Спадчына

«Бацька ведаў 8 моў, жылі ў шыкоўнай кватэры». 90-гадовая Леакадзія Міцкевіч пра жыццё ў Гродне 1930−40-х

Публікуем чарговыя ўспаміны гродзенскіх старажылаў. Гэтая гісторыя — ад Леакадзіі Міцкевіч. 6 мая ёй спаўняецца 90 гадоў.

Міцкевіч Леакадзія-Зоф'я Мартынаўна нарадзілася ў 1930 годзе ў Гродне. Каталічка. Жыла на вуліцы Лістоўскага (суч. Кірава). У 1939 годзе страціла бацьку, а ў перыяд Другой сусветнай вайны двух яе братоў вывезлі ў Германію. Пасля вайны гродзенка пайшла працаваць на тытунёвую фабрыку. Выйшла замуж за савецкага афіцэра.

Шыкоўная кватэра і забяспечанае дзяцінства

«Дзе менавіта ў Гродне я нарадзілася, нават і не ведаю, але бацькі мяне хрысцілі ў Беластоку, у «чырвоным касцёле» [беластоцкая архікатэдра на Рынку Касцюшкі - рэд.]. Сям’я наша складалася з пяці чалавек: тата — вайсковец, мама — хатняя гаспадыня, два браты Эдвард і Леон — вучыліся ў школе Адама Міцкевіча, і я — Леакадзія.

Я была самая малодшая, да вайны ў садок не хадзіла, усё дзяцінства правяла дома або на вуліцы, вакол суседзі - яўрэі. Мы жылі ў самым цэнтры Гродна, на вуліцы Лістоўскага. У доме № 18 на другім паверсе ў нас была шыкоўная кватэра з двума гаўбцамі. Бацька ў мяне быў пісьменным чалавекам, ведаў восем моў".

Леакадзія з бацькамі

Леакадзія памятае, што яе бацька быў вайскоўцам і перабудоўваў аэрадром у Караліне. У Міцкевічаў нават дом у ваколіцы аэрадрома быў.

«Якую менавіта тата пасаду займаў, я нават і не ведаю, усе яго дакументы прапалі ў вайну. Увогуле, дзякуючы бацьку, дзяцінства ў мяне было багатае і забяспечанае».

Баяліся паездкі на «белыя мядзведзі»

У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. У гэтыя дні загінуў бацька Леакадзіі: яго параніілі ў час абароны горада ад Чырвонай арміі.

«Восенню 1939 года я толькі пайшла ў школу пры Бернардзінскім касцёле, як пачалася вайна. Як усё адбывалася ў Гродне, я не памятаю, бо маленькая была.

Неўзабаве ў Гродна прыйшлі савецкія салдаты і пачалася абарона. Хтосьці з польскіх жаўнераў прыбег і па майго бацьку. Недзе там на барыкадах яго паранілі. Тры дні ён ляжаў у шпіталі і памёр. Пасля гэтага мама з трыма дзецьмі засталася адна. Увесь час мы баяліся, што па нас прыйдуць камуністы і вывезуць як белапалякаў або паноў. Тады казалі, што павязуць «на белыя мядзведзі».

Каля Фарнага касцёла, 1930-я гг. Леакадзія пасярэдзіне каля жанчын

Мама Леакадзіі, калі выходзіла на вуліцу, завязвала хустачку, а дзяцей адмыслова апранала ў старую вопратку, каб не паказваць высокі сацыяльны статус. Гэта першы час дапамагала.

Леакадзія распавядае, што вывозілі гродзенцаў пераважна ўначы. Так зніклі многія суседзі.

«Незадоўга да ваенных дзеянняў у 1941 годзе прыйшлі і па нас. Нашы рэчы ўжо былі гатовыя. Пасадзілі нас у цягнік, надзіва ў добрыя вагоны, і павезлі чамусьці ў напрамку Літвы. І недзе пад Вільняй пачалася бамбёжка. На СССР напалі немцы. Цягнік стаў і ўсе пачалі разбягацца. Мы так і выратаваліся».

Два браты зніклі ў Германіі

Пасля ўцёкаў сям’я Леакадзіі дайшла да Друскенік. І паступова вёскамі дабіралася да Гродна. Міцкевічы хаваліся ў вяскоўцаў, баяліся трапляцца салдатам.

«Мама давала вяскоўцам золата і грошы, каб хавалі і кармілі нас. Праз некаторы час мы дайшлі да Гродна, а там ужо былі немцы. Кватэра на Лістоўскага пуставала, мы былі шчаслівыя, што вярнуліся дадому, хоць са старых нашых рэчаў нічога ўжо не было.

Неяк мы вырашылі з братамі пайсці ў кінатэатр — сёння гэта «Чырвоная зорка», ён быў недалёка ад нас. І чарга там была вялікая, выходзіла на дарогу. Раптам пад’ехалі немцы на чорнай машыне, выйшлі салдаты з сабакамі і пачалі адбіраць людзей. Бралі моцных і высокіх, у іх лік увайшлі два мае браты. Аднаму было ўсяго 12 гадоў, а другому 14. Я бягом дадому — распавядаць маці пра гэта. Яна пабегла да гестапа і стаяла там на каленях, прасіла адпусціць дзяцей. Але ніхто яе не паслухаў, Эдварда і Леона павезлі на прымусовыя работы ў Германію".

Першы час браты пісалі ў Гродна, што яны ў Кёнігсбергу і добра ўладкаваліся ў гаспадара. Лавілі ў моры рыбу. Прасілі ў маці дакументы, каб даказаць, што яны палякі.

«Неяк мы сабралі ім пасылку з дакументамі і сухарамі, паслалі яе па адрасе ў Кенігсберг. Але яна прыйшла назад, толькі ўжо без сухароў. З тых часоў больш сувязі з братамі ў мяне не было. Я ўсё жыццё шукаю іх, але нідзе няма і следу. Ніхто не ведае, куды яны зніклі, мае гродзенскія браты».

Яўрэйскае пытанне ў Гродне

Успамінае Леакадзія і гродзенскіх яўрэяў: іх жыццё да вайны і ў перыяд нямецкай акупацыі.

«Тое, што да вайны ў Гродне многія палякі дрэнна ставіліся да яўрэяў, гэта факт. Было шмат выпадкаў, і нават мае браты пісалі на сценах „не купляй у жыда“, казалі не кантактаваць з яўрэямі, бо яны маленькіх дзяцей забіраюць на мацу. Але мы жылі побач і ў мяне было шмат яўрэйскіх сяброў. Я нават іх мову ведала. Асабіста ў мяне стаўленне да яўрэяў змянілася, калі прыйшлі немцы. Яны з імі сталі паводзіць сябе, як з жывёламі».

Падчас яўрэйскага пагрому ў Гродне, 1935 г.

Леакадзія кажа, што немцы першы час моцна не чапалі яўрэяў, прымушалі насіць павязкі і зоркі, а таксама загадалі ім не хадзіць па тратуары.

«Быў выпадак, калі мы з сяброўкай яўрэйкай Ліляй ішлі па горадзе і немец да нас падышоў і пхнуў яе на дарогу, паказаў ёй, што яна яўрэйка і павінна ісці па дарозе. Але гэта яшчэ ціха было. Далей яўрэяў чакала гета».

Перадачкі для сяброўкі

Падчас нямецкай акупацыі ў Гродне былі створаны два гета. Адно ў цэнтры горада, а другое недалёка ад аўтавакзала, у раёне вуліцы Антонава і на тэрыторыі раёна «Слабодка».

«Я добра памятаю другое гета. Яго межы былі аж да вуліцы Падольнай, да праваслаўных могілак. І вось да гэтага гета я бегала і насіла перадачкі сваёй сяброўцы Лілі. Мама казала: схадзі і занясі прадукты, толькі будзь асцярожная. Немцы на дзяцей не звярталі ўвагі. І вось я пакідала Лілі каля плота ежу і ўцякала. Там была невялікая ямка, і яна мне часам што-небудзь пакіне. Адзін раз бярэтку сваю пакінула, якая мне калісьці падабалася. Я вельмі перажывала за Лілю і яе сям’ю. Дагэтуль не магу забыць яе сямейную бабку — салодкую, такая смачная была, ніхто такую не рабіў больш.

Калі ў Гродне сталі расфарміроўваць гета, немцы вялі калоны людзей па цэнтры горада. І вось адна яўрэйка спрабавала перадаць мне маленькае дзіця. Толькі я ўзяла малое ў рукі, як атрымала ад немца, упала, і мама мяне адцягнула ад дарогі. А што з дзіцём стала, я не ведаю. Мама ўсё перажывала і малілася. Казала: што за жыццё прыйшло ў Гродна — то адны звяры, то іншыя".

Дэпартацыя гродзенскіх яўрэяў у гета, 1941 г.

Яшчэ жанчына ўзгадвае, што немцы прымушалі глядзець на пакаранні партызан. Збіралі па вуліцы людзей і гналі на плошчу.

«І мяне здзівіла, што ніводзін немец не выбіваў табурэтку з пад ног чалавека, усё рабілі паліцаі. Нашы хлопчыкі, якім было па 20−30 гадоў, тыя, хто ў свой час уцякаў ад рускіх».

Працавала на тытунёвай фабрыцы і трапіла ў турму

У 1944 годзе мама Леакадзіі выйшла фіктыўна замуж за маладога гродзенца. Яму было 25, а ёй 40. Усё для таго, каб Міцкевічаў зноў не вывезлі з Гродна.

«Жылі мы некаторы час усе разам. Пасля вайны я пайшла вучыцца ў вячэрнюю школу, як пераростак. Адразу ў чацвёрты клас. Рускай мовы не ведала, такія словы як „сахар“ і „сухари“ блытала. Але пасля ўсё нагнала».

У 1946 годзе Леакадзія пайшла працаваць на тытунёвую фабрыку. Ёй яшчэ не было 18 гадоў.

«Спачатку складвала папяросы. Я добра лічыла, гэта заўважыла бухгалтарка і мяне вырашылі павысіць. У 17 гадоў я адказвала за груз, які рыхтавалі на Берлін і ў Пекін. У мяне ў падначаленні былі грузчыкі і ўпакоўшчыкі. Вельмі адказная праца. Я ўсё лічыла, а потым ляпіла налепкі з пячаткай на скрыні і кантралявала пагрузку прадукцыі на вагоны».

Аднойчы Леакадзія захварэла і на працоўным месцы страціла прытомнасць. У яе была моцная ангіна і яе забралі ў шпіталь.

«Пакуль я хварэла на маё месца паставілі новую жанчыну, а яна ўсё паблытала і адправіла не туда вагоны: „Кацюшу“ ў Пекін, а „Нёман“ у Берлін. А там іншая цана і ўпакоўка, вялікая розніца ў кошце. Карацей кажучы — мільёны грошай».

За такое шкодніцтва адказнаму работніку пагражала 25 гадоў лагераў. Абвінавацілі ва ўсім непаўнагадовую Леакадзію.

«Ніхто мне нават не падаў руку і не сказаў, што я дзіця. Бо і віны маёй там не было, я захварэла, а вагоны адпраўляў іншы чалавек. І вось мяне пачаў судзіць ваенны трыбунал. Крычалі, што я спецыяльна пераблытала вагоны. Падышоў да мяне толькі старшыня партыйнай арганізацыі, паразмаўляў і хацеў сустрэцца з маці. Увечары ён прыйшоў да нас і сказаў: бярыце адваката і настойвайце на тым, што непаўнагадовую дзяўчынку не маглі ставіць на такую адказную працу».

Леакадзія кажа, што адбывалася нешта страшнае. Кінулі яе спачатку ў «яму» — турму на Тэльмана.

«Пяць дзён я там прабыла. Далей быў суд, мяне апраўдалі і пасадзілі ў выніку галоўнага бухгалтара. Але ж і яна была невінаватая».

Леакадзія Міцкевіч, 1947 г.

З’ехала ў Расію і вярнулася

Пасля ўсіх гэтых падзей памерла мама Леакадзіі. Не перажыла яна хваляванні. Юная гродзенка засталася адна з айчымам. Але неўзабаве сустрэла свайго будучага мужа — савецкага афіцэра.

«Саветы сабе, немцы сабе, другія саветы прыходзяць і зноў тое ж самае. Тое, што мы перажылі, напэўна, толькі ў нас у горадзе такое магло быць. Перажылі гродзенцы страшныя падзеі. Пачынаючы, з 1939 года я страціла бацьку, двух братоў, маці і многіх сваіх сяброў. Мне яшчэ і 18 не было, я засталася ў Гродне толькі з айчымам. Ён піў, дадому не хацелася нават вяртацца».

Неяк Леакадзія сядзела каля дома і побач праходзіў савецкі афіцэр. Ён падышоў і пазнаёміўся з ёй.

«Мы разгаварыліся. Пасля размовы гэты афіцэр пашкадаваў мяне і пайшоў штурхануў добранька айчыма. Перад сваім ад’ездам ён пакінуў мне свае карткі на прадукты. Гэты афіцэр у будучыні стаў маім мужам. Яго звалі Сцяпан, на 12 гадоў старэйшы быў за мяне. Ён ўсю вайну прайшоў, быў афіцэрам і ездзіў на машыне. І вось неяк ён мяне падвёз да вячэрняй школы і папрасіў пачакаць яго два гады, хацеў каб я стала яго жонкай. Ён паехаў, а я чакала. Пакуль яго не было за мной прыглядала жанчына, якая была вартаўніком у нашым доме».

Будучы муж Леакадзіі Сцяпан прыехаў яшчэ да канца 1940-х гадоў і тады гродзенка выйшла за яго замуж.

«А праз некаторы час мы з ім паехалі ў Расію. Маталіся там па розных месцах каля 10 гадоў. Усюды я сябе адчувала некамфортна. Кім толькі мяне там не называлі, і жыдоўкай, полькай і немкай. У выніку мы вярнуліся ў Гродна і вельмі была радая гэтаму. У родным горадзе я працягваю жыць і сёння і ганаруся што я гродзенка».

Руслан Кулевіч і Леакадзія Міцкевіч, 2020 г.
Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024