Алена Іванаўна Якуцэвіч (Кізюкевіч) нарадзілася ў 1929 годзе ў вёсцы Пярэселка. Каталічка. Падчас нямецкай акупацыі яе бацька Іван Кізюкевіч быў солтысам вёскі, дапамагаў мясцовай моладзі пазбегнуць вывазкі ў Нямеччыну, а таксама ратаваў яўрэяў з гета. Пры вызваленні Гродна ў 1944 годзе яго арыштавала савецкая ўлада і забрала ў турму, дзе ён і памёр.
«Мы не былі інтэлігентамі, звычайныя вяскоўцы. Бацька у царскія часы толькі два месяцы хадзіў у школу. Калі яны з мамай ажаніліся, ім дзяржава дала 100 рублёў. За гэтыя грошы тата зрабіў візу і паехаў працаваць у Амерыку. Было гэта недзе ў 1900 годзе. Адзін час мама да яго ездзіла і там майго брата нарадзіла. Трохі там паработала — прыбірала. Але вярнулася ў Гродна з сынам.
Бацька яшчэ застаўся ў Амерыцы і працаваў на цагляным заводзе, вярнуўся ў Гродна толькі праз 7 гадоў. Купіў зямлю ў Пярэселцы і жылі там усе. Пабудавалі добры дом і мама казала, што заробленага ў Амерыцы хопіць іх дзецям і ўнукам. Але ў 1914 годзе, калі пачалася вайна з немцамі, адбылося неспадзяванае. Бацьку забралі «ў ружжо», а мама засталася дома з двума дзецьмі. Тым часам у вёску прыйшлі рускія салдаты, распалілі агонь, каб сагрэцца. Так грэліся, што полымя перакінулася на бліжэйшыя дамы і такім чынам уся вёска Пярэселка згарэла.
Падчас Першай сусветнай ад усёй Пярэселкі засталося толькі два каменныя дамы. Выскоўцы пайшлі прасіць дапамогу ў яўрэяў з вуліцы Віленскай. Тыя дазвалялі ў іх жыць, дапамагалі.
«Пярэселку давялося адбудоўваць, у новым доме нарадзілася і я. Была трынаццатая ў сваіх бацькоў. З усіх дзяцей толькі сямёра выжыла. Бог даў, бог забраў. Тады не было ў нашай сям'і вялікіх грошай на лекі, калі выжыве дзіця, то выжыве. Часам вясковы лекар Пётр Гутман лячыў нас.
Была ў нас вялікая сям’я і ўсе мы працавалі на зямлі. Бацька казаў: «Усе знікне і згарыць, а зямля застанецца». Мы шанавалі нашу зямлю і працавалі на ёй. А каб зарабіць грошы можна было часам хадзіць працаваць у маёнтак да пана, дзе цяпер Зелянгас. Плацілі там кожны тыдзень. А можна было яшчэ насіць малако ў горад, людзі актыўна яго бралі.
За польскім часам усе дзеці з Пярэселкі вучыліся ў школе на Базыльянскай [суч. Лермантава]. Называлі яе «ўсэмка» з-за таго, што мела № 8. У 1936 годзе я пайшла туды ў першы клас. Скончыла тры класы польскай школы. Дырэктара школы пана Вевюрскага памятаю да сёння. З яго дачкой мы вучыліся ў адным класе. Усю сям’ю іх расстралялі немцы, выжыў толькі адзін сын, якога не было дома, калі за імі прыйшлі.
Быў у нас такі настаўнік матэматыкі - пан Брановіч. Наймацнейшы матэматык на цэлае Гродна. Ён ужо ў трэцім класе нас вучыў свайму прадмету. Пра яго ў газетах пісалі. Памятаю, Вішнеўскі быў такі настаўнік, дык яго вывезлі саветы».
Агулам Алена Іванаўна з задавальненнем успамінае жыццё за польскім часам. Кажа, падабалася ёй жыць у даваенным Гродне: ніхто нікога не пераследаваў, а хто хацеў нармальна жыць і працаваць, той мог спакойна гэта рабіць.
«Дарослыя працавалі, а дзеці вучыліся. Усё было добра, ніхто не галадаў. Недалёка ад нашай вёскі, дзе знаходзіўся мясакамбінат, было месца з крамамі з разнастайным таварам. Гандлявалі нашы — палякі. Яўрэі гандлявалі на «Рыбным рынку» і ў цэнтры горада ў «ядках», такіх невялікіх крамках. З яўрэямі можна было дамаўляцца і браць танней які-небудзь тавар, чым у тых жа палякаў. Мой бацька ведаў яўрэйскую мову, а яна практычна такая ж як і нямецкая. Таму ён мог спакойна мець зносіны як з немцамі, так і з яўрэямі.
Добра памятаю крамы на Дамініканьскай. Напрыклад, самая галоўная двухпавярховая крама «Огніско». Там можна было купіць кнігі, школьныя прылады і многае іншае. Дзе цяпер стаіць помнік Сакалоўскаму — там была побач друкарня польская. А таксама побач знаходзіўся офіс для беспрацоўных, ім плацілі па 2 злотых. Для параўнання, цукар тады каштаваў златуўку.
Польскія дзеці перад самай вайной часта на вуліцы крычалі - «бі жыда». Гэта я памятаю, таму што часта, калі ішлі праз цэнтр да касцёла, крычалі гэта яўрэям. Яны нам у адказ — «бі паляка». Але мы тады былі дзецьмі. Дарослыя сябе так не паводзілі, я не заўважала такога. Асабіста мая сям’я да яўрэяў добра ставіліся.
Вёска Пярэселка знаходзілася недалёка ад яўрэйскіх могілак [суч. ЦСК «Нёман"]. Там мы кароў пасвілі. Могілкі былі акружаны цагляным плотам, мы часам залазілі на яго і глядзелі, як яўрэі хавалі сваіх людзей. А ў іх была традыцыя — наймаць на пахаванне плачку, каб гучна галасіла. Яна ішла за возам, які вез нябожчыка. Раўла да таго моманту, пакуль чалавека не пахавалі».
У 1939 годзе многіх мужчын з вёскі Пярэселка прызвалі ў польскую армію. 1 верасня немцы напалі на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна. У Гродна праз некалькі дзён увайшлі савецкія часткі.
«У той час у Гродне вайны не было, але нас маладых рыхтавалі да таго, што можа нешта пачацца. Казалі, каб нічога не падбіралі на вуліцы, бо магла быць выбухоўка. У пачатку верасня, калі пачалася вайна з немцамі, у Гродна была цішыня, ніхто не ведаў, што будзе далей. У адзін дзень мы ішлі капаць бульбу на поле і ў канцы вёскі паказалася конніца. Каля 100−150 чалавек. Усе ў фуфайках, шапках з пікамі і вінтоўкамі. Ехалі яны на амаль дохлых конях. Людзі сталі выходзіць і глядзець, што адбываецца. А гэта былі савецкія салдаты. Усе есці прасілі, казалі: «хлебца, хлебца». Так ім вынеслі не проста хлеба, але і сала. Накармілі гэтых галодных і абадраных.
На другі дзень у вёсцы так набілася салдат, што цяжка было прайсці ад плота да плота. Не маглі нават кароў завесці дадому. А салдаты ўсё шукалі ў нас ежу, а потым ужо рассяляліся ў вясковых хатах. Аднаго так накармілі, што ён потым сказаў: «Отчего мы интересно их освободили?!». Яны ішлі сюды і думалі, што тут людзі галодныя і бедныя. Але насамрэч яны сутыкнуліся зусім з іншага карцінай — ва ўсіх свая зямля, дамы і гаспадарка. Яны думалі, што ў Амерыку прыехалі. Казаў адзін салдат:
— Ой, это Америка!
— Ну якая вам гэта Амерыка? Гэта вёска, а Амерыка за морам.
— Ну, значит у вас малая Америка!
«Вызваліцелі» хутка асвоіліся ў горадзе, вывезлі многіх, нават тых жа леснікоў. Мы засталіся і калі б не немец, то павезлі б і нас на «белыя мядзведзі». Рускія называлі нас кулакамі, а ў нас у вёсцы менш за двух кароў амаль ніхто і не трымаў.
Пры новай уладзе бацька мяне не пусціў у беларускую школу, але праз год я ўсё ж такі пайшла. Вучылі нас ужо не польскай мове, а беларускай і рускай. Вучылася да 1941 года. Я добра вучылася, была найлепшай у класе. Мае малюнкі нават вывешвалі на пляцоўцы каля Гарнізоннага касцёла".
Пра вайну ў чэрвені 1941 года Алена даведалася ад бацькі, калі ён прыбег у двор дома з каровамі і сказаў, што на Гродна ідзе немец.
«Дома сталі чутныя выбухі. Наш сабака, які ніколі дахаты не заходзіў, лёг на парозе і нікуды не сыходзіў. Мне дрэнна стала і пачала думаць, чаму ж нас саветы не вывезлі на тыя «белыя мядзведзі». Як мы будзем жыць у вайну?!
Бліжэй да раніцы прыйшоў адзін чалавек у плашчы і спытаў у мясцовых на польскай мове — дзе форт Грандзіцкі. Яму паказалі гэтае месца і ўвечары ўзарвалі гэты форт.
Немцы ў Пярэселцы з’явіліся каля дзвюх гадзін дня. У нас у Пышках, над Нёманам, стаялі савецкія пагранічнікі. Як пачалася вайна, яны ўсе ўцяклі. А вясковыя пайшлі туды па рэчы. І бацька мой туды пайшоў і знайшоў толькі шапкі зялёныя. Узяў іх на латкі, штосьці ў будучыні выкарыстоўвалі мне на сукенку. А ўсё самае добрае з гэтага лагера расцягнулі на лодках тыя, хто прыплываў з другога берага Нёмана.
У нашай вёсцы некаторыя жанчыны з кветкамі сустракалі нямецкія танкі і гарматы. Калі б не тыя немцы, нас бы ўсіх вывезлі. Камуністы за два гады так моцна разрабавалі наш народ і зямлю.
На другі дзень вайны бацька з братам паехаў у горад, каб паглядзець, што адбываецца ў Гродне. Добра, што з сабой узялі воз. Набралі драўляных калодак для абутку. Бацька часам рамантаваў абутак і яму для працы яны якраз патрэбныя былі. Дадому бацька прывёз яшчэ і жанчыну, якая пацярпела пасля налёту авіяцыі. Ён яе падабраў каля Ажэшкі, яе абсыпала моцна пяском. Напярэдадні вайны яна прыехала ў Гродна да свайго мужыка — вайсковага доктара Паўлава. З сабой у яе было пяць чамаданаў з каштоўнымі рэчамі. Звалі яе Валя, жыла ў нас два гады".
За немцаў бацьку Алены Іванаўны выбралі солтысам. Да гэтага аднаго солтыса Пярэселкі саветы расстралялі, другога вывезлі ўглыб Расіі.
«Прынеслі бацьку дакументы вясковыя, а на плот павесілі шыльду — солтыс. Бацька адмаўляўся, бо не ўмеў пісаць. Ён толькі чытаў добра і размаўляў на некалькіх мовах. Пісаць ён не ўмеў, прыйшлося гэта рабіць за яго старэйшай сястры. Тое, што зрабіў наш бацька за немцамі, такога ніхто не рабіў. Ён ратаваў гродзенскіх яўрэяў і дапамагаў мясцовым палякам. Яўрэі прыходзілі ў вёску да яго і казалі, што ісці ім няма куды, як у Пярэселку. А весці справы з яўрэямі было небяспечна, калі б немцы даведаліся б, то маглі расстраляць усю сям’ю.
Рэгулярна нашу вёску правяраў жандар Юзаф, з сабакам хадзіў і гаварыў па-польску. Любіў выпіць і часта заходзіў да нас. Мама яму налівала і давала закуску, а пасля ішла да нас і казала, каб мы прабеглі па вёсцы і сказалі, што прыйшоў Юзаф. Я бегла ў адзін бок, а сястра ў іншы. Людзей трэба было папярэджваць, бо некаторыя маглі і свіней калоць, а гэтага рабіць было нельга. Хтосьці яўрэяў хаваў, тады іх трэба было адпраўляць у лес.
У аднаго хлопца Кубуся ў хляве яўрэі з гета рэзалі кароў. Дзесьці яны іх куплялі і нейкімі шляхамі перадавалі ў вёску. Рэзалі кароў ноччу і мяса везлі потым у гета. Перавозілі ў бочках, на якіх вывозілі адходы з туалетаў. Унутры там усё чысцілі, а потым складалі. Такім чынам мяса правозілася ў гета. Амаль кожны дзень у гэтым хляве рэзалі кароў. Людзі ў гета былі галодныя, іх трэба было неяк карміць.
Аднойчы да бацькі прыйшлі два маладыя яўрэі ў касцюмах і пыталіся, што яму трэба прывезці за дапамогу. А ён ім сказаў: «Дзеці, мне нічога не трэба. Бо вам сёння, а нам заўтра будзе гэта». Бо немцы планавалі спачатку з яўрэямі разабрацца, а потым перайсці і на палякаў".
Солтыс вёскі атрымліваў усю карэспандэнцыю і ведаў, каго немцы хочуць забраць на працы ў Нямеччыну. Вясковую моладзь ён адстойваў да апошняга.
«Немцы дасылалі позвы на вываз у Нямеччыну, бацька прыкрываў мясцовых, хоць і ведаў, што яны хаваюцца. Павінны былі забраць і маю старэйшую сястру, але яна была вачамі і рукамі бацькі. Атрымалася адгаварыць немцаў.
Амаль кожную ноч бацька ў доме з кімсьці вёў перамовы, а раніцай нікога ўжо не было. Прыходзілі да нас і солтысы з іншых вёсак, нешта абмяркоўвалі. Былі моманты, што на бацьку хтосьці нагаварыў: пяць разоў немцы праводзілі ў нас ператрусы. Аднойчы яго нават у гестапа забралі і трымалі трое сутак. Ніхто яго па галаве там не гладзіў. Але бацька нічога ім не сказаў, яўрэяў не выдаў.
Калі яўрэяў вывезлі з гета, палякі сталі хадзіць туды па рэчы. Спачатку гэтыя лахманы і мэблю цягнулі проста, а потым немец стаў на ўваходзе і сказаў, што за кожную рэч трэба плаціць 50 пфенінгаў. Многія хадзілі туды, але не наша сям’я".
У 1944 годзе немцы пры адступленні хацелі спаліць Пярэселку разам з яе жыхарамі. На абарону вёскі стаў солтыс — бацька Алены Іванаўны.
«Людзей павыцягвалі з дамоў і сабралі ў адной пабудове. Забілі яе доскамі. А мы з сям’ёй хаваліся ў сваім падвале. Людзі з таго дома сталі крычаць і маліцца. Мой бацька выйшаў да немцаў, бо ведаў іх мову і пачаў гаварыць з салдатамі. Прадставіўся ён солтысам вёскі і патлумачыў ім, што за час вайны ў Пярэселцы ніводны немец не пацярпеў, жыхары плацілі падаткі і ў ёй не было партызанаў і бандытаў. У выніку немцы не кранулі людзей, бацька здолеў выратаваць усю вёску. Пасля гутаркі з немцамі ён прыйшоў да людзей і сказаў, каб яны бралі падводы і з’язджалі ў лес.
Больш за тыдзень немцы стаялі ў вёсцы, абараняліся. У нас у садзе стаяла нямецкая кухня, а за хлявом гарматы. Нягледзячы на гэта, ніводная хата не пацярпела ў Пярэселцы. Усе снарады праляталі. У выніку немцы адступілі за Нёман, а за імі ўслед саветы. Але не атрымалася, немцы добра абараняліся. Людзі казалі, што Нёман увесь у крыві быў. Праз некалькі дзён рускія ўсё-такі пагналі немцаў".
Паcля вызвалення Гродна жыхароў Пярэселкі абклалі падаткамі - трэба было здаваць прадукты на войска. А бацьку Алены Іванаўны забралі ў турму.
«Салдаты хадзілі па хатах. Зайшлі неяк да нас, думалі, што будзе шмат багацця, бо бацька быў солтысам. А ў нас лавы, стол і два крэслы дома былі. Паглядзелі, што ў нас няма чаго апісваць, і сышлі. У канцы 1944 года бацьку забралі ў турму. Ён нават двух месяцаў там не прабыў і памёр. Цела яго нам так і не выдалі, і не сказалі нават, дзе яго пахавалі. Я пісала тры разы ў розныя службы, але ніхто нам нічога не казаў. Толькі адзін сусед, які быў тады ў турме, бачыў бацьку ўжо мёртвага на калідоры. Ён быў накрыты сваім жа кажухом. Яго не стала дзесьці 17 лютага 1945 года. Чаго ён памёр, цяпер ніхто ўжо мне не адкажа. Можа з-за праблем са страўнікам, а можа яго збівалі ў турме. Пасля вайны мяне называлі дачкой ворага і паказвалі пальцам. Але ніхто з іх не выратаваў столькі людзей падчас вайны, колькі паспеў мой бацька».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…