Спадчына

«У 1939-м мы чакалі рускіх, суседзі хацелі нас забіць». Гродзенка ўспамінае стары горад

Hrodna.life актыўна збірае матэрыялы для чарговай кнігі ўспамінаў пажылых гродзенцаў. Наш новы герой — 96-гадовая жыхарка Гродна Ніна Снічыч распавяла, чаму яе сям’я ў 1930-х гадах з вёскі пераехала ў Гродна, хто сустракаў у горадзе бальшавікоў і як яна працавала ў немцаў.

Ніна Снічыч (у дзявоцтве Апонік) нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Верцялішкі. Праваслаўная. З 1937 года жыве ў Гродне.

«Мае бацькі былі звычайнымі сялянамі, мелі шэсць дзяцей і тры гектары зямлі. Там і працавалі. Два разы я вучылася ў першым класе ў вясковай школе ў Верцялішках, да таго часу пакуль можна было хадзіць пешшу. А пасля мы перабраліся на хутар у Грынеўку, то за 4 кіламетры на вучобу я ўжо не хадзіла. Дома гаварылі на простай мове — трасянцы, у якой-небудзь кампаніі на польскай».

На Нёмане, здымак з архіву сям'і Снічыч

Пераезд у Гродна

У 1937 годзе ў сям'і Апонік надышлі сур’ёзныя цяжкасці: памёр карміцель, адзін з сыноў патануў. Каб неяк выжыць сям’я перабіраецца ў Гродна, там старэйшыя пайшлі працаваць.

«Бацька іголкай пракалоў нагу, атрымаў заражэнне крыві і памёр за чатыры дні. Пасля гэтага патануў старэйшы брат, сярэдні пашкодзіў нагу — працаваць не было каму. Мама прымае рашэнне пераязджаць з дзецьмі ў Гродна. У вёсцы станавілася цяжка выжываць. У горадзе пасяліліся ў вялікім доме ў польскага пана Цыдзіка на вуліцы Іерусалімскай (сучасная Антонава). У доме ён здаваў кватэры. Мы здымалі двухпакаёвую і жылі ў адной, іншую здавалі іншым беларусам з вёскі. За свой пакой мы плацілі 15 злотых.

Брат Юрка пайшоў працаваць дворнікам, сястра Тоня на кафляны завод недалёка ад чыгуначнага вакзалу. Мама пайшла дапамагаць на кухні ў вайсковай частцы, а я ўладкавалася працаваць на агароды за аўтавакзалам. Там арандаваў зямлю яўрэй".

Сямейны заробак

З ранняга дзяцінства ў Ніны быў вопыт нянечкі. Таму ў Гродне вясковая дзяўчынка бывала глядзела за дзецьмі і прыбіралася ў панскіх кватэрах.

«Апроч агародаў, памятаю, была ў мяне падпрацоўка ў доме ў польскага лекара на Грандзіцкай (сучасная Горкага). Гэты дом і цяпер стаіць на скрыжаванні з вуліцай Міцкевіча. На першым паверсе яны здавалі кватэры, на другім жылі самі. Я там прыбірала і дапамагала гаспадарам. За месяц мне плацілі каля 10 злотых, пры гэтым яшчэ кармілі.

Сястра на заводзе за дзень зарабляла 1 злоты. Такога заробка працоўным не хапала і яны аднойчы зладзілі забастоўку. Два тыдні там сядзелі і начавалі, то ў выніку павысілі ім стаўку на 20 грошаў. Я памятаю, сястры ежу насіла на забастоўку.

У цэлым у горадзе сям'і лепш жылося, чым у вёсцы. У Гродне мы працавалі ўсе і атрымлівалі грошы. На траіх удавалася зарабляць тры злотых у дзень, гэтага нам хапала, каб апрануцца і пракарміцца. Але мы не маглі дазволіць сабе хадзіць па кавярнях і дарагіх крамах. На Дамініканскай (сучасная Савецкая) было шмат добрых крамаў, я туды я не хадзіла, аддавала перавагу яўрэйскім. Там было танна. Куплялі ў асноўным хлеб, крупы, мяса толькі на святы".

Вул. Дамініканская (суч. Савецкая). 1930-я гг.

Хадзілі вучыцца танцаваць да яўрэя

У 1938 годзе сям’я пераязджае жыць у цэнтр Гродна на вуліцу Замкавую. Жылі ў доме недалёка ад сённяшняга палаца тэкстыльшчыкаў, гэты будынак знеслі ў савецкія гады.

«Жылі ў невялікім доміку, па суседстве былі палякі. У буднія дні працавалі, а на выходных маглі схадзіць на танцы. Пры паляках было тры танцпляцоўкі. Адна для цывільных на пантонах на Нёмане, гэта каля піўзавода. Былі яшчэ танцпляцоўкі для вайскоўцаў - афіцэраў і для чыгуначнікаў. У Гродне танцавалі танга, а мы вясковыя — не ўмелі танцаваць. Хадзілі вучыцца да яўрэя Мэйлаха. У суботу і нядзелю ён праводзіў нам урокі танцаў, а ў буднія дні выкладаў для груп».

«У 1939-м годзе суседзі нас хацелі забіць»

У верасні 1939 года ў Гродна прыйшлі бальшавікі. Апонікі з цэнтра горада пераязджаюць на Падпярэселку ў дом № 37. Гэты прыватны дом належаў адной жанчыне. Яна не хацела ў ім жыць і пусціла Апонікаў туды бясплатна. Сама ж гаспадыня сышла жыць у горад.

«У Гродне некаторыя жыхары сустракалі бальшавікоў з кветкамі. У асноўным гэта былі беднякі - сяляне, ці людзі, якія калісьці жылі ў Расіі. Напрыклад, мая мама падчас Першай сусветнай была там у бежанстве. Працавала і зарабляла. Таму ёй рускія былі знаёмыя і мы ў Гродне іх чакалі. Чуткі даходзілі да горада, што з бальшавікамі добра жывецца, і мы спадзяваліся, што яны прыйдуць і будзе праца для ўсіх. А так за польскім часам мы ўсе працавалі толькі на падпрацоўках, а многія хацелі быць пастаянна працаўладкаваны.

У верасні 1939 года мы не ведалі, хто прыйдзе ў Гродна. Немцы напалі на Польшчу, рускія войскі ўвайшлі з іншага боку. І калі да нас прыйшлі бальшавікі, мама выйшла на вуліцу і сказала: «О, як добра, што рускія прыйшлі». Адзін сусед-паляк падслухаў гэта і вырашыў забіць усю нашу сям’ю. Суседка даведалася пра змову і пераказала нам гэта. Яна сказала, што ўначы адкрые акно, каб мы да яе пералезлі. Так і зрабілі. Пераначавалі і сышлі на Падпярэселку. А сусед і сапраўды раніцай прыходзіў. Былі дзверы адкрытыя і ўсё перавернута. У Гродне палякі не любілі беларусаў ці рускіх, называлі кацапамі. А яўрэяў наогул ніхто не любіў.


«Рызыкаваў, але захаваў». Гродзенец паказаў шыльду, якую схаваў яго прадзед ў 1939 годзе


Рускія калі прыйшлі, правялі вялікі збор для людзей. І адзін гродзенец у іх спытаў: «Скажыце, працы для нас у вас хопіць?». А той яму ў адказ: «Хопіць, работы колькі хочаш».

Новая ўлада адразу ж узялася за багатых — іх вывозілі, а бедных ніхто не чапаў. Хтосьці з польскіх патрыётаў спрабаваў абараняцца і памятаю, што хлапчукі падбілі савецкія танкі, якія заязджалі на мост. Тады загінулі двое рускіх, адзін з іх Гарнавых. Таму ў будучыні і вуліцу назвалі Гарнавых".

Кадр з кінахронікі аб вызваленні Заходняй Беларусі, і ў прыватнасці Гродна, у 1939 годзе

Суп для палонных, і паненкі ў капялюшыках

Не паспелі гродзенцы звыкнуць да першых саветаў, як у 1941-м годзе ў горад уваходзяць немцы. Ніна кажа, што ў першую чаргу пацярпелі сям'і савецкіх афіцэраў, палонныя і яўрэі.

«У дзень вайны я думала, што гром моцны з маланкай удалечы. Былі водбліскі вялікія, здавалася вось-вось пойдзе дождж. У выніку пачалі бамбіць горад каля 8 раніцы. Два дні мы хаваліся ў рове каля Каложы. Першых немцаў убачыла ў двары на Замкавай.

Калі прыйшлі немцы, многія рускія трапілі ў палон. Гналі калонамі іх у горад. Памятаю, на Фолюшы быў Шталаг № 324. Мы туды хадзілі і насілі палонным што-небудзь, той жа кавалачак хлеба. Таксама памятаю, што з бабуляй варылі суп і насілі палонным у казарму на Маставой. Немцы дазволілі мясцовым прыносіць ежу для палонных. Людзі прыходзілі і здавалі яе, а немцы правяралі, каб нічога не было лішняга.

Пакутавалі ў гордзе і яўрэі, немцы сагналі іх у гета. Мы не сустракаліся з імі ў горадзе, яны ўсе былі за дротам. Шкада было іх, але мы не маглі іх вызваліць і нават дапамагчы як-небудзь. Хтосьці спрабаваў хаваць яўрэяў, але ўсё роўна немцы многіх знаходзілі і расстрэльвалі.

З прыходам немцаў мясцовыя палякі сталі зноў прыгожа апранацца. Да 1939 года на вуліцах Гродна ўсе так апраналіся, але як прыйшлі рускія, насілі толькі хусткі на галаве, каб здавацца бяднейшымі. У 1941-м годзе, пры немцах, модныя паненкі ў капялюшыках вярнуліся на вуліцы горада».

Ніна Снічыч, падчас нямецкай акупацыі.
Ніна Снічыч з сяброўкамі, 1943 г.

Гародніна немца карміла ўсю сям’ю

Амаль усю акупацыю Ніна працавала ў Гродне на нямецкага фермера Рыка і тым самым карміла сваю сям’ю, у якой не было працы. На адных картках на ежу выжываць было цяжка.

«Я і іншыя мясцовыя дзяўчаты працавалі ў парніках у Каложскім парку. Уладальнік быў немец Рык, а аграномам у яго быў нейкі чэх. Летам у яго чалавек пад 80 працавала, а зімой — 10. Кантора была на сучаснай вуліцы 17 Верасня. У гэтым доме № 14 ён і жыў. Калі па нас прыходзіла позва на выезд у Германію, мы ішлі да чэха, а ён ужо да немцаў і дамаўляўся.

За працу на агародах нам плацілі грошы. Колькі дзён — столькі марак. Зарплату давалі ў запячатаным канверце. Калі партызаны недзе падарвуць цягнік, то ў нас вылічвалі з заробку. У акупацыю я практычна адна карміла сваю сям’ю.

Даводзілася красці ў немца гародніну. У фартух набірала капусту і буракі, а потым хавала ў яму каля Каложы і закопвала. А калі дадому ішла, то выкопвала. Цыбулі наносіла дадому столькі, што мама прадавала яе і туфлі мне потым замовіла. Красці не баяліся, немец не ведаў. Але быў адзін агароднік, які вазамі вывозіў. Яго злавілі і ён атрымаў сур’ёзна. Немцу ён паскардзіўся, што дзяўчаты таксама выносяць гародніну ў фартухах. Дык Рык яму ў адказ: „Фартух гэта не нейкая фурманка“. Нас гэты немец называў „старыя паненкі“, мы ў яго пастаянна працавалі. А таго мужыка збіў у нас на вачах».

На вайне страціла двух братоў

Пасля вызвалення Гродна братоў Ніны забралі на фронт. Яны загінулі. Сама жанчына пайшла працаваць у Ваенгандаль.

«Было цяжка, але ў нямецкай акупацыі мы выжылі. Нас вызвалілі ў ліпені 1944 года. Братоў адразу ж забралі на фронт. Малодшы сапёрам быў, у студзені 1945 загінуў пад Варшавай. А старэйшага прывезлі з ранамі ў Гродна, тут ён і памёр. Там дзе зараз Аграрны ўніверсітэт на Акадэмічнай пасля вызвалення быў ваенны шпіталь. І часта параненыя гінулі, іх хавалі ў парку, дзе зараз атракцыёны. Я ж пасля вайны пайшла працаваць у Ваенгандаль, прапрацавала там да самай пенсіі».

Ніна Снічыч, 2018 год

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024