Спадчына

Як жылося на левым беразе ў 1930−40-я: успаміны 90-гадовай гродзенкі

Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны старажылаў горада, якія ўвойдуць у нашую другую кнігу. На левабярэжнай частцы горада мы пагутарылі з 90-гадовай Янінай Андрукевіч.

Яніна Стэфанаўна Адрукевіч (Вікет) нарадзілася ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Уланьскай. Каталічка. Усё жыццё жыве ў родным горадзе.

Дапамагаў айцец Фардон

«Нарадзілася я ў доме ля Францішканьскага касцёла. Гэты дом належаў адной польскай сям'і, яны здавалі кватэры там. І мая сям’я здымала ў іх вялікі пакой. А ўладальнікамі гэтага дома былі старыя людзі і дзяцей у іх не было. Перад смерцю яны апісалі свой дом касцёлу, які быў побач. Тады ў касцёле быў настаяцель айцец Фардон. Пакуль ён жыў, то мама плаціла яму. А ў бацькі не заўсёды была праца і таму з грашыма ў сям'і было складана. І часам мама хадзіла да Фардона і прасіла пазней заплаціць. Ён заўсёды згаджаўся, але калі памёр у 1927 годзе, прызначылі новага настаяцеля. Зноў паўстала цяжкая сітуацыя з грашыма, мама пайшла прасіць у ксяндза, а ён сказаў: няма чым плаціць, тады шукайце сабе іншую кватэру. Прыйшлося пераехаць».

Пасля першай камуніі, 1930- ягг.

Паміж Гродна і Гнойніцай

З Уланьскай сям’я Вікет пераехала ў 1933 годзе. Спачатку здымала кватэру на левым беразе Нёмана, а памля пасялілася ў загарадным доме паміж Гродна і вёскай Гнойніца (суч. Вішнявец).

«Калі мы пераехалі, мне было 4 гады. Яшчэ да майго нараджэння ў бацькоў былі два сыны. Старэйшы трагічна загінуў адразу пасля Першай сусветнай вайны. Было гэта на мосце на нашай вуліцы, ён зваліўся з яго. А другі захварэў і не выратавалі. Так што я была адна ў бацькоў.

У пачатку 1930-х гадоў паміж Гродна і вёскай Гнойніца на вялікім кавалку зямлі польскі капітан Шаля будаваў сабе дом. Пабудова была прыгожая, там былі два пакоі, вялікая кухня, калідор і веранда. Пабудаваць, то пабудаваў, але пра ваду не падумаў. А там нідзе блізка яе не было. Ён пачаў капаць калодзеж і больш за дваццаць колаў выкапаў, але да вады так і не дайшоў. Без вады там немагчыма было жыць. У выніку ён пакінуў гэты дом і з’ехаў кудысьці пад Варшаву. Пабудова пуставала, а ў мамы сястра была і яна туды пераехала. Пасля яна маме казала, што дом вялікі і месца ўсім хопіць,і прапанавала нам пераехаць. Дзесьці ў 1935-м годзе туды мы і пераехалі.

У Гнойніцы жылі адны палякі. У першы клас я адтуль у школу № 3 пайшла, ці як яе яшчэ называлі Бернардзінская, бо знаходзілася каля касцёла. Там вучыліся толькі адны дзяўчынкі. Хлопчыкі вучыліся побач, у школе імя Адама Міцкевіча, каля самага Нёмана. У гэтай школе я паспела скончыць чатыры класы".

Яніна з бацькамі, 1930-я гг.

Былі пагромы

Мама Яніны ў міжваенны час не працавала, бо тады для жанчын працы амаль не было. Яна была хатняй гаспадыняй. Бацька таксама пэўны час быў без сталай працы, таму падпрацоўваў рознарабочым.

«Куды тата толькі не уладкоўваўся. У 1920-х гг. і на бровары за чыгуначным мостам працаваў. Пасля былі сезонныя працы — камяні сартаваў для кладкі на дарогах, клаў брук. Зімой елкі прадаваў.

На тым баку моста, дзе мы жылі, называлася месца — прадмесце, а на другім баку ўжо быў горад. На прадмесце быў свой базар. Людзі з вёсак прыносілі хатнія прадукты на продаж. Там былі і крамы, хадзіла туды з мамай. У асноўным яўрэі гандлявалі, была і мясная польская крама. Некаторыя палякі ў горадзе не любілі яўрэяў. Былі ў нас пагромы. Памятаю, на Чырвонапартызанскай быў такі Савошчык, кульгаў на нагу. Так ён заўсёды ўдзельнічаў у пагромах. Пісалі на крамах: „Не купляй у жыда“. А перад Пасхай польскім дзецям казалі, каб не падыходзілі блізка да яўрэяў, бо яны могуць забраць кроў на мацу.

Усяго хапала. Але наша сям’я з яўрэямі добра жыла, мы сябравалі з імі. Мама дапамагала некаторым яўрэям рабіць фаршаваную рыбу. А яны нам неяк дапамагалі. На нашым беразе Нёмана была нават вялікая сінагога, якая згарэла падчас вайны».

«Калі добра быў апрануты, яны лічылі кулаком»

У 1939 годзе сям’я Вікет савецкую ўладу ў Гродне не чакала, але і яе прыходу не супраціўлялася. Негледзячы на змену ўлады, яны працягвалі неяк жыць.

«У верасні 1939 года некаторыя праваслаўныя ў горадзе былі рады, што рускія прыйшлі. А так насельніцтва было незадаволена прыходам саветаў. Ніякага вызвалення не было. Спачатку яны прыйшлі, а потым як пачалі мясцовых расстрэльваць і людзей забіраць. Гродзенцы баяліся нават на вуліцу выходзіць. Калі добра быў апрануты, яны лічылі кулаком.

Калі ішлі саветы на Гродна, я была ў Гнойніцы. Яны праходзілі недалёка ад нас, па Індурскай шашы. Былі машыны і танкі. Моладзь і студэнты ў горадзе сустракалі танкі з бутэлькамі з запальнай сумессю. Яны былі супраць рускіх, бо мы іх не чакалі.

Восенню я пайшла ў школу і нават не ведала, як будзем вучыцца. Першы год вучыліся яшчэ на польскай мове. А ў 1940 годзе ўжо заняткі сталі выкладаць па-руску. Цяжка было вучыць новую мову. Да нас даслалі настаўніцу аднекуль з Расіі, мы яе называлі Кацюша.

Яніна Андрукевіч, 1930-я гг.
Ля помніка Ажэшкі, 1930-я гг. З сямейнага архіву сям'і Андрукевічаў.

У гэтым жа годзе да нас у школу сталі прыводзіць і хлопчыкаў. Першым такім вучням, які прыйшоў у наш клас, быў Зыгмунт Левандовіч. Яго сям’я жыла побач з Бернардынскім касцёлам. Левандовічаў у Гродне ўсё ведалі. Памятаю іх дом, а ў падвале яны рабілі труны і пасля іх прадавалі ў краме каля Фарнага касцёла. Добра памятаю, калі са школы ішлі, то заўсёды заглядвалі ў акенца іх падвала і бачылі як яны там працавалі. Але гэта было пры паляках.


«Экскурсія ў Гродна майго дзяцінства». Старажылы ўспомнілі краму Левандовіча ў цэнтры горада


Агулам цяжка жылося пры першых саветах. Не заўсёды хлеб быў, але выжывалі неяк. Бацька дровы калоў, шукаў падпрацоўкі. На зімовыя святы нарыхтоўваў елкі, ездзіў у лес і сек. Потым у горадзе іх прадаваў".

Бацька Яніны з калегамі падчас збору камянёў, 1930-я гг.

У пошуках новага жылля

Нямецкія бомбы ў 1941 годзе сям’я Яніны заспела на вуліцы Збажовай. Туды яны пераехалі жыць яшчэ да вайны.

«Яшчэ пры паляках кожны дзень вадзіць у школу за 1,5 км мама мяне не магла. Таму прынялі рашэння перасяліцца ў вялікі дом на Збажовай. Жылі там у вялікім пакоі, мне падабалася там. Побач была крама яўрэя, дзе можна было шмат чаго купіць. Бралі нешта на картку.

У гэтым доме мы сустрэлі вайну з немцамі. У чэрвені 1941 года, за дзень да прыходу немцаў, я атруцілася. Мама пабегла да суседа, у якога была аптэка. Звалі яго Троп Крыньскі. Купіла там кару нейкую і запарыла мне. Трохі стала лягчэй і я здолела заснуць. Ужо рана раніцай бацькі мяне абудзілі. Сказалі, што ляцяць самалёты — напэўна, вайна пачалася. Калі выйшлі на двор, немцы ўжо пачалі бамбіць горад. Насупраць нашага дома былі вайсковыя казармы з чырвонай цэглы і там быў склад. Туды самалёты і скідалі бомбы. Таксама немцы пачалі бамбіць і чыгуначны мост. А мы жылі якраз побач з ім.

Спачатку залезлі ў падвал і патроху пачалі выносіць туды рэчы. Але пасля прынялі рашэнне сыходзіць далей ад моста, бо бомбы маглі і на дом упасці. Пайшлі ў бок Румлёва і там у лесе зрабілі схрон — зямлянку. Сценкі месцамі абклалі дошкамі. Былі там некаторы час. Пасля бамбёжкі вярнуліся да дома, а ён згарэў. Ацалелі толькі рэчы, якія паспелі занесці ў падвал і ў агарод.

Пачалі шукаць сабе новае жыллё і знайшлі дом у другой частцы горада, на вуліцы Парахавой, там жылі фольксдойчы. Іх вывезлі ў Нямеччыну. Туды перасяліцца нам параіла суседка са Збажовай.

Памятаю, што 1 лістапада выпала шмат снегу і якраз немцы вырашылі зрабіць гета каля нас [раён Антонава і Парахавой]. Нам сказалі высяляцца і шукаць сабе новае жыллё. А куды нам ісці? Параілі займаць яўрэйскае жыллё ў горадзе. Пару дзён жылі ў знаёмых і адначасова шукалі сабе дом. Праз некаторы час мы вяртаемся на наш бераг Нёмана, мама знайшла дом на Леванабярэжнай. Былымі наспадарамі былі яўрэі, якіх немцы перасялілі ў гета".

Немцы плацілі за працу

На Леванабярэжнай ад ранейшых уладальнікаў доме засталася мэбля і некаторыя рэчы. Штосьці з іх да гэтага часу захоўваецца ў сям'і Яніны.

«Дома яны пакінулі прыгожыя шафы, але мы іх пасля вайны прадалі людзям з вёскі. Быў цяжкі час. А так жылі ў гэтым доме ўсю акупацыю, гаспадары так і не вярнуліся. Прозвішча ўладальнікаў мы нават не ведалі. Ад іх у мяне засталіся некаторыя рэчы: паўмісак, альбом для здымкаў і яшчэ нешта.

Калі яўрэяў вывезлі з гета на Замкавай, мама хадзіла туды і прыносіла адтуль шмат рэчаў, у тым ліку і кнігі розныя. Немцы дазвялялі заходзіць.

Цяжка было жыць. Мама хадзіла ў вёску па прадукты. Хадзіла не па дарогах, а праз палеткі, каб нябачна было. А калі немцы заўважалі, то спынялі і забіралі ўсё. Мы з бацькам пры немцах працавалі каля Скідзельскага рынку на фабрыцы. Шылі там рабочую вопратку. Бацька сядзеў на прахадной, а я за машынкай. Немцы плацілі за працу. Там я навучылася шыць на маторнай машынцы. Працавалі аж да вызвалення горада ў 1944 годзе".

Рабочыя нямецкай фабрыцы па пашыве адзення ў Гродне. 1943 г.

Ратаваліся ў падвалах Францішканскага касцёла

Лічыцца, што савецкія войскі вызвалілі Гродна ад нямецкай акупацыі ў ліпені 1944 года. Але на левабярэжнай частцы горада немцы заставаліся яшчэ каля тыдня. Галіна кажа, што падчас вызваленчых баёў жыхары гэтай часткі Гродна вымушаныя былі хавацца ў падвалах і лясах.

«На правы бераг Гродна савецкія войскі раней прыйшлі, а на наш бок толькі праз нейкі час. Калі немцы адыходзілі, мы сядзелі ў Францішканскім касцёле. Там былі два вялікія падвалы і ўсе людзі, якія жылі побач, ішлі хавацца менавіта туды. Перад тым як падарваць мост, да нас прыйшоў нямецкі салдат і сказаў: „Не палохайцеся, сёння будуць падрываць мост“. І мы чулі, як яго ўзрывалі. Страшны гук быў і падвал увесь дрыжаў. Некаторы час яшчэ працягваліся баі, а пасля савецкія войскі перабраліся і на наш бераг».

Яніна Андрукевіч у 2019 годзе

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024