88-гадовая гродзенка Лідзія Івашчанка ўспамінае вераснёўскія падзеі 1939 года, калі савецкія салдаты без суда і следства расстралялі яе братоў недалёка ад дома. Разам з трагічнай гісторыяй 80-гадовай даўніны, жанчына ўспамінае і жыццё ў Гродне 1930−40-х гадоў.
Лідзія Кірылаўна Івашчанка нарадзілася ў 1931 годзе ў Гродне. Праваслаўная. Усё жыццё жыве ў родным горадзе.
Бацька будаваў Дом афіцэраў
«Мае бацькі пазнаёміліся ў вёсцы Крынкі, адкуль была родам мама. Бацька падчас Першай сусветнай апынуўся ў нямецкім палоне і збег. Апынуўся менавіта ў матчынай вёсцы. Сам ён украінец, а жыў у Расіі. А мама мая беларуска, і я сябе лічу такой.
У 1919 годзе бацькі пераехалі ў Гродна. Я нарадзілася ў 1931 годзе. Жылі мы недалёка ад Падольнай вуліцы, гэта там дзе арка пад чыгуначным мостам. І там раней была маленькая вулачка Флісацка, пры саветах яе называлі Плытагонаў. Сёння гэтага завулка ўжо няма.
Мой бацька быў добрым цесляром і сталяром. Ён будаваў у Гродне ў 1930-х гадах Дом афіцэраў, банк на сённяшняй вуліцы Карбышава і многае іншае. Узімку бацька, бывала, сядзеў без працы, бо ніхто тады так не будаваў, як цяпер. А мама не працавала ўвогуле, толькі часам у сезон магла хадзіць на падпрацоўкі на яўрэйскія агароды".
Не дазволіў сыну стаць католікам
Сваёй кватэры ў сям'і Івашчанкаў у 1930-х гадах не было. Даводзілася здымаць жыллё ў прыватным доме. Побач з імі жылі суседзі розных нацыянальнасцяў.
«Былі палякі, яўрэі і праваслаўныя. Беларусамі нас ніхто тады не называў. Мой старэйшы брат Вікенцій скончыў 7 класаў школы і паступіў у рамеснае вучылішча. Да гэтага ён марыў пра лётную ўстанову ў Вільні. Але з-за таго, што ён быў праваслаўным, яго не ўзялі. Бралі католікаў і яму прапаноўвалі перайсці ў іншую веру, але бацька сказаў, што якім нарадзіўся, такім і павінен быць. Можа і дарма, што не перайшоў да католікаў, тады, магчыма, застаўся б жывы.
У нас сям’я здаўна была праваслаўная і маліцца мы хадзілі ў сабор на Ажэшкі. Я там нават у хоры спявала з сяброўкамі. Памятаю, падчас акупацыі немцам так спадабаліся нашыя спевы, што яны два разы прасілі выступіць. Тады з намі ў хоры спяваў і Коля Вагнер [пасля вайны вядомы артыст гродзенскага тэатра — рэд.]".
Ляжала ў ваенным шпіталі
Лідзія Кірылаўна распавядае, што яе сям’я за палякамі была небагатай, але жыла нармальна. Бацькі імкнуліся забяспечыць сваіх дзяцей усім.
«Нас было трое ў бацькоў: я і два старэйшыя браты. Мы былі добра апранутыя і заўсёды сытыя. Усе вучыліся. Неяк у сярэдзіне 1930-х гадоў я захварэла шкарлятынай, трэба было тэрмінова класціся ў бальніцу. А бацька мой неяк будаваў дачу ў Румлёва аднаму палкоўніку — галоўрачу вайсковага шпіталя. Шпіталь быў там, дзе Новы замак. І палкоўнік сказаў бацьку, што не пакладзе мяне ў цёмную бальніцу і прапанаваў месца ў шпіталі.
Я там праляжала 45 дзён. Была адна ў пакоі, а побач койка для салдата. Ён сачыў, каб я нікуды не бегала, бо хвароба была заразная. Але я салдата падманвала — казала, што яго кліча паручнік, і бегала па палатах. Там ляжалі афіцэры і салдаты. Яны любілі, калі я да іх заходзіла і песні спявала, нават казкі распавядала. А так да мяне ніхто не прыходзіў, бо нельга было. Толькі пад вокны часам бацькі і браты падыходзілі".
Апынуліся на пагроме
Незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны Лідзія з бацькам апынулася ў цэнтры Гродна, дзе стала сведкам пагрому. Але з-за чаго ён адбыўся, жанчына дагэтуль не ведае.
«Мы часта хадзілі ў цэнтр горада. Там было шмат крамаў. Гандлявалі ў асноўным яўрэі. Адзін раз мы з бацькам былі на плошчы і тады быў нейкі мітынг, а пасля пачаўся пагром. У будынку насупраць Фарнага касцёла быў вялікі балкон, на ім часта выступалі ўсякія камуністы і сацыялісты. Нешта яны сказалі і пасля мітынгу людзі пачалі чамусьці граміць яўрэйскія крамы і намёты на плошчы. Казалі, што набліжаліся нейкія выбары, і людзям нешта не спадабалася. Мы з бацькам ледзь прыбеглі дадому.
Але гэта не быў пагром на яўрэяў, нешта адбылося іншае. Бацькі распавядалі, што толькі ў 1935 годзе быў сур’ёзны пагром на іх. Тады нейкага марака ў рэстаране забілі і вырашылі, што гэта яўрэі зрабілі. Вось тады мэтанакіравана ў Гродне білі яўрэяў і іх крамы.
Былі і кур’ёзныя моманты з яўрэямі. Памятаю, што хадзілі палохаць іх з 31 кастрычніка на 1 лістапада, на Дзень усіх святых. Яны баяліся і закрывалі свае вокны аканіцамі. Брат у гэтую ноч выразаў у гарбузе вочы і нос, устаўляў свечку і хадзіў палохаць людзей. Так весялілася наша моладзь. Бацька лаяўся на брата і казаў, што так не трэба рабіць".
Першая нямецкая бомба на плошчы Баторыя
Яшчэ пры паляках Лідзія пайшла вучыцца ў Бернардынскую школу, якая была побач з касцёлам. Да пачатку Другой сусветнай яна правучылася там два класы. Памятае, як пачалася вайна.
«Мне падабалася вучыцца ў школе. 1 верасня 1939 года я павінна была ісці ў трэці клас, але з-за ваеннага становішча на вучобу ніхто не пайшоў. З прыходам саветаў мяне пакінулі ў другім класе, казалі, што польская навука горшая за расійскую.
У наша дзяцінства не было ніякіх тэлевізараў, людзі на лавачках сядзелі і распавядалі адзін аднаму пра навіны. А дзеці заўсёды любілі падслухоўваць размовы дарослых. Часам можна было паслухаць радыё ў суседа. У адзін момант пайшлі чуткі, што немцы могуць напасці на Польшчу, а потым наогул пачалася вайна. Першая нямецкая бомба на Гродна ўпала 1 верасня 1939 года на плошчы Баторыя [суч. Савецкая]. У школу мы не пайшлі, прыбег брат і сказаў, што ў цэнтры чалавека забіла снарадам. Яшчэ некалькі чалавек было паранена. Брат бедны, нават і не ведаў, што праз некалькі дзён і яго не будзе. Немцы больш не бамбілі горад, праляталі толькі 2−3 самалёты. У Гродне пасля налёту пачалася агульная мабiлiзацыя.
Праз некаторы час у горадзе стаяла грабавая цішыня і безуладдзе. Крамы зачыняліся, людзі хаваліся. У Гродна нечакана ўвайшлі саветы, але каб хтосьці іх сустракаў, я не бачыла. А прыйшлі бедныя і абарваныя салдаты, не перадаць словамі. Яны ж былі нават не ў ботах, а ў абмотках і бедных чаравіках. Пасля польскай арміі яны здаваліся галечай".
«Ты чакаў гэтых рускіх, а яны вось што табе зрабілі»
Савецкія салдаты недалёка ад дома сям'і расстралялі братоў Лідзіі. Гэта адбылося 22 верасня, пасля абароны горада. Ці ўдзельнічалі яе браты ў абароне, яна не ведае.
«Браты былі ўвесь час дома, калі стральба сціхла яны выйшлі паглядзець, што адбываецца ў горадзе. У гэты час савецкія салдаты якраз недалёка ад нашай вуліцы вялі на расстрэл суседскага яўрэя, нехта сказаў, што ён страляў па рускіх. І калі мае браты выйшлі з завулка, гэты яўрэй сказаў: «Товарищ, это они стреляли!»
Чаму браты ішлі ўдваіх, я не ведаю. Яны ніколі разам не хадзілі, аднаму было 18, а другому 16. У іх нават розныя сябры і розныя інтарэсы былі.
У выніку братоў схапілі і павялі на расстрэл, а яўрэя адпусцілі. У гэты момант знаёмая жанчына пабегла да нас дадому і крычыць: «Бяжыце хутчэй, вашых сыноў расстрэльваюць». Не паспеў бацька, братоў расстралялі амаль пад аркай чыгуначнага моста.
Бацька пачаў крычаць на салдат: «Что вы сделали? Я же русский человек, я вас ждал!» А яны яму ў адказ: «Ну прости отец, мы не виноваты. Тот еврей сказал, что твои сыновья стреляли из пулемета по советским солдатам». Бацька ім пачаў гаварыць, што ён сам з кулямёта не ўмее страляць, а адкуль дзеці яго маглі гэтаму навучыцца.Людзі, якія бачылі расстрэл, распавядалі потым бацьку, што яго старэйшы сын Вітэк крыкнуў перад смерцю «Ратунку» і яму спачатку стрэлілі ў ногі, а потым падышоў салдат і стрэльнуў у галаву. Малодшы Уладзімір яшчэ трохі жыў, яго на самаробных насілках занеслі ў бальніцу, але не ўратавалі. Спачатку старэйшага брата пахавалі на могілках, а на наступны дзень і малодшага Уладзіміра.
Калі ўвайшлі саветы ў Гродна, то некаторыя студэнты далі ім адпор. Я не ведаю, ці ўдзельнічалі браты ў абароне горада ці не, цяпер гэта нікому не даведацца. Мама потым увесь час бацьку казала: ты чакаў гэтых рускіх, а яны вось што табе зрабілі. Бацька проста ведаў яшчэ царскую Расію, за якую ваяваў у Першай сусветнай, але савецкая Расія была ўжо другой краінай.
Калі бацька паміраў, ён мне распавёў гісторыю, што сябар брата па прозвішчы Рогаш неяк напісаў ліст з Англіі на наш адрас. Бацьку выклікалі ў КДБ, але ліст не аддалі. Адзінае, што сказаў супрацоўнік, гэта тое, што Рогаш пытаўся: ці паставілі мы помнік яго сябру. Так, мы паставілі ўсім. А гэтага Рогаша вывезлі ў Сібір з сям’ёй, ён адтуль уступіў у польскую армію, а пасля трапіў у Англію".
Ніжэй на фота — хлопцы з рамеснага вучылішча. Здымкі з архіву старэйшага брата Лідзіі Кірылаўны.
Далі яўрэям поўную волю
Пры першых саветах сям’я Івашчанкаў чакала, што іх вывязуць у Сібір з-за расстраляных братоў. Сядзелі на сабраных рэчах і сухарах. Лідзія Кірылаўна кажа, што маглі вывезці ў любы момант, так рабілі са многімі.
«Саветы як прыйшлі, яны вывезлі ў Сібір сем'і многіх польскіх афіцэраў. Маглі і нас вывезці. Атрымліваецца, мы былі ворагамі савецкага народа. Але па нас не прыйшлі. Вось сям’ю майго сябра Кшыштафа забралі. З гэтым хлопцам мы шпацыравалі за руку і танцавалі, увогуле добра сябравалі. І ў адзін дзень я прыходжу ў школу, а яго няма. На другі і трэці ён таксама не з’яўляўся. Я кажу бацьку, што трэба схадзіць і даведацца, куды прапаў Кшыштаф. Можа ён захварэў ці што.
Мы пайшлі на яго вуліцу, сучасная Свярдлова. Грукаем у дзверы, а нам адкрывае вайсковец. Тата адразу папрасіў прабачэння і сказаў, што, напэўна памыліўся адрасам. А гэты салдат адказаў, што мы не памыліліся і прапанаваў зайсці ў кватэру. Пачаставаў нас гарбатай і пра нешта размаўляў з бацькам. Ужо пасля мне стала ясна, што Кшыштафа і яго бацькоў вывезлі ў Сібір. У яго бацька быў адвакатам. Немец жа калі прыйшоў, ён не крануў сем'і савецкіх афіцэраў. Як жылі яны, так і жылі. Хто мог, той і працаваў.
За саветамі жыццё ў Гродне стала іншым. Чэргі ў крамах, а там толкам нічога і не было. Прыходзіць мама неяк у краму на Падольную і становіцца перад яўрэйкай у чаргу, праз некаторы час перад ёй яшчэ 10 чалавек становіцца. А калі зробіш ім заўвагу, то яны адразу абурацца пачынаюць. Саветы далі яўрэям поўную волю, яны былі ўсюды. Ва ўсіх установах толькі яны і сядзелі, нашым людзям не было ніякага ходу. Майго хроснага бацькі брат неяк не вытрымаў і п’яны залез на краму і стаў крычаць: «Бі жыдоў, ратуй Расію». Дык яўрэі выклікалі міліцыю і яго забралі. Асудзілі на 3 гады".
Яўрэй, які выдаў братоў, знік у гета
Калі ў чэрвені 1941 года ў Гродна ўвайшлі немцы, да сям'і Івашчанкаў дадому прыбегла яўрэйка — жонка таго мужчыны, з-за якога расстралялі братоў Лідзіі. Яна прасіла не выдаваць іх немцам.
«Вайна з немцамі пачалася нечакана 22 чэрвеня, з суботы на нядзелю. Цёплая раніца, мама прачнулася і падумала, што гром удалечыні, але неяк па небе не было да гэтага падобна. Бацька сказаў, што гэта не гром, а вайна пачынаецца — стралялі з гармат. Толькі ён гэта прамовіў, як наляцела на горад 45 нямецкіх самалётаў. Мы ляжалі ў маліне і лічылі. Немцы спрабавалі бомбы скідаць на мост, але ніводная з іх не патрапіла. Пасля налёту гарэў Занёманскі фарштат і вуліца Падольная.
У панядзелак раніцай мы ўжо ўбачылі першых немцаў. Усе загарэлыя і з закасанымі рукавамі. Дзяцей цукеркамі частавалі, на матацыклах каталі. Тым часам да маёй мамы прыбегла яўрэйка, жонка таго мужчыны, які выдаў саветам маіх братоў: «Пані, вы, напэўна, скажаце немцам, што мы вашых сыноў выдалі, калі так — нас тады паб’юць і расстраляюць». А мама ёй у адказ: «Адчапіцеся ад мяне, вас Бог паб’е». Гэтая сям’я знікла пры немцах, спачатку іх забралі ў гета, а потым не ведаю куды павезлі.
У горадзе ніхто не супраціўляўся немцам, усе савецкія салдаты беглі або здаваліся ў палон. З палоннымі салдатамі немцы абыходзіліся вельмі дрэнна, не давалі ім есці. Шмат палонных гінула і хаваць іх везлі на Нямецкія могілкі каля Падольнай. Везлі целы як дровы. І хавалі ў траншэях. Хто быў здаравей, той капаў магілы, а нашы жанчыны з вуліцы насілі ім есці. Можа дзе і жывых закопвалі, хто быў вельмі слабы. Казалі, што целы везлі з Фолюша, там быў лагер для ваеннапалонных. А дзе сёння на Маставой «Прыорбанк», там быў шпіталь для палонных. Туды ўжо я хадзіла і кідала палонным хлеб і папяросы".
Падатак з яўрэяў
За немцамі да гродзенскіх яўрэяў адразу былі выкарыстаныя абмежаванні. Яшчэ да стварэння гета ім пад страхам смерці загадалі насіць асаблівыя адметныя знакі - белыя нарукаўныя павязкі з сіняй «зоркай Давіда», якія затым у гета былі заменены на шасціканечныя жоўтыя зоркі, нашытыя спераду і ззаду вопраткі.
«У Гродне былі два гета, мы жылі паблізу аднаго. Нават з раёнаў туды звозілі яўрэяў. Хто пешшу, хто на павозках туды ехаў. Відовішча жудаснае. А ў яўрэйскія кватэры засяляліся тыя людзі, чые дамы выкарыстоўвалі пад гета. Памятаю, як па горадзе часта ганялі яўрэяў на працы. Натоўпамі і яны нікуды не ўцякалі. З імі ішоў адзін наглядчык з яўрэйскай паліцыі і немец. Не ведаю, чаму яны не ўцякалі, можа баяліся за сям’ю. Але потым усё роўна іх усіх знішчылі.
Мой бацька пры немцах працаваў у маёнтку Станіславова і туды першы час прыганялі яўрэяў працаваць. І адзін яўрэй распавядаў бацьку, што немцы ў вызначаны дзень казалі паліцыі збіраць золата на здачу, у выпадку выканання ў гета будзе ціха. Яўрэі збіралі пярсцёнкі, завушніцы і ланцужкі. Людзі неслі, хто што меў, і верылі немцам. Пасля пэўнага падатку было ціха, але праз нейкі час немцы зноў патрабавалі золата. Так яны выманьвалі каштоўнасці ў яўрэяў перад знішчэннем.
Адно гета было каля нас, недалёка ад сучаснага Скідзельскага рынку. І зімой немцы на лыжах яго аб’язджалі - правяралі. І ў адным месцы вясковыя людзі прыйшлі на абмен з яўрэямі, прынеслі ім сала і яшчэ чагосьці там. Немцы ўбачылі вясковых і расстралялі на месцы. Падтрымліваць сувязь з гета было забаронена. Мы баяліся туды падыходзіць.
Нямецкаму салдату вайна была непатрэбна
Жанчына згадвае, што падчас акупацыі ў Гродне было шмат добрых нямецкіх салдат, з адным з іх яе сям’я пасябравала.
«Яшчэ ў першы год акупацыі мы неяк з бацькам ішлі ў царкву, а каля дарогі ляжаў чалавек п’яны. Немец паказваў на яго, а бацька загаварыў з салдатам на нямецкай і сказаў, што чалавек проста п’яны, не варта яго чапаць. Салдат тады прычапіўся да нас і спытаў, куды мы ідзем. Бацька сказаў, што на службу ў царкву, так ён з намі і пайшоў. Тады быў Вялікдзень, мы выйшлі з храма і запрасілі гэтага немца да нас дадому на абед.
Пасля гэтага выпадку салдат стаў да нас хадзіць, то сахарын прынясе, то што-небудзь яшчэ. Распавядаў, што ў яго ў Германіі жонка засталася, трое дзяцей і ўласны маёнтак. Казаў, што вайна яму зусім не патрэбна, але усіх забіралі. Адзін раз ён прыйшоў да нас і сказаў, што яго частку адпраўляюць на Сталінград. На развітанне прынёс бацьку шэры шалік і пальчаткі. Напэўна, недзе на фронце ён і загінуў".
Ад немцаў даведалася пра княства Літоўскае
За немцамі Лідзія вучылася некалькі месяцаў у беларускім таварыстве, якое стварыла акупацыйная нямецкая ўлада. Усе польскія і савецкія школы ў той час былі зачыненыя.
«Будынак гэтай арганізацыі быў на сучаснай вуліцы Урыцкага. Казалі, што там месца, дзе можна было вучыцца. Я з трыма сяброўкамі вырашыла схадзіць туды. Памятаю, там вісеў на ўваходзе нямецкі сцяг і беларускі - бел-чырвона-белы. З намі пагаварылі і запісалі на заняткі.Вывучалі мы там беларускую мову, матэматыку, гісторыю Германіі, Беларусі і Літоўскага княства. Пра гэтую гісторыю мы нават паняцця не мелі. За саветаў вучылі гісторыю Расіі, за палякаў - Польшчы, а за немцаў - гісторыю княства літоўскага. Некалькі месяцаў туды хадзілі. А пасля школу зачынілі. Ужо як прыйшлі другія саветы, дзякуючы ведам атрыманых у гэтай школе, нас адразу запісалі ў шосты клас. Можна сказаць, пераскочылі два класы".
Немцы казалі, што проста так Гродна не аддадуць
Адзінае, чаго баялася сям’я Івашчанкаў пры нямецкай акупацыі, дык гэта таго, што нехта з вуліцы Падольной мог забіць нямецкага салдата каля моста. Калі б гэта адбылося, немцы арыштавалі б усіх і выбарачна маглі расстраляць людзей.
«Салдаты нас не чапалі і мы іх не чапалі, жылі сабе спакойна. За месяц да вызвалення немцы пачалі рыхтавацца да адступлення. Некалькі тыдняў прывязвалі тол на кожную жалезную апору моста і праводзілі правады.
Перад самым адыходам немцы сабралі ўсю нашу вуліцу і сказалі, каб мы сыходзілі, бо пачнецца бой на Нёмане. Казалі, што проста так Гродна не аддадуць. Так і адбылося. Мост чыгуначны ўзарвалі і ён цалкам зваліўся ў Нёман. Вялікі пешаходны мост таксама ўзарвалі, але ён разбурыўся толькі пасярэдзіне.
10 дзён бой ішоў на Нёмане. Немцы на адным баку, саветы на іншым. Мы тым часам хаваліся ў Пышках у знаёмых. Перад сыходам бацька ў хляве выкапаў яму, выклаў яе дошкамі і склаў там усю вопратку зімовую. Потым усё закрыў і засыпаў зямлёй. Падчас баёў у нашу кватэру якраз снарад і ўпаў і ўсе разбілася. Адзінае што ўдалося выратаваць — гэта тыя рэчы, якія былі ў яме.
Калі мы былі ў Пышках, там сустрэлі немцаў на танкетцы і яны пыталіся дарогу, як праехаць да моста. Мы сказалі, але ён ужо быў на той момант узарваны. Яны, напэўна, не паспелі адступіць".