яго ў лес, у бок Літвы. Далёка сысці мужчыну не ўдалося, знайшоўся чалавек, які гатовы быў яго схаваць за ўзнагароджанне. Схаваў і адразу здаў немцам».
Жанчына кажа, што ў Гродне мясцовыя жыхары немцаў баяліся, але неяк стараліся жыць і выходзіць у горад. У акупацыю Аліцыя з мамай кожную нядзелю хадзіла ў касцёл.
«Іншы раз страшна было на вуліцы. Выпадкаў хапала, што немцы расстрэльвалі людзей. Не толькі за сувязь з яўрэямі, але і за парушэнне нейкіх правілаў. Была ў нас адна жанчына і ў яе здарылася пасляродавая дэпрэсія. Яна неяк пайшла ў касцёл праз Віленскую і патрапіла ў гета. Немцы яе забралі, яна там разнервавалася, пачала крычаць і яны яе забілі. Зрабілі нейкі ўкол, а пасля далі сваякам пахаваць.
Да вайны ў касцёл мы хадзілі па Жвіркі і Вігуры [сучасныя вуліцы Чкалава і Асіпенкі - рэд.], далей па Завяршчызне, там па лесвіцы з выбітымі прыступкамі, далей выходзілі ў горад. Падчас нямецкай акупацыі гэтым маршрутам у горад прайсці было ўжо немагчыма. Немцы стварылі гета і нам трэба было абыходзіць яго і ісці праз Віленскую. Памятаю, мы неяк ішлі, а гета было акружана дротам, і многія яўрэі стаялі і глядзелі, хто са знаёмых ідзе па вуліцы. Памятаю, была ўжо зіма, перад самым Раством, мы з бабуляй ішлі ў касцёл і ля плота гета стаяла знаёмая яўрэйка, пані Цыва, якая да вайны працавала краўчыхай. І яна крычала нам гучна: „Пані Маня, скажыце, хай прыйдзе пан Петрук“. Я бабці сказала, што яе пазнала краўчыха. Але да плота падыходзіць было нельга, таму мы толькі памахалі ёй і пайшлі далей.
Цыва неяк сыходзіла з гета і прыходзіла да нас за ежай або шыць. Аднойчы яна была ў нашай хаце і патруль якраз зайшоў, не знайшлі яе. Немцы страшна баяліся хворых у доме: калі яны заходзілі з праверкай і бачылі, што чалавек ляжыць, выглядае як хворы, то адразу ж сыходзілі.
Падчас акупацыі не толькі мясцовыя хадзілі маліцца ў касцёлы горада, але і немцы. Імша для іх праходзіла раней, а для мясцовых пазней. І вось неяк мы з мамай прыйшлі, калі ў касцёле маліліся немцы. І адзін выходзіць да нас насустрач. Мы хацелі адразу выйсці, а ён сказаў: „Не, не трэба. Ідзіце ў кут і ціха стойце“».
Падчас акупацыі бацька Аліцыі працаваў на млыне каля заапарка. Дзяўчынка разам з мамай часта насіла яму на працу абед. Аднойчы яны пасля такога шпацыру, зайшлі ў заапарк.
«Стары млын быў каля самага заапарка. Неяк з мамай мы неслі бацьку абед і тады я ўбачыла першых немцаў і яўрэяў, якіх прымусілі насіць жоўтыя зоркі. На зваротным шляху мы зайшлі ў заапарк. Як сёння ўсё памятаю, было там так брудна. Жывёлы выглядалі галоднымі і худымі. Адзін зубр быў адразу ля ўваходу, з правага боку, яшчэ побач былі ваўкі і лісы. На тэрыторыі заапарка быў тэрарыўм, бачыла там вужоў. Але больш за ўсё мне запомніліся малпы. Мы ім кідалі цукар ці цукеркі, ужо не магу ўспомніць. Адна старая малпа, з маленькай на руках, спаймала нашы прысмакі. Жывёлы нам потым нібы дзякавалі. Мама казала, што старая малпа кланяліся нам за прысмакі і паказвала, што ёй трэба карміць дзіця. Было так кранальна, гэтыя моманты я запомніла на ўсё жыццё. Як аказалася пазней, некаторых жывёл з нашага заапарка вывезлі ў Калінінград (пры немцах Кёнігсберг), астатніх перабілі».
Падчас нямецкай акупацыі ў Гродне дзейнічала каменданцкая гадзіна. Новая ўлада вёску Пярэселка залічыла ў склад горада і ўсе жыхары атрымлівалі карткі на прадукты і розныя рэчы.
«За картку можна было атрымаць хлеб, мыла, якое было зроблена з чымсьці цвёрдым, накшталт бітай цэглы. Мужчыны атрымлівалі вопратку. Усе казалі, што яна была тканая з крапівы — шэрае і страшнае адзенне. Нам — дзецям — давалі драўляны абутак, мы іх называлі дрэўнякі. Хадзілі ў іх па вёсцы. Свае карткі наша сям’я аддавала сваякам, якія жылі ў горадзе. Там людзі галадалі, а мы ў вёсцы маглі яшчэ выжываць.
Немцы забаранялі мясцовым вучыцца і таму нас бацькі адпраўлялі на таемныя заняткі да настаўнікаў. Хадзілі да іх на кватэры і вывучалі польскую мову, гісторыю і геаграфію. Грошай плаціць не было, таму дзякавалі настаўнікам ежай. Можна сказаць, за хлеб і сала падчас вайны нас вучылі".
У ліпені 1944 года пры адступленні немцы ледзь не спалілі Пярэселку разам з некаторымі жыхарамі. Вяскоўцаў выратавалі савецкія разведчыкі.
«Летам 1944 года набліжаўся фронт і мы з бацькамі пайшлі хавацца ў лес да крэйдавых гор. Наша бабуля засталася ў вёсцы, былі там і іншыя жыхары. Яны даглядалі дамы і гаспадарку. Немцы, калі адыходзілі, зайшлі да нас у вёску і ўсіх, хто застаўся, сабралі ў адным доме. Пабудову збіраліся падпаліць. Адзін хлопец здолеў выбрацца праз дах і прыбег да нас у лес, сказаў што будзе Пярэселка гарэць. Некаторыя маладыя хлопцы залазілі на хвоі і глядзелі, але дыму не бачылі. Як высветлілася, немцы не паспелі сысці, як у вёсцы з’явілася савецкая выведка. Так у нас засталіся пабудовы і жыхары».
У пасляваенныя гады савецкая ўлада чарговы раз нагадала пра сябе жыхарам Пярэселкі - у людзей забіралі зямлю, а кагосьці саджалі або вывозілі. Але больш за ўсё ў памяці Аліцыі запомніліся расстрэлы ў Пышках.
«У нас у Пышках ёсць малады лясок і там расстрэльвалі людзей. Гэта я добра ведаю, бо насіла з бабуляй туды кветкі і камяні. Гэта было летам 1946 года. Усё было саспелае для уборкі. Праз нашу Переселку пачала ездзіць машына-палутарка з падазронымі людзьмі, а ў вёсцы гэта была рэдкасць. Пастухі, якія пасвілі кароў на палях, заўважылі, што на ўскрайку капаюць яму. Казалі, калі капаюць — значыць будзе расстрэл.
Вяскоўцы сталі сачыць і мой бацька ў тым ліку. У адзін дзень раніцай зноў ехала машына, шмат людзей і ўсе стоячы ў кузаве. Бацька там убачыў чалавека ў сутане, гэта быў нейкі ксёндз. Бацька падняўся на горку і сачыў за транспартам. Іншыя суседзі пабеглі па палях за машынай. Яны і выйшлі да ямы, а там патруль. Хацелі расстраляць і гэтых вяскоўцаў, але мужыкі сталі казаць, што заблукалі і ішлі на загатоўку скаціны. Неяк удалося ім дамовіцца, іх адпусцілі.
Бацька мой працягваў сядзець у хованцы і назіраў, што адбывалася ля ямы. У выніку ён налічыў 41 стрэл. Тры дні там стаяла ахова, пастухам забаранялі пасвіць побач кароў. Нават калі з’ехала ахова, зямля яшчэ «дыхала». Праз некаторы час на месцы расстрэлаў мы з бабуляй выклалі крыж і там заўсёды для вяскоўцаў было святое месца. Зараз там усё зарасло і месца знайсці будзе складаней.
Калі ў Гродне ўтварыўся «Мемарыял» [падрабязней гераіня не змагла растлумачыць, бо не памятае — рэд.], я прасіла гэтых спецыялістаў, каб зрабілі раскопкі. Я ўсім расказвала пра расстрэлы, важна каб памяць пра людзей жыла. Пашукавікі прайшліся, нават лапатай не капнулі і з’ехалі. Але там дакладна ёсць пахаванні. Святар быў, бацька яго бачыў, мы лічылі, што людзей везлі з гродзенскай турмы. У той час якраз саветы арыштавалі пробашча з Фарнага касцёла Альбіна Ярашэвіча. З турмы ён так і не вярнуўся. Магчыма, гэты святар з другімі людзьмі там і ляжыць".
Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…
Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…